Бабруйск
Бабруйск лац. Babrujsk | |||||
Віды Бабруйску | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1387 | ||||
Магдэбурскае права: | ?[1] | ||||
Былыя назвы: | Бабрусек, Бабруеск, Баброўск | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Бабруйскі | ||||
Старшыня гарвыканкаму: | Дзьмітры Бонахаў | ||||
Плошча: | 66 км² | ||||
Вышыня: | 157 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 217 546 чал.[2] | ||||
шчыльнасьць: | 3296,15 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 225 | ||||
Паштовыя індэксы: | 213800—213807, 213809—213815, 213817—213819, 213822—213830 | ||||
СААТА: | 7410000000 | ||||
Нумарны знак: | 6 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°9′0″ пн. ш. 29°14′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 29.23333° у. д.Каардынаты: 53°9′0″ пн. ш. 29°14′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 29.23333° у. д. | ||||
± Бабруйск | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.bobruisk.by/ |
Бабру́йск — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне пры ўтоку ў яе ракі Бабруйкі. Адміністрацыйны цэнтар Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 217 546 чалавек[2]. Знаходзіцца за 110 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Асіпавічы, Жлобін, Рудабелку і аўтамабільных дарог на Менск, Гомель, Магілёў, Каленкавічы, Слуцак, Рагачоў. Порт на рацэ Бярэзіне.
Бабруйск — магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), адзін з цэнтраў рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока касьцёл езуітаў, помнік архітэктуры XVIII ст, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі дзеля будаваньня фартэцыі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся езуіцкі калегіюм і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама збудаваная ў стылі клясыцызму саборная царква ў фартэцыі, помнік архітэктуры XIX ст, зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле папулярнага меркаваньня, тапонім Бабруйск утварыўся ад назвы ракі Бабруйкі. Тым часам гідронім паходзіць ад слова бабёр[3].
Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Бобровск, Бобруеск, Бобрусек; на іншых мовах лет. Babruiskas, ід. Bobroisk, באברויסק, польск. Bobrujsk, рас. Бобру́йск.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае паселішча на месцы сучаснага Бабруйску існавