Русіфікацыя Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Полацак у 1812, 1912 і 2006 гг. Зьнішчэньне гістарычна-архітэктурных каштоўнасьцяў места супольнымі намаганьнямі Расейскай імпэрыі і СССР: да 1865 г. расейскія ўлады зьнішчылі касьцёл францішканаў, да 1912 г. — манастыр базылянаў; у 1940-я гг. савецкія ўлады зьнішчылі касьцёл і кляштар дамініканаў і часткова зруйнавалі касьцёл бэрнардынаў, у 1964 г. — узарвалі касьцёл езуітаў.

Русіфікацыя Беларусі, дакладней[1] маскалізацыя[2][3][4][5] або расеізацыя[6][7][8] — мэтанакіраваная палітыка сьвядомага адрыву беларускага народу ад гістарычных традыцыяў, роднай культуры і мовы і насаджэньня расейскай мовы і культуры[9].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імкненьне валадароў Маскоўскай дзяржавы супрацьстаяць аб’яднаньню ўсходнеславянскіх земляў вакол Вялікага Княства Літоўскага стала прычынай шматлікіх ваенных канфліктаў. Пры гэтым Масква спрабавала знайсьці ідэалягічнае абгрунтаваньне ўласнай вайсковай экспансіі. Кіраўнікі Маскоўскай мітраполіі, якая фактычна ўтварылася пад уладай Залатой Арды ў выніку пераезду мітрапаліта з захопленага і разрабаванага Кіева ўва Ўладзімер на Клязьме — бліжэй да ардынскай сталіцы Сараю, тытуляваліся «мітрапалітамі кіеўскімі і ўсяе Русі» (хоць самавольны перанос біскупскай катэдры забараняецца правілам 82 Картагенскага сабору[10]) і на падставе гэтага імкнуліся падпарадкаваць сабе Літоўскую (Кіеўскую) мітраполію, створаную на вольных ад ардынскага панаваньня землях. З прычыны супярэчнасьцяў з Канстантынопалем, які вызнаў незалежную ад Арды Літоўскую мітраполію, у 1448 годзе Маскоўская мітраполія ў аднабаковым парадку выйшла з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату (у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году колішняя мітраполія ўпершыню называецца «Царквой Маскоўскай»[11]), за што праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму. У адказ на гэта ў канцы XV ст. у Маскве зьявілася канцэпцыя «Трэцяга Рыму», згодна зь якой яна абвяшчалася адзінай сапраўднай спадкаемніцай Рыму і Канстантынопалю («Другога Рыму») і абаронцай чысьціні праваслаўя[12]. Да рэлігійнага чыньніку Масква таксама спрабавала далучыць дынастычны: на падставе прыналежнасьці да дынастыі Рурыкавічаў маскоўскія валадары абвяшчалі сябе спадкаемцамі кіеўскіх князёў.

Лякальныя войны за памежныя ўдзельныя княствы ўпершыню перарасьлі ў глябальны канфлікт у 1558 годзе, калі маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран абвясьціў сваёй спадчынай усходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі зь местамі Полацкам, Віцебскам, Воршай, Магілёвам і інш. Распачатая ім Інфлянцкая вайна (1558—1583) стала адной з прычынаў эканамічнага і палітычнага заняпаду Вялікага Княства Літоўскага, улады якога дзеля захаваньня дзяржавы мусілі ў 1569 годзе скласьці Люблінскую унію з Каралеўствам Польскім.

Панарама Быхава ў 1650, 1905 і 2010 гадох. Дэградацыя места ў выніку ваеннай агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, а таксама панаваньня Расейскай імпэрыі і СССР

У 1589 годзе па знаходжаньні ў схізьме на працягу 141 году Маскоўская царква атрымала ад Канстантынопалю вызнаньне і аўтакефалію. Пры гэтым яна пагадзілася з тым, што праваслаўныя прыходы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (у тым ліку сучаснай Беларусі) засталіся ў юрысдыкцыі Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Такім чынам Масква вызнала тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага кананічнай тэрыторыяй Канстантынопальскага патрыярхату і пазбавілася рэлігійна-канфэсійных правоў на гэтыя землі. У 1613 годзе па абраньні на маскоўскі сталец прадстаўніка дынастыі Раманавых, якая ня мела ніякіх роднасных зьвязкаў з валадарамі Кіева — Рурыкавічамі, маскоўскія князі страцілі дынастычныя правы на тэрыторыі, падуладныя кіеўскім князям. Такім чынам, усе наступныя памкненьні Маскоўскай дзяржавы захапіць землі Вялікага Княства Літоўскага ня мелі ніякіх юрыдычных падставаў, апроч г.зв. «права моцнага».

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч, у адрозьненьне ад Івана Тырана, ужо хацеў захапіць усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўскія войскі адзначыліся разбурэньнем і спусташэньнем шматлікіх местаў і мястэчак, а таксама вынішчэньнем і паланеньнем насельніцтва. Напрыклад, у выніку ўчыненай 22 ліпеня 1654 году Трубяцкой разьні акупанты забілі амаль усіх жыхароў Амсьціслава, які быў сталіцай аднаго зь дзевяці ваяводзтваў краіны. Аднак часьцей галоўнай мэтай быў захоп у палон мясцовых жыхароў і вываз іх у Масковію. Вынікам гэтай вайны стала поўнае разбурэньне гаспадаркі Вялікага Княства Літоўскага, вынішчэньне адукаванага мяшчанства, заняпад мясцовай культуры. Гэта прывяло да сьвядомай палянізацыі найвышэйшых станаў Вялікага Княства Літоўскага, якія такім чынам спрабавалі адасобіцца ад патэнцыйнага агрэсара і прыбраць падставы для імаверных тэрытарыяльных прэтэнзіяў.

Адным з наступстваў войнаў з Масковіяй стала паступовае зьмяншэньне ролі беларускай мовы з заменай яе польскай і лацінскай як менш падобнымі да расейскай. Тым ня менш беларуская мова захоўвалася ўва ўжытку (у тым ліку юрыдычным[a]) да другой трэці XIX ст., пакуль яе канчаткова ня выціснула расейская[14][15]. У XVII—XVIII стагодзьдзях таксама працягвалася разьвіцьцё культуры Вялікага Княства Літоўскага, якое выявілася найперш у стварэньні самабытнай архітэктуры віленскага і магілёўскага барока.

Нягледзячы на пэўныя моўна-рэлігійныя зьмены, у XVIII ст. назіралася масавае перасяленьне сялянаў з гістарычнай Смаленшчыны, якая трапіла пад уладу Расейскай імпэрыі, у Вялікае Княства Літоўскае. Так, у 1754 годзе расейская імпэратрыца Елізавета Пятроўна запатрабавала ад Сойму Рэчы Паспалітай вярнуць у Расею адзін мільён уцекачоў[16]. У гэты ж час расейскія карныя войскі неаднаразова пераходзілі дзяржаўную граніцу з мэтай захопу і вывазу зьбеглага насельніцтва ў Сыбір. Паміж першым (1772 год) і другім (1793 год) падзеламі Рэчы Паспалітай з анэксаваных Расейскай імпэрыяй тэрыторыяў Полацкага, Віцебскага і Амсьціслаўскага ваяводзтва ў Вялікае Княства Літоўскае перайшло больш за 30 тысячаў сялянаў. У свах нотах расейскі ўрад называў гэтыя масавыя ўцёкі «неразумнай эміграцыяй» і ацэньваў агульную колькасьць перасяленцаў у 300 тысячаў чалавек[17].

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпіс сялянаў маёнтку Лучыцаў Мазырскага павету, дзе царскі чыноўнік выправіў беларускія формы імёнаў на расейскія: «Ермола Яновъ» — на «Ермолай Ивановъ», «Евдакъ Цимоховъ» — на «Евдакимъ Тимоховъ» і г. д.[18]

Моўная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 траўня 1772 году адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай расейская імпэратрыца Кацярына II падпісала Наказ, згодна зь якім ўсе губэрнатары на чале губэрняў, утвораных на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага, абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на расейскай мове замест ранейшай польскай (мова афіцыйных дакумэнтаў Рэчы Паспалітай з 1696 году). Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі, толькі калі гэта не датычыла сфэры ўлады. 8 траўня 1773 году Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаваньні ў Беларускіх губэрнях губэрнскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстаньне ў справаводзтве выняткова расейскай мовы[19].

Кацярына II імкнулася да аб’яднаньня анэксаваных земляў зь іншымі часткамі імпэрыі, але рабіла гэта асьцярожна і паступова. Па здушэньні паўстаньня 1794 году гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываньнем карных захадаў[20]. Сярод іншага пачалося масавае звальненьне ўраднікаў мясцовага паходжаньня зь дзяржаўных установаў з заменай іх выхадцамі з Расеі[21].

Касьцёл Сьвятога Язэпа ў Вільні да (налева) і па (направа) руйнаваньні расейскімі ўладамі

Павал I і Аляксандар I не прымалі значных захадаў супраць пашырэньня польскай мовы, таму гэты ўплыў на беларускіх землях па ягоным вынішчэньні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў расейскі.

Па прыходзе да ўлады ў сьнежні 1825 году Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I скіроўвалася на вяртаньне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў[20]. 16 верасьня 1831 году ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога зьяўлялася «зраўняць Заходні край ува ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губэрнямі»[20]. Міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі Пётар Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Нарыс пра сродкі абмаскаленьня Заходняга краю» (рас. «Очерк о средствах обрусения Западного края»[22]).

Згодна з указамі ад 29 лістапада 1830 і 18 лютага 1831 году ў Віцебскай і Магілёўскай губэрнях спынялася дзеяньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага. На падставе ўказаў ад 30 кастрычніка 1831 і 11 студзеня 1832 году ўсім дзяржаўным установам і пасадам на анэксаваных тэрыторыях надаваліся расейскія назвы[23]. 25 чэрвеня 1840 году Мікалай I выдаў указ, згодна зь якім усе справы як ува ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы справаў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і найменьня яны не былі, трэба было пісаць толькі на расейскай мове. У афіцыйнай дакумэнтацыі колішняе Вялікае Княства Літоўскае атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна поўнасьцю скасоўвалася дзеяньне Літоўскага Статуту[21].

Касьцёл Сьвятога Антонія ў Друі да (налева) і па (направа) руйнаваньні расейскімі ўладамі

Апроч таго, Мікалай I зацьвердзіў пастанову аб перасяленьні ў Беларусь «выхадцаў з унутраных губэрніяў, якія прынясуць з сабой у гэты край, чужы Расеі, нашу мову, звычаі, прыхільнасьць расейцаў да стальцу» (рас. «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собой в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу»)[16].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленьні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губэрняў зь іншымі тэрыторыямі Расейскай імпэрыі ўсё яшчэ працягвалася[20].

Касьцёл Сьвятога Крыжа ў Бярозе Картускай да (налева) і па (направа) руйнаваньні расейскімі ўладамі

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў працэс маскалізацыі ўзначаліў генэрал-губэрнатар М. Мураўёў, названы сучасьнікамі Вешальнікам і Людаедам[24]. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга краю» надаваў маскалізацыі адукацыі, шырока вядомым зьяўляецца ягоны дэвіз:

«

Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейская школа і царква

»
Пакараньне паўстанцаў на шыбеніцах

Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансэрватыўнага кірунку ў «западно-руссизме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выданьня «Вестник Юго-Западной и Западной России» пад новай назвай «Вестник Западной России». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзеньне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс ня меў папулярнасьці, і ў 1871 годзе яго закрылі[25].

Зьвяртаючыся да шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага Мураўёў казаў[16]:

«

Забудзьцеся пра наіўныя летуценьні і мары, панове, і помніце, што калі вы ня станеце тут сваімі думкамі і пачуцьцямі расейцамі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

»

Істотнымі фактарамі маскалізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» зьяўляліся падвышаныя (параўнальна з мэтраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расеі, а таксама расейскае войска, шматлікія гарнізоны якога бесьперапынна разьмяшчаліся ў беларускіх местах і мястэчках[26].

Рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кацярына II і яе сын Павал I раздалі расейскім дваранам на далучаных тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага 208,5 тысячы сялянаў-мужчынаў. Такім чынам, каля паўмільёну беларусаў сталі прыгоннымі, прычым пераважная большасьць гэтых сялянаў раней жылі на дзяржаўных землях і былі асабіста вольнымі[17]. Так, кіраўнік здушэньня паўстаньня 1794 году А. Сувораў атрымаў ува ўзнагароду Кобрынскае староства і іншыя землі з 25 тысячамі душ.

Паніжэньне ў правах сялянства Вялікага Княства Літоўскага выявілася ўва ўвядзеньні расейскімі ўладамі падушнага падатку замест ранейшага падымнага, што прывяло да яго павелічэньня, а таксама абавязковай 25-гадовай рэкруцкай павіннасьці. Замест грашовага аброку прыгонныя мусілі выконваць паншчыну[27]. У выніку скаваньня Магдэбурскага права мяшчане страцілі права на самакіраваньне, нярэдка адбываўся гвалтоўны перавод асабіста вольных мяшчанаў у стан прыгонных[28]. Апроч таго, усіх мяшчанаў абклалі падушным падаткам і ў вайсковай павіннасьці прыраўнялі да сялянаў[27]. Падаткі ў губэрнях, утвораных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, да 1811 году заставаліся ў 4—5 разоў вышэйшымі, чым ува ўласна Расеі[27]. Толькі ў 1811 годзе беларускія губэрні далі ў расейскую армію 14750 рэкрутаў[27].

Колькасьць афіцыйна вызнанай шляхты («дваранства») штучным чынам скарацілі з 12—13% да 3% ад усяго насельніцтва[29]. Пры гэтым пазбаўленыя правоў прадстаўнікі шляхты абкладаліся падаткамі і павіннасьцямі. Значную колькасьць гэтых людзей расейскія ўлады высылалі ўва ўсходнюю Ўкраіну, на Каўказ і ў іншыя раёны імпэрыі[23]. Апроч таго, пачаліся масавыя звальненьні ўраднікаў і настаўнікаў на падставе іх мясцовага паходжаньня.

