Багуславец
Багуславец | |
трансьліт. Bahuslaviec[a] | |
Дата заснаваньня: | перад 1787 годам[b] |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Алексіцкі |
Насельніцтва: | 24 чал. |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°55′18″ пн. ш. 29°43′15″ у. д. / 51.92167° пн. ш. 29.72083° у. д.Каардынаты: 51°55′18″ пн. ш. 29°43′15″ у. д. / 51.92167° пн. ш. 29.72083° у. д. |
Багуславец на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Багуславец |
Багуславец (з 24 чэрвеня 1977 году — Грачыхіна[2]) — вёска ў Беларусі, у міжрэччы Тур'і і прытока Віці Рабца, пакуль апошні не ператварыўся ў балота. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіцца за 15 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Мазыр.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Найранейшыя пісьмовыя звесткі пра Багуславец (villa Bogusławiec) сустракаюцца ў лацінамоўных мэтрычных кнігах Юравіцкага касьцёлу ў сувязі з хростам у верасьні 1789 году дзяцей сужэнства Мацея, ротмістра Віленскага ваяводзтва, і Катарыны з Прыбыткоўскіх Кулешаў. Цікава, што кумамі выступілі Караль Прозар, вялікі абозны літоўскі, і Марыяна Аскерчанка, Фларэнцы Аскерка (сын Багуслава), уладальнік маёнткаў Барысаўшчына і Новы Двор, да якога належаў Багуславец, і Людвіка з князёў Шуйскіх Прозар, уладальніца маёнткаў Хвойнікі і Астраглядавічы. Але ў першым з двух запісаў вікарыя Юравіцкага канвэнту ордэна братоў прапаведнікаў (дамініканаў) Яна Казіцкага сказана, што нараджэньне і хрост немаўляці ех аqua алексіцкім уніяцкім сьвятаром Яанам Транцэвічам адбыліся яшчэ 6 красавіка 1787 году[3]. На 1792 і 1796 гады тут згаданая капліца Юравіцкага парафіяльнага касьцёлу[4].
Далей у розных крыніцах пад такой назвай выступалі мястэчка, у якім у 1834 годзе зь пяці двароў, у якіх жылі 14 мужчын і 15 жанчын, тры належалі рамесьнікам: кавалю, медніку і токару[5], засьценак, калі былую фальваркавую зямлю памерам у валоку, раней трыманую Кулешамі, паны Аскеркі яшчэ да 1811 году падаравалі дзьвюм шляхецкім сем’ям — Бялецкім і Харэўскім[6], і вёска (пасьля таго як мястэчка ня спраўдзілася) у маёнтку Новы Двор. Маёнтак пасьлядоўна належаў панам Аскеркам, Вінчам, Сушчынскім. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 24 жыхары вёскі Багуславец абодвух полаў былі прыхаджанамі Алексіцкай Сьвята-Мікалаеўскай царквы, а 10 жыхароў мястэчка альбо засьценку Багуславец зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[7]. У парэформавы пэрыяд засьценак (на 1866 год — 4 двары, 12 жыхароў, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[8]), паводле сьпісаў землеўладальнікаў Менскай губэрні 1889, 1911 гадоў, быў уласнасьцю мяшчанаў Галубовічаў[9], што паходзілі зь ліку «разабранай» шляхты. У вёсцы жылі малазямельныя і безьзямельныя сяляне, якія працавалі ў Новым Двары. Паселішча месьцілася ў Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павета Менскай губэрні. Паводле перапісу 1897 году налічвалася 10 двароў, 55 жыхароў[1]. На 1909 год 14 двароў з 47 жыхарамі[10].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багуславец у складзе Юравіцкай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[11] гетмана Паўла Скарападзкага.
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Юравіцкая воласьць Рэчыцкага павету ўвайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР.
8 сьнежня 1926 году Рэчыцкі павет быў вернуты БССР. На 1927 год у Багуслаўцы налічвалася 28 двароў 136 жыхароў[12]. У 1930 годзе тут ужо 23 двары, 109 жыхароў. У 1931 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас. У лістападзе 1943 году прыкладна за тры-чатыры кіламетры ад вёскі, у баі каля паваротаў на Тунеўшчыну і Глінішча, загінуў будучы Герой Савецкага Саюза старшына Мікіта Грачыхін. 28 вяскоўцаў не вярнуліся з франтоў. Паводле перапісу 1959 году ў паселішчы 176 жыхароў. У складзе калгасу «Бальшавіцкая перамога» з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Княжыца[c].
11 чэрвеня 1977 году[13] вёска Багуславец, а раней фальварак, названы ў гонар даўняга ўладальніка маёнткаў Алексічы і Вадовічы пана Багуслава Леапольда Аскеркі, харунжага мазырскага, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету БССР была перайменаваная ў Грачыхіна[d].
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- 2021 год — 11 гаспадарак, 24 жыхары[14]
Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Плян Багуслаўца складаецца з простай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[15].
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Паводле афіцыйнай назвы — Hračychina
- ^ Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
- ^ У С. В. Марцэлева названая Слабажанка, хоць перайменаваньне здарылася толькі ў 1964 годзе[1].
- ^ Адбылося гэта амаль праз трыццаць чатыры гады пасля пагібелі М. А. Грачыхіна. Раней імя гераічнага старшыны нададзена вуліцы ў вёсцы Тунеўшчына; да таго ж на ёй і пры павароце да вёскі з трасы Хвойнікі – Юравічы (Каленкавічы, Мазыр) усталяваныя абэліскі. Ці ёсьць іншыя прыклады падобнага гіпэрушанаваньня памяці аднаго чалавека ў сельскай мясцовасьці?!..
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 438 — 439
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 36
- ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 96; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 74.
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1424—1427
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 9, 249; Спр. 587. А. 71адв. — 73
- ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 725
- ^ Подробные ведомости приходов римско-католического исповедания по Речицкому уезду Минской губернии. 1866 г.: НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1816. А. 404
- ^ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 366; Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. – Б. м. С. 17
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 11
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ Юровичский район. Список населённых мест за 1927 год.
- ^ І. Лазовік. Новая назва вёскі. // Ленінскі сцяг. 30 чэрвеня 1977. № 76 (5598)
- ^ Колькасьць насельніцтва ў вёсках Алексіцкага сельскага савету на 01.01.2021 г.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.