Сьвіслач (горад)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвіслач
лац. Śvisłač
Будынак гімназіі
Будынак гімназіі
Герб Сьвіслачы Сьцяг Сьвіслачы
Першыя згадкі: 1256
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Сьвіслацкі
Плошча: 4,28 км²
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 6426 чал.[1]
шчыльнасьць: 1501,4 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1513
Паштовы індэкс: 231960
СААТА: 4252501000
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°2′0″ пн. ш. 24°6′0″ у. д. / 53.03333° пн. ш. 24.1° у. д. / 53.03333; 24.1Каардынаты: 53°2′0″ пн. ш. 24°6′0″ у. д. / 53.03333° пн. ш. 24.1° у. д. / 53.03333; 24.1
Сьвіслач на мапе Беларусі ±
Сьвіслач
Сьвіслач
Сьвіслач
Сьвіслач
Сьвіслач
Сьвіслач
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://svisloch.grodno-region.by

Сьві́слач — места ў Беларусі, каля вытокаў ракі Сьвіслачы. Адміністрацыйны цэнтар Сьвіслацкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6426 чалавек[1]. Знаходзіцца за 90 км на поўдзень ад Горадні, за 3 км ад аднайменнай чыгуначнай станцыі (лінія Ваўкавыск — Сьвіслач), аўтамабільныя дарогі зьвязваюць места з Горадняй, Ваўкавыскам, Поразавам.

Сьвіслач — даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). У першай палове XIX стагодзьдзя тут працавала найлепшая на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага гімназія (цяпер гімназія № 1 імя Кастусь Каліноўскага), у якой навучаліся Восіп Кавалеўскі, Напалеон Орда, Юзэф Крашэўскі, Рамуальд Траўгут, Кастусь Каліноўскі. Захаваўся будынак гімназіі ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс францішканскага кляштару з Траецкім касьцёлам, мескія брамы на Берасьцейскай, Варшаўскай і Рудаўскай вуліцах, а таксама пастаўлены на Рынку ў гонар Сьвіслацкага кірмашу абэліск, помнікі гісторыі і архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, зьнішчаныя супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Сьвіслач, відаць, утварыўся ад назвы ракі[2]. У сваю чаргу адпаведны гідронім мае яцьвяскае паходжаньне, і азначае 'балота, вільгаць'. Назву места зьвязваюць з ракой Віслай, адкуль рухаліся славянскія плямёны, або з ракой Сьвіслаччу, левым прытокам Нёмана[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Сьвіслач зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1256 годам:

« Поиде Данило на Ятвязе с братом и сыном Львомъ и с Шварном младоу соушоу емоу и посла по Романа в Новъгородонъ и со Изяславом со Вислочьскимъ и со всего сторонеи приде Самовить со Мазовшаны и помочь о Болеслава со Соудимирцы и Краковляны »

Іпацьеўскі летапіс

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб мястэчка, 1788 г.
Касьцёл францішканаў. Н. Орда, 1875 г.

У ХIII стагодзьдзі Сьвіслач стала сталіцай удзельнага княства, якое неўзабаве далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Пазьней паселішча знаходзілася ў валоданьні вялікіх князёў, а з 1507 году стала цэнтрам Сьвіслацкага староства Ваўкавыскага павету. У 1523 годзе Сьвіслач атрымала статус мястэчка. З 1563 году яна знаходзілася ў валоданьні Яна Хадкевіча, які ў 1572 годзе зьмяняў Сьвіслач на Ляхавічы.

Зь сярэдзіны XVI ст. Сьвіслач перайшла да Заслаўскіх, у 1581 годзе — зноў да Хадкевічаў. У 1667 годзе ўладаром мястэчка стаў Крышпін-Кіршэнштэйн. У 1668 годзе тут збудавалі Траецкі касьцёл, пры якім дзейнічала парафіяльная школа. Таксама існавала царква Анёла-Ахоўніка[4].

Будынак гімназіі, 1880 г.

У 1778 годзе Сьвіслач перайшла ў валоданьне Вінцэнта Тышкевіча, сэнатара Вялікага Княства Літоўскага, якія ажаніўся зь пляменьніцай караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Новы гаспадар правёў рэканструкцыю мястэчка, уладкаваў у цэнтры Рынак, заснаваў заапарк, тэатар з капэлай, парк. У 1793 годзе Сьвіслач увайшла ў Гарадзенскае ваяводзтва. У канцы XVIII стагодзьдзя тут праводзіліся вялікія кірмашы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сьвіслач апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскай, потым Літоўскай губэрні. З 1801 году мястэчка стала цэнтрам воласьці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні. У 1804 годзе В. Тышкевіч заснаваў тут гімназію, якую ў 1851 годзе пераўтварылі ў дваранскую вучэльню. Сярод яе навучэнцаў — Кастусь Каліноўскі, Восіп Кавалеўскі, Станіслаў Горскі, Юзэф Крашэўскі, Напалеон Орда, Рамуальд Траўгут. На 1833 год у мястэчку было 1 мураваны і 146 драўляных будынкаў.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ваколіцы Сьвіслачы сталі месцам актыўных ваенных дзеяньняў паміж паўстанцкімі аддзеламі і расейскімі карнымі войскамі, а само мястэчка на пэўны час вызвалілі з-пад расейскага панаваньня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут было 526 будынкаў (24 мураваныя і 502 драўляныя), 6 гарбарных, піваварнае і медаварнае прадпрыемствы, сельская лячэбніца.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Сьвіслач занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сьвіслач абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны. За польскім часам тут дзейнічалі некалькі беларускіх нацыянальна-вызвольных арганізацыяў.

У верасьні 1939 году Сьвіслач увайшла ў БССР, дзе ў студзені 1940 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стала цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У лістападзе 1942 году нацысты расстралялі 1536 вязьняў жыдоўскага гета.

14 сьнежня 2000 году Сьвіслач атрымала статус места[6].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1816 год — 614 чал.; 1830 год — 646 муж., зь іх шляхты 5, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 425, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 211[7]; 1833 год — 1256 чал.; 1890 год — 1958 чал., зь іх 1420 юдэяў[8]; 1897 год — 3099 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1914 год — 6460 чал.; 1977 год — 5,3 тыс. чал.; 1999 год — 7,8 тыс. чал.[9]
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 7,8 тыс. чал.[10]; 2006 год — 7,4 тыс. чал.; 2007 год — 7,4 тыс. чал.; 2009 год — 6886 чал.[11] (перапіс); 2016 год — 6600 чал.[12]; 2017 год — 6481 чал.[13]; 2018 год — 6426 чал.[1]

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Сьвятога Францішка Асіскага

У 1990-я гады ў цэнтры места збудавалі касьцёл Сьвятога Францішка Асіскага, у 2000-я гады — саборную царкву.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Сьвіслачы працуюць 2 сярэднія школы і 2 дашкольныя ўстановы.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Сьвіслачы ёсьць стадыён, некалькі спартовых пляцовак (у тым ліку хакейная)

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца раённая «Свіслацкая газета».

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Дзяржынскага вуліца Дворная вуліца
Камсамольская вуліца Гарадзенская вуліца
Кастуся Каліноўскага вуліца Мсьцібаўская вуліца
Леніна вуліца Берасьцейская вуліца
Першамайская вуліца Рудаўская вуліца
Савецкая вуліца Варшаўская вуліца[14] Юзэфа Пілсудзкага вуліца

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Шпітальная вуліца[15].

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, мэблевай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

  • Сьвіслацкае ўнітарнае камунальнае прадпрыемства побытавага абслугоўваньня

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працуе Сьвіслацкі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Сьвіслач»[16].

Помнікі: Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 337.
  3. ^ История, Свислочский районный исполнительный комитет
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 559.
  5. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  6. ^ Статус: Свислочь теперь город // БДГ. Деловая газета. 28 сьнежня 2000 г.
  7. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
  8. ^ Krzywicki J. Świsłocz (2) // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 720.
  9. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 264.
  10. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. С. 265.
  11. ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Гродненщина. — Минск, 2009.
  15. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 53.
  16. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]