Раймунд Зямацкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Раймунд Зямацкі
Адукацыя
Нарадзіўся19 верасьня 1810(1810-09-19)
Памёр5 чэрвеня 1863(1863-06-05) (52 гады)

Раймунд Зямацкі (19 верасьня 1810, Дахны каля Крэва — 5 чэрвеня 1863, Вільня) — беларускі каталіцкі сьвятар, публічна пакараны сьмерцю ўладамі Расейскай імпэрыі 5 чэрвеня 1863 году за «вуснае злачынства» — чытаньне ў касьцёле Маніфэсту нацыянальна-вызвольнага паўстаньня.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расстрэл ксяндза Зямацкага расейскімі карнікамі на загад Мураўёва, 5.06.1863 г.

Прадстаўнік шляхецкага роду Зямацкіх гербу «Равіч», сын Андрэя, ротмістра ашмянскага, і Кацярыны Камінскай. Сакрамэнт хросту прыняў у мястэчку Лоску (часам памылкова паказваецца як месца яго нараджэньня). Навучаўся ў айцоў трынітарыяў у Маладэчне, потым у Віленскім унівэрсытэце. Старэйшы брат Юзэф загінуў у час вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Малодшы брат Францішак — бацька будучага прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту Юзэфа Казімера Зямацкага.

Па вызвольным паўстаньні, у час якога атрымаў цяжкія раненьні, паступіў у Віленскую сэмінарыю. У 1838 годзе атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне. Да 1845 году служыў вікарыем у касьцёле Сьвятога Рафала ў Вільні, з 1849 году — пробашч у Ваверцы Лідзкага павету.

З пачаткам нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў ноч з 4 на 5 лютага 1863 году атрымаў копію Маніфэсту Літоўскага паўстанцкага ўраду з загадам зачытаць яго ў нядзелю перад парафіянамі. Аналягічныя загады атрымалі пробашчы суседніх парафіяў (многія зачыталі іх, аднак некаторыя паведамілі пра атрыманы загад расейскім уладам). Падтрымаў паўстаньне і зачытаў Маніфэст. Неўзабаве расейскія ўлады схапілі яго і зьмясьцілі ў віленскую турму. Сьмяротны вырак атрымаў ад расейскага суду разам з двума іншымі каталіцкімі сьвятарамі Станіславам Ішорам і Адамам Фалькоўскім, віна якіх таксама складалася толькі ў чытаньні Маніфэсту паўстанцаў. Расстраляны на загад Мураўёва-вешальніка 5 чэрвеня 1863 году на Лукіскім пляцы ў Вільні. Расейскія ўлады таемна пахавалі забітага (паводле ўспамінаў — на Трохкрыжовай гары[1]).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нарковіч Л. Раймунд Зямацкі // Лідскі Летапісец. № 3 (63), 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]