Беларусы ў Казахстане

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларусы ў Казахстанебеларуская дыяспара ў Рэспубліцы Казахстан.

Статыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле афіцыйных зьвестак на 12 студзеня 2012 году грамадзянамі Рэспублікі Казахстан зьяўляліся 63 694 беларусы. Найбольшая колькасьць выхадцаў зь Беларусі пражываюць у Кастанайскай (21 тысяча), Карагандзінскай (18 тысяч), Акмалінскай (16 тысяч), Паўночна-Казахстанскай (9 тысяч) абласьцях.

Дынаміка колькасьці беларусаў у Казахстане па зьвестках перапісаў насельніцтва:

  • 1926 год — 25 584 чалавекі
  • 1939 год — 31 614
  • 1959 год — 107 309
  • 1970 год — 198 430
  • 1979 год − 181 821
  • 1989 год — 178 325
  • 1999 год — 111 924
  • 2009 год — 66 476
  • 2012 год — 63 694

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя беларусы зьявіліся на тэрыторыі сучаснага Казахстану пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага (Б. Залескі і інш.) У пачатку XX стагодзьдзя падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы ў Казахстан перасяляліся беларускія сяляне. У часы сталінскіх рэпрэсіяў у Казахстан былі сасланы беларускія дзеячы культуры (Уладзімер Дудзіцкі, Пятро Бітэль, Ян Скрыган, Сымон Хурсік і інш).

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны зь Беларусі былі эвакуіраваныя 10,7 тысячы працоўных і служачых, чальцоў іх сем’яў. Сюды былі вывезены калектывы Беларускага тэатру опэры і балету, драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. За пэрыяд з 4 верасьня 1941 па красавік 1942 году коласаўцы далі 8 шэфскіх канцэртаў, 12 спэктакляў і 21 канцэрт у вайсковых шпіталях. У Алматы знаходзілася і сьпявачка Беларускага тэатру опэры і балету Ларыса Александроўская. Яна выступала з казаскай артысткай Куляш Байсеітавай у рабочых клюбах Алматы і Караганды. На алмаацінскай кінастудыі беларускі рэжысэр Уладзімір Корш-Саблін у 1942 годзе стварыў першыя беларускія фільмы пэрыяду Вялікай Айчыннай вайны — «Беларускія навэлы» («Пчолка» і «Баявыя сябры»).

У 1974 годзе прайшоў Тыдзень беларускай літаратуры ў Казахстане.

Беларусы ў незалежным Казахстане[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да канца дзевяностых гадоў нацыянальныя культурныя цэнтры беларусаў былі створаны ў Паўладары, Усьць-Каменагорску, Астане, Кастанаі, Карагандзе, Какшэтаў, Петрапаўлаўску. Сёньня іх зарэгістравана больш за дзесяць. Прыкладам добра арганізаванай працы нацыянальна-культурных аб’яднаньняў зьяўляецца Алмацінскі рэгіянальны НКЦ — кіраўнік Піталенка Л. М., Паўладарскі НКЦ — кіраўнік Богнат Л. І., Карагандзінскі «Фонд беларускай культуры» «Спадчына» — кіраўнік Хука А. А., Паўночна-Казахстанскі абласны НКЦ — кіраўнік Солапава Р. В., Кастанайскі НКЦ — кіраўнік Шаўчэнка Л. В., НКЦ «Беларусь» г. Астаны — кіраўнік Раманава А. Ф..

Асацыяцыя беларусаў Казахстану зарэгістравала афіцыйную назву на ўстаноўчай канфэрэнцыі ў 2002 годзе. Да таго часу 10 гадоў дзейнічаў нацыянальны культурны цэнтар «Беларусь». Яго заснавальнік і першы кіраўнік — сэнатар Павал Атрушкевіч.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускае замежжа // Энцыклапедыя. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2010. — 480 с. : іл. Цвёрдая вокладка. На беларускай і рускай мовах. ISBN 978-985-11-0534-8