Амсьціслаўскае ваяводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
Амсьціслаўскае ваяводзтва
Amścisłaŭ, Pahonia. Амсьціслаў, Пагоня (1720).jpg
Герб
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Адміністрацыйны цэнтар Амсьціслаў
Ваяводы Ваяводы амсьціслаўскія
Кашталяны Кашталяны амсьціслаўскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 22,6 тыс. км²
Час існаваньня 1566—1772
Месцазнаходжаньне Амсьціслаўскага ваяводзтва
Амсьціслаўскае ваяводзтва на мапе

Амсьці́слаўскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 22,6 тыс. км². Сталіца — места Амсьціслаў. Найбольшыя месты і мястэчкі: Дрыбін, Жукава, Крычаў, Радамля, Радзівілаў, Расна, Хаславічы, Шумячы[1][2].

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: белая Пагоня ў чырвоным полі. Ваяводзкая харугва была лімонна-жоўтага колеру (паводле Гваньіні — «памяранцавага», аранжавага[3]) з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[4].

Мескія гербы атрымалі Амсьціслаў (Малая Пагоня) і Крычаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) на аснове Амсьціслаўскага княства (з 1529 году — намесьніцтва[5]).

У 1601 годзе большасьць мясцовага праваслаўнага сьвятарства далучылася да Берасьцейскай уніі. У 1614 годзе з фундацыі старосты Пятра Паца ў Амсьціславе збудавалі першы касьцёл[6], у 1637 годзе насупраць Замкавай гары — касьцёл і кляштар кармэлітаў. У 1641 годзе браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр, а ў 1665 годзе Мар’яна Сухадольская — Мазалаўскі жаночы манастыр.

22 ліпеня 1654 году ў пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія войскі пад камандаю Трубяцкога захапілі Амсьціслаў і ўчынілі масавую разьню мескага насельніцтва. Акупанты з асаблівай жорсткасьцю забілі амаль 15 тыс. чалавек, у жывых засталося толькі каля 700 месьцічаў. У 1690 годзе ў Амсьціславе зьявіліся езуіты, якія трымалі тут місію, пазьней рэзыдэнцыю і калегіюм[7].

Панарама Амсьціслава

9 верасьня 1708 году ў Вялікую Паўночную вайну ў бітве каля вёскі Раеўка загінула больш за дзьве тысячы швэдзкіх жаўнераў, амаль столькі ж былі параненыя.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Амсьціслаўскае ваяводзтва спыніла сваё існаваньне. Ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Амсьціслаўскага намесьніцтва Расейскай імпэрыі. Аднак урад ваяводы і кашталяна амсьціслаўскіх захоўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім да ліквідацыі дзяржавы ў 1795 годзе.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўначы межавала з Аршанскім паветам Віцебскага ваяводзтва і Смаленскім паветам Смаленскага ваяводзтва (пэўны час апошняе знаходзілася пад уладай Маскоўскай дзяржавы), на ўсходзе — зь Белгарадзкай губэрняй Маскоўскай дзяржавы, на поўдні — з Старадубскім паветам Смаленскага ваяводзтва, на захадзе — з Рэчыцкім паветам Менскага ваяводзтва[4].

Ахоплівала тэрыторыі былога Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу.

На тэрыторыі ваяводзтва знаходзіліся месты і мястэчкі: Амсьціслаў, Ганна / Мілаславічы, Геранімаў / Гронаў, Дрыбін, Жукава, Казімераў, Канічы, Касьцюковічы, Клімавічы, Лазовіцы, Маляцічы, Манастыршчына, Міхалаў / Забычаньне, Негін, Пятровічы, Пячэрск, Радамля, Расна, Радзівілаў / Хоцімля, Родня, Саматэвічы Студзянец, Хаславічы, Шумячы. Магдэбурскае права мелі Амсьціслаў (16 жніўня 1634 году) і Крычаў (23 жніўня 1633 году).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама Крычава

Ваяводзтва ня мела падзелу на паветы[1]. У яго склад уваходзілі Крычаўскае, Чэрыкаўскае, Чавускае, Магілёўскае, Радамльскае і Клімавіцкае нягродавае староствы (дзяржаўныя воласьці) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі[8].

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Амсьціславе, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Амсьціслаўская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (па адным на вясновую і восеньскую сэсіі).

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XVII ст. Амсьціслаўскае ваяводзтва налічвала 13 769 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 96 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 27 тыс. чал.[9]

На 1717 год ваяводзтва налічвала 2323 дымы[4]

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: ваяводы амсьціслаўскія і кашталяны амсьціслаўскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Амсьціслаўскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода і кашталян амсьціслаўскія займалі даволі невысокія месцы: ваявода — па холмскім і перад мальбарскім, кашталян — па холмскім і перад эльблёнскім. З гэтае прычыны амсьціслаўскія пасады не цікавілі прадстаўнікоў вялікіх магнацкіх радоў, звычайна іх займалі нашчадкі руска-літоўскіх князёў і нават прадстаўнікі сярэдняй шляхты. За ўвесь час свайго існаваньня Амсьціслаўскае ваяводзтва мела 33 ваяводы і 28 кашталянаў[4].

Ваяводзкі мундзір складаўся зь цёмна-сіняга («гранатовага») кунтуша са срэбнымі адваротамі і жоўтага («саламянага») жупана.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Амсьціслаўшчыне склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва. У XVIII ст. у тутэйшую мураваную архітэктуру прыйшла стылістыка віленскага барока.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мсьціслаўскае ваяводзтва (ст.-бел. Воеводство Мстиславское; лац. Palatinatus Mscislaviensis, польск. Województwo mścisławskie)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 321.
  2. ^ Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 227.
  3. ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // «Чырвоная Змена» № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
  4. ^ а б в г Jelski A. Województwo mścisławskie // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 341.
  5. ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел. // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 38.
  6. ^ Гісторыя Мсціслаўскага раёна: Часы Рэчы Паспалітай (1569 г. — канец 18 ст.). Магілёўская абласная бібліятэкаПраверана 24 кастрычніка 2010 г.
  7. ^ Батвіннік М. Мсціслаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 321.
  8. ^ Гісторыя Клімавіцкага раёна: Край у складзе Вялікага княства Літоўскага. Магілёўская абласная бібліятэкаПраверана 24 кастрычніка 2010 г.
  9. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]