Сьвіслацкая гімназія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Сьвіслацкая гімназія (1804—1845) — агульнаадукацыйная сярэдняя навучальная ўстанова ў мястэчку Сьвіслачы (цяпер мае статус гораду) Гарадзенскай губэрні. Сярод сучасьнікаў лічылася адной з найлепшых навучальных установаў Вялікага Княства Літоўскага[1].

У гімназіі, а таксама ў вучэльні і прагімназіі, у каторыя яна пазьней была расфармавана, навучаліся Напалеон Орда, Рамуальд Траўгут, Кастусь Каліноўскі, Юзэф Ігнацы Крашэўскі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 верасьня 1804 году імпэратар Аляксандар I афіцыйна зацьвердзіў адкрыцьцё гімназіі з прапановы дырэктара вучэльняў Гарадзенскай губэрні Ю. Касакоўскага і са згоды гаспадара мястэчка графа В. Тышкевіча, які ахвяраваў установе будынак і тысячу злотых на яго перабудову, а таксама завяшчаў 30 тыс. рублёў серабром[2].

Гімназія мела статус губэрнскай і прымала навучэнцаў зь Берасьцейскага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гарадзенскага паветаў.

У 1815 годзе пасьля сьмерці Тышкевіча атрыманыя ў спадчыну грошы дазволілі кіраўніцтву гімназіі перавесьці яе на новы ўзровень, пашырыўшы колькасьць прадметаў і выкладчыкаў. У 1817 годзе тут меліся падрыхтоўчая і 6 асноўных клясаў, 10 выкладчыкаў і блізу 300 вучняў. Выкладаліся: польская, лацінская, грэцкая, нямецкая і француская мовы, арытмэтыка, альгебра, геамэтрыя, трыганамэтрыя, каморніцтва, прыродазнаўства, архітэктура, хімія, фізыка, права, палітэканомія, каліграфія, гісторыя, міталёгія, касмаграфія, садоўніцтва, батаніка, сельская гаспадарка, мінэралёгія, мараль, лёгіка, рыторыка, паэзія, эстэтыка, маляваньне, музыка, гімнастыка.

У 1819 годзе ў гімназіі ўзьніклі навуковыя гурткі «Навуковае» і «Маральнае», з афіцыйнай мэтай «удасканаліць айчынную мову». А з 1822 году пачало дзейнічаць таемнае студэнцкае таварыства «Заране», якое было раскрытае імпэрскімі ўладамі 11 кастрычніка 1823 году, пры гэтым 46 чалавек былі арыштаваны ці трапілі пад нагляд паліцыі. Частка настаўнікаў была пераведзена ў іншыя навучальныя ўстановы. Аднак усе гэтыя меры мала зьмянілі сытуацыю ўнутры гімназіі і ўжо ў 1825 годзе вайсковаму патрулю загадвалася бесьперапынна сачыць за гімназіяй, што не перашкодзіла тайнаму гуртку «Ваенныя сябры» заснаваць у гэтым годзе тут сваю філію.

Паводле гісторыка Андрэя Самусіка, у 1825 годзе ў Сьвіслацкай гімназіі гісторыю і геаграфію выкладаў Ян Чачот[2], аднак дасьледнікі біяграфіі паэта і фальклярыста сьцьвярджаюць, што з канца 1824 па травень 1825 году Я. Чачот адбываў шасьцімесячнае пакараньне ў крэпасьці Кізіл[3] па справе віленскіх згуртаваньняў моладзі.

У час паўстаньня 1830—1831 гадоў рабілася спроба падрыхтаваць у Сьвіслачы паўстаньне з удзелам гімназістаў, але плян ня быў зьдзейсьнены.

У 1834 годзе гімназія страціла статус губэрнскай, ёй стала гімназія ў Горадні. У Сьвіслачы захавалася павятовая гімназія, якую меркавалася перавесьці ў Слонім, а ў Сьвіслачы пакінуць толькі 5-кляснае павятовае вучылішча для дваран. У 1845 годзе гімназія была пераведзена ў Шаўлі Ковенскай губэрні (у Сьвіслачы засталося павятовае вучылішча).

Апошняй спробай аднавіць у мястэчку гімназічную адукацыю было стварэньне ў 1860 годзе на базе вучылішча першай у Расейскай імпэрыі 4-кляснай прагімназіі. Вучэбны курс у якой адпавядаў першым 4 клясам поўнай гімназіі, куды потым выпускнікоў прагімназіі прымалі без іспытаў ў 5-ю клясу. Пасьля задушэньня паўстаньня 1863—1864 гг. прагімназія была часова зачыненая, а ў 1865 годзе рашэньнем ураду канчаткова скасаваная.

Навучэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 23. — ISBN 978-985-02-1031-9
  2. ^ а б А. Самусік. Свіслацкая гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. ISBN 985-11-0276-8. С. 262
  3. ^ Чачот Ян Антоні // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.