Сабор Уваскрасеньня Хрыстова (Барысаў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік гісторыі
Сабор Уваскрасеньня Хрыстова
Уваскрасенскі сабор
Уваскрасенскі сабор
Краіна Беларусь
Места Барысаў
Каардынаты 54°14′42″ пн. ш. 28°30′14″ у. д. / 54.245° пн. ш. 28.50389° у. д. / 54.245; 28.50389Каардынаты: 54°14′42″ пн. ш. 28°30′14″ у. д. / 54.245° пн. ш. 28.50389° у. д. / 54.245; 28.50389
Канфэсія праваслаўе[d]
Эпархія Менская япархія 
Архітэктурны стыль Псэўдарускі стыль
Дата заснаваньня 1874
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сайт http://borisov-spas.com/
Сабор Уваскрасеньня Хрыстова на мапе Беларусі
Сабор Уваскрасеньня Хрыстова
Сабор Уваскрасеньня Хрыстова
Сабор Уваскрасеньня Хрыстова
Commons-logo.svg Сабор Уваскрасеньня Хрыстова на Вікісховішчы

Царква саборная Ўваскрасеньня Хрыстова — помнік гісторыі 2-й паловы XIX ст. (мураўёўка) у Барысаве. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на гістарычным Рынку[a]. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дрэварыт, каля 1900 г.

Сабор Маскоўскага патрыярхату ў Барысаве збудавалі на месцы драўлянай царквы Ўваскрасеньня Хрыстова (Сьвяты Пасад), якая згарэла ў 1865[1] або 1867 годзе[2]. Праект сабора распрацаваў расейскі архітэктар П. Мяркулаў пры ўдзеле рэктара Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу Л. Бенуа. Гэты праект зацьвердзілі з асабістага хадайніцтва менскага япіскапа Аляксандра (Дабрыніна). У верасьні 1871 году на Рынку адбылася закладка сьвятыні[3]. 20 кастрычніка 1874 году япіскап Аляксандар асьвяціў новазбудаваны сабор.

Паводле зьвестак за 1901 год, у прыходзе налічвалася 2954 мужчыны і 2966 жанчын месьцічаў, а таксама жыхары 9 навакольных вёсак. У 1907 годзе перад саборам паводле праекту расейскага архітэктара В. Струева збудавалі мураваную званіцу.

У 1937 годзе савецкія ўлады зачынілі сабор. У Другую сусьветную вайну ён зноў пачаў дзейнічаць. У 1945 годзе савецкія ўлады перадалі сабор Маскоўскаму патрыярхату[4] (пры гэтым зачынілі тутэйшы касьцёл).

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З боку Рынку, каля 1900 г.

Царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яскравы прыклад Маскоўска-Яраслаўскага кірунку[1] эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі, у якім прысутнічаюць прыкметы стылізацыі формаў маскоўскага царкоўнага дойлідзтва XVII стагодзьдзя[2]. Гэта крыжова-купальны храм з амаль квадратным у пляне цэнтральным аб'ёмам. Даўжыня будынка складае 27 мэтраў, шырыня — 23 мэтры, вышыня — 12 мэтраў. Кубападобны асноўны аб'ём завяршаецца 5-купальлем на 4-схільным даху, які мае ў цэнтры цыліндрычны сьветлавы барабан і вялікі купал-цыбуліну, а з кутоў — цыліндрычныя барабаны зь меншымі купаламі-цыбулінамі. Такія ж купалы прысутнічаюць над апсыдай і бакавымі прыбудовамі. Урачыстасьць вобразу будынка надае калярыстычны кантраст чырвоных цагляных муроў і белых элемэнтаў архітэктурнай плястыкі. Сярод дэкаратыўных элемэнтаў фасада — какошнікі, ліштвы з паўкруглымі і трыкутнымі франтонамі, прафіляваныя карнізы, кутнія руставаныя пілястры і філёнгі. Каб падкрэсьліць галоўны аркавы ўваход выкарыстоўваецца вялікі партал, які мае выгляд прафіляванай аркі на чатырох бочкападобных слупах.

Паштоўка, 1918 г.

Унутраная прастора асьвятляецца двума радамі аконных праёмаў і падзяляецца чатырма магутнымі слупамі на тры нэфы, перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі. Тыя ж чатыры слупы пры дапамозе ветразяў падтрымліваюць сьветлавы барабан з купалам над сяродкрыжжам. Сьцены падзяляюцца пры дапамозе профіляў і лапатак. У апсыдзе знаходзіцца фрэскавая выява Бога Саваофа, на крыжовых скляпеньнях на падпружных арках — арнамэнтальная размалёўка. Над уваходам знаходзяцца хоры, адкрытыя аркавым праёмам. На хоры вядуць сходы з тамбура. Галоўны прастол у імя Уваскрасеньня Хрыстова разьмяшчаецца ў апсыдзе, зь левага боку ад яго знаходзіцца прастол у імя князя Ўладзімера, з правага — прастол у імя Аляксандра Неўскага. У інтэр'ер тры дубовыя нефарбаваныя іканастасы. Галоўны мае чатыры ярусы з 24 абразамі, іканастасы з абодвух прыдзелаў — 1-ярусныя з 10 абразамі кожны. Іх упрыгожваюць пазалочаныя калёны, разьба, рамы і карнізы.

Званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перад саборам на адной восі з ім знаходзіцца мураваная званіца, збудаваная ў тым жа стылі. Гэта вежападобны 3-ярусны (васьмярык на двух чацьверыках) будынак, завершаны шатром з купалам-цыбулінай. Першы ярус займае брама.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Лапаціна, 34

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Чарнатаў У. Барысаўскі Васкрасенскі сабор // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 70.
  2. ^ а б Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007. С. 40.
  3. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007. С. 39—40.
  4. ^ Чарнатаў У. Барысаўскі Васкрасенскі сабор // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 71.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000004

Commons-logo.svg Сабор Уваскрасеньня Хрыстова (Барысаў)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў