Полацкае ваяводзтва
Полацкае ваяводзтва | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Полацак |
Дата ўтварэньня | 1504 |
Дата скасаваньня | 1793 |
Ваяводы | Ваяводы полацкія |
Кашталяны | Кашталяны полацкія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 18,8 тыс.[1] км² |
Час існаваньня | 1504—1793 |
Месцазнаходжаньне Полацкаага ваяводзтва | |
![]() | |
![]() |
По́лацкае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на поўначы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 18,8 тыс. км². Сталіца — места Полацак. Найбольшыя месты і мястэчкі: Асьвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула і Ўшачы[2].
Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «Пагоня ў белым полі»[3].
Ваяводзкая харугва была белага або, паводле іншых зьвестак, ружовага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[4].
Мескія гербы атрымалі Друя, Дзісна, Невель, Полацак, Себеж, Ула, Ушачы.
- Герб Полацкага ваяводзтва Пагоня
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1504 годзе Полацкае намесьніцтва (колішняе Полацкае княства) атрымала статус ваяводзтва[1]. У 1537 годзе на карысьць Маскоўскай дзяржавы страчаны Себеж і шэраг дробных памежных воласьцяў (г. зв. «Завалочча»). У 1563—1581 гадох войскі маскоўскага гаспадара Івана Тырана акупавалі значную частку Полаччыны.
У 1618 годзе ў выніку вайны з Маскоўскай дзяржавай у склад ваяводзтва вярнуліся Невельская і Себеская воласьці. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Полаччыну акупавалі войскі маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча.
У 1773 годзе ў зьвязку з захопам Расейскай імпэрыяй значнай часткі ваяводзтва, ягоную сталіцу перанесьлі ва Ўшачы. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) пад расейскай уладай апынулася рэшта тэрыторыі Полаччыны.
Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На поўначы межавала з Інфлянтамі і Маскоўскай дзяржавай, на ўсходзе — зь Віцебскім паветам Віцебскага ваяводзтва, на поўдні — зь Менскім паветам Менскага ваяводзтва, на захадзе — з Ашмянскім і Браслаўскім паветамі Віленскага ваяводзтва[5].
Рака Дзьвіна падзяляла ваяводзтва на дзьве роўныя часткі. Большасьць тэрыторыі на поўнач ад яе займалі слабазаселеныя дзяржаўныя і магнацкія воласьці, асноўная частка шляхецкіх маёнткаў ляжала на поўдзень ад Дзьвіны[6].
На тэрыторыі ваяводзтва знаходзіліся месты і мястэчкі: Арэхаўна, Асьвея, Бабынічы, Бачэйкаў, Бешанковічы, Валосавічы, Валынцы, Варонеч, Ветрына, Галубічы, Гарбачэва, Глыбокае, Гомель, Губін, Дзісна, Друя, Дрыса, Камень, Каханавічы, Кублічы, Лепель, Лужкі, Лявонпаль, Невель, Павульле, Пліса, Полацак, Празарокі, Пышна, Росіца, Себеж, Селішча, Сіроцін, Ула, Ушачы, Чашнікі, Юхавічы, Экімань, Язна.
Магдэбурскае права мелі Бешанковічы (4.10.1634), Дзісна (20.01.1569), Друя (3.03.1620), Невель (3.03.1623), Полацак (4.10.1498), Себеж (22.03.1623), Селішча, Сіроцін (12.01.1767), Ула (31.03.1648), Ушачы (23.06.1758).
- Полаччына на старах мапах
Полацкае, Віцебскае і Амсьціслаўскае ваяводзтвы, 1665 г.
Віленскае, Полацкае і Віцебскае ваяводзтвы, 1772 г.
Менскае, Амсьціслаўскае, Полацкае і Віцебскае ваяводзтвы, 1781 г.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ваяводзтва не падзялялася на паветы. У ягоны склад ўваходзілі Дзісьненскае[3], Лепельскае і Невельскае староствы (дзяржаўныя воласьці), а таксама прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
Ваяводзкі і павятовы соймікі праходзілі ў Полацку, з 1773 году — ва Ўшачах. Полацкая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (аднаго на «літоўскую» і аднаго на «рускую» кадэнцыю).
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сярэдзіне XVII ст. Полацкае ваяводзтва налічвала 23 204 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 186 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 41 тыс. чал.[7]
Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўныя артыкулы: ваяводы полацкія і кашталяны полацкія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Полацкае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Паводле вялікакняскіх прывілеяў, мясцовы ваявода (як і віцебскі) прызначаўся толькі са згоды мясцовай шляхты[5].
Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода полацкі паводле значнасьці займаў месца пасьля люблінскага і перад бельскім. За ўвесь час свайго існаваньня ваяводзтва мела 21 ваяводу і 16 кашталянаў[3].
Ваяводзкі мундзір быў аднолькавым з смаленскім — малінавы («кармазыновы») кунтуш і цёмна-сінія («гранатовыя») жупан і адвароты[5].
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Драўляная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На Полаччыне склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.
- Помнікі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры
Спаская царква, Бачэйкаў (званіца з XIX ст.)
Мікольская царква, Бешанковічы
Царква Раства Багародзіцы, Валосавічы
Васкрасенскі манастыр, Дзісна
Мураваная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У XVIII ст. у мураваную архітэктуру Полаччыны прыйшла стылістыка віленскага барока.
- Помнікі мураванага сакральнага дойлідзтва
Царква Сьвятых Пятра і Паўла, Друя
Царква Сьвятога Спаса, Полацак
- Помнікі архітэктуры віленскага барока
Царква Сьвятой Соф’і, Полацак
Касьцёл езуітаў, Полацак
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 34—39.
- ^ Насевіч В. Полацкае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 448.
- ^ а б в Jelski A. Województwo połockie // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 341.
- ^ Насевіч В. Полацкае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 446.
- ^ а б в Łabuński J. Województwo połockie // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 720.
- ^ Насевіч В. Полацкае ваяводства // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 524.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
|