Наркамаўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Наркамаўка (таксама нарко́маўка, «афіцы́йны пра́вапіс»[a][1]) — русіфікаваны варыянт правапісу беларускай мовы (у шырэйшым сэнсе — моўнай нормы), дазволены да ўжытку расейскай акупацыйнай адміністрацыяй у Беларусі. Бярэ адлік ад палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году і замацоўваецца ў наступных афіцыйных зводах правілаў (1934 і 1957 гады ў СССР; і ў «правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 2008 году часоў рэжыму Лукашэнкі)[b].

Наркамаўку крытыкуюць за яе прыняцьце ў 1933 годзе Саўнаркамам БССР паводле праекту Палітычнай камісіі ЦК КП(б)Б ва ўмовах жорсткага тэрору савецкіх уладаў без грамадзкага і навуковага абмеркаваньня[2][3], што выявілася штучным, ненатуральным і прымусовым набліжэньнем беларускай мовы да расейскай[4][5][6][7]. Стварэньне наркамаўкі разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[8].

У 2008 годзе IANA вылучыла для наркамаўкі асобны моўны падтэг «1959acad[c]» (поўнае пазначэньне: be-1959acad)[10] з мэтай адрозьненьня яе ад іншых правапісаў беларускай мовы, якія ўсе ахопліваюцца моўным тэгам «be», у прыватнасьці — ад традыцыйнага клясычнага правапісу (тарашкевіцы), які мае ўласны падтэг «tarask».

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва наркамаўка паходзіць ад слова «наркамат» — народны камісарыят (назва міністэрства ў СССР) і падкрэсьлівае факт яе распрацоўкі адмысловай Палітычнай камісіяй ЦК КП(б)Б і прыняцьця Саўнаркамам БССР — савецкімі палітыкамі і чыноўнікамі — у той час, калі савецкія ўлады арыштавалі шэраг знакавых беларускіх лінгвістаў і лексыкографаў і, паводле Сяргея Запрудзкага, «адбыўся сапраўдны крах беларускай лінгвістыкі»[11]. Уласна тэрмін наркомаўка ў навуковы ўжытак увёў Зьміцер Саўка[12]. Тым часам існавалі і іншыя прапановы для пазначэньня гэтага правапісу — парэформенны або рэфармаваны[3][13], а таксама чарнушэвіца[d][12].

Назва «афіцыйны правапіс» паказвае на яго афіцыйны дзяржаўны статус і рэгуляваньне ўстановамі, падкантрольнымі рэжыму Лукашэнкі (г. зв. «афіцыйным уладам»). У 2007 годзе Сяргей Дубавец выказваў меркаваньне, што ўжываньне назвы лукашэнкаўка[14] можа прывесьці да таго, што маладыя беларусы пры браку магчымасьці здаваць цэнтралізаванае тэставаньне па-беларуску клясычным правапісам могуць абраць расейскую мову[15].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне наркамаўкі ў выніку палітычнай рэформы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэформа беларускага правапісу 1933 году

Нягледзячы на заўважны русіфікацыйны ўхіл акадэмічнага праекту 1933 году, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз занадтую памяркоўнасьць у справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай[16]. Да таго ж, новы этап змаганьня зь беларускім нацыяналізмам задаў артыкул «Под фальшиво-национальным флагом», надрукаваны 3 лютага 1933 году ў маскоўскай газэце «Правда». Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведаміў зь Менску[17]:

« Размова ідзе аб актывізацыі буржуазных нацыяналістаў у Беларусі, аб палітычнай існасьці іх выступаў, якія адлюстроўваюць супраціў мерапрыемствам пралетарскай дзяржавы з боку кулацтва, якое гіне. »

Адразу па гэтай публікацыі Акадэмічны праект пасьпешліва разгледзелі і абмеркавалі ў Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага (замест рэпрэсаванага) народнага камісара, Аляксандра Чарнушэвіча, Пэдагагічным інстытуце, розных савецкіх і партыйных арганізацыях. У выніку чаго да дакумэнту дадалі выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» і стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але нягледзячы на гэта, дакумэнт цалкам перапрацавалі[18].

5 траўня ЦК КП(б)Б стварыла адмысловую «Палітычную камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы»[19]. Паказальна, што ў склад камісіі не ўвайшоў ніводны лінгвіст, а ейнымі сябрамі сталі пераважна палітыкі[20].

Ужо да 21 ліпеня выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, якая сьведчыла пра сканчэньне працы над праектам рэформы: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)»[21]. 26 жніўня дакумэнт сваёй пастановай зацьвердзіў Саўнаркам БССР, а 27 жніўня — беларускі ЦК. Такім чынам, прыняцьце праекту адбылося ў загадным парадку без папярэдняй публікацыі і грамадзкага абмеркаваньня[22].

Пастанова мела назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», аднак у сапраўднасьці артаграфічныя зьмены не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гады), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — па «разьвянчаньні культу асобы» (1956 год)[23].

Дакумэнт пераняў усе прапановы Акадэмічнага праекту 1933 году, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю. Прытым тэхнічная падрыхтоўка адпаведнай часткі дакумэнту значна лепшая за наваствораныя разьдзелы, у якіх сустракаюцца шматлікія супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды[24].

Зьмены ў беларускім правапісе
(па пераглядзе праекту 1933 году адмысловай Палітычнай камісіяй)
Акадэмічны праект 1930 году Акадэмічны праект 1933 году
(да перагляду Палітычнай камісіяй)
Зьмены ў перадачы пазычаньняў
1. Перадача складоў [л’а], [л’о], [л’у]) празь цьвёрдае «л». (напрыклад: маналог замест маналёг) Захоўваліся існыя правілы. Аўтары праекту характаразуюць гэтыя прапановы, як «вялікадзяржаўніцкія», «уласьцівыя расейскаму вымаўленьню»[25].
2. Зьмякчэньне зычных [з], [с], [б], [п], [в], [ф], [м], [н] перад галосным [е] (напрыклад: кааперацыя, фанетыка замест каапэрацыя, фанэтыка)
3. Замена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др на канцы словаў (напрыклад: літр, цэнтр замест літар, цэнтар) Захоўваліся існыя правілы.
4. Перадача літары «θ» у грэцызмах праз «ф» або «т» у залежнасьці ад правілаў расейскай мовы (міф, кафедра замест міт, катэдра) Гэты захад мусіў адпавядаць агучанаму партыйным кіраўніцтвам патрабаваньню «па замацаваньні расейскай мовы як пасярэдніка для пазычаньняў з трэціх моваў»[26]
Зьмены ў артаграфіі ўласнабеларускіх словаў
1. Скасаваньне пазначэньня асыміляцыйнага зьмякчэньня зычных [з], [с], [ц] (напрыклад: (свет, след замест сьвет, сьлед) Гэтая прапанова зьявілася толькі ў карэктуры (г. зн. па згортваньні палітыкі беларусізацыі — і гвалтоўнага адхіленьня ад кіраваньня праектам акадэміка Сьцяпана Некрашэвіча, які выступаў катэгарычна супраць яе прыняцьця. Таксама супраць гэтай прапановы быў Янка Купала[27] Аўтары абгрунтоўваюць прыняцьцё гэтай прапановы «палягчэньнем і эканоміяй для паліграфічнай справы»[25].
2. Скасаваньне напісаньня мяккага знаку паміж падоўжанымі зычнымі [з], [с], [ц], [н], [л] (напрыклад: насенне, галлё, ззяе, рыззё, калоссе, суддзя, жыццё замест насеньне, гальлё, зьзяе, рызьзё, калосьсе, судзьдзя, жыцьцё) Камісія прыняла гэтую прапанову як кампрамісны варыянт — пры ўмове захаваньня пазначэньня мяккасьці ўва ўсіх астатніх выпадках[27]. Прапаноўвалася сьцягненьне падвоеных зычных на манер заходнебеларускіх гаворак (напрыклад: насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё)
3. Увядзеньне нязьменнага напісаньня часьціцы і прыназоўніка «не» (напрыклад: без нас, не руш замест бяз нас, ня руш) Захоўваліся існыя правілы[28][29] Захоўваліся існыя правілы.

Такім чынам, у выніку рэформы паводле палітычнага праекту 1933 году ў беларускую мову ўводзілася больш за 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, уласьцівых расейскай мове[30].

Галоўным наступствам рэформы стала зьяўленьне двух правапісаў (нормаў) беларускай мовы, адзін зь якіх — наркамаўка — пачаў афіцыйна выкарыстоўвацца ў Савецкім Саюзе, а другі — традыцыйны клясычны правапіс — працягваў ужывацца беларусамі па-за межамі СССР. Стварэньне наркамаўкі разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[8].

Прычыны непрыняцьця наркамаўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая старонка Пратэсту Беларускага навуковага таварыства ў Вільні супраць дэкрэту Саўнаркаму аб рэформе беларускага правапісу

Беларусы за межамі СССР, у першую чаргу ў Заходняй Беларусі, а таксама беларускія цэнтры ў Латвіі, Празе і Бэрліне не прынялі ўведзеных у беларускую мову зьменаў[16]. У прыватнасьці, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні на сваім надзвычайным паседжаньні 31 кастрычніка 1933 году прыняло рэзалюцыю супраць рэформы, дзе зазначыла ейную русіфікацыйную скіраванасьць і кволы навуковы фундамэнт.

Сярод прычынаў непрыняцьця палітычнай рэформы 1933 году былі наступныя:

« Пастанова СНК сімвалізавала для сучаснікаў неадхільную волю наблізіць беларускую мову да расійскай „любой цаной“[32]. »
  • Беларускія філёлягі і гісторыкі паказваюць на тое, што рэформа штучна[4][33][34][35] наблізіла беларускую мову да расейскай. Зьміцер Саўка адзначае, што палітычная камісія, якая праводзіла рэформу, узяла з акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году, які папярэднічаў ёй, усе пункты, што прадугледжвалі менавіта збліжэньне з расейскай мовай, а астатнія альбо кардынальна перапрацавала ў бок набліжэньня да нормаў расейскай мовы, альбо ўвогуле не ўзяла да разгляду[24]. Кандыдат філялягічных навук Ігар Клімаў піша:
« Бальшавіцкая дзяржава, якая ўпершыню ў гісторыі ажыцьцяўляла экспэрымэнт па стварэньні новага грамадзтва і новага чалавека, разглядала і мову як аб’ект адмысловых маніпуляцыяў, накіраваных на дасягненьне пэўных, зусім не лінгвістычных мэтаў. Важным кірункам такіх маніпуляцыяў з 1930 году было замацаваньне расейскага ўплыву ў нормах літаратурных моваў іншых народаў СССР. Гэта падвышала культурную гамагеннасьць сярод народаў савецкай імпэрыі, прыглушала іх памкненьні да сэпаратызму, спрыяла іх культурнай і моўнай асыміляцыі. Ахвярай такой палітыкі з 1930-х гадоў зрабілася і беларуская мова. Яе далейшае разьвіцьцё адбывалася не ў выніку ўнутранай неабходнасьці ці рэальнага ўжытку, а прадвызначалася палітычнай каньюнктурай савецкай дзяржавы[16]. »

Парэформавая савецкая кадыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошні пункт (№ 27) Пастановы Саўнаркаму «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу» (1933 год) вызначыў працяг мэтанакіраванай працы з русіфікацыі беларускай мовы:


« Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую працу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усяе граматыкі і тэрміналёгіі, а таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні. »

Пастанова Савету Народных Камісараў БССР «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», г. Менск, 26 жніўня 1933 г.

Увогуле, рукапісы раней падрыхтаваных акадэмічных слоўнікаў савецкія ўлады загадалі зьнішчыць, сярод іх — шматтомны «Слоўнік жывой беларускай мовы», двухтомныя расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі, польска-беларускі і беларуска-польскі, эспэранцка-беларускі і беларуска-эспэранцкі, латыска-беларускі, гістарычны і артаграфічны[36]. Тым часам укладзеныя наркамаўкай слоўнікі істотна перайначыла русіфікацыя. Партыйныя загады патрабавалі ўкладаць іх паводле «пралетарска-інтэрнацыянальнага» прынцыпу, прытым спрадвечная і самабытная беларуская лексыка абвяшчалася «нацдэмаўскай» і «кулацкай». Найбольш яскравай праявай такой моўнай палітыкі стаўся «Руска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй Александровіча[e] (1937 год), у якім на карысьць наяўных у расейскай мове адпаведнікаў быў адкінуты вялікі пласт беларускай лексыкі (напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» Сьцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то парэформавы слоўнік Александровіча — толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася і расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад»)[38]. У гэтым жа слоўніку ёсьць такія неўласьцівыя для беларускай мовы дзеепрыметнікавыя формы, як «забыўчывы», «неўстрашымы», «брадзячы». На загад бальшавікоў таксама русіфікавалі расейска-беларускі слоўнік 1953 году. Да беларускіх словаў дапісвалі расейскія сынонімы, часта ставячы іх на першае месца[39]: рас. батрак — бел. батрак, парабак; большак — гасцінец, бальшак; поезд — поезд, цягнік; минута — мінута, хвіліна. Яшчэ далей пайшоў слоўнік 1982 году, які рэкамэндаваў ужываць поруч з словамі «вавёрка», «бусак» таксама «белка», «багор» і г. д.[36]

У 1939 годзе бальшавікі падрыхтавалі чарговую рэформу з напісаньнямі кшталту «весна», «братскі», «бібліатека». Яшчэ ў адным праекце (1951 год) прапаноўвалася пісаць «снегі», «цеатр», «басціон»[36]. Толькі відавочная абсурднасьць гэтых прапановаў, а таксама пэўныя вонкавыя чыньнікі (Другая Сусьветная вайна, сьмерць Сталіна) уратавалі беларускую мову ад іх прыняцьця.

Па разьвянчаньні культу асобы Сталіна ў 1957 годзе ў афіцыйны правапіс увялі зьмены (рэдакцыя 1957—1959 гадоў), якія ў пэўнай ступені ішлі насуперак русіфікацыйнаму вэктару. Разам з тым, калі ў канцы 1950-х гадоў з Масквы прыйшоў новы загад правесьці русіфікацыю граматыкі беларускае мовы, то гэта ажыцьцявілі ў двухтомнай акадэмічнай «Граматыцы», выдадзенай у 1962 годзе[36].

Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі значная колькасьць расейскіх моўных элемэнтаў ў афіцыйным наркамаўскім стандарце паслужыла для шавіністаў падставаю зьневажаць беларускую мову, называць яе «испорченным русским языком», «грубым диалектом русского языка», заяўляць пра яе неразьвітасьць[36].

Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі 2008 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі (2008)

Разьвязаньне правапіснага пытаньня ў Беларусі ўзяла за мэту Камісія па ўдасканаленьні правапісу (старшыня Генадзь Цыхун) Таварыства беларускай мовы, у якую сярод іншых увайшлі Вінцук Вячорка і Зьміцер Санько. Камісія актыўна працавала ў 1991—1992 гадох, а ў 1993 годзе апублікавала свае прапановы. Сьведчаньнем афіцыйнага прызнаньня неабходнасьці ўдакладненьняў у правапісе стала ўнясеньне адпаведнага пункту ў «Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР» і наступныя лягічныя крокі: правядзеньне ў Акадэміі навук 19—20 лістапада 1992 году Рэспубліканскай навуковай канфэрэнцыі «Праблемы беларускага правапісу», прыняцьцё ў 1993 годзе Саветам Міністраў пастановы № 556 «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» і, дзеля рэалізацыі пастановы, стварэньне Дзяржаўнае камісіі па ўдакладненьні правапісу (старшыня Ніл Гілевіч), у якую ўвайшлі пераважна прадстаўнікі афіцыйных структураў. Камісія вынесла на грамадзкае абмеркаваньне шэраг прапановаў, але кардынальная трансфармацыя агульнае сытуацыі ў краіне (сярод іншага — вяртаньне ўладаў да палітыкі русіфікацыі) зрабіла далейшую дзейнасьць камісіі немэтазгоднаю, таму яна спыніла сваё існаваньне праз год па стварэньні, даручыўшы Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі «да канца 1995 года падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю „Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі“ (з дадаткам правілаў беларускай артаэпіі)». У выніковых рэкамэндацыях, апублікаваных 13 верасьня 1994 году, адзначалася, што хоць вяртаньне пэўных дарэформавых нормаў і магло б быць пажаданым, але час для такіх зьменаў пакуль неадпаведны[40].

З другой паловы 1990-х гадоў група навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства НАН Беларусі і выкладнікаў шэрагу менскіх унівэрсытэтаў на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным (які ў 1998 годзе ў адной з сваіх публікацыяў[41] заклікаў рэжым Лукашэнкі да рэпрэсіяў у дачыненьні да карыстальнікаў клясычнага правапісу[42]) падрыхтавала тры варыянты праекту зьменаў у правапісе, у якіх прапаноўвалася вярнуць ў афіцыйны беларускі правапіс некаторыя нормы клясычнага. Невялікая частка гэтых прапановаў трапіла ў распрацаваны ў 2006 годзе міністэрскі праект новых правілаў беларускай мовы[43] (што можна разглядаць як працяг павольнай эвалюцыі афіцыйнага правапісу ў бок клясычнага, якая адзначаецца з 1957 году[1]), зацьверджаны ўпершыню ў сусьветнай гісторыі мовазнаўства ў форме закону «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам[44].

У кастрычніку 2007 году, напярэдадні прыняцьця закону «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» міністар адукацыі рэжыму Лукашэнкі Аляксандар Радзькоў заявіў, што мэта дакумэнту — забарона «супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыёдыцы» клясычнага правапісу[45]. Тым часам выдадзены Інстытутам мовазнаўства ў 2009 годзе новы артаграфічны слоўнік адзначыўся шматлікімі супярэчнасьцямі зь зьместам афіцыйна прынятых у 2008 годзе правілаў беларускай артаграфіі[46].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 годзе Сяргей Дубавец на старонках Нашай Нівы адзначыў, што канфлікт двух правапісаў — афіцыйнага (наркамаўкі) і клясычнага (тарашкевіцы) — на яго думку, акрэсьліўся галоўным парадкам як маральна-этычны (у 2005 годзе Сяргей Запрудзкі заявіў, што лічыць правапіс справай грамадзкай згоды, а не навуковай дыскусіі[47]). Гэты канфлікт выявіўся ў фактычным прызнаньні або непрызнаньні права ўладаў СССР — ініцыятараў і праваднікоў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі — зьмяняць беларускую мову паводле сваіх густаў і мэтаў. Сяргей Дубавец таксама выказаў меркаваньне, што прыняты ў 2008 годзе рэжымам Лукашэнкі правапіс беларускай мовы ня мае таго адмоўнага напаўненьня, якое мела рэформа 1933 году. Сваю думку ён паспрабаваў падмацаваць сьцьверджаньнем (вынесеным у назоў артыкула ў выглядзе параўнаньня з сытуацыяй вакол грамадзянаў Нацысцкай Нямеччыны і іх дзяцей), што рэжым Лукашэнкі як нашчадак не нясе адказнасьці за сваіх гістарычных папярэднікаў — савецкія злачынствы ў Беларусі. З гэтай прычыны Дубавец выступіў за адыход ад прынцыпаў прыхільнасьці клясычнаму правапісу на карысьць супрацы з рэжымам у мовазнаўчых пытаньняў (выказвалася прапанова ў тым ліку «адчуць сябе часткай» аўтарытарнай Беларусі), што на яго думку, дыктуецца патрэбамі выжываньня беларускай мовы[15]. Адной з рэакцыяў на заяву Дубаўца (і далейшы пераход «Нашай Нівы» на афіцыйны правапіс) стала ацэнка гэтага кроку як памылкі і здрады маральным прынцыпам[48]. Тым часам па непрацяглым і даволі супярэчлівым пэрыядзе, які часам называюць «мяккай беларусізацыяй», у час здушэньньня масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі выявіўся забойствамі і масавымі катаваньнямі беларусаў, цынічнай зьнявагай беларускіх нацыянальных сымбаляў, маштабнымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да прыхільнікаў беларускай мовы, гісторыі і культуры — пры фінансавай, вайсковай і інфармацыйнай падтрымцы ўладаў Расеі.

У сьнежні 2008 годзе Зянон Пазьняк азначыў мадыфікаваную рэжымам Лукашэнкі наркамаўку як «рэжымны правапіс», а таксама раскрытыкаваў пераход на яго Нашай Нівы. Падобныя дзеяньні ён ахарактарызаваў як яскравую праяву канфармізму — «халуйства», «поўзаньня перад Масквой»[49].

Па расейскім уварваньні ва Ўкраіну 2 красавіка 2022 году Сяргей Дубавец фактычна вызнаў уласную памылку: «…гэта спаўзаньне з носа ружовых акуляраў ва ўсіх, хто здольны мысьліць самастойна і крытычна. Хто яшчэ ўчора мог дапусьціць сваё зрастаньне з акупацыяй і падманваўся магчымасьцю мяняць яе ў лепшы бок. Цяпер раптам стала відавочна, што гэта немагчыма. Наадварот, гэта слабіна, якая дазваляе акупацыі прасоўвацца ўсё глыбей у тваю краіну»[50]. А 21 красавіка ён азначыў пераход пэўных беларускіх мас-мэдыя ў другой палове 2000-х гадоў на наркамаўку як вымушаную здраду і спробу прыстасавацца да рэжыму Лукашэнкі, што ва ўмовах расейскага тэрору і адкрытай акупацыі Беларусі ў 2020—2022 гадох цалкам страціла ўсякае абгрунтаваньне, лёгіку і пэрспэктыву, тым часам сама наркамаўка «засталася мёртванароджаным прадуктам на ўзбочыне гісторыі, які выканаў сваю русіфікатарскую функцыю»[51]. Таксама Сяргей Дубавец падкрэсьлівае, што ранейшы аргумэнт пра «школьны» правапіс не працуе, бо школа ўшчэнт русіфікаваная, а выкладаньне там беларушчыны ў большасьці выпадкаў прыводзіць да яе зьнялюбленьня. Ён параўноўвае прыхільнасьць да наркамаўкі пэўных сьвядомых беларусаў з тым, як бы па распадзе СССР хтосьці зь іх дэманстратыўна працягваў падтрымліваць камуністычную партыю, у якую раней уступіў дзеля нармальнай кар’еры, то бок «застаўся… верным сваёй колішняй вымушанай здрадзе, зь якой зросься ў адно цэлае»[51].

Адрозьненьні ад клясычнай моўнай нормы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка і правапіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клясычная беларуская Наркамаўка
Альфабэт
Кірылічны ў варыянце 1918 году, нармалізацыя клясычнага правапісу 2005 году зьмяшчае факультатыўную літару ґ, якая абазначае выбухны гук [г]. Таксама выкарыстоўваецца лацінка ў варыянце 1918 году (з улікам мадыфікацыі 1926 году).

літара ґ упершыню фіксуецца ў Перасопніцкім эвангельлі, створаным на Валыні ў сярэдзіне XVI ст., а ўжо ў XVII ст. яна масава ўжывалася ў беларускіх рукапісах і друках (раней, яшчэ ў XIV ст. звонкі выбухны [г] у старабеларускай мове меў асобнае пазначэньне на пісьме — дзьвюма літарамі к і г). У кірылічнай вэрсіі «Беларускай граматыкі для школ» (1918 год) Браніслава Тарашкевіча лацінскай літары g адпавядала г'. Літару ґ папулярызаваў Ян Станкевіч, яе ўжывалі некаторыя выданьні, найперш віленскія. Урэшце, ґ як літара беларускага альфабэту падаецца ў ангельскамоўным падручніку «Беларуская мова» (Таронта, 1974 год) Валянтыны Пашкевіч — адзіным сыстэматычным і найбольш поўным курсе беларускай мовы за межамі Беларусі[52].

Кірылічны ў варыянце 1918 году. Таксама дзеля трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту існуе асобная інструкцыя, першы варыянт якой афіцыйна зацьвердзілі ў 2000 годзе.

хоць на пэўным этапе (2003 год) афіцыйная інструкцыя па трансьлітарацыі цалкам супадала з клясычнай нацыянальнай лацінкай, аднак пазьней у яе патаемна ўнесьлі зьмены — без тлумачэньняў прычынаў зьмянілі перадачу мяккага l[53]. Увогуле жа, паводле сусьветнай практыкі, пры наяўнасьці ў пэўнай мове традыцыйнага лацінскага альфабэту ўсе ўласныя назвы (ня толькі геаграфічныя), якія належаць гэтай мове, мусяць нязьменна перадавацца ў лацінапісьмовай прасторы іншых моваў. Асобныя сыстэмы трасьлітарацыі ствараюцца толькі для тых моваў, якія гістарычна ня маюць лацінскага альфабэту[54].

Пазначэньне асыміляцыйнай мяккасьці зычных
Вызначаецца з дапамогай мяккага знака.
Напрыклад: сьнег, зьява, дзьве

фіксуецца ў старабеларускай мове з XVI ст., сярод іншага ў перакладзе Эвангельля з царкоўнаславянскае мовы на беларускую, зробленым асьветнікам Васілём Цяпінскім каля 1580 году[55][56]

Артаэпічная норма, дадаткова не вызначаецца.
Напрыклад: снег, з’ява, дзве

ужо ў 1960-я гады адзначалася, што спадзяваньні на асыміляцыйнае зьмякчэньне не апраўдаліся і адбылася зьмена беларускага вымаўленьня (найперш у вучнёўскай моладзі Беларусі) пад уплывам новага напісаньня[57]. У 1983 годзе Інстытут мовазнаўства фактычна пацьвердзіў гэтыя тэндэнцыі ў выданьні «Фанэтыка слова ў беларускай мове», дзе праводзіўся аналіз вымаўленьня носьбітаў беларускай літаратурнай мовы — пісьменьнікаў, фальклярыстаў, дыктараў радыё[55].

напісаньне прыставак праз апостраф (з’езд) зьявілася ў афіцыйным правапісе на ўзор адпаведнага расейскага напісаньня (с’езд), якое выкарыстоўвалася ў савецкім правапісе расейскай мовы з 1918 да канца 1930-х гадоў[58]

Правапісны фанэтычны прынцып
Пашыраны, у тым ліку на зычныя і на сутыку марфэмаў.
Напрыклад: стагодзьдзе, ня толькі, тэатар
У асноўным абмяжоўваецца ненаціскнымі галоснымі.
Напрыклад: стагоддзе, не толькі, тэатр
Трансьлітарацыя пазычаных словаў
Склады [ла], [ло], [лу]
Трансьлітаруюцца зь мяккім [л'] у словах заходнеэўрапейскага паходжаньня, апроч большасьці англіцызмаў. Зь цьвёрдым [л] у большасьці англіцызмаў. У запазычаньнях зь іншых моваў трансьлітаруецца ў залежнасьці ад цьвёрдасьці або мяккасьці гука ў выточнай мове-крыніцы.
Напрыклад: плян, лёгіка, Плятон, клон

фанэтычная традыцыя асяродзьдзя, якая склалася вакол газэты «Наша Ніва»[59].

аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[60]

мяккая перадача сярэднеэўрапейскага [л] фіксуецца ў формах старабеларускай мовы XVII—XVIII стагодзьдзяў (люнатык, лабиринт [л'а], капаланъ [л'а], каппеллѧ [л'а]), а таксама ў беларускіх формах XIX стагодзьдзя (ляўр(ы), кляс(а))[61][1]. Мяккая перадача арабскага [л] фіксуецца ў старабеларускай мове XVII стагодзьдзя (корабеля < горад Kerbela)[61][1].

паводле меркаваньня А. Пацехінай, цяпер складана з упэўненасьцю сьцьвярджаць, ці было такое вымаўленьне пашыраным альбо мела «характар своеасаблівага інтэлігенцкага арго»[62].

Трансьлітаруюцца ў асноўным цьвёрдым [л].
Напрыклад: план, логіка, Платон, клон

супрацоўнікі Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі ў 1933 годзе азначалі гэта як уласьцівасьць расейскага вымаўленьня[63].

Вінцук Вячорка паказвае на парушэньне еднасьці беларускай мовы празь бессыстэмнасьць і непасьлядоўнасьць, што стала вынікам мэханічнага пераносу расейскай моўнай практыкі: хлёрка, але «хлор»; пляц, але «плацдарм»; шлягер, але «шлагбаўм»; лямпа, але «лампада» і іншае. Тым часам у беларускай лацінцы чужаземныя словы з [л'] пішуцца пазнавальна: plan, dyplom. Зьмена характару мяккага [л'] на цьвёрды [л] у пазычаньнях парушае ўзаемную канвэртацыю двух альфабэтаў[64].

Зубныя зычныя [д], [т], [з], [с] перад пярэднімі галоснымі [е], [і]
У асноўным, захоўваецца цьвёрдасьць [д], [т]. Гукі [з], [с] застаюцца цьвёрдымі, калі знаходзяцца ў пачатку, а часам і ў сярэдзіне слова; у астатніх выпадках [з], [с] перадаюцца пераважна мякка.
Напрыклад: дыван, тыгр, сыгнал, фізыка, казіно, апэльсін

аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[60].

захаваньне цьвёрдасьці зычных перад [е] фіксуецца ў старабеларускай мове XVI—XVII стагодзьдзяў (сэнат, сындикъ, сындыкъ, сынодъ, визытовати, дыспозыцы(я)), а таксама ў беларускіх формах словаў у XIX стагодзьдзі (сэнат, сындыкат(ъ), сынод, дыспазыцы(я))[61][1].

У асноўным, захоўваецца цьвёрдасьць [д], [т], а [з], [с] вымаўляецца мякка.
Напрыклад: дыван, тыгр, сігнал, фізіка, казіно, апельсін

як і ў выпадку [л']/[л], з прычыны мэханічнага пераносу расейскага вымаўленьня адзначаецца бессыстэмнасьць і непасьлядоўнасьць з [з]/[з'] і [с]/[с'] у запазычаных словах: экзэмпляр і экзэма, але «экзекуцыя»; сэптыма, але «секста»; сэнс, але «сенсуалізм» і «сенсацыя»; сэпсіс, але «антысептык» і іншае[65].

у 1957 годзе ў афіцыйную моўную норму ўвялі мяккае вымаўленьне [д], [т] перад суфіксамі -ін, -ёр, -ейскі: каранцін, акцёр, іўдзейскі, якія ў беларускай мове вымаўляюцца толькі цьвёрда[66]

наогул сама зьява ацьвярдзеньня [д] і [т] перад пярэднімі галоснымі ў словах іншамоўнага паходжаньня разглядаецца як вынік польскага ўплыву на беларускую пісьмовую мову, часам вельмі даўняга (XIV стагодзьдзе)[67].
[б], [в], [м], [н], [п], [ф] перад пярэднімі галоснымі [е]
У асноўным цьвёрдыя варыянты.
Напрыклад: абанэнт, унівэрсытэт, мэтрапалітэн, дэбэт

аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[60].

захаваньне цьвёрдасьці зычных перад [е] фіксуецца ў старабеларускай мове XVI—XVII стагодзьдзяў (фэстъ, апэляцыя, вэтоваті, комэта, пэрсуна, Нэаполь), а таксама ў беларускіх формах словаў у XIX стагодзьдзі (маніфэст, пэнсія, камэдны)[61][65].

У асноўным мяккія варыянты.
Напрыклад: абанент, універсітэт, метрапалітэн, дэбет

супрацоўнікі Інстытуту мовазнаўства ў 1933 годзе азначалі гэта як уласьцівасьць расейскага вымаўленьня[63].

Алесь Жлутка паказвае на існаваньне праблемы пры перадачы ўласных імёнаў, калі ўзьнікае разнабой праз ужываньне аканьня/яканьня: Вергілій і Вяргілій, Непт і Пелід, але Няптун і іншыя[65].

хоць вядома, што ў асноўным у дыялектах у запазычаных словах цьвёрдыя зубныя перад пярэднімі галоснымі зьмякчаюцца, дастатковай колькасьці дыялекталягічных зьвестак пра вымаўленьне ў такіх палажэньнях [с], [з], [н] няма, што ўскладняе выпрацоўку нарматыўных правілаў, якія не супярэчаць моўнай сыстэме[68].
Спалучэньні [j]/[й] з галоснымі
Пасьлядоўна перадаюцца з устаўным [j].
Напрыклад: маёр, Нью-Ёрк, езуіт, маянэз, мая, трыё, радыюс, іён
У асноўным перадаюцца з устаўным [j], у той жа час існуе мноства абмежаваньняў.
Напрыклад: маёр, Нью-Йорк, езуіт, маянэз, майя

Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі 2008 году замацавалі больш пасьлядоўную перадачу ўстаўнога [j].
Напрыклад: Нью-Ёрк, мая, аднак трыа, радыус, іон

абмежаваньні зьявіліся праз навязваньне канвэнцыяў расейскай мовы[16].

Трансьлітарацыя літараў β («бэта») і θ («фіта») у грэцызмах
Пасьлядоўна перадаюцца паводле лацінскай традыцыі, «бэта» як [б], «фіта» як [т].
Напрыклад: абат, араб, сымбаль, Бізантыя; артаграфія, міт, матэматыка, рытм

аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[60].

перадача «бэты» як [б], а «фіты» як [т] фіксуецца ў старабеларускай мове XV—XVII стагодзьдзяў (дьѧбл-, д'ѧбл-, барбар(ъ); аритметыка, ωртокграθеѧ), а таксама ў беларускіх формах словаў у XIX стагодзьдзі (дьябал(ъ), сымболь)[61][1].

Часткова паводле бізантыйскай традыцыі — «бэта» як [в], «фіта» як [ф] (г. зв. «ройхлінаўскае чытаньне»), — часткова як у лацінскай традыцыі — «бэта» як [б], «фіта» як [т] (г. зв. «эразмаўскае чытаньне»).
Напрыклад: абат, араб, сімвал, Візантыя; арфаграфія, міф, матэматыка, рытм

з аднаго боку, гук [ф] у беларускай мове зьявіўся хоць і з запазычанымі словамі, але даўно, і ўжо мае значнае пашырэньне ў дыялектах; зь іншага боку, нельга ўпэўнена казаць пра тое або іншае вымаўленьне ў старажытных мёртвых мовах, а існасьць праблемы наогул крыецца не ў канкрэтным чытаньні, а ў выбары агульнай традыцыі пісьменства, якое на Беларусі складалася як пад уплывам бізантыйска-грэцкай (пашыранай ва ўсіх усходніх славянаў), так і лацінскай (праз пасярэдніцтва польскай мовы) моўных традыцыяў[69].

у выдавецкай дзейнасьці заснавальніка ўсходнеэўрапейскага першадрукарства Францішка Скарыны «ройхлінаўскае чытаньне» і «эразмаўскае чытаньне» чаргуюцца[70] пры дамінаваньні «ройхлінаўскага».
Напрыклад: Ѳедосий, Ѳемианъ, МатѲеи, ЕсѲеръ, ІѲдиѲъ, РуѲь належыць чытаць з гукам [ф], але трапляюцца і напісаньні аритметика, темианъ, Їюдитъ, якія належыць чытаць з гукам [т].

Трансьлітарацыя грэцкага спалучэньня ευ і лацінскага спалучэньня eu
Пасьлядоўна праз [эў]:
Напрыклад: Эўрыпід, Эўропа, эўкарыёт, эўфанія, эўфарыя, ляўконія, леўкацыт
Часткова праз [эў], часткова праз [ей]:
Напрыклад: Еўрыпід і Эўрыпід, але толькі Еўропа; эўкарыёт, эўфанія, але эйфарыя; ляўконія, але лейкацыт

цалкам паўтарае практыку расейскай мовы[1].

Марфалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клясычная беларуская Наркамаўка
Выкарыстаньне словаўтваральнага фарманта -ір-/-ыр- у дзеясловах з запазычанымі асновамі
Пераважная большасьць запазычаных дзеясловаў выкарыстоўваецца без фарманта -ір-/-ыр-, нехарактэрнага для беларускай мовы і які выкарыстоўваецца ў першую чаргу ў тых выпадках, калі трэба пазьбегнуць аманіміі[1].

Напрыклад: фармаваць, санкцыянаваць, замаскаваць; шпацыраваць (ад слова шпацыр), буксаваць — буксіраваць (ад буксір), камандаваць — выпраўляць або дэлегаваць, сумаваць — падсумоўваць

старажытныя агульнаславянская мадэль, пашыраная яшчэ ў старабеларускай мове ў тым ліку пры ўтварэньні дзеясловаў ад запазычаных словаў[71].

Захоўваецца ў запазычаных праз расейскую мову словах.

Напрыклад: фарміраваць, санкцыяніраваць, замаскіраваць, буксіраваць, камандзіраваць, суміраваць

старабеларуская мова, мова беларускіх гаворак і беларускія слоўнікі 1920-х гадоў ня ведаюць дзеясловаў на -іраваць, упершыню гэтая канструкцыя зьявіліся ў выдадзеным у 1937 годзе падкрэсьлена русіфікатарскім слоўніку Александровіча[71].

як адзначае Мікалай Васілеўскі, у беларускай літаратурнай мове няма ніводнага прыкладу, каб пры дапамозе -ірава- дзеяслоў утвараўся ад уласна беларускай асновы[71].

Пашырэньне безафікснай мадэлі ўтварэньня назоўнікаў.

Напрыклад: выступленне → выступ, наступленне → наступ, спадзяванне → спадзеў

Выкарыстаньне суфіксаў -нік/-шчык у прафэсійных назвах асобы
Пашырэньне суфіксу -нік:

Напрыклад: закупнік, перавозьнік

яшчэ ў XIX ст. суфікс -нік (-льнік) бясспрэчна панаваў пры ўтварэньні прафэсійных назваў асобы[72].

Пашырэньне суфіксаў -чык/-шчык:

Напрыклад: закупшчык, перавозчык

як адзначае Юры Пацюпа, суфікс -шчык масава пашырыўся за савецкім часам і наблізіў беларускую мову да расейскай[72].

Сыстэма словазьмяненьня
Флексіі -ах, -ях назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду меснага склону множнага ліку могуць зьмяняцца на -ох, -ёх, аднак, дапушчальныя абодва варыянты.

Напрыклад: у лясах — у лясох, у палях — у палёх

Для назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду меснага склону множнага ліку дапускаюцца толькі флексіі -ах, -ях.

Напрыклад: у лясах, у палях

паводле меркаваньня Станіслава Станкевіча, флексіі -ах, -ях як уласьцівыя расейскай мове штучна ўвялі ў 1933 годзе замест характэрных беларускай мове флексіяў -ох, -ёх[73][30].

У родным склоне множнага ліку назоўнікі 3 скланеньня звычайна маюць канчатак -яў.

Напрыклад: магчымасьцяў, цяжкасьцяў, сувязяў

У родным склоне множнага ліку назоўнікі 3 скланеньня звычайна маюць канчатак -ей.

Напрыклад: магчымасцей, цяжкасцей, сувязей

Але назоўнікі з націскам на аснове могуць ужывацца і з канчаткам -яў:
Напрыклад: сенажацей і сенажацяў, скроней і скроняў.

паводле меркаваньня Станіслава Станкевіча, канчатак -ей — характэрная асаблівасьць расейскай мовы ў адрозьненьне ад уласьцівага беларускай мове канчатку -яў[73][30].

Абмежаванае выкарыстаньне флексіі роднага склону адзіночнага ліку 2-га скланеньня на карысьць .

Напрыклад: заводу, інстытуту, сацыялізму, абеду, Менску, Полацку

шырокае ўжываньне канчатку сярод розных тыпаў назоўнікаў мужчынскага роду (рэчыўных, зборных, аддзеяслоўных, з часавым і прасторавым значэньнем, назваў арганізацыяў і установаў, геаграфічных назваў і інш.) фіксуецца ў беларускіх гаворках[74].

Пашыранае выкарыстаньне флексіі роднага склону адзіночнага ліку 2-га скланеньня (у назвах адушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду).
Напрыклад: вожыка, вужа.

Неадушаўлёныя назоўнікі ў залежнасьці ад значэньня маюць канчатак () ці ():
Напрыклад: завода, інстытута, сацыялізму, абеду.

Геаграфічныя і астранамічныя назвы ўжываюцца з канчаткам ():
Напрыклад: Мінска, Полацка.

як заўважае Павал Сьцяцко, імкненьне расшчапіць словаформу на дзьве, надаўшы адной зь іх «канкрэтызаванае» адценьне і замацаваўшы за ёю канчатак , разбурае моўную норму[74].

Дапушчальна пашырэньне формы будучага часу формай простага будучага часу, характэрнай для паўднёва-заходніх дыялектаў[31].

Напрыклад: буду рабіць — рабіцьму, будзем рабіць — рабіцьмем

Выкарыстаньне толькі складанага будучага часу.

Напрыклад: буду рабіць, будзем рабіць

форму простага будучага часу прыбралі зь беларускай мовы ў 1933 годзе[75].

Пашырэньне флексіі -аў роднага склону множнага ліку.

Напрыклад: словы — слоў → словаў, мовы — моў → моваў

У родным склоне множнага ліку назоўнікі 1 скланеньня маюць канчаткі -аў, — яў — з асновай на зьбег зычных або з падаўжэньнем зычных у аснове:

Напрыклад: адозва — адозв-аў, ванна — ванн-аў.

Некаторыя назоўнікі 2 скланеньня ў множным ліку ўжываюцца з варыянтнымі канчаткамі:
Напрыклад: туфель — туфляў, валёнак — валёнкаў, азёр — азёраў, дрэў — дрэваў.

Магчыма выкарыстаньне ў творным склоне адзіночнага ліку ў парадыгме 3-га скланеньня флексіі 2-га скланеньня.

Напрыклад: Беларусьсю — Беларусяй, з маці — з мацерай

Сынтаксіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адрозьненьні пераважна існуюць у кіраваньні прыназоўнікаў.

Клясычная беларуская Наркамаўка
Зьмена кіраваньня ў канструкцыях з прыназоўнікам па
Уніфікаванае (па + месны склон).

Прыклады: па футболе, па вызваленьні

Варыянтнае (па + давальны або месны склон).

Прыклады: па футболу — па футболе, па вызваленню — па вызваленні

Выбар прыназоўнікаў пры кіраваньні
Выкарыстаньне ўласнабеларускіх мадэляў:

Прыклады: паводле мясцовага часу, на запросіны, камітэт у справах, з прычыны, але па вайне

Арыентацыя на сынтаксіс расейскай мовы, у тым ліку празьмерна частае ўжываньне прыназоўніка па

Прыклады: па мясцоваму часу, па запрашэнню[73][76], камітэт па справах, па прычыне, але пасля вайны

увогуле, у беларускай мове адзначаецца вялікая сынанімічнасьць прыназоўнікавых канструкцыяў, выкліканая істотнымі адрозьненьнямі паміж усходнімі і заходнімі беларускімі гаворкамі[77].

Лексыкалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адрозьненьні ў галіне лексыкалёгіі маюць характар ацэнак канкрэтных варыянтаў выкарыстаньня ў прыватных выпадках, але ў агульным выпадку залежаць ад выбару лексыкі самімі носьбітамі мовы. Выбар артаграфіі грае тут дастаткова нязначную ролю і асаблівасьці, прыведзеныя ніжэй, у шырокім разуменьні, могуць выкарыстоўвацца носьбітамі мовы незалежна ад ужыванай артаграфіі.

Клясычная беларуская Наркамаўка
Лексэмы іншамоўнага паходжаньня
А. Пацехіна сьцьвярджае, што ў мэтах пазбаўленьня беларускай мовы ад русізмаў актывізуецца пазычаньне з польскай мовы, прычым неабавязкова польскіх лексэмаў[31].

Прыклады: пасол → амбасадар, фактар → чыньнік, карта → мапа, вадзіцель → кіроўца[f][78]

З прычыны русіфікацыі Беларусі ва ўжываную ў БССР беларускую мову ўводзілася значная колькасьць неўласьцівай ёй расейскай лексыкі[73][79].

Прыклады: асцерагацца → апасацца, гераізм → доблесць, угода → здзелка, цягнік → поезд

Лексэмы гістарычна беларускага паходжаньня
Паводле меркаваньня А. Пацехінай, часам адбываецца замена пэўных спрадвечна беларускіх лексэмаў[31].

Прыклады: адбывацца → тачыцца, умова → варунак, намаганьні → высілкі, іменна → менавіта[g]

Увядзеньне ва ўжываную ў БССР беларускую мову словаў зь беларускімі каранямі, але структурай расейскай мовы, а таксама замена значэньняў беларускіх словаў на значэньні аналягічных паводле гучаньня словаў расейскай мовы[73][80].

Прыклады: скасаваць → адмяніць, скласьці → саставіць, рабунак → грабеж, вайсковы → воінскі

з выдадзеных па рэформе 1933 году слоўнікаў зьнік значны пласт беларускай лексыкі; у варыятыўных выпадках пакідалі словы, наяўныя ў расейскай мове[16][38].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У адрозьненьне ад беларускага клясычнага правапісу (тарашкевіцы)
  2. ^ Разам з тым, як адзначала ў 2005 годзе працоўная група з сучаснай нармалізацыі Беларускага клясычнага правапісу, з 1957 году афіцыйная артаграфія беларускай мовы паступова набывае рысы тарашкевіцы і эвалюцыянуе ў бок стандарту клясычнага правапісу[1].
  3. ^ Ад «акадэмічны», у сэнсе «школьны», «рэгуляваны акадэміямі»[9] (у прыватнасьці Нацыянальнай акадэміяй навук)
  4. ^ Аляксандар Чарнушэвіч быў у 1933 годзе наркамам (народным камісарам) асьветы БССР
  5. ^ Беларускі паэт Уладзімер Хадыка на допыце ў турме НКВД 30 сьнежня 1936 году сьцьвярджаў што «поручение А. Александровичу редактировать новый белорусский словарь является страшнейшей ошибкой»[37]
  6. ^ Мовазнаўца Юры Бабіч паказвае, што слова «кіроўца» ўласнабеларускае
  7. ^ У гэтым выпадку абедзьве лексэмы — калькі зь ням. nämlich

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005.
  2. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 17.
  3. ^ а б Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). — Магілёў: ГА МТ «Брама», 2004.
  4. ^ а б в Плотнікаў Б., Антанюк Л. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Менск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. С. 88.
  5. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 254.
  6. ^ Лыч Л. Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — ISBN 5-343-01453-4
  7. ^ Мова мяняецца, бо жывая! // Звязда. 8 верасьня 2009 г.
  8. ^ а б Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 167—168.
  9. ^ Акадэмічны, Skarnik.by
  10. ^ IANA registry of language subtags
  11. ^ Вячорка В. Правапіс таксама расстралялі, Радыё Свабода, 30 кастрычніка 2017 г.
  12. ^ а б Запрудскі С. Варыянтнасць у беларускай літаратурнай мове // IV Летні семінар беларускай мовы, літаратуры і культуры: лекцыі, БДУ. — Менск, 1999. С. 20—26.
  13. ^ Жураўскі А. Праблемы норм беларускай літаратурнай мовы. — Менск, 1993.
  14. ^ Kammleitner A. Die Sprachensituation in Belarus als Gegenstand der politischen Reden Aljaksandr Lukašėnkas. Masterarbeit. — Wien: Universität Wien, 2014. S. 43.
  15. ^ а б Дубавец С. Ганс вялікі і Ганс малы // Наша Ніва. № 33, 6 верасьня 2007. С. 5.
  16. ^ а б в г д е ё Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы. — 2004 // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). Магілёў, ГА МТ «Брама».
  17. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15.
  18. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15—16.
  19. ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 156. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
  20. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 16.
  21. ^ а б Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 168. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
  22. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 16—17.
  23. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 17—18.
  24. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 18—19.
  25. ^ а б Прадмова // Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
  26. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 21.
  27. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 17.
  28. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 16.
  29. ^ Беларускі правапіс (проект) / Апрацаваны Правапіснай Камісіяй Беларускае Акадэміі Навук. — Менск: 1930. — С. 12.
  30. ^ а б в Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 169.
  31. ^ а б в г Потехина Е. А. Обучение белорусскому языку в условиях белорусско-белорусского двуязычия (проблемы обучения белорусскому языку как иностранному) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы: Информационные материалы и тезисы докладов международной научной конференции / Под ред. В. П. Гудкова, А. Г. Машковой, С. С. Скорвида. — М.: Филологический факультет МГУ им. М. В. Ломоносова, 2003. — С. 170—173.
  32. ^ Запрудскі С. Беларуская мова ў яе кантактах з расійскай: у цісках аднімальнага білінгвізму // Lětopis. — 2003. — Т. 50. — № 1. — С. 81.
  33. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 254.
  34. ^ Лыч Л. Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — ISBN 5-343-01453-4
  35. ^ Мова мяняецца, бо жывая! // Звязда. 8 верасьня 2009 г.
  36. ^ а б в г д Войніч Я. Як бальшавікі рэфармавалі беларускую мову? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 67—68.
  37. ^ Маракоў Л. Уладзімір Хадыка. Штрыхі да партрэта пісьменніка // Роднае слова. — Мн.: 2002. — № 10. — С. 102—107.
  38. ^ а б Шыманскі Д. «Хто знішчыў беларускую мову?» // Дзедзіч. № 5 (24), лістапад, 2003 г.
  39. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 176.
  40. ^ Сучасная беларуская мова: вучэб. дапам. — Менск: Выш.школа, 2006. — С. 100, 101.
  41. ^ Падлужны А. Праблемы варыянтнасці беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя. — Менск, 1998. С. 31.
  42. ^ Bazhutkina A. Belarussische Standardsprache(n) im Diskurs. Dissertation. — LMU München, 2020. S. 100.
  43. ^ Саўка З. Правілы левапісу // ARCHE Пачатак. — 2007. — № 1—2 (53).
  44. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 4) // ARCHE. № 11—12, 2009. С. 135.
  45. ^ Кары за «няправільны» правапіс вызначыць Савет міністраў, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 25 чэрвеня 2008 г.
  46. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 4) // ARCHE. № 11—12, 2009. С. 139.
  47. ^ Запрудскі С. Мова ўтвараецца ўжываннем // Дзеяслоў. № 15, 2015. С. 221—229.
  48. ^ Bazhutkina A. Belarussische Standardsprache(n) im Diskurs. Dissertation. — LMU München, 2020. S. 169—171, 189.
  49. ^ Зянон Пазьняк: патрэбны новы народны рух, Выступ на сьнежаньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», 14 сьнежня 2008 г.
  50. ^ Сяргей Дубавец, Жыцьцё ў зрушаным часе. Чаму важна прызнаць «беларускія ўлады» расейскімі акупацыйнымі, Радыё Свабода, 2 красавіка 2022 г.
  51. ^ а б Дубавец С. «Застаюся камуністам»… Чаму незалежныя СМІ захоўваюць вернасьць «наркамаўцы», Радыё Свабода, 21 красавіка 2022 г.
  52. ^ Вячорка В. Часам трэба крычаць ґвалтам, Радыё Свабода, 10 жніўня 2014 г.
  53. ^ Вячорка В. SŁUCAK. Ці Slutsk? Беларуская лацінка, трансьліт і рэпутацыя слаўнага гораду, Радыё Свабода, 28 траўня 2020 г.
  54. ^ Вячорка В. І кірыліца, і лацінка нам не чужыя, Радыё Свабода, 27 кастрычніка 2017 г.
  55. ^ а б Вячорка В. За што рэпрэсавалі мяккі знак, або Ці фашыст Васіль Цяпінскі?, Радыё Свабода, 22 красавіка 2015 г.
  56. ^ Жураўскі А. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. І. — Менск, 1967. С. 204.
  57. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 23—24.
  58. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 19.
  59. ^ Гапоненка І. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове пачатку XX ст. і асаблівасці іх фармальнай адаптацыі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 49 / НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; Рэдкал.: І. Падлужны (адк. рэд.) і інш. — Менск: Беларуская навука, 2000. — 95 с. ISBN 985-08-0311-8.
  60. ^ а б в г С. 16—17, 21—22.
  61. ^ а б в г д Булыка А. М. Даўнія запазычанні беларускай мовы. — Менск, 1972; Булыка А. М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XVI—XVIII стст. — Менск, 1980.
  62. ^ Кіклевіч А., Пацехіна А. Беларуская літаратурная норма: дынаміка і інавацыі (па матэрыялах сучаснага беларускага друку) // Slavia Orientalis. XLIX, Nr 1. S. 93—105.
  63. ^ а б Прадмова да акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году
  64. ^ Вячорка В. Чаму Тарашкевіч пісаў «пляны» і «лёзунгі»? Пра важную рысу клясычнага правапісу, Радыё Свабода, 31 студзеня 2019 г.
  65. ^ а б в Вячорка В. «Мне чарку акавіты!», або Чаму Скарына ня меў моўнага бар’еру ў Эўропе, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2015 г.
  66. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 170.
  67. ^ Арашонкава Г., Булыка А., Люшцік У., Падлужны А. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Навук. рэд. А. Падлужны. — Менск: Беларуская навука, 1999. С. 134—136.
  68. ^ Арашонкава Г., Булыка А., Люшцік У., Падлужны А. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Навук. рэд. А. Падлужны. — Менск: Беларуская навука, 1999. С. 137—139.
  69. ^ Арашонкава Г., Булыка А., Люшцік У., Падлужны А. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Навук. рэд. А. Падлужны. — Менск: Беларуская навука, 1999. С. 132—134.
  70. ^ Жураўскі А. Графіка-арфаграфічныя асаблівасці тэкстаў «Бібліі» Ф. Скарыны // Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1517-1519 гадах: у 3 тамах. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1990. — С. 15.
  71. ^ а б в Вячорка В. Каго люстраваць, а каго і лягчаць, Радыё Свабода, 8 верасьня 2015 г.
  72. ^ а б Крофта Г. Канкурэнцыя словаўтваральных сродкаў пры ўтварэнні агентываў і яе адлюстраванне на старонках беларускамоўнага інтэрнэту // MediaLex-2015. — Менск, 2015.
  73. ^ а б в г д Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Менск, 1994.
  74. ^ а б Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 30.
  75. ^ Будучы час (Futur Imperfect) у беларускай мове, Pravapis.org
  76. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 170.
  77. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 33.
  78. ^ Бабіч Ю. Лексіка з нацыянальна-культурным кампанентам у сучасным публіцыстычным дыскурсе // Роднае слова. № 6, 2016. С. 13.
  79. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 167, 173.
  80. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 171—172.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]