Яшчэ па першым падзеле Рэчы Паспалітай Кацярына II загадала канфіскаваць маёнткі ў тым уладальнікаў, якія адмовяцца прысягнуць ёй на вернасьць. Пазьней праводзіліся сэквэстры ўласнасьці ўдзельнікаў паўстаньня 1794 году. У выніку канфіскацыяў 1770—1790-х гадоў значная колькасьць адабраных у гаспадароў зямель апынулася ў руках расейскіх чыноўнікаў і фаварытаў Кацярыны: Магілёўская эканомія, Крычаўскае староства, Шклоўскае графства, Гомельскае староства і іншыя.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў у колішнім Вялікім Княстве Літоўскім да сьледзтва прыцягнулі 2878 чалавек. Расейскія ўлады пакаралі сьмерцю Міхала Валовіча, Артура Завішу, Сымона Канарскага і іншых актыўных удзельнікаў. Свае маёнткі страцілі Агінскія, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і іншыя тутэйшыя зямяне. Тысячы ўдзельнікаў паўстаньня мусілі выправіцца ў эміграцыю.

Найбольш значная хваля рэпрэсіяў адбылася па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Расейскія ўлады пакаралі сьмерцю 128 чалавек, 850 чалавек выслалі на катаргу, каля 12,5 тысячаў чалавек прымусова перасялілі ў іншыя раёны імпэрыі. Іх сядзібы зруйнавалі, а маёмасьць канфіскавалі. Зямянам-каталікам забаранялася купляць зямлю, сялянам-каталікам абмяжоўвалася норма зямлі на гаспадарку[30]. Некаторыя беларускія вёскі засяляліся сялянамі з Расеі. Напрыклад, замест гвалтоўна выселеных у Расею карэнных жыхароў, якія бралі ўдзел у антырасейскіх выступленьнях, у вёску Загарадзьдзе на Аршаншчыне пасялілі 15 сялянскіх сем’яў з Разанскай губэрні[31].

Няроўнасьць правоў жыхароў колішняга Вялікага Княства Літоўскага і ўласна Расеі выявілася пры правядзеньні дзяржаўных рэформаў. Земскую рэформу 1864 году пашырылі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага толькі ў 1911 годзе, што фактычна пазбавіла беларусаў права на самакіраваньне. Уведзеныя ў межах судовай рэформы міравыя судзьдзі, у адрозьненьне ад уласна Расеі, прызначаліся Міністэрствам юстыцыі, а не абіраліся[32]. Таксама адзначалася адмова ад наданьня буйным паселішчам у Беларусі мескага статусу: калі ў 1861—1905 гадох у расейскіх губэрнях статус места атрымалі каля 400 паселішчаў, то на беларускіх землях толькі два — Горкі і Смаргонь[33].

У 1889 годзе расейскія ўлады ўвялі пасаду земскіх начальнічаў, якія фактычна сталі новымі прыгоньнікамі[30]. Атрымаць прызначэньне на гэтую пасаду маглі толькі расейцы[30]. Тутэйшую шляхту, увогуле, пазбавілі права займаць дзяржаўныя пасады.

У выніку, на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў беларускія этнічныя землі сталі найбольш адсталым рэгіёнам эўрапейскай часткі Расейскай імпэрыі (паводле памеру гандлёва-прамысловага абароту на душу насельніцтва яны саступалі нават Архангельскай губэрні[34]).

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Небясьпечнай перашкодай на шляху абмаскаленьня беларусаў зьяўлялася Ўніяцкая царква, якая вылучала іх сярод палякаў і расейцаў. Грэка-каталікі складалі каля 80% беларускіх хрысьціянаў[35].

Яшчэ за кіраваньнем Кацярыны II у праваслаўе расейскага ўзору прымусова перавялі блізу паўмільёна беларусаў. Адначасна ішла апрацоўка грэцка-каталіцкіх герархаў, частка якіх у выніку перайшла на службу царызму. У змаганьні з уніяцтвам асабліва вызначыўся біскуп украінскага паходжаньня Ёсіф Сямашка. Ён увёў расейскую мову ў духоўных сэмінарыях і царкоўных лічбах. Сьвятары атрымалі загад спраўляць набажэнства паводле службоўнікаў, прысланых з Масквы. З уніяцкіх сьвятыняў выкідалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Нязгодных судзілі як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў[26]. Тутэйшыя вернікі адказалі на рэлігійны гвалт супрацівам. Так, за спробу перавярнуць іх у маскоўскае праваслаўе сяляне-ўніяты з маёнтку Азярышча Гарадоцкага павету пастанавілі ўтапіць полацкага япіскапа Смарагда і віцебскага генэрал-губэрнатара Шрэдэра, якія ледзьве здолелі ўцячы. У сьнежні 1834 году на дваранскіх выбарах у Віцебску 172 шляхцічы падпісалі пратэст супраць перасьледу ўніятаў. Урад адрэагаваў пагрозамі суду і сэквэстрацыі маёмасьці.

Царква Сьвятых Барыса і Глеба ў Наваградку да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

У 1833—1839 гадох на злом уніяцкай рэлігійнай традыцыі запрацавала ўся сыстэма расейскай улады: суд, адміністрацыя, сынод, паліцыя, часам у ход ішла нават армія[36]. У дачыненьні да апазыцыйнага духавенства практыкавалася паніжэньне на пасадзе, перавод у горшыя прыходы, «перавыхаваньне» у кансысторыі (у Жыровічах або Полацку), зьняволеньне ў манастыры, высылка ў іншую япархію. Найбольш зацятых ўніяцкіх сьвятароў высылалі ў Расею[36]. Да сялянаў ужываліся «павучаньні», у тым ліку ў губэрнскай канцылярыі; пакараньне бізуном; турэмнае зьняволеньне; і г.д.[37] Разам з тым у 1838 годзе з 680 сьвятароў Полацкай грэцка-каталіцкай дыяцэзіі за далучэньне да Маскоўскага патрыярхату падпісаліся толькі 186[26].

Фара Вітаўта ў Горадні да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

У 1837—1839 гадох расейскія ўлады канчаткова нэўтралізавалі ўсе актыўныя сілы, якія маглі перашкодзіць ліквідацыі Уніяцкай царквы. Аднак афіцыйны Пецярбург ўсур’ёз чакаў выбуху незадаволенасьці пры апублікаваньні факту, што «уніі ўжо няма», таму ўвёў у паўночна-ўсходнія раёны Беларусі дадатковыя войскі[38].

12 лютага 1839 году расейскія ўлады правялі Полацкі царкоўны сабор, які ліквідаваў Уніяцкую царкву. Згодна зь ягонай пастановай усе беларускія вернікі-ўніяты прымусова далучаліся да маскоўскага праваслаўя, «каб з гэтага часу знаходзіцца ў падпарадкаваньні Найсьвяцейшага Ўрадавага Ўсерасейскага Сыноду» (рас. «дабы пребывать отныне в послушании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода»)[26].

Пратэстуючы супраць гэтай пастановы, больш за мільён уніятаў перайшлі па Полацкім саборы ў рыма-каталіцтва. Пра зьдзекі зь беларусаў-уніятаў пісалі дзеячы расейскай культуры — Леў Талстой, Аляксандар Герцэн (які назваў Сямашку «Иудой во Христе»)[26]. Захаваліся шматлікія сьведчаньні фізычнага гвалту і прымусу з боку царскіх уладаў[16]

З боку грамадзянскага начальства катаваньнем камандаваў акруговы Навіцкі. Гэты паліцэйскі апостал сек людзей датуль, пакуль катаваны не згаджаўся прыняць прычасьце ад праваслаўнага папа. Адзін чатырнаццацігадовы хлопчык па дзьвюх сотнях розгаў адмовіўся ад такіх зносінаў з Хрыстом. Яго зноў пачалі секчы, і толькі тады, саступаючы страшнага болю, ён пагадзіўся. Праваслаўная царква перамагла!

— А. Герцен. Секущее православие // «Колокол» № 27, 1858.

Зьнішчэньне ўніяцтва падзяліла беларускі народ на праваслаўных і рыма-каталікоў, што стала адной з галоўных прычынаў слабой нацыянальнай згуртаванасьці беларусаў[26]. Тым часам Маскоўскаму патрыярхату даручылі галоўную ролю ў маскалізацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. У 1840 годзе выйшла забарона прамаўляць па-беларуску царкоўныя казаньні. Япіскапы патрабавалі ад сьвятароў ды іхных жонак карыстацца расейскай мовай і ў прыватным жыцьці, каб даць прыклад парафіянам. Вядома, што за заслугі ў здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў Сямашка прадставіў да ўзнагароджаньня мэдалём 496 духоўных асобаў свае япархіі[16]. Па здушэньні паўстаньня, паводле афіцыйных рапартаў, беларускія сяляне часам цэлымі вёскамі адмаўляліся наведваць цэрквы Маскоўскага патрыярхату[39]. У адказ на падобны супраціў расейскія ўлады практыкавалі штрафы, увязьненьне ў расейскіх манастырах, высылку ў аддаленыя рэгіёны Расеі, прымусовае адабраньне дзяцей зь перадаваньнем іх на выхаваньне ў сем’і вернікаў Маскоўскага патрыярхату[40].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 студзеня 1812 году ў выніку намаганьняў сьвецкіх колаў Беларусі расейскі імпэратар Аляксандар I выдаў указ аб пераўтварэньні Полацкага езуіцкага калегіюму ў вышэйшую навучальную ўстанову. 10 чэрвеня адбылося адкрыцьцё Полацкай акадэміі, зь якой пачалі свой шлях гісторык і архэоляг Канстантын Тышкевіч, астраном і філёзаф Юзэф Накцыяновіч, пісьменьнікі Юзэф Масальскі і Ян Баршчэўскі, маляр Валенці Ваньковіч і іншыя. Аднак неўзабаве ўлады Расейскай імпэрыі пачалі разглядаць навучальныя ўстановы на падуладных землях як небясьпечныя асяродкі супраціву калянізацыі, таму ў сакавіку 1820 году акадэмію ліквідавалі, а некалькі тысячаў тамоў акадэмічнай бібліятэкі вывезьлі ў Расею[41].

1 траўня 1832 году расейскі імпэратар Мікалай I (1825—1855) зачыніў Віленскі ўнівэрсытэт. Фармальнай нагодай стаў удзел выкладнікаў у вызвольным паўстаньні 1830—1831 гадоў. Разам зь Віленскім ўнівэрсытэтам расейскія ўлады зачынілі і многія сярэднія навучальныя ўстановы. Праводзілася масавая ліквідацыя ўніяцкіх і базылянскіх школаў, якія прыхільна ставіліся да беларускай мовы і культуры. Узмацніўся кантроль за адукацыяй з боку Маскоўскаму патрыярхату[42]. Разам з тым закрыцьцё школаў Вялікага Княства Літоўскага ажыцьцяўлялася без стварэньня адпаведанай колькасьці расейскіх навучальных установаў, што ў выніку адмоўна адбівалася на агульным адукацыйным узроўні беларускага насельніцтва. Апроч таго, царскія ўлады выслалі многіх мясцовых настаўнікаў, а на іхнае месца накіравалі выхадцаў з цэнтральных расейскіх губэрняў[42].

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў улады Расейскай імпэрыі зачынілі і перавялі ў Пецярбург адзіную на той час вышэйшую навучальную ўстанову на этнічнай беларускай тэрыторыі — Горы-Горацкі земляробчы інстытут[43]. Апроч таго, яны звольнілі ўсіх настаўнікаў каталіцкай веры, а на іхнае месца паставілі выхадцаў з уласна Расеі[44]. Намаганьнямі Маскоўскага патрыярхату ў беларускіх вёсках адкрылася вялікая колькасьць пачатковых царкоўна-прыходзкіх школаў, адукацыя ў якіх мела падкрэсьлена рэлігійна-русіфікатарскую скіраванасьць[44]. Беларускіх дзяцей выхоўвалі на аснове русіфікатарскіх ідэяў у духу хрысьціянскай пакорлівасьці расейскім уладам[45]. Ні ў адной іншай частцы Расейскай імпэрыі пачатковая адукацыя ня мела такой рэлігійна-русіфікатарскай скіраванасьці, як у Беларусі[45].

Дзеля падрыхтоўкі мясцовых настаўнікаў расейскія ўлады адкрылі некалькі настаўніцкіх сэмінарыяў (першая ў Расейскай імпэрыі настаўніцкая сэмінарыя зьявілася ў 1864 годзе ў Маладэчне). Сэмінарыстам забаранялася размаўляць на беларускай мове, пры гэтым усё беларускае ў гэтых навучальных установах высьмейвалася і атаясамлівалася зь непісьменнасьцю[46].

У пачатку XX ст. не існавала ніводнай беларускай школы[21].

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1787 годзе Кацярына II пастанавіла, што друкаваць духоўныя кнігі ў Расейскай імпэрыі могуць толькі выдавецтвы, падпарадкаваныя Сыноду — адпаведна забаранялася дзейнасьць грэцка-каталіцкіх друкарняў.

У 1832 годзе пачалася акцыя адбіраньня старых беларускамоўных богаслужбовых і іншых кніг і замены іх на маскоўскія. З цэркваў і манастыроў у Полацкую духоўную кансысторыю да паленьня звозіліся выданьні беларускіх друкарняў, сярод якіх былі арыгінальныя навукова-тэалягічныя, мастацкія і вершаваныя творы беларускай літаратуры[47]. Сьвятары спрабавалі ратаваць іх: так, 2 красавіка 1834 году ў Наваградку на рукі япіскапа Ёсіфа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад расейскага гаспадара, усіх іх пакаралі за гэта годам манастырскай турмы[47]. Па ліквідацыі ў 1839 годзе Ўніяцкай царквы кнігі з царкоўных і манастырскіх бібліятэк звозіліся ў Жыровічы і на загад Сямашкі ў 1841—1844 гадох спальваліся ў манастырскіх печках[47]. Дзеля таго, што такі спосаб нішчэньня кніг быў марудным, і частка кніг раскрадалася, у 1844 годзе Сямашка загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц і спаліць іх на вогнішчы адразу[47]. У 1852 годзе Сямашка асабіста назіраў, як гараць 1295 кніг, знойдзеных у былых уніяцкіх цэрквах. У сваіх «Запісках» ён з гонарам паведамляў, што за наступныя тры гады на яго загад спалілі яшчэ дзьве тысячы тамоў[16]. Сярод спаленых былі ня толькі кнігі, выдадзеныя па складаньні Берасьцейскай уніі. Напрыклад, у 1865 годзе ад аднаго недапаленьня выпадкова выратавалі 10 аркушаў Тураўскага Эвангельля XI ст., знойдзеныя ў скрыні з вугалем[47].

Карыкатура на адкрыцьцё помніка Мураўёву-вешальніку ў Вільні, 1898 г.

У 1859 годзе ў Вільні выйшаў пераклад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча дзьвюх песень з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», які царскія ўлады неўзабаве поўнасьцю зьнішчылі. Увогуле, у 1859 годзе расейскія ўлады выдалі забарону на выкарыстаньне ў беларускім друку лацінкі. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня, у 1863—1888 гадох расейская цэнзура не прапусьціла ніводнага выданьня на беларускай мове[48].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спроба гвалтоўнага выцісканьня з памяці былых грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай падзеяў і імёнаў іх мінуўшчыны выявілася ў забароне сьвяткаваньняў гадавінаў гістарычных падзеяў. Адначасна ажыцьцяўлялася навязваньне расейскага юбілейна-ўшанавальнага канону. Вялікая ўвага надавалася арганізацыі шматлікіх імпрэзаў, прысьвечаным юбілейным датам расейскай гісторыі і расейскіх манархаў[49].

Культурная палітыка расейскіх ўладаў таксама выявілася і ў кантролі над тэатральным жыцьцём местаў. Напрыклад, на падтрымку расейскага тэатру ў Горадні выдзяляліся спэцыяльныя ўрадавыя субсыдыі. У той жа час на сцэну не дапускалася нічога, што магло б паспрыяць абуджэньню і ўмацаваньню нерасейскай нацыянальнай сьвядомасьці гледачоў. Так, у 1852 годзе ў Менску расейскія ўлады забаранілі прэм’еру першай опэры на беларускай мове «Ідылія», аднак яна ўсё адно адбылася на сцэне мескага тэатру[50].

Мэтанакіраваны адрыў беларускага народу ад роднай культуры выявіўся ў масавым вывазе культурных каштоўнасьцяў зь Беларусі. У Маскву і Санкт-Пецярбург вывезьлі Галоўны архіў Вялікага Княства Літоўскага з сотнямі тамоў Літоўскай Мэтрыкі[51]. Архіў зачыненага Віленскага ўнівэрсытэту перадалі Міністэрству народнай асьветы Расейскай імпэрыі, а яго кнігазбор (52 тысячы тамоў) — у Пецярбург, Харкаў і Кіеў[51]. Бібліятэку Полацкай акадэміі з 40 тысячамі кнігаў і рукапісаў адабралі ў Публічную бібліятэку Санкт-Пецярбургу і бібліятэку Пецярбурскага ўнівэрсытэту, музэйную калекцыю і карцінную галерэю — у Пецярбурскую акадэмію мастацтваў[51]. На пачатак XX ст. на тэрыторыі Беларусі не засталося арыгіналаў кніг Францішка Скарыны. Адной з прычынаў гэтага стала дзейнасьць графа Мікалая Румянцава, якому ўлады Расейскай імпэрыі па падзелах Рэчы Паспалітай падаравалі магдэбурскі Гомель. Дзеля напаўненьня ўласнай калекцыі ён стварыў агентурную сетку, якая на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага арганізавала вышук каштоўных кніг у прыватных і манастырскіх кнігазборах. Гэтыя кнігі звозіліся да Румянцава ў яго калекцыю. Вядома, што пры жыцьці ягоны кнігазбор налічваў 140 выданьняў Францішка Скарыны. Па 1917 годзе гэтая калекцыя стала асновай для Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі[52]. У наш зь вядомых 520 асобнікаў выданьняў Скарыны 352 кнігі (68%) захоўваюцца ў Расеі. У Беларусі налічваецца толькі 28 асобнікаў (да 2017 году іх было толькі 10).

Апроч таго, масавы характар набылі канфіскацыі і зьнішчэньне шляхецкіх і царкоўных гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. Напрыклад, у 1812 годзе ўлады Расейскай імпэрыі канфіскавалі каштоўнасьці Нясьвіскага замка: калекцыі мэдалёў і манэтаў адправілі ў Харкаўскі ўнівэрсытэт, сакральныя прадметы — у Маскву, іншыя старажытнасьці — у розныя расейскія музэі і зборы[53]. У 1830 годзе расейскі гаспадар Мікалай I асабіста пастанавіў спаліць частку нарабаваных каштоўнасьцяў зь Дзярэчына, астатнія скарбы вывезьлі ў Пецярбург (у тым ліку карцінаў і каштоўных упрыгожаньняў — 303 пуды і 25 фунтаў). Спальваліся найперш карціны зь сюжэтамі на гістарычныя тэмы, якія, на думку манарха-мастацтвазнаўцы, маглі выклікаць у гледачоў непажаданыя думкі пра былую веліч Рэчы Паспалітай[54]. У час ліквідацыі Ўніяцкай царквы Ёсіф (Сямашка) спаліў тысячы старых беларускіх абразоў, у тым ліку напісаных да складаньня Берасьцейскай уніі[55].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сабор у Барысаве (1874 г.), збудаваны ў стылі маскоўскага дойлідзтва XVII ст.[56]
Асноўныя артыкулы: Мураўёўкі і Сьпіс помнікаў архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, зруйнаваных уладамі Расейскай імпэрыі

У 2-й палове XIX ст. на Беларусі прыкметна пашырылася і набыло беспрэцэдэнтныя маштабы[57] царкоўнае будаваньне, ініцыятарам якога быў генэрал-губэрнатар М. Мураўёў. Мураваныя бажніцы ўзводзіліся паводле «ўзорных» праектаў і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расейскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[58] Маскоўскага патрыярхату:

Праваслаўныя бажніцы маюць быць адвечнымі сьведкамі вялікай эпохі адраджэньня расейскай народнасьці ў Паўночна-Заходнім краі, спрадвеку расейскім, які доўгі час пакутаваў пад прыгнётам лацінска-польскай прапаганды.

На правядзеньне працаў прапаноўвалася прыцягваць будаўнічыя арцелі з цэнтральнай Расеі дзеля наступных мэтаў[59]:

Знаходжаньне такіх арцеляў сярод праваслаўныга насельніцтва тутэйшага краю нямінуча пасее моцнае насеньне чыста расейскага жыцьця і азнаёміць бліжэй тутэйшы народ з Расеяй.

Сотні аднолькавых цэркваў[60], збудаваных у гэты час, атрымалі назву «мураўёўкі»[61]. Зьяўленьне «мураўёвак» адпавядала абвешчанай расейскім царом Мікалаем I тэзе: «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасьць». Падобныя збудаваньні як матэрыяльны выраз каляніяльнай палітыкі[62] мусілі ўвасабляць бясспрэчнае панаваньне царскай Расеі на Беларусі[21].

У гэты ж час ажыцьцяўлялася масавае зьнішчэньне старажытных праваслаўных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага[63], а таксама перабудова ў стылі архітэктуры Маскоўскай дзяржавы колішніх рымска-каталіцкіх, уніяцкіх і нават спрадвеку праваслаўных сьвятыняў. Фінансавалася гэтая справа з сродкаў, сабраных з удзельнікаў паўстаньня ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцыяў[57][64].

Нясьвіская ратуша ў 1820-я гады (налева) і ў 1894 годзе (направа)

Палітыка маскалізацыі таксама выявілася ў разбурэньні мясцовага калярыту старых мескіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. У час непазьбежнай мадэрнізацыі местаў зьнішчаліся ратушы (у 1857 годзе на загад расейскага цара зруйнавалі Менскую ратушу), руйнаваліся альбо перабудоўваліся да непазнавальнасьці старажытныя цэрквы і касьцёлы, зьмяняліся функцыі старых ансамбляў (комплексы езуіцкіх калегіюмаў у Воршы і Горадні ператварылі ў вязьніцы). З мэтай стварэньня магутнай фартэцыі на заходніх рубяжах Расейскай імпэрыі ў 1830-я гады поўнасьцю зьнішчылі сярэднявечнае Берасьце, багатае архітэктурнымі каштоўнасьцямі (старажытны замак, 10 цэркваў і касьцёлаў, мураваны Рынак з ратушай, палацам князя Чартарыйскага і іншымі будынкамі). Такім чынам закладваліся асноўныя прынцыпы каляніяльнай архітэктурнай практыкі ў Беларусі: гвалтоўная зьмена функцыяў старых ансамбляў, брутальнае разбурэньне важных у духоўным і гістарычным сэнсах аб’ектаў, наўмыснае стварэньне эстэтычнага канфлікту праз радыкальную стылістычную зьмену альбо пабудову чужародных і несумаштабных аб’ектаў у традыцыйным высокамастацкім асяродзьдзі[65].

3 сакавіка 1918 году ў нямецкай прэсе выйшла публікацыя пра ўражаньні ад таго места, у якое ператварыўся Менск пад уладай Расейскай імпэрыі[66][67]:

« Менск ня робіць надта спрыяльнага ўражаньня, галоўным чынам таму, што шмат з старых выдатных барокавых будынкаў, цэркваў і манастыроў было абязьлічана расейцамі празь перабудову яшчэ горш, чым у Вільні. Наогул, урад імкнецца наўмысна зьнішчыць усё, што магло б нагадваць былыя часы, тым ня менш нічога не робіць з свайго боку дзеля ўпрыгажэньня места. Галоўныя будынкі <...> былі збудаваныя ў большасьці ў XVII стагодзьдзі. Роўна як цэрквы, таксама праваслаўныя, частка зь якіх раней была каталіцкімі. Манастыры былі зьведзеныя да ролі казармаў. »

Помнікі і памятныя знакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскія ўлады імкнуліся стварыць на землях зьнішчанага Вялікага Княства Літоўскага новы каляніяльны гістарычны пантэон: у Вільні адкрылі помнікі Мураўёву (1898 год) і Кацярыне II (1904 год), у МенскуАляксандру II (1901 год), у шэрагу местаў — помнікі ў памяць пра вайну 1812 году як «Айчынную» (рас. Отечественную). У 1863 годзе каля Кобрыня адбылася ўрачыстая закладка капліцы Аляксандра Неўскага ў памяць расейскіх вайскоўцаў, якія бралі ўдзел у здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня.

Зьмена культурнага ляндшафту выявілася ў забароне ставіць крыжы або іншыя сьвятыя выявы пры дарогах без дазволу расейскіх уладаў[68]. Новыя прыдарожныя крыжы мелі быць укоснымі 8-канцовымі або 6-канцовымі[69]

Геральдыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычны герб Мазыра (налева) і новы расейскі (направа)

Улады Расейскай імпэрыі праводзілі мэтанакіраванае зьнішчэньне гербаў часоў Вялікага Княства Літоўскага з частковай заменай іх гербамі штучна вынайдзенымі, якія ня мелі зьвязку з гісторыяй і мясцовымі традыцыямі. Таксама адбывалася падмена паняцьця «герб мескі» паняцьцем «герб павятовы». Стваральнікі новых расейскіх гербаў ставілі перад сабой задачу праслаўленьня расейскага царызму і зацьвярджэньня ягонай улады[70].

Гістарычны герб Амсьціслава «Малая Пагоня» (налева) і штучны расейскі «чырвоная лісіца або воўк» (направа)

Расейскія ўлады працягвалі атаясамліваць гістарычны герб «Пагоня» з канкрэтнай тэрыторыяй — колішнім Вялікім Княствам Літоўскім, што выявілася ў новых гербах шэрагу паветаў і губэрняў[71]. Аднак у XIX ст. назіралася тэндэнцыя паступовага выцісканьня Пагоні з афіцыйнай геральдыкі: у 1845 яе прыбралі з гербу Гарадзенскай губэрні, а ў 1878 — Магілёўскай. Яшчэ раней замест гістарычных варыянтаў Пагоні новыя гербы даравалі Амсьціслаўскаму павету і Менскай губэрні.

Перайменаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітыка, скіраваная на плянамернае вынішчэньне тутэйшай ідэнтычнасьці, выявілаўся ў перайменаваньнях вуліцаў населеных пунктаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Паводле сьцьвярджэньня расейскіх ўладаў:

...некаторыя вуліцы і завулкі носяць састарэлыя польскія назвы, пазбаўленыя сэнсу і значэньня, ня родныя расейскаму духу і не адпаведныя значэньню саміх местаў, як цэнтраў расейскай адміністрацыі.

Масавы характар гэтыя перайменаваньня набылі ў 1866—1868 гадох. Апроч таго, пераймяноўваліся паселішчы[72]. Напрыклад, Зьдзецел перайменавалі ў Дятлово, Янаў — у Иваново, Ельск — у Николаев, Вярэнаў — у Вороново, Жытомлю — у Благовещенское, Сабакінцы — у Покровское. Празь няведаньне перадачы літары «ё» ў лацінцы спалучэньнем «іо» Мёры і Лёзна перайначылі на Миоры і Лиозно.

