Чарнаўчыцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Чарнаўчыцы
лац. Čarnaŭčycy
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Герб Чарнаўчыцаў Сьцяг Чарнаўчыцаў
Першыя згадкі: 1471[1]
Магдэбурскае права: 1718
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Берасьцейскі
Сельсавет: Чарнаўчыцкі
Насельніцтва: 2453 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 162
Паштовы індэкс: 225030
СААТА: 1212846086
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°12′42″ пн. ш. 23°44′29″ у. д. / 52.21167° пн. ш. 23.74139° у. д. / 52.21167; 23.74139Каардынаты: 52°12′42″ пн. ш. 23°44′29″ у. д. / 52.21167° пн. ш. 23.74139° у. д. / 52.21167; 23.74139
Чарнаўчыцы на мапе Беларусі ±
Чарнаўчыцы
Чарнаўчыцы
Чарнаўчыцы
Чарнаўчыцы
Чарнаўчыцы
Чарнаўчыцы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Чарна́ўчыцы[2] — вёска ў Беларусі, на рацэ Градаўцы. Цэнтар сельсавету Берасьцейскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2453 чалавек. Знаходзяцца за 18 км на паўночны ўсход ад Берасьця, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Матыкалы; на шашы Берасьце — Камянец.

Чарнаўчыцы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся гатычна-рэнэсансавы касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, збудаваны з фундацыі Мікалая Радзівіла «Сіроткі», і царква Сьвятой Параскевы Пятніцы з элемэнтамі стылю барока (пацярпела ад маскоўскай перабудовы), помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная ў стылі барока капліца Сьвятой Соф'і, помнік архітэктуры XVIII ст., зьнішчаны савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку географа Вадзім Жучкевіча, тапонім Чарнаўчыцы ўтварыўся ад прозьвішча Чарнаўчыц[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Чарнаўчыцаў

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Чарнаўчыцы ўпамінаюцца ў XV ст. як сяло ў Берасьцейскім павеце Троцкага, пазьней Падляскага ваяводзтва; уладаньне Невера Ваўчкевіча. У 1421 годзе тут заснавалі касьцёл. У другой палове XV ст. Ваўчкевічы зьмянялі свае ўладаньні на валынскія вёскі Івашкі Ільлініча. У пачатку XVI ст. Юры Ільлініч сабраў у ваколіцах Берасьця вялікія ўладаньні, цэнтар якіх знаходзіўся ў Чарнаўчыцах. Пад 1521 годам паселішча ўпамінаецца як мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Чарнаўчыцы разам зь Берасьцейскім паветам увайшлі ў склад новаўтворанага Берасьцейскага ваяводзтва.

Юры Ільлініч не пакінуў нашчадкаў, але ўсынавіў Мікалая Радзівіла «Сіротку», якому запісаў у 1566 годзе частку сваіх уладаньняў. Чарнаўчыцы сталі рэзыдэнцыяй Радзівілаў, цэнтрам графства, у склад якога ўваходзіла каля 400 вёсак. У мястэчку ўзьвялі замак-палац, а ў 1585—1595 гадох — Траецкі касьцёл, помнік архітэктуры з элемэнтамі готыкі і рэнэсансу і рысамі абарончага дойлідзтва. Празь Берасьце і Чарнаўчыцы праходзіў вялікі гасьцінец зь Любліна да Вільні, які ўпамінаецца пад 1609 годам. Таксама празь мястэчка пралягала дарога Нясьвіж — Берасьце і далей на Кодань і Ўладаву. У 1671 годзе Радзівілы збудавалі аднапавярховы палац зь вялізнымі сенямі, у якія магла заехаць шасьціконная карэта. Пры двары знаходзіліся сад і зьвярынец.

У 1718 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Чарнаўчыцам Магдэбурскае права і герб (выгляд геральдычнага сымбалю страчаны). У 1721 годзе сярод вернікаў мясцовай парафіі ўпаміналася старалітва: «русіны…, званыя старажытнымі яцьвягамі[a] або іншым імем — па-народнаму „Старая Літва“» (лац. «Ruthenorum…, dicti antigui Jadźwingowie vel alio nomine populariter Stara Litwa»)[5].

У 1733 годзе ў Чарнаўчыцах збудавалі драўляную Пятніцкую царкву. У 1777 годзе тут дзеяў вадзяны млын, які меў 11 вадзяных колаў. У XVIII ст. мястэчка належала вядомаму натуралісту Марціну Радзівілу. У Чарнаўчыцах ён праводзіў фізычныя і хімічныя досьледы, спрабаваў адкрыць філязофскі камень. Геранім Радзівіл абвясьціў сваяка вар’ятам і забраў у апеку ягоны маёнтак. З 1778 году ў мястэчку жыў і служыў як каталіцкі сьвятар у мясцовай парафіі былы езуіт, паэт, перакладнік, пэдагог Фабіян Саковіч.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Радзівілаў. Праект, XVIII ст.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Чарнаўчыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. Маёнтак перайшоў да Грабоўскіх.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 годзе царскія ўлады арыштавалі мясцовага ксяндза. У 1862 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню, у 1867 годзе гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. На 1876 год у Чарнаўчыцах існавалі вуліцы Берасьцейская, Камянецкая, Кобрынская; Рынак, Прадмесьце. На 1886 год — 71 двор, 2 царквы, юдэйскі малітоўны дом, сынагога, крамы, шавецкая майстэрня, 2 карчмы, штогод праводзіліся 3 кірмашы. 3 1887 году ў мястэчку быў фэльчар і прыёмны пакой на 1 ложак. У 1892 годзе пачаў працаваць крышталёва-шкляны завод.

Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у Чарнаўчыцах было 140 двароў, 2 царквы, сынагога, народная вучэльня, царкоўна-прыходзкая школа, прыёмны пакой, хлебазапасны магазын, 13 крамаў, 3 карчмы, штогод праводзіліся 3 кірмашы. На 1905 год — дзеяла мяшчанская ўправа, працаваў пакой сельскага лекара, прызыўны ўчастак воінскай павіннасьці і ўчастак судова-міравой акругі. У пачатку XX ст. — 144 жылыя дамы, 140 дваровых месцаў; насельніцтва займалася рамяством і дробным пасярэдніцтвам, працавалі 4 кравецкія, 7 шавецкіх майстэрняў і 6 кузьняў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Чарнаўчыцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чарнаўчыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[6]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Чарнаўчыцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Турлянскай гміне Берасьцейскага павету Палескага ваяводзтва. На 30 верасьня 1921 году ў мястэчку быў 101 дом. За польскім часам тут дзеялі аддзелы стралецкага зьвязу (1933—1935) і «Таварыства жыдоўскіх школаў».

У 1939 годзе Чарнаўчыцы ўвайшлі ў БССР, дзе сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год тут было 200 двароў, адкрылася 7-гадовая школа. У 1960-я гады савецкія ўлады апаганілі і зьнішчылі капліцу Сьвятога Соф'і, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя[7]. У 1987 годзе колішняя праваслаўная царква (Сьвяты Пасад) Сьвятой Параскевы Пятніцы пацярпела ад пажару, аднак у часе аднаўленьня Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату істотна перабудаваў будынак: над ім замест барокавай банькі зьявіўся пазалочаны купал-цыбуліна.

На 1997 год у Чарнаўчыцах было 865 двароў, на 2003 год — 884. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку». 11 сакавіка 2011 году афіцыйна зацьвердзілі герб і сьцяг Чарнаўчыцаў[8].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 238 муж., зь іх духоўнага стану 2, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 234, жабракоў 2[9]; 1868 год — 399 чал. (194 муж. і 205 жан.); 1880 год — 800 чал., зь іх 175 жыдоў[10]; 1886 год — 509 чал., зь іх 65 мяшчанаў; 1897 год — 1101 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 1101 чал. (548 муж. і 553 жан.); 1901 год — 1216 чал.[11]; 1914 год — 1625 чал.; 30 верасьня 1921 году — 749 чал. (356 муж. і 393 жан.), зь іх 182 праваслаўныя, 138 каталікоў, 428 юдэяў, 1 эвангеліст[12]; 1940 год — 1050 чал.[13]; 1959 год — 494 чал.; 1970 год — 659 чал.; 1997 год — 2372 чал.; 1999 год — 2327 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 2380 чал.[14]; 2005 год — 2406 чал.[15]; 2010 год — 2453 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Чарнаўчыцах працуюць сярэдняя школа, клюб, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Сікорскага вуліца Цэнтральная вуліца
Школьная вуліца Могілкавая вуліца[16]

З урбананімічнай спадчыны Чарнаўчыцаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Берасьцейская (частка вуліцы на поўнач ад Рынку раней мела асобную назву — Камянецкая вуліца), Кобрынская і Холміцкая. Гістарычны Рынак, разьмешчаны на рагу Берасьцейскай і Кобрынскай вуліцаў, ня мае афіцыйнай назвы.

Мясцовасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя мясцовасьці Чарнаўчыцаў: Астроўская Горка, Груд, Грыцюўка (Грыцуўка), Дзічка (Дычка), Дубна, Куяўшчына, Лісовічы, Магіліна, Глінішча, Паморгі, Папоў Лес, Патурэньне, Прадмесьце, Рынак, Рыпішча (Рэпішча).

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца прыдарожная Сьвятой Соф'і (XVIII ст.)
  • Сядзібна-паркавы комплекс (XVIII ст.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Апублікаваныя ў 1861 годзе афіцыйныя зьвесткі губэрнскіх статыстычных камітэтаў, сабраныя ў канцы 1850-х гадоў з дапамогай мясцовага духавенства ўсіх канфэсіяў, засьведчылі традыцыйнае разуменьне пад «яцьвягамі» этнічных беларусаў: у Берасьцейскім павеце налічвалася 1616 яцьвягаў, у Бельскім — 3741 яцьвягаў, у Ваўкавыскім — 2854 яцьвягаў, а ў Кобрынскім, увогуле, 22 725 яцьвягаў, што складала 28% ад усяго насельніцтва павету. Паводле веры ўсе гэтыя яцьвягі вызначаліся як праваслаўныя[4]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в http://www.academia.edu/2435892/%D0%93%D0%B5%D1%80%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%B4_Litherland_nr_18
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 89.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 402.
  4. ^ Записки Императорского русского географического общества. Кн. 3, 1861. С. 153.
  5. ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 301.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Несцярчук Л. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Менск: БЕЛТА, 2002. С. 56.
  8. ^ «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Брестской области». Указ Президента Республики Беларусь от 11.03.2011 г. № 101 (рас.)
  9. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
  10. ^ Sulimierski F. Czerniawczyce // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 820.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 143.
  12. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 8: Województwo poleskie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 10.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 144.
  14. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 232.
  15. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 142.
  16. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 18.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]