Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар картузаў (Бяроза)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар картузаў
| |
Бярозаўскі картускі кляштар
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Бяроза |
Каардынаты | 52°32′00″ пн. ш. 24°57′34″ у. д. / 52.533333° пн. ш. 24.95944° у. д.Каардынаты: 52°32′00″ пн. ш. 24°57′34″ у. д. / 52.533333° пн. ш. 24.95944° у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква |
Архітэктурны стыль | барока |
Аўтар праекту | Джавані Батыста Джызлені[d] |
Заснавальнік | Казімер Леў Сапега і Леў Сапега |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Дата скасаваньня | 1864 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар картузаў | |
Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар картузаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар картузаў — помнік архітэктуры XVII стагодзьзя ў Бярозе. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне места, на гістарычнай Кляштарнай вуліцы[a]. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Бярозаўскі кляштар — адзін з трох картускіх кляштараў у Рэчы Паспалітай, нэкропаль чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў. Галоўная славутасьць Бярозы Картускай, выяўленая на сучасным мескім гербе. Комплекс складаўся з касьцёла, жылых карпусоў, бібліятэкі, шпіталя, аптэкі і шматлікіх гаспадарчых пабудоваў, аточаных замкавым мурам зь вежамі, капліцай і брамай. Побач з кляштарам стаяў палац Сапегаў. У другой палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі большую частку помніка. Да нашага часу захаваліся рэшткі яго паўднёвай і заходняй частак.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Закладка нарожнага каменя кляштару зь вялікай урачыстасьцю адбылася ў 1648 годзе. У ёй бралі ўдзел фундатар Казімер Леў Сапега, біскуп луцкі ксёндз Андрэй Гембінскі і рымскі нунцыюш ксёндз Ян дэ Торэс. Пад будаваньне комплексу абралі месца, дзе калісьці ў пушчы быў знойдзены драўляны крыж з выяваю Ісуса Хрыста. З гэтай прычыны кляштар асьвяцілі ў гонар сьвятога Крыжа. Будаваньне скончылася ў 1689 годзе.
Некаторыя дасьледнікі выказваюць думку, што архітэктарам комплексу быў італьянскі майстар Джаваньні Батыста Джысьлені, які цягам 40 гадоў працаваў у Рэчы Паспалітай, але гэтая тэорыя ня мае дакумэнтальных пацьверджаньняў. Асноўным фундатарам выступіў Казімер Леў Сапега (сын вядомага дзяржаўнага дзеяча Льва Сапегі), які пазьней спачыў у падземнай крыпце кляштарнага касьцёла. Агулам у крыпце захоўваліся парэшткі 15 прадстаўнікоў роду Сапегаў і 42 іншых сьвецкіх асобаў.
У 1661 годзе скончылася будаваньне касьцёла, асьвечанага ў 1666 годзе. Работы з аздабленьня касьцёла працягваліся да XVIII ст., у выніку ён стаў адным з найпрыгажэйшых у Райнскай правінцыі картускага ордэну, да якога належала Вялікае Княства Літоўскае.
Неўзабаве кляштар стаў уладальнікам вялікай зямельнай маёмасьці. Крыніцамі яго прыбытку былі апэрацыі зь зямлёй, падарункі магнатаў і шляхты ўзамен за права быць пахаванымі ў крыпце касьцёлу. Кляштар займаўся крэдытаваньнем, актыўна браў удзел у мясцовым гандлі і рамёствах. Ён манапалізаваў у рэгіёне гандаль сольлю, гарэлкай, віном, півам, мёдам і хлебам. Уласнасьцю кляштару былі 2 цагляныя заводы, 2 лесапілкі, скураны завод, 5 млынаў, 8 вінакурняў, 7 корчмаў. Колькасьцю манахаў кляштар быў невялікім (усяго 14—16 манахаў), але меў у валоданьні каля 2,5 тыс. сялянаў.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) пад Бярозай ішлі баі паміж швэдзкімі і расейскімі войскамі, кляштар быў разрабаваны.
У XVIII ст. кляштарная бібліятэка налічвала 39 рукапісных кніг, 2314 друкаваных тамоў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Бяроза апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць, аднак колькасьць манахаў скарацілася да 6, расейскія ўлады пачалі адбіраць кляштарную маёмасьць. Па закрыцьці картускіх кляштараў у Польшчы Бярозаўскі кляштар застаўся апошнім дзейным кляштарам ордэну на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Расейскія ўлады актыўна дамагаліся ліквідацыі кляштару. У 1823 годзе манахаў зьвінавацілі ва ўдзеле ў паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі (праз 30 гадоў па здушэньні паўстаньня), але не змаглі знайсьці дастаткова пацьверджаньняў.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна зачынілі кляштар на падставе таго, што ягоная прыслуга далучылася да аддзелу Ц. Пуслоўскага[1]. Кляштарную маёмасьць перадалі кадэцкаму корпусу ў Полацку. Бярозу Картускую перайменавалі ў Бярозу-Казённую. Памяшканьні былога кляштару сталі выкарыстоўваць у якасьці кашараў. Кляштарная інфраструктура — батанічны сад і стаў — прыходзілі ў заняпад. Па здушэньні наступнага нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады пачалі разьбіраць муры і карпусы кляштару, будаваць зь іх кашары. У гэты ж час практычна цалкам зьнішчылі касьцёл.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1930-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі ператварылі былыя расейскія кашары ў канцэнтрацыйны лягер для камуністаў, украінскіх нацыяналістаў і ваеннапалонных.
За савецкім часам у мурах кляштару разьмясьцілі вайсковую частку. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зруйнавалі дом садоўніка і капліцу.
У пачатку 1990-х гадоў кляштар улучылі ў сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Існаваў праект аднаўленьня комплексу. У верасьні 2014 году завяршылася аднаўленьне кляштарнай брамы.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — 3-нэфавая базыліка з трыма гранёнымі апсыдамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Да сярэдняй апсыды далучалася 8-гранная шмат'ярусная вежа-званіца з купалам-баняй, якая фармавала сылюэт ансамбля. Яна стаяла ўнутры прастакутнага панадворку і мела магутныя сьцены і вузкія вокны-байніцы. Ярусы, прыстасаваныя да гарматаў, зьвязваліся вітымі ўсходамі ў тоўшчы муроў.
У інтэр'еры было 13 алтароў, аздобленых стукавай лепкай і разьбой па дрэве, паліхромнымі з пазалотай скульптурамі, карцінамі мясцовых і італьянскіх майстроў. Дах быў зь ліставой медзі, падлога — з швэдзкага мармуру.
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карпусы кельляў радавых манахаў, дапаможных і гаспадарчых службаў утваралі замкнёны ўнутраны двор. Другі прастакутны двор утваралі калідоры-галерэі, што злучалі 2-павярховыя карпусы кельляў манахаў-самотнікаў з касьцёлам. Кельлі вылучаліся ў самастойныя жылыя ячэйкі з маленькімі ўнутранымі дворыкамі. Дэкаратыўнае аздабленьне — пілястры, гарызантальныя і вэртыкальныя падзелы, глыбокія нішы, фігурныя франтоны[2].
Брама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Брама — абарончы будынак з байніцамі. Яна вяла ў двор, прызначаны пад гаспадарчыя патрэбы і абслугоўваньне наведвальнікаў.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1660 г.
-
Эпітафія Паўлу Яну Сапегу, 1680 г.
-
1743 г.
-
Касьцёл, 1750 г.
-
XVIII ст.
-
Касьцёл, 1837 г.
-
Касьцёл, 1837 г.
-
Н. Орда, 1861 г.
-
Паводле Н. Орды, 1875 г.
-
Б. Падбельскі, 1861 г.
-
Б. Падбельскі, 1861 г.
-
1916 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1915 г.
-
1906 г.
-
1906 г.
-
Шпіталь, 1925 г.
-
Дом садоўніка, 1906 г.
-
Зруйнаваны касьцёл, 1906 г.
-
1915—1918 гг.
-
Дом садоўніка, 1915 г.
-
Дом садоўніка, 1915 г.
-
1925 г.
-
Дом садоўніка, 1925 г.
-
Брама, 1925 г.
-
Вежа, 1925 г.
-
Вежа, 1925 г.
-
Вежа, 1925 г.
-
Капліца, 1925 г.
-
Інтэр'ер, 1925 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
Капліца, да 1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Адноўленая брама
-
Адноўленая брама
-
Рэшткі касьцёла
-
Руіны шпіталя
-
Гаспадарчыя памяшканьні
-
Вежа
-
Абарончы мур
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашняя афіцыйная назва — вуліца Пушкіна
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ярашэвіч А. Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. 365.
- ^ Чартурыя У., Габрусь Т. Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 101.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 112Г000133 |