Назва населенага пункту Аб’екты, перайменаваныя ўладамі Расейскай імпэрыі
Гістарычная назва Расейская назва Час перайменаваньня
Бабруйск Слуцкая вуліца Скобелевская улица[b] XIX стагодзьдзе
Барысаў Аршанская вуліца Московская улица XIX стагодзьдзе
Быхаў Магілёўская вуліца Романовская улица[c] 1913 год
Ваўкавыск Крамяніцкая вуліца Александровская улица[d] XIX стагодзьдзе
Шляхецкая вуліца Багратионовская улица да 1913 году
Вільня Базылянская вуліца Конная улица XIX стагодзьдзе
Баніфрацкі завулак Семёновская улица 1864 год
Бэнэдыктынскі завулак Проходной переулок 1864 год
Бэрнардынская вуліца Александровская улица
Суворовская улица
XIX стагодзьдзе
Дамініканская вуліца Благовещенская улица 1864 год
Кармэліцкі завулак Дворянский переулок 1864 год
Конская вуліца Полицейския переулок XIX стагодзьдзе
Людвісарская вуліца Преображенская улица XIX стагодзьдзе
Палацавы пляц Муравьёвская площадь XIX стагодзьдзе
Радзівілаўскі завулак Богодельный переулок XIX стагодзьдзе
Савіч вуліца Андреевская улица XIX стагодзьдзе
Сьвятаміхальскі завулак Покровский переулок XIX стагодзьдзе
Сьвятаянская вуліца Ивановская улица 1864 год
Францішканскі завулак Глухой переулок 1864 год
Віцебск Багародзіцкая вуліца Соборная улица
Успенская улица
XIX стагодзьдзе
Вялікая вуліца Гоголевская улица (частка)
Смоленская улица (частка)
XIX стагодзьдзе
Падзьвінская вуліца Льва Толстого улица 1910 год
Прачысьценская гара Успенская гора XIX стагодзьдзе
Рынак пляц Полицейская площадь XIX стагодзьдзе
Трынітарская вуліца Покровская улица XIX стагодзьдзе
Тэатральная вуліца Пушкинская улица пачатак XX стагодзьдзя
Узгорская вуліца Офицерская улица
Суворовская улица
1840 год
1900 год
Ворша Бабінавіцкая вуліца Петербургская улица XIX стагодзьдзе
Вялейка Асіпаўская вуліца Пушкинская улица
Александра II улица
XIX стагодзьдзе
пачатак XX стагодзьдзя
Менская вуліца Александровская улица XIX стагодзьдзе
Рынак пляц Георгиевская площадь XIX стагодзьдзе
Вяліж Касьцельная вуліца Николаевская улица XIX стагодзьдзе
Глыбокае Докшыцкая вуліца Московская улица XIX стагодзьдзе
Гомель Прабойная вуліца Румянцевская улица XIX стагодзьдзе
Горадня Брыгіцкая вуліца Купеческая улица
Кутузовская улица
1866 год
1914 год
Дамініканская вуліца Соборная улица 1866 год
Раскоша вуліца Муравьёвская улица XIX стагодзьдзе
Садовая вуліца Суворовская улица XIX стагодзьдзе
Дзісна Дарашкоўская вуліца Александро-Пушкинская улица XIX стагодзьдзе
Докшыцы Барысаўская вуліца Александровская улица XIX стагодзьдзе
Кобрынь Губэрніяльная вуліца Суворовская улица 1864 год
Лепель Поўсьвіская вуліца Пушкинская улица XIX стагодзьдзе
Магілёў Ветраная вуліца Большая Садовая улица XIX стагодзьдзе
Лупалаўскае прадмесьце Московское предместье XIX стагодзьдзе
Рынак пляц Губернаторская площадь XIX стагодзьдзе
Фарны завулак Семинарский переулок XIX стагодзьдзе
Шклоўская вуліца Днепровский проспект XIX стагодзьдзе
Шклоўскі завулак Суворовская улица XIX стагодзьдзе
Мазыр Сьвідоўская вуліца Покровская улица XIX стагодзьдзе
Езуіцкая вуліца Александровская улица 1866 год[73].
Менск Валоцкая вуліца Крещенская улица 1866 год
Вялікая Барысаўская вуліца Александровская улица XIX стагодзьдзе
Вялікая Бэрнардынская вуліца Монастырская улица 1866 год
Высокі Рынак пляц Соборная площадь 1866 год
Дамініканская вуліца Петропавловская улица 1866 год
Зборавая вуліца Тюремная улица
Преображенская улица
1866 год
1883 год
Зыбіцкая вуліца Торговая улица 1866 год
Каралеўскі шлях Новомосковская улица XIX стагодзьдзе
Кашарская вуліца Батальонная улица
Скобелевская улица
1866 год
1882 год
Лошыцкая вуліца Серпуховская улица[e] 1866 год
Плябанская вуліца Широкая улица 1866 год
Рэзьніцкая вуліца Мясницкая улица 1866 год
Старосьцінская Слабада вуліца Старослободская улица 1866 год
Францішканская вуліца Губернаторская улица 1866 год
Фэліцыянаўская вуліца Богодельная улица 1866 год
Хлусаў мост Александровский мост XIX стагодзьдзе
Наваградак Кавальская вуліца Семёновская улица XIX стагодзьдзе
Базылянскі завулак Борисоглебский переулок 1866 год
Невель Нізвальная вуліца Льва Толстого улица пачатак XX стагодзьдзя
Пінск Альбрэхтаўская вуліца Купеческая улица XIX стагодзьдзе
Бэнэдыктынская вуліца Кожевная улица 1866 год[73]
Бэрнардынская вуліца Тюремная улица 1866 год
Вялікая вуліца Большая Киевская улица XIX стагодзьдзе
Дамініканская вуліца Соборная улица 1866 год
Лагішынская вуліца Петербургская улица XIX стагодзьдзе
Францішканская вуліца Инженерная улица 1866 год
Полацак Вакзальная вуліца Гоголевская улица 1909 год
Віцебская вуліца Александровская улица 1912 год
Вялікая вуліца Нижне-Покровская улица 1848 год
Ільлінская вуліца Верхне-Покровская улица 1848 год
Прабойная вуліца Льва Толстого улица 1911 год
Рагачоў Лугавая вуліца Николаевская улица[f] XIX стагодзьдзе
Папярочная вуліца Георгиевская улица XIX стагодзьдзе
Пружаны Сялецкая вуліца Александровская улица XIX стагодзьдзе
Рэчыца Прабойная вуліца Успенская улица XIX стагодзьдзе
Сенна Магілёўская вуліца Офицерская улица XIX стагодзьдзе
Менская вуліца Трактирная улица XIX стагодзьдзе
Себеж Вялікая вуліца Петра Великого улица пачатак XX стагодзьдзя
Слонім Панасоўская вуліца Романовская улица XIX стагодзьдзе
Слуцак Востраўская вуліца Воскресенский переулок XIX стагодзьдзе
Завальская вуліца Тюремная улица XIX стагодзьдзе
Фарская вуліца Богадельная улица 1866 год[73]
Навамеская вуліца Мостовая улица XIX стагодзьдзе
Сэнатарская вуліца Широкая улица
Гоголевская улица
XIX стагодзьдзе
пачатак XX стагодзьдзя
Усьцінаўская вуліца Козачья улица 1832 год

Некаторыя мясцовыя назвы перакладалі на расейскую мову і потым навязвалі да зваротнага перакладу на іншыя мовы: напрыклад, Шляхецкія вуліцы станавіліся «Дворянскими», Вялікія — «Большими», Рынкі — «Базарными площадями». Апроч таго, некаторыя новыя аб’екты атрымлівалі палітызаваныя або падкрэсьлена каляніяльныя назвы: напрыклад, Каломенская[g] вуліца ў Менску, Мураўёўская вуліца ў Бабруйску, Мураўёўскі сад, Мураўёўскі завулак і Сувораўскі спуск у Магілёве.

СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Моўная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адпаведнасьці з савецкай камуністычнай тэорыяй працэс зьліцьця ўсіх народаў Савецкага Саюзу ў адну нацыю мусіў адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжоўваньня нацыянальных элемэнтаў усіх народаў, у тым ліку мовы. Насамрэч гэты працэс праводзіўся толькі на падставе расейскай нацыянальнай базы — на базе расейскай гісторыі, расейскай культуры, расейскай мовы і расейскага патрыятызму[48].

Кампанія супраць беларускай мовы была ўзьнятая ў СССР у пачатку 1930-х гадоў. Палітыка русіфікацыі беларускае мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраваньне ў выдадзенай у 1931 годзе кнізе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускае мовы стала ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 году «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая датычыла ня толькі правапісу, але і фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў беларускай мовы.

У 1950 годзе Сталін пісаў[74]:

«

Мы будзем мець справу ня зь дзьвюма мовамі, ... а із сотнямі нацыянальных моваў, зь якіх у выніку даўгога эканамічнага, палітычнага й культурнага супрацоўніцтва нацыяў будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зьліюцца ў вадну супольную міжнародную мову, ...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элемэнты нацыянальных і занальных моваў.

»

Адна з прадказаных Сталіным занальных моваў мусіла паўстаць на базе расейскай мовы.

Цягам усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадох ва ўсіх нерасейскіх мовах Савецкага Саюзу, адбываўся прыблізна адначасна аднолькавы працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў. Калі разгледзець славянскія нерасейскія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў зьвязку з сваяцтвам гэтых моваў русіфікацыйны працэс у кожнай зь іх зьяўляўся ідэнтычным ува ўсіх дэталях. У працэсе русіфікацыі неславянскіх моваў — цюркскіх, моваў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розьніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі.

Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін адно, але пасьлядоўна вялі да поўнай нівэляцыі беларускае мовы:

  1. Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы ў публічным жыцьці і замена яе расейскай;
  2. Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускай мовы.

Кепская сытуацыя склалася з выданьнем кнігаў на беларускай мове. Такія выданьні трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а пазьней сьпісваліся ў якасьці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто ня хоча чытаць. Разам са зьмяншэньнем накладаў і колькасьці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі павялічвалася колькасьць і ўдзельная вага расейскамоўнай. У 1946 годзе наклад часопісаў на расейскай мове ў БССР складаў 1%, 1955 годзе ён дасягнуў 31%. У 1970 годзе агульны наклад беларускамоўных кнігаў складаў 9 мільёнаў асобнікаў, расейскамоўных — 16 мільёнаў[75].

Кнігі на беларускай мове ў 1950, 1965 і 1970 гадох складалі 85%, 31% і 37% ад агульнай колькасьці кнігаў, друкаваных у БССР. Газэты: 85%, 57% і 38%. Нязначнае павелічэньне назіралася толькі сярод часапісаў: 74%, 75% і 81%[76].

Найбольш актыўна працэс русіфікацыі пайшоў у 1960—1970-я гады. Шырокая дыскусія пра мэтады навучаньня расейскай мове ў рэспубліках СССР скончылася ў жніўні 1956 году міжрэспубліканскай канфэрэнцыі ў Ташкенце, дзе зазначалася, быццам расейская мова стала ўсім савецкім народам «другой роднай мовай» і сродкам узбагачэньня лексыкі нацыянальных моваў. Кампанія ўкараненьня расейскай мовы ўва ўсе сфэры жыцьця нацыянальных рэспублік, што разгарнулася па гэтым, сустрэла пратэст часткі нацыянальнай інтэлігенцыі, якая па XX зьезьдзе партыі пачала выказвацца вальней. Нават найвышэйшае кіраўніцтва БССР выказвалася з асуджэньнем маштабаў русіфікацыі. У студзені 1959 году на прыёме ў гонар 40-годзьдзя БССР, на які прыехаў М. Хрушчоў, першы сакратар ЦК КПБ К. Мазураў выступіў з прамовай на беларускай мове. Хрушчоў абурыўся, чаму выступ быў не па-расейску. Крыху пазьней ён выказаўся яшчэ больш вызначана:

«

Чым хутчэй мы ўсе загаворым па-расейску, тым хутчэй збудуем камунізм.

»

Па гэтым пачалося выцісканьне беларускай мовы з тых пазыцыяў, якія яна пакуль яшчэ займала, і асабліва ўзмацнілася з прыходам на пасаду першага сакратара ЦК КПБ П. Машэрава ў 1965 годзе[77].

26 траўня 1983 году была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР аб павелічэньні на 15% заработку настаўнікаў расейскай мовы ў беларускамоўных школах. Пастанова прадугледжвала са студзеня 1984 году павелічэньне на 15% стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх клясаў, якія ведалі расейскую мову, і настаўнікаў расейскай мовы і літаратуры ў 4—11 клясах агульнаадукацыйных школаў усіх тыпаў[75].

Масавыя рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Курапаты, месца масавых расстрэлаў ахвяраў НКВД
Асноўны артыкул: Рэпрэсіі ў БССР

На думку беларускага дасьледніка Л. Маракова, у 1930-я на Сталіна працавалі сакрэтныя інстытуты НКВД, якія пралічылі значны патэнцыял у геапалітычным становішчы Беларусі. Для таго, каб беларусы ніколі не атрымалі незалежнасьці ад Расеі, яны сыстэматычна вынішчалі інтэлектуальны генафонд нацыі. Як адзначае Л. Маракоў: «Зьмянілася ўжо некалькі пакаленьняў, а нам усё ніяк не атрымоўваецца аднавіць згубленае. Усё таму, што мы — дзеці горшых, лепшых выразалі»[78].

Ад рэпрэсіяў 1930-х гадоў пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 чальцоў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 асьпірантаў, якія былі ў 1934 годзе, засталося толькі шэсьць чалавек. Дасьледаваньні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся[79]. У 1930-я гады савецкія ўлады фізычна і духоўна зьнішчылі 32 менскія гісторыкі, іх працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была поўнасьцю зьніштожаная беларуская гістарычная школа[80].

З 540—570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 20—30-я гады XX стагодзьдзя, было рэпрэсавана ня менш за 440—460 (80%), у тым ліку Тодар Кляшторны, Андрэй Мрый ды мноства іншых вядомых аўтараў. Калі ўлічваць аўтараў, вымушаных зьехаць з радзімы, то рэпрэсіям падвергліся ня менш за 500 (90%), чвэртка ўсёй колькасьці літаратараў (2000), рэпрэсаваных у СССР[81]. Тым часам, паводле падлікаў Л. Маракова, ува Ўкраіне колькасьць рэпрэсаваных літаратараў склала каля 35—40%, у Расеі — ня больш за 15%[78].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1945—1955 гадох у Беларускай ССР ажыцьцявілі абавязковую пачатковую асьвету і перайшлі да ўсеагульнай 7-гадовай асьветы. У паваенны час на нізкім прафэсійным узроўні вялося выкладаньне многіх прадметаў, дрэнна ўлічваліся нацыянальныя асаблівасьці ў навучальна-выхаваўчай рабоце. Гэтаму спрыялі ўмовы, зьвязаныя з выпраўленьнем у БССР многіх кадраў, якія не валодалі мовай карэннага насельніцтва і не жадалі, каб яе вывучалі іх дзеці. Абыякава ставіўся да беларускай мовы партыйна-дзяржаўны апарат. У 1953 годзе толькі 62,2% кіроўных кадраў рэспубліканскай партыйнай арганізацыі складалі прадстаўнікі карэннай нацыянальнасьці. Гэтыя абставіны спрыялі таму, што рэзка скарацілася колькасьць беларускіх школаў у буйных прамысловых цэнтрах. У Менску ў 1945/46 навучальным годзе з 28 школаў 14 былі беларускамоўнымі, а ўжо ў 1952/53 навучальным годзе з 46 школаў беларускіх налічвалася толькі 9. Набірала моц тэндэнцыя скарачэньня беларускамоўных школаў у раёнах і ў сельскай мясцовасьці[82].

4 студзеня 1959 году сяброўка Прэзыдыюму Цэнтральнага камітэту КПСС Кацярына Фурцава даслала з Масквы тэлеграму ўва ўрад БССР з патрабаваньнем пераводу навучаньня на расейскую мову[83]. У выніку, да 1961 году ўсе беларускамоўныя школы ў раённых цэнтрах Беларускай ССР гвалтам русіфікавалі. Да паступовай русіфікацыі агульнаадукацыйнай школы таксама прывяло наданьне дзецям іншаземцаў права адмовы ад адукацыі на мове краіны пражываньня. Да 1979 году ў БССР перайшлі да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, у 1984 годзе — усеагульнай 11-гадовай (4 + 5 + 2) усеагульнай сярэдняй адукацыі. У 1989 годзе ў расейскамоўных школах было 80% вучняў, у беларускамоўных — 20%[84].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Музэй Суворава ў Кобрыні, створаны за савецкім часам

За савецкім часам працягнуўся распачаты ўладамі Расейскай імпэрыі вываз зь Беларусі гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. Напрыклад, у 1950 годзе савецкія ўлады падаравалі Польшчы абсалютную большасьць партрэтаў (63 адзінкі) зь Нясьвіскай галерэі[85]. Рэлігійная і духоўная сьвятыня беларусаўКрыж Эўфрасіньні Полацкай — таксама, відаць, сьпярша трапіў у расейскія музэйныя сховішчы[86], а далей, магчыма, — у прыватную калекцыю Морганаў у ЗША[87].

У выніку гэтых спусташэньняў на пачатак 1990-х гадоў на тэрыторыі Беларусі не засталося ніводнага выданьня III Статуту Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове. Асобнікі найбольш масавага выданьня 1594—1595 гадоў разьмеркаваліся наступным чынам: Расея (11), Польшча (6), Летува (6), Украіна (5), Вялікабрытанія (1)[88][89]. Апроч таго, у розных музэях Беларусі засталося ня больш як 20 слуцкіх паясоў, пераважна ў фрагмэнтах.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар баніфратаў у Высокім, ператвораны ў склад-гараж
Асноўны артыкул: Сьпіс помнікаў гісторыі і архітэктуры Беларусі, зруйнаваных уладамі СССР

Радыкальныя ідэі бальшавікоў пра сацыяльнае пераўтварэньне і ўрбаністычны прагрэс прывялі да руйнаваньня цэлых архітэктурных ансамбляў. Паводле савецкіх генэральных плянаў зьнішчаліся гістарычныя трасы вуліцаў, узводзілася тыповая шматпавярховая забудова без уліку гістарычных кампазыцыйных дамінантаў, відавых пэрспэктываў і сылюэту. Прагматызм і вульгарная ідэалягізацыя прывялі да ўтварэньня татальна абязьлічанага мескага асяродзьдзя[90].

Замак і кальвінскі збор у Койданаве, зьнішчаныя дашчэнту савецкімі ўладамі

У 1930-я гады ў СССР пад заклікам барацьбы супраць рэлігіі пачалося масавае зьнішчэньне сакральных будынкаў усіх канфэсіяў, многія зь якіх былі ўнікальнымі помнікамі гісторыі і архітэктуры. У выніку гэтага акту вандалізму савецкія ўлады зьнішчылі архітэктурных ансамблі старажытных манастыроў ў Віцебску, Воршы, Полацку, Амсьціславе і інш. У Магілёве з мэтай «сацыялістычнай рэканструкцыі» места за адну ноч узарвалі 9 помнікаў сакральнай архітэктуры. У паваенны час зьнішчэньне помнікаў архітэктуры працягвалася пад прыкрыцьцём генэральных плянаў аднаўленьня і рэканструкцыі местаў. Найбольшыя страты сярод архітэктурынай спадчыны беларусы панесьлі ў 1960—1970-я гады.

Фарны касьцёл у Клецку, зруйнаваны савецкімі ўладамі

Мастак М. Купава паказвае на тое, што ў часы савецкага панаваньня бальшавікі часьцей руйнавалі ня цэрквы-мураўёўкі, а старажытныя беларускія сьвятыні[91]. Напрыклад, у Воршы адзіная збудаваная расейскімі ўладамі царква-мураўёўка засталася некранутай, пры гэтым савецкія ўлады зьнішчылі чатыры царквы і два касьцёлы, якія зьяўляліся помнікамі архітэктуры барока часоў Вялікага Княства Літоўскага; у Шклове таксама захавалася толькі царква-мураўёўка, а пад руйнаваньне трапілі каштоўныя помнікі сакральнай архітэктуры магілёўскага барока і клясыцызму; у Магілёве захаваліся дзьве царквы-мураўёўкі, пры гэтым места страціла тры царквы і два касьцёлы, помнікі архітэктуры барока, а таксама тры царквы і касьцёл, помнікі архітэктуры клясыцызму. Падобная выпадкі таксама назіралася ў Лагойску, Койданаве, Дзісьне, Горадні і інш.

Калі на пачатак XIX стагодзьдзя Віцебск упрыгожвала 10 унікальных твораў віленскага барока (другое месца пасьля Вільні), то па расейскім і савецкім панаваньні зь іх захаваўся толькі адзін у перабудаваным выглядзе.

Помнікі і памятныя знакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін з помнікаў Леніну ў Менску

Савецкія ўлады масава ўсталёўвалі ў Беларусі помнікі і памятныя знакі расейскім камуністычным дзеячам, у першую чаргу Леніну, Сталіну, Дзяржынскаму і Калініну. Усе гэтыя помнікі і памятныя знакі, апроч дэмантаваных у час «хрушчоўскай адлігі» помнікаў Сталіну, дагэтуль займаюць найбольш значныя месцы на цэнтральных вуліцах і пляцах беларускіх местаў і мястэчак.

Знак уваходу ў «парк Суворава»

Поруч зь Леніным, Сталінам і Берыяй у СССР заўзята шанавалі расейскага вайсковага дзеяча Суворава, які атрымаў ад расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ Кобрынскую воласьць з 13 279 сялянамі-мужчынамі ў падарунак за здушэньне паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. У 1948 годзе Кобрынскаму мескаму парку, заснаванаму падскарбіем Вялікага Княства Літоўскага Антоніем Тызэнгаўзам, надалі афіцыйную назву «Парк культуры і адпачынку імя А. В. Суворава». У 1950 годзе, у 150-тую гадавіну сьмерці, у парку паставілі бюст Суворава. Нягледзячы на атрыманьне Беларусьсю незалежнасьці, аб’екты, названыя ў гонар Суворава дагэтуль засталіся ў краіне. Яго імя носяць вуліцы ў 35 местах і 24 мястэчках Беларусі. Дзейнічае Кобрынскі музэй, прысьвечаны Сувораву, Менская сувораўская вайсковая вучэльня. Імём Суворава названыя 23 калгасы[92].

Перайменаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наўмыснае сьціраньне гістарычнай памяці беларусаў выявілася ў зьнішчэньні спрадвечнай тапанімікі. За савецкім часам адзначаліся масавыя перайменаваньні беларускіх паселішчаў. Савецкія ўлады зьмянілі афіцыйныя назвы наступных местаў: у 1923 годзе — Ігумен на Чэрвень, у 1932 годзе — Койданаў на Дзяржынск, у 1939 годзе — Менск на Мінск, у 1945 годзе — Прапойск на Слаўгарад, у 1954 годзе — Рудобелка на Акцябарскі, у 1961 годзе — Шацілкі на Сьветлагорск, у 1962 годзе — Дрыса на Верхнядзьвінск. Найбольш шырокія перайменаваньні адбываліся ў 1938—1939 гадох, калі зьмянілі назвы 67 паселішчаў, і ў 1964 годзе, калі перайменавалі больш як 300 населеных пунктаў[93].

Перайменаваньні ажыцьцяўляліся з розных прычынаў, аднак часьцей за ўсё гэта быў пошук больш мілагучных формаў (нярэдка з пункту гледжаньня расейскай мовы) або зьнішчэньне тапонімаў, што не адпавядалі камуністычнай ідэалёгіі. Новыя назвы населеных пунктаў звычайна ўтвараліся штучна[94] бязь зьвязку зь мясцовай гісторыяй і тапанімікай паводле прынцыпаў расейскай мовы[95]. Трэба зазначыць, што ў афіцыйных савецкіх сьпісах тапонімаў ня быў прастаўлены націск, праз што тапонімы нярэдка прачытваліся памылкова і нават траплялі ў лік абразьлівых (напрыклад, Ма́ртышкі, Холуй, Язва́ і інш.)[96].

Гістарычная назва паселішча Савецкая афіцыйная назва Беларуская форма савецкай назвы Час перайменаваньня
Асмаленік Ударное Ударнае 1964 год
Аўгустава Звезда Зьвязда 1939 год
Бабыніха Серегино Сярогіна 1969 год
Башкі Первое Мая Першае Мая 1939 год
Бяднішкі Зерновая Зернавая 1964 год
Брылёва Мичуринская Мічурынская 1964 год
Бязьдзелічы Раздольная Раздольная 1964 год
Блеўка Восток Васток 1964 год
Брахлы Новая Жизнь Новая Жызьнь 1939 год
Буй Будённого Будзённага 1939 год
Воўкавічы Урицкое Урыцкае 1927 год
Вызна Красная Слобода Чырвоная Слабада 1923 год
Гібайлавічы Знаменская Знаменская 1964 год
Глод Мирная Мірная 1964 год
Гута Возрождение Вазраждзеньне
Драхча Паненская Кутузовка Кутузаўка 1964 год
Жаробнае Чкалово Чкалава 1939 год
Жываглодавічы Первомайский Первамайскі 1964 год
Загаліха Новая Жизнь Новая Жызьнь 1939 год
Замагільле Рассвет Расьсьвет 1964 год
Ігнатычы Калинино Калініна 1960-я гады
Ізабэліна Свободная Жизнь Свабодная Жызьнь 1939 год
Кабыльнікі Победа Пабеда 1939 год
Кабыльнікі Октябрь Акцябар 1939 год
Кабылянка Рассвет Расьсьвет
Камень Шляхецкі Октябрь Акцябар 1939 год
Каралі Большевик Бальшавік 1939 год
Карсаршчына Счастливая Жизнь Счастлівая Жызьнь 1939 год
Княжая Магіла Чапаево Чапаева
Куляшова Красное Знамя Краснае Знамя 1939 год
Курані Рассвет Расьсьвет
Маёнтак Коммунар Камунар 1939 год
Міхалёў Нариманов Нарыманаў
Мыцькова Победа Пабеда 1939 год
Пагосьцішча Красный Посёлок Чырвоны Пасёлак 1939
Пляшкі Рассвет Расьсьвет 1939 год
Пустынькі Ясная Роща Ясная Рошча
Радзівілавічы Дзержинск Дзяржынск 1931 год
Радзівілімонты Красная Звезда Красная Зьвязда 1960 год
Раманава Борьба Барба 1928 год
Рылавічы Никоново Ніканава 1965 год
Рылаўшчына Дружба Дружба 1964 год
Старцавічы Знамя Знамя 1964 год
Стары Фальварак Победное Пабеднае 1964 год
Сьвятоцак Дзержинского Дзяржынскага 1939 год
Сьвяты Дух Будёновка Будзёнаўка 1949 год
Узілаўка Звезда Зьвязда 1939 год
Угольцы Надеждино Надзеждзіна 1937 год
Усы Будённого Будзённага 1939 год
Хатаевічы Октябрь Акцябар 1939 год
Хлусы Некрасово Някрасава 1938 год
Царкоўе Совхозная Саўхозная 1964 год
Чорная Лаза Красный Восход Красны Васход 1939 год
Шчацінка Красная Заря Красная Зара 1939 год
Юркава Сьцяна Чапаево Чапаева 1939 год
Яўтушкавічы Просвет Прасьвет 1926 год

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замена беларускіх вулічных шыльдаў на расейскамоўныя. Менск, 2011 г.

Моўная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па прыходзе да ўлады ў 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзяў курс на аднаўленьне русіфікацыйнай палітыкі ў Беларусі. У 1995 годзе ён правёў рэфэрэндум, які супярэчыў Канстытуцыі Беларусі і дзейнаму заканадаўству[97][98][99][100]. Па рэфэрэндуме, Лукашэнка пазбавіў бел-чырвона-белы сьцяг разам з гербам «Пагоня» статусу афіцыйных дзяржаўных сымбаляў і надаў дзяржаўны статус расейскай мове.

У другой палове 1990—2000-х гадох афіцыйнае выкарыстаньне беларускай мовы пачало імкліва зьмяншацца, найперш у сфэрах адукацыі і культуры, а таксама ў мас-мэдыя. Апроч таго, адбывалася масавае выцісканьне зь дзяржаўных установаў прыязных да беларускай мовы і культуры настаўнікаў, выкладнікаў і навуковых супрацоўнікаў.

Прыкладна з 2010 году адзначаецца частковае прыпыненьне некаторых русіфікацыйных працэсаў, якое атрымала назву «мяккай беларусізацыі». Прыхільнікі павароту афіцыйнага кіраўніцтва Беларусі да беларускай мовы і культуры сярод іншага адзначаюць зацьверджаньне і шырокае ўжываньне беларускай трансьлітарацыі геаграфічных назваў, пашырэньне беларускай мовы ў сфэры транспарту (найперш Менскім мэтрапалітэнам і Беларускай чыгункай), наданьне новым вуліцам, станцыям мэтро і безыменным сквэрам у Менску назваў, пераважна зьвязаных зь мясцовай гісторыяй і культурай, шырокае выкарыстаньне беларускамоўнай сацыяльнай рэклямы, адзінкавыя перайменаваньні і вяртаньні гістарычных назваў вуліцам, рэстаўрацыю некаторых значных помнікаў архітэктуры — Лідзкага, Мірскага і Нясьвіскага замкаў, палацаў у Жылічах, Косаве, Красным Беразе і Ружанах, брамы Картускага кляштару ў Бярозе і інш.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1994/1995 навучальным годзе ў беларускамоўныя клясы паступілі 76% вучняў, што было найвышэйшым паказьнікам ад часу здабыцьця незалежнасьці Беларусяй. Аднак па прыходзе да ўлады Лукашэнкі адбылося аднаўленьне русіфікатарскай палітыкі савецкай і расейскай імпэрскай эпохі. У 1996/1997 навучальным годзе ў беларускамоўных школах навучаліся 19,4% вучняў. Пры гэтым беларускамоўныя школы адсутнічалі ў Менску. У Менскай вобласьці ў першых беларускамоўных клясах навучаліся 61% вучняў[101]. У 1994/1995 навучальным годзе ў Менску 58% школьнікаў у першых клясах навучаліся на беларускай мове. У 1995/1996 навучальным годзе іх засталося толькі 20%, у 1996/1997 — 12%, у 1997/1998 — 7,3%, у 1998/1999 — 5,3%. У 1999 годзе ў сталіцы Беларусі было толькі 152 беларускамоўныя выпускнікі школаў (1%)[102].

У 1999/2000 навучальным годзе набор вучняў у 1-я клясы з навучаньнем на беларускай мове вырас у 4 з 6 вобласьцяў параўнальна з 1998/1999 навучальным годам: Берасьцейская — з 24,8% да 29%, Віцебская — з 21,4% да 26%, Гомельская — з 16,6% да 20,4%, Магілёўская — з 19,9% да 22,4%. На люты 2001 году ў Беларусі было 1 496 417 школьнікаў, зь іх звыш 435 000 (29%) навучаліся па-беларуску. 70,9% навучаліся па-расейску, тады як у 2000 годзе іх было 70%[103]. У 2006/2007 навучальным годзе па-беларуску навучалася 245 900 вучняў (21,5% ад агульнай колькасьці). У 2016/2017 навучальным годзе па-беларуску навучалася 128 600 вучняў (толькі 13,3% ад агульнай колькасьці)[104]. На 2004 год толькі 2,3% студэнтаў дзённага навучаньня атрымлівалі асьвету ў дзяржаўных ВНУ на беларускай мове[105].

У 2006 годзе выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі перавялі на расейскую мову ў школах з расейскай мовай навучаньня[106], раней гэтыя дысцыпліны выкладаліся толькі па-беларуску.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 6-томную энцыкляпэдыю «Культура Беларусі» (Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2010—2015 гады) з усіх літаратараў Віцебскай вобласьці ўлучылі толькі двух: Б. Беляжэнку і Т. Краснову-Гусачэнку. Абодва зьяўляюцца сябрамі праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Першы — расейска-беларускі літаратар, другая — цалкам расейскамоўная. Праігнараваныя літаратары Франц Сіўко, Герман Кірылаў, Лера Сом, Ірына Жарнасек, Сяргей Рублеўскі, Уладзімер Папковіч, Алег Салтук, Марыя Баравік, Вольга Русілка, пачынальнік літаратурнага жыцьця ў Віцебску Давід Сімановіч і іншыя[107].

У 2017 годзе на Днях беларускага пісьменства ў Полацку «Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі» ўручылі расейскамоўнаму паэту Анатолю Аўруціну, кіраўніку прадстаўніцтва расейскіх пісьменьнікаў Беларусі пры Санкт-Пецярбурскім мескім аддзеле Саюзу пісьменьнікаў Расеі, сябру расейскага шавіністычнага рэсурсу «Западная Русь», аднаму з заснавальнікаў «Евразийского народного союза» і рэдактару часопіса «Новая Немига литературная» (выдаецца ў Менску, далучыўся да руху «Интернациональная Россия», друкуе толькі расейскіх пісьменьнікаў). Аўруцін атрымаў вядомасьць сваімі выказваньнямі пра тое, што беларуская мова «разьядноўвае» ў той час як расейская — «аб'ядноўвае», а таксама зьневажальным вершам на адрас удзельнікаў нацянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў[108]. У 2016 годзе гэтую прэмію атрымала расейскамоўная літаратарка Краснова-Гусачэнка.

Кнігавыданьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2014 год у Беларусі на беларускай мове выдавалася толькі 10—11 % кнігаў, пра што 3 лютага 2015 году заявіла міністар інфармацыі Лілія Ананіч. Разам у 2014 годзе выйшла 11 613 найменьняў кнігаў агульным накладам 31,2 мільёна асобнікаў, зь іх паводле прыкладных падлікаў толькі 3,4 мільёны на беларускай мове. Міністар адзначыла, што гэтыя лічбы адлюстроўваюць рэальны моўны стан кнігавыданьня ў краіне[109].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сьпіс помнікаў гісторыі і архітэктуры Беларусі, зруйнаваных Маскоўскім патрыярхатам
Выкінуты на сьмецьце аўтэнтычны 4-канцовы крыж з царквы ў Велямічах, заменены на маскоўскі 8-канцовы

Па актывізацыі рэлігійнага жыцьця ў 1990-я гады масавы характар набылі перабудовы помнікаў сакральнай архітэктуры, якія знаходзяцца ў валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. Гэтыя перабудовы выконваюцца з парушэньнем дзейнага заканадаўства ў сфэры аховы помнікаў і характарызуюцца мэтанакіраваным насаджэньнем пазалочаных купалоў-цыбулінаў, зьмяненьнем аўтэнтычнага выгляду асобных архітэктурных элемэнтаў, выкарыстаньнем недапушчальных пры рэстаўрацыі будаўнічых матэрыялаў і мэтодык.

З нагоды зьнішчэньня помнікаў архітэктуры ў 2008 годзе філёзафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, архітэктарка Ірэна Лаўроўская, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі і Максім Жбанкоў скіравалі ў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь зварот, у якім патрабавалі спыніць разбурэньне беларускай гістарычна-культурнай спадчыны[110]:

« Лічым сваім маральным абавязкам апэляваць да грамадзянскай і культурніцкай супольнасьці краіны з мэтаў выказаць рашучы пратэст супраць антыкультурнай, антыбеларускай дзейнасьці РПЦ. Зьвяртаем таксама ўвагу на тое, што разбурэньне аўтахтоннай культуры і беларускіх гістарычных помнікаў — адна з праяваў тыповай каляніяльнай палітыкі, што расейскія ўлады ажыцьцяўлялі цягам некалькіх мінулых стагодзьдзяў у акупаванай і далучанай да імпэрыі Беларусі. Цяпер гэтую палітыку працягвае РПЦ. Мы патрабуем спыніць разбурэньне нашай спадчыны! »
Пятніцкая царква ў Чарнаўчыцах: выгляд да (налева) і па маскоўскай перабудове (направа)

З 2010-х гадоў антырэстаўрацыйная актыўнасьць Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату набыла беспрэцэдэнтныя маштабы[111], параўнальныя зь дзейнасьцю Мураўёўва-вешальніка ў справе маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. У выніку праведзеных рэканструкцыяў аўтэнтычны выгляд страцілі цэрквы ў Амсьціславе, Безьдзежы, Валавелі, Велямічах, Войскай, Гошчаве, Дамашанах, Малых Лядах, Наваградку, Новым Сьвержані, Опалі, Пацавічах, Покрах, Слуцку, Талачыне, Трабах, Чарнаўчыцах, Чашніках, Шумаках, манастыр у Горадні, манастырская брама ў Магілёве, колішнія касьцёлы ў Астроўне, Клецку, Малых Шчытніках, Сёмкавым Гарадку і Слоніме. Нягледзячы на звароты ў праваахоўныя органы, усе памянёныя выпадкі засталіся беспакараннымі.

Юр'еўская царква ў Валавелі: выгляд да (налева) і па сучаснай маскоўскай перабудове (направа)

Зь іншага боку пры выбары архітэктурных праектаў новых цэркваў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату ігнаруе традыцыі готыкі і барока — стыляў, у якіх тутэйшае праваслаўнае дойлідзтва дасягнула высокага ўзроўню архітэктурна-мастацкіх разьвязкаў і нацыянальнай самабытнасьці. Таксама адзначаецца нешматлікае і фрагмэнтарнае выкарыстоўваньне спадчыны народнага дойлідзтва з прыярытэтнай арыентацыяй на сярэднявечную архітэктуру Маскоўскай дзяржавы, што разьвівае архітэктурныя традыцыі, не ўласьцівыя беларускаму сакральнаму дойлідзтву[112].

Узьвіжанская царква ў Гошчаве: выгляд да (налева) і па маскоўскай перабудове (направа)

Супрацоўнікі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Беларускай Акадэміі навук крытыкуюць Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату за прыярытэтнае будаваньне цэркваў у стылістыцы, уласьцівай не беларускай, а расейскай архітэктуры[113]:

« <...> небясьпеку выклікаюць сёньняшнія памкненьні праваслаўнага духавенства прарасейскай арыентацыі прыўнесьці ў беларускі ляндшафт драўляныя царкоўныя формы новаерусалімскіх храмаў, помнікаў Архангельску ці Валагодзкага краю. Ігнараваньне выпрацаваных стагодзьдзямі мясцовых традыцыяў і навязваньне аб'ёмаў і формаў, не ўласцівых тутэйшаму дойлідзтву, разбурае тую натуральную гармонію, што склалася на працягу стагодзьдзяў народнага жыцьця »
Траецкая царква ў Войскай: выгляд да (налева) і па маскоўскай перабудове (направа)

Беларускі мастак і этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч праводзіць паралель паміж «мураўёўкамі» і сучаснай царкоўнай архітэктурай Маскоўскага патрыярхату на Беларусі:

« <…> гэта, я б сказаў, усьвядомлены культурны аспэкт. Мы маем справу з тэндэнцыяй: прасоўваньнем пэўнага стылістычнага моманту як вельмі істотнага ідэалягічнага. Карані цягнуцца з Масквы. Уся Беларусь — цэнтральныя гарады, цэнтральныя дарогі — застаўленыя рускай праваслаўнай царквой у псэўдарускім стылі. Амаль у тым жа кшталце, як у ХІХ ст. рабіліся «мураўёўкі». Яны вельмі добра разумеюць палітычны патэнцыял гэтага стылістычнага моманту: «грыбы» паставяць — пазначаць сваю тэрыторыю ўплыву. Як сабака меціць дрэвы. Гэта агромністы палітычны капітал, які вымяраецца нават грашовым эквівалентам. »

Тодар КашкурэвічДрама Гародні: нацыянальны праект як гульні ўлады // «Наше мнение», 12 чэрвеня 2007.

Помнікі і памятныя знакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2005 годзе на 28-м кілямэтры шашы Менск — Маладэчна афіцыйна адкрылі вайскова-забаўляльны комплекс пад назвай «Лінія Сталіна». У 2006 годзе на тэрыторыі комплексу паставілі бюст Сталіна, непадалёк ад якога ў 2009 годзе з бласлаўленьня кіраўніка Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Філярэта (Вахрамеева) пачалі будаваць капліцу ў гонар Аляксандра Неўскага[114]. Шэраг беларускіх гісторыкаў напярэдадні адкрыцьця комплексу ацэньвалі рэанімацыю «Лініі Сталіна» як чарговы крок да апраўданьня на дзяржаўным узроўні злачынстваў сталінскай эпохі[115]. 26 траўня 2006 году ў Менску на тэрыторыі Вайсковай акадэміі адкрылі помнік Фэліксу Дзяржынскаму, аднаму з заснавальнікаў і кіраўнікоў рэпрэсіўнай савецкай машыны[116][117].

У 2008 годзе ў вёсцы Крайску Лагойскага раёну Менскай вобласьці побач з царквой Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату паставілі бюст расейскаму цару Мікалаю II. Паводле мясцовых жыхароў, у Крайск пачалі прыязджаць людзі, якія вераць ня столькі ў Бога, колькі «ў Мікалая»[118]. 4 красавіка 2013 годзе ў Віцебску, на Прачысьценскай гары адкрылі помнік кіраўніку Маскоўскага патрыярхату Аляксію II (Рыдыгеру)[119]. 20 чэрвеня 2016 году ў Віцебску паставілі помнік князю Аляксандру Неўскаму, якога ў 2008 годзе назвалі «Іменем Расеі». Гісторык Аляксандар Краўцэвіч паказвае на тое, што Аляксандар Неўскі ня меў ніякага дачыненьня да гісторыі Беларусі: ён быў прыхільнікам ардынскага панаваньня, а цяпер зьяўляецца знакавай фігурай гэтак званага «русского мира»[120]. Раней свой пратэст супраць усталяваньня помніка выказвала Нацыянальная акадэмія навук Беларусі[121].

7 лістапада 2016 году каля Менскага трактарнага заводу паставілі новы помнік Леніну[122]. 2 сакавіка 2017 году ў Менску на вуліцы Гарадзкім Вале міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч адкрыў скульптуру царскага паліцыянта («гарадавога») часоў Расейскай імпэрыі. Удзел у цырымоніі таксама ўзялі міністар культуры Барыс Сьвятлоў і старшыня Мінгарвыканкаму Андрэй Шорац[123]. Усталяваньне скульптуры прымеркавалі да афіцыйнага юбілею беларускай міліцыі, якая вядзе сваю гісторыю ад 4 сакавіка 1917 году, калі расейскі рэвалюцыянэр Міхаіл Фрунзэ атрымаў прызначэньне на часовага кіраўніка міліцыі «Ўсерасейскага земскага саюзу па ахове парадку» ў Менску[124]. Варта зазначыць, што стаўленьне савецкай міліцыі (ад якой афіцыйна вядзе сваю гісторыю беларуская міліцыя) да царскіх гарадавых знайшло адлюстраваньне на карціне «Арышт гарадавога ў Менску. 1917 год» пэндзля беларускага савецкага мастака А. Волкава, сына народнага мастака БССР В. Волкава[125]. На думку мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскага сама ідэя паставіць помнік расейскаму царскаму гарадавому ў гонар савецкай міліцыі з аднаго боку зьяўляецца камічнай і дэманструе ідэалягічны хаос у галовах прадстаўнікоў улады, зь іншага боку царскія жандары адзначыліся расстрэлам мірнай дэманстрацыі менчукоў у 1905 годзе, а таксама рэпрэсіямі ў дачыненьні да дзеячоў беларускай культуры — Якуба Коласа, Алеся Гаруна, Каруся Каганца і іншых.

9 чэрвеня 2017 году ў вёсцы Лыскаўшчыне Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці паставілі помнік расейскаму генэралу Міхаілу Чарняеву, рэдактару пецярбурскай газэты «Русскій мір». Паводле поглядаў ён быў вядомым імпэрцам і адэптам ідэі, што Расея мае «сабраць» вакол сябе землі ўсіх славянаў і падпарадкаваць славянскія народы. Расейскі генэрал заклікаў да здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Помнік расейскаму асадніку на дзяржаўныя сродкі паставіла арганізацыя «Круглянская перасоўная мэханізаваная калёна №266»[126].

23 чэрвеня 2017 году на Доме Абрампольскага, што выходзіць фасадам на пляц Незалежнасьці, зьявілася памятная шыльда. Яна сьведчыць, што ў гэтым доме ў 1922 годзе знаходзіўся Аддзел аховы рэвалюцыйнай законнасьці народнага камісарыяту юстыцыі БССР (ОГПУ, папярэднік НКВД). Адначасна з гэтым улады праігнаравалі той факт, што ў гэтым доме жыла беларуская мэцэнатка Магдалена Радзівіл, якая фінансава дапамагала выдаваць першыя кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага і адкрывала беларускія школы. Памятная шыльда, прысьвечаная Магдалене Радзівіл, на доме адсутнічае. Акурат па тым, як у Доме Абрампольскага разьмясьцілі першую ў БССР пракурорскую ўстанову, у краіне пачалася першая хваля рэпрэсіяў. Паводле клясыфікацыі гісторыка Ўладзімера Адамушкі, прыведзенай у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў у Беларусі», яна працягвалася з 1923 да 1928 году. У тагачаснай Беларусі, тэрыторыя якой на 1923 год была меншай за сучасную ў чатыры разы, а на 1928 год — амаль удвая, арыштавалі прыкладна столькі ж людзей, колькі і ўва ўсёй Расеі. Згодна з падлікамі гісторыкаў, маштабы рэпрэсіяў у Беларусі ў першай палове 1920-х гадоў значна перавышалі тыя, якія адбываліся на іншых тэрыторыях СССР. У сярэднім жыхар Беларусі меў у 20 разоў больш шанцаў быць рэпрэсаваным, чым жыхар РСФСР. Першымі пракурорамі БССР, якія ня толькі працавалі ў Доме Абрампольскага, але і жылі там, былі Адольф Гентнер (займаў пасаду ў 1925—1928 гадох), Маісей Сегаль (1925—1928), Максім Ляўкоў (1929—1931). Усе яны пазьней таксама сталі ахвярамі рэпрэсіяў. Усталяваньне шыльдаў карнаму акупацыйнаму органу сьведчыць пра працяг маскалізацыі Беларусі і навязваньне беларусам расейскацэнтрычнага сьветапогляду[127].

Тэлебачаньне і радыё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па прыходзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі беларуская мова мэтанакіравана выціскаецца з тэлебачаньня і радыё. На дзяржаўных тэлеканалах Беларусь 1, Беларусь 2, Беларусь 24, Беларусь 5, АНТ, СТБ дамінуе расейская мова. Беларускамоўныя праграмы выходзяць адзінкамі, напрыклад «Тэлебарометр» і «Навіны рэгіёнаў» на Беларусь 1. Тэлепраграма «Панарама», якая нават за савецкім часам выходзіла на беларускай мове, таксама пачала выходзіць на расейскай. Практычна адсутнічаюць беларускамоўныя фільмы і сэрыялы. Дзеля параўнаньня, у суб’екце Расейскай Фэдэрацыі Якутыі здымаюцца якутамоўныя сэрыялы, а ў суб’екце Чувашыі чыноўнікі размаўляюць у тэлеэтэры на чуваскай мове[128][129]. Адзіны дзяржаўны канал з частым выхадам беларускамоўных праграмаў — Беларусь 3. У 2008 годзе новапрызначаны дырэктар тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалай Мельячэнка ў інтэрвію газэце «Вячэрні Гродна» заявіў, што пад яго кіраўніцтвам этэр будзе пераважна расейскамоўным. Сваю пазыцыю ён патлумачыў тым, што такая сытуацыя на сёньняшні дзень склалася на большасьці беларускіх тэлерадыёстанцыяў. Апроч актыўнай русіфікацыі, памянёныя тэлеканалы ажыцьцяўляюць навязваньне беларусам прарасейскага сьветапогляду.

Увосень 2006 году пачаў працу адзіны беларускамоўны тэлеканал у сьвеце — Белсат. Ён фінансуецца польскім урадам, трансьлюецца праз спапарожнік і інтэрнэт і рыхтуе праграмы па-за межамі Беларусі. У 2007 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў праект трасьляцыі незалежнага тэлеканалу Белсат «дурным, бязглуздым і несяброўскім»[130].

У Беларусі трансьлююцца таксама супольныя з Расеяй тэлеканалы РТР-Беларусь і НТВ-Беларусь, празь якія ажыцьцяўляецца расейская шавіністычная і імпэрская прапаганда. Таксама расейскую праграму «Время» і расейскія ток-шоў трансьлюе беларускі тэлеканал АНТ. Расейскія тэлеканалы адыгралі вялікую ролю ў распальваньні нянавісьці да Ўкраіны ў час расейскай вайсковай інтэрвэнцыі ўва Ўкраіну. Нягледзячы на тое, што зьмест праграмаў расейскіх тэлеканалаў трапляе пад дзеяньне артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы», яны працягваюць трансьлявацца ў Беларусі. Трансьляцыя расейскіх тэлеканаў уплывае на пазыцыю беларусаў да падзеяў ува Ўкраіне. Паводле вынікаў сакавіцкага (2014 год) апытаньня НІСЭПД адзначаўся прыкметны рост прарасейскіх настрояў у краіне. У сакавіку 2014 году толькі 27.7% рэспандэнтаў палічылі адхіленьне ад улады прэзыдэнта В. Януковіча «справядлівай карай за крывапраліцьце», а 54.7% — «дзяржаўным пераваротам і захопам улады». Паводле зьвестак апытаньня, большасьць беларусаў рэгулярна (32.6%) або часам (53.8%) глядзяць расейскія навінавыя тэлепраграмы. На пытаньне «Як Вы ацэньваеце далучэньне Крыма да Расеі?» 26.9% рэспандэнтаў адзначылі, што гэта імпэрыялістычны захоп тэрыторыі, а 62.2% адказалі, што гэта вяртаньне Расеі расейскіх земляў. На пытаньне «Як вы ацэньваеце падзеі, якія вясной гэтага году адбываліся на ўсходзе Украіны, у першую чаргу ў Данецкай і Луганскай вобласьцях?» 23.2% рэспандэнтаў адказалі, што гэта мяцеж, арганізаваны Расеяй, а 65.5% адказалі, што гэта народны пратэст[131].

5 верасьня 2017 году кіраўнік Камуністычнай партыі Расеі Генадзь Зюганаў у час сустрэчы ў Менску падзякаваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку за трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў. Аляксандар Лукашэнка адказаў, што ў краіне прытрымліваюцца менавіта такой палітыкі ў інфармацыйнай сфэры. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што «мы нічога не баімся, мы паказваем, як жыве наш „старэйшы брат“, якія ідэі розныя групы людзей і партыі прапаведуюць»[132].

У лютым 2017 году Адміністрацыя прэзыдэнта адказала на зварот апазыцыйных беларускіх палітыкаў з патрабаваньнем спыніць трансьляцыі расейскіх тэлеканалаў і надаць дзяржаўную падтрымку тэлеканалу Белсат. У адказе адзначалася, што «Згодна з артыкулам 7 Закона [аб СМІ] не дапускаецца незаконнае абмежаваньне свабоды масавай інфармацыі ў выглядзе ўмяшальніцтва ў сфэру прафэсійнай самастойнасьці юрыдычнай асобы, якая выконвае функцыі рэдакцыі СМІ»[133].

Па прыходзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі імкліва русіфікуюцца радыёстанцыі Беларусі. 30 жніўня 1996 году ўлады ліквідавалі беларускамоўную незалежную радыёстанцыю Радыё 101,2 FM. Сярод дваццаці радыёстанцыяў, што трансьляваліся ў Менску ў 2017 годзе, беларускамоўныя толькі тры: Рыдыё Сталіца 105.1 FM, Радыё Культура 102.9 FM і Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё. Незалежныя недзяржаўныя радыёстанцыі (Радыё Рацыя, Эўрарадыё, Радыё Свабода) мусяць весьці трансьляцыі ў інтэрнэце або з тэрыторыяў памежных дзяржаваў з прычыны адмовы ўладаў Беларусі ў наданьні FM-частасьцяў.

Бізнэс і прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкарыстаньне беларускай мовы ў гандлі было абмежавана Тэхнічным рэглямэнтам Мытнага зьвязу Беларусі, Казахстана і Расеі 022—2011, згодна зь якім (п. 1 арт. 4.1) усе тавары павінны абавязкова маркіравацца на расейскай мове. Згаданы Тэхнічны рэглямэнт супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, існаму заканадаўству Беларусі. Зафіксаваны выпадак забароны прадпрымальніку зь Віцебску выпусьціць прадукцыю з этыкеткамі на беларускай мове[134].

Цікавосткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Барон Мікалай Урангель, бацька Пятра, засьведчыў у сваіх успамінах[135] некалькі камічных фактаў з русіфікацыі Літвы (Беларусі) па панаваньні Мураўёва. Сьпярша ён будучы ў Вільні стаў сьведкам таго, як мясцовы жыд у расейскім строі з балалайкай выдаваў зь сябе расейскага селяніна (выявілася, што праз адсутнасьць расейцаў на загад паліцыі тутэйшых жыхароў абавязалі ў людных месцах паводле чаргі паказваць карэнных расейскіх сялянаў). Іншы выпадак датычыцца супольнай паездкі з расейскімі генэрал-губэрнатарам Патапавым і губэрнатарам Крапоткіным па візыце ў Горадню, калі іхная карэта павярнулася на роўнай шашы. Як высьветлілася, фурман насамрэч быў кухарам і ўпершыню трымаў у руках лейцы. Кіраваць карэтай яму загадаў Крапоткін, які патлумачыў свае дзеяньні тым, што ў цэлым месьце не атрымалася знайсьці праваслаўнага фурмана, а запрасіць фурмана-каталіка для генэрал-губэрнатара ён збаяўся.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Напрыклад, прыбыткова–расходная кніга магістрату Магілёва за 1709 год вядзецца па-польску, аднак з 1710 году зноў па-беларуску (кірыліцай); на пісьме пачынае адлюстроўвацца яскравая рыса беларускае мовы, як «дзеканьне» («у Госпадзе», «для чэлядзі»)[13].
  2. ^ ад прозьвішча расейскага генэрала Скобелева
  3. ^ ад назвы расейскай дынастыі Раманавых
  4. ^ ад імя расейскага імпэратара Аляксандра II
  5. ^ ад назвы расейскага палку зь Серпухава, які ўдзельнічаў у здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня
  6. ^ ад імя расейскага імпэратара Мікалая I
  7. ^ ад назвы расейскага палку з Каломны, які ўдзельнічаў у здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Агіевіч У. Ідэалы і сімвалы беларускага шляху // Грамадскія ідэалы: Нацыянальныя традыцыі, сучасны стан, погляд у будучыню: Навук. збор. / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — У друку. — 224 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 13).
  2. ^ Касяк І. Канстанца // «З гісторыяй на „Вы“» (артыкулы, дакументы, успаміны). Выпуск трэці. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1994.
  3. ^ Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Прэс-рэліз за жнівень 2005 г.
  4. ^ Савік Л. Рыцарам Айчыны прысвячаецца... // «Народная Воля» № 17—18, 3 лютага 2009.
  5. ^ Баршчэўская Н. Суадносіны паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю — 2 // «Беларуская рэдакцыя Польскага радыё», 13 траўня 2009.
  6. ^ Пацюпа Ю. Занядбаная старонка правапісу: прапановы пісаньня прыназоўніка у/ў перад словамі, што пачынаюцца з галоснай // «Arche» № 6 (29), 2003.
  7. ^ Бекус Н. Тэрапія альтэрнатывай, або Беларусь, уяўленая інакш // «Arche» № 2 (31), 2004.
  8. ^ Клімчук Ф. Старадаўняя пісьменнасць і палескія гаворкі // «Беларускя лінгвістыка». Вып. 50., 2001. С. 19—24.
  9. ^ Лыч Л. Русіфікацыя // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 630.
  10. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 88.
  11. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
  12. ^ Гнідець Р. Св. Хрест, його форма та різновиди в Україні // Греко-Католицька Традиція №9 (193), вересень 2013 р.
  13. ^ Катлярчук А. З гісторыі перакладу Бібліі на старабеларускую мову // Запіскі Культурна-гістарычнай Калегіі імя Канстанціна Астрожскага / Рэд. М. Белямук. — Берасьце: АТТ «Брэсцкая друкарня», 2002. С. 43—47.
  14. ^ Тумаш В. Дыпляматычная кантравэрсыя 1646 году за беларускую мову // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. — 1974. — № 12.
  15. ^ Древнерусский язык / ред. П. З. Савочкин. — Мн.: Издат. БГУ, 1970. — 87-90 с.
  16. ^ а б в г д е Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  17. ^ а б Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. С. 308.
  18. ^ Как белорусов приучали к русским именам – в одной картинке, CityDog.by, 19 лютага 2017 г.
  19. ^ Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. — Менск, 1940.
  20. ^ а б в г Швед В. Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) // Гістарычны Альманах. Том 7, 2002.
  21. ^ а б в г Крыжаноўскі М. Жывая крыніца ты, родная мова // «Народная Воля» № 65—66, 1 траўня 2008.
  22. ^ Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.
  23. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 228.
  24. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 257.
  25. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 133.
  26. ^ а б в г д е 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  27. ^ а б в г Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. С. 309.
  28. ^ Карпечанка М. Вольнае мястэчка Бялынічы // «Бялыніцкая даўніна» № 1 (15), кастрычнік 2007 г. С. 2—3.
  29. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 227.
  30. ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 229.
  31. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Талачынскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1988. [1]
  32. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 261.
  33. ^ Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. С. 331.
  34. ^ Церашковіч П. Параза ці поспех? БНР у параўнанні з іншымі нацыянальнымі праектамі Усходняй Еўропы // Наша Ніва, 10 лютага 2018 г.
  35. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 140.
  36. ^ а б Морозова С. Сопротивление деунизации в Беларуси (1833—1839 гг.) новые источники // Современные проблемы изучения истории Церкви: Тез. докл. Междунар. науч.конф. — М.: Без изд., 2011. С. 157.
  37. ^ Морозова С. Сопротивление деунизации в Беларуси (1833—1839 гг.) новые источники // Современные проблемы изучения истории Церкви: Тез. докл. Междунар. науч.конф. — М.: Без изд., 2011. С. 157—158.
  38. ^ Морозова С. Сопротивление деунизации в Беларуси (1833—1839 гг.) новые источники // Современные проблемы изучения истории Церкви: Тез. докл. Междунар. науч.конф. — М.: Без изд., 2011. С. 158.
  39. ^ Кароль М. Канфесійная "ўнутраная эміграцыя" сялянства Мінскай губерні як рэакцыя на палітыку русіфікацыі ў апошняй трэці ХІХ ст. // Архіварыус: Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Вып. 14. — Менск: НГАБ, 2016. С. 264.
  40. ^ Кароль М. Рэакцыя ўлады на супраціўленне пераводу з каталіцызму ў праваслаўе ў беларускіх губернях у другой палове XIX ст. // XI Машеровские чтения: материалы международной научно-практической конференции студентов, магистрантов, аспирантов и молодых ученых, Витебск, 18 октября 2017 г. — Витебск: ВГУ имени П.М. Машерова, 2017. С. 138.
  41. ^ Арлоў У. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862―1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. / У. Арлоў, Г. Сагановіч. ― Вільня: „Наша Будучыня“, 1999. С. 172-173
  42. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 237.
  43. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 289.
  44. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 290.
  45. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 262.
  46. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 291.
  47. ^ а б в г д Калубовіч А. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства. Клыўлэнд, 1978. [2]
  48. ^ а б ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 136.
  49. ^ Соркіна І. Гістарычная палітыка ў Гродне ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. паводле матэрыялаў архіўных фондаў мясцовай адміністрацыі // Гарадзенскі палімпсест. 2011. Асоба, грамадства, дзяржава. XV—ХХ стст. / Пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. — Менск, 2012.
  50. ^ Ярмалінская В. Дзе нарадзілася «Ідылія» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 421.
  51. ^ а б в Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. С. 329.
  52. ^ Алесь Суша: мова аўтарскіх тэкстаў Францыска Скарыны — старабеларуская, Sputnik Беларусь
  53. ^ Пазднякоў В. Нясвіж // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 342.
  54. ^ Скобла М. Мястэчка Дзярэчын // «Наша Вера» № 3 (9), 1999.
  55. ^ Памылка цытаваньня: Няслушны тэг <ref>; няма тэксту ў назьве зносак ablamiejka1
  56. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 35.
  57. ^ а б Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 18.
  58. ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 177.
  59. ^ Лаврецкий Г. Назад в будущее // «Архитектура и строительство», 12 ноября 2004.
  60. ^ 5 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка, «Радыё Свабода», 6 кастрычніка 2005.
  61. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 186.
  62. ^ Кацер М.С. Белорусская архитектура. Исторический очерк / Ин-т литературы и искусства АН БССР. — Мн.: Гос. изд-во БССР, 1956. С. 114, 115.
  63. ^ Габрусь Т. Зруйнаваныя святыні // Страчаная спадчына / Т. Габрусь. — Менск, 2003.
  64. ^ Чарановіч С. Ляхавіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа // «Наша Вера» № 3 (21), 2002.
  65. ^ Харэўскі С. Два стагоддзі руйнавання Горадні // Горад святога Губерта. Краязнаўчы альманах. Выпуск трэці. — Варшава, 2007
  66. ^ Как германская армия 100 лет назад вступила в Минск. Письмо немецкого солдата, TUT.BY, 5 сакавіка 2018 г.
  67. ^ Волкава В. Мінск 21 лютага 1918 г. вачыма нямецкага салдата (па матэрыялах газеты “Zeitung der 10. Armee”) // Беларускі гістарычны часопіс. № 2, 2018. С. 11.
  68. ^ Кароль М. Палітыка расійскіх улад па трансфармацыі сацыякультурнага ладшафту ў беларускіх губернях пасля паўстання 1863—1864 гг. // XIX Республиканская научно-практическая конференция молодых ученых, Брест, 12 мая 2017 г. — Брест: БрГУ, 2017. С. 183.
  69. ^ Мілаш Я. Традыцыі ўшанавання крыжа беларусамі ў канцы XIX ст. // Наша Вера. № 3 (65), 2013.
  70. ^ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 106, 114.
  71. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 36.
  72. ^ Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 377.
  73. ^ а б в Мезенко А. М. К культурно-историческому аспекту анализа урбанонимии: судьба церковных названий в Беларуси // Весн. Віцеб. дзярж. ун-та. — 1998. — № 3. С. 65.
  74. ^ Сталин И. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.
  75. ^ а б Беларуская Атлянтыда: без бар’ераў. Русыфікацыя, «Радыё Свабода», 13 сьнежня 2007.
  76. ^ Мікуліч Т. Мова і этнічная самасвядомасць. — Менск: Навука і тэхніка, 1996. С. 96.
  77. ^ Коряков Ю. Б. Языковая ситуация в Белоруссии и типология языковых ситуаций. Диссертация на соискание ученой степени кандидата филологических наук. Научный руководитель — доктор филологических наук, профессор В. М. Алпатов. — Московский Государственный Университет им. М. В. Ломоносова. Филологический факультет. С. 39—40.
  78. ^ а б Кастусь Лашкевич, Леонид Моряков (21.10.2010) Как в БССР уничтожали врачей и избавлялись от больных(рас.). TUT.BYПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  79. ^ Кушнер В. Культурнае і духоўнае жыццё савецкай Беларусі. // Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 402.
  80. ^ Катлярчук А. Прадмова да «літоўскага» нумару // Arche №9, 2009.
  81. ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  82. ^ Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. / АН Беларусі, Ін-т гісторыі; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. Ч. 2. — Менск: Беларусь, 1995. С. 362.
  83. ^ Канюта В. Клясыкі гавораць // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2014. — № 33 (27643). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  84. ^ Снапкоўская С. Асьвета // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 2. — С. 24-25. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  85. ^ Кірпа С. Скарбы Нясвіжа: гісторыя стварэння і рабавання // «Туризм и отдых» № 39 (724), 8 кастрычніка 2009.
  86. ^ Арлоў У. Ад Полацка пачаўся Свет. — Менск: «Рыфтур», 2005. С. 43.
  87. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 162.
  88. ^ Магчымасць вярнуць у краіну арыгінальнае выданне Статута ВКЛ з’явілася ў беларусаў. Наша Ніва (16 траўня 2012).
  89. ^ Возможность вернуть в страну оригинальное издание Статута ВКЛ появилась у белорусов. БелТА (16 траўня 2012).
  90. ^ Страчаная спадчына / Т. Габрусь. — Менск, 2003.
  91. ^ Купава М. Аршанская бажніца Апекі Маці Божай // «Наша Вера» № 3 (9), 1999.
  92. ^ Тарасаў К. Які след у гісторыі Беларусі пакінуў А. Сувораў? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, Зм. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. С. 50.
  93. ^ Антон Трафімовіч. Акцябрскі, Дзяржынск… Навошта пераймяноўвалі беларускія гарады // Газэта «Аргумэнты і факты ў Беларусі», 27 сьнежня 2012 г. Праверана 13 лютага 2012 г.
  94. ^ Kapylou I., Lipnitskaya S. Current status and related problems of national toponyms standardization in the Republic of Belarus // Studia Białorutenistyczne. Nr. 8, 2014.
  95. ^ Багамольнікава Н.А. Тапанімія Гомельшчыны: структурна-семантычная характарыстыка / Гомель: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2008.
  96. ^ Лемцюгова В. Як нам вярнуць беларускія назвы? // «Наша Ніва», 2 верасьня 2013 г.
  97. ^ Пастухоў М. Ці законны рэфэрэндум 1995 году адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
  98. ^ Запрудзкі С. Грамадзкае сьцьвярджэньне беларускай мовы і парушэньні правоў беларускамоўных людзей // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
  99. ^ Запрудзкі С. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады // Архэ Пачатак № 1 (21) — 2002.
  100. ^ Навумчык С. Парушэньні ў часе рэфэрэндуму — 1995 // Радыё Свабода, 14 траўня 2009 г.
  101. ^ Кудзеяр Ц. Беларуская мова ў школах: што стаіць за статыстыкай // Зьвязда : газэта. — 25 лютага 1997. — № 38 (23139). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  102. ^ Антонава Т. Моўныя пытаньні ў Беларусі // Зьвязда : газэта. — 10 красавіка 1999. — № 59 (23660). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.
  103. ^ Хількевіч У. Алесь Лозка: «Саромеемся прызнацца, што роднай мове патрэбна абарона з боку дзяржавы» // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 2001. — № 49-50 (24165-24166). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  104. ^ Марціновіч Я. Моўная катастрофа: за 10 гадоў колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая // Наша Ніва, 31 траўня 2017 г.
  105. ^ Нікалаева Н. Хто ты, сёньняшні «эўрастудэнт» // Чырвонка. — 27 лютага 2014. — № 4 (15739). — С. 1-2.
  106. ^ Гісторыю Беларусі збіраюцца выкладаць на рускай мове, TUT.BY, 7 жніўня 2006 г.
  107. ^ Сіўко Ф. Допіс з Віцебска: У энцыклапедыю «Культура Беларусі» ўключылі звесткі толькі пра рускамоўных пісьменнікаў з саюза Чаргінца // Наша Ніва, 10 жніўня 2017 г.
  108. ^ Панкавец З. Адэпт «рускага свету» атрымаў беларускую Нацыянальную літаратурную прэмію // Наша Ніва, 4 верасьня 2017 г.
  109. ^ Лічба дня: 11 % кніг, якія выходзяць у краіне, выдаюцца на беларускай мове, Эўрарадыё, 3 лютага 2015 г.
  110. ^ Інтэлектуалы: Не дапусціце варварства з царквой у Навагрудку!, Наша Ніва, 10 лістапада 2008
  111. ^ Глеб Лабадзенка. Хроніка знішчэння беларускай архітэктуры Рускай Праваслаўнай Царквой, 20 жніўня 2015.
  112. ^ Арабей В. Вобразна-стылістычныя рашэнні сучасных прыходскіх храмаў Беларускай праваслаўнай царквы (вопыт 1991—2013 гадоў) // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F. 2013.
  113. ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 193
  114. ^ Бюст Сталина убрали от православной часовни на «Линии Сталина», TUT.BY, 7 ліпеня 2015 г.
  115. ^ У прысутнасьці Лукашэнкі адкрылі «лінію Сталіна», Радыё Свабода, 30 чэрвень 2005 г.
  116. ^ 26 траўня ў Менску на тэрыторыі Вайсковай акадэміі адкрыты помнік Феліксу Дзяржынскаму, Вясна
  117. ^ Ці патрэбны ў Менску помнік Дзяржынскаму?, Радыё Свабода, 26 траўня 2006 г.
  118. ^ Бартосік З. Нашто ў Крайску бюст расейскаму цару?, Радыё Свабода, 31 ліпень 2014 г.
  119. ^ У Віцебску адкрылі помнік патрыярху Маскоўскаму Алексію ІІ, Наша Ніва, 7 красавіка 2013 г.
  120. ^ Краўцэвіч: Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску — гэта экспансія «русского мира», Радыё Свабода, 20 чэрвень 2016 г.
  121. ^ Валошын Я. Акадэмія навук супраць помніка Неўскаму ў Віцебску, TUT.BY, 15 чэрвеня 2010 г.
  122. ^ Недаверкаў М. Група моладзі сарвала адкрыццё помніка Леніну каля МТЗ ФОТА, ВІДЭА // Наша Ніва, 7 лістапада 2016 г.
  123. ^ Шуневіч адкрыў у Мінску помнік царскаму паліцэйскаму з сабачкам, Наша Ніва, 2 сакавіка 2017 г.
  124. ^ Трафімовіч А. «Ня наш гарадавы» — першае «міністэрства ўнутраных спраў» зьявілася ў беларусаў у ХVIII стагодзьдзі, Радыё Свабода, 4 сакавіка 2017 г.
  125. ^ Соколова О. М. Культуроним Минска в произведениях художественной культуры Новейшего времени // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. — №1 (25). — 2016. — С. 46.
  126. ^ Пад Магілёвам паставілі помнік расейскаму генэралу-славянафілу, рэдактару «Русского міра», Наша Ніва, 12 чэрвеня 2017 г.
  127. ^ На дом, дзе жыла Магдалена Радзівіл, павесілі шыльду пра супрацоўнікаў ОГПУ, Радыё Свабода, 23 чэрвень 2017 г.
  128. ^ Маханькоў М. Якуція: народ, якому ўдалося зноў стаць большасцю на ўласнай зямлі // Наша Ніва, 2 верасьня 2017 г.
  129. ^ Маханькоў М. Як паспяхова супрацьстаяць русіфікацыі: прыклад Чувашыі // Наша Ніва, 5 жніўня 2017 г.
  130. ^ Лукашенко: Независимый телеканал — «глупый, бестолковый и недружественный» проект(рас.) // TUT.BY, 25 красавіка 2007 г.
  131. ^ ВСЕСИЛЬНА ЛИ ПРОПАГАНДА? // iiseps.org (рас.)
  132. ^ Зюганаў падзякаваў Лукашэнку за трансляцыю ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў // Наша Ніва, 5 верасьня 2017 г.
  133. ^ «Нельзя ограничивать свободу СМИ». Власти не хотят прекращать вещание российского ТВ(рас.) // TUT.BY, 17 лютага 2017 г.
  134. ^ У Беларусі забароненыя этыкеткі на беларускай мове? // Наша Ніва, 6 студзеня 2015 г.
  135. ^ Врангель Н. Е. Воспоминания: От крепостного права до большевиков. — М.: Новое литературное обозрение, 2003.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Русіфікацыя Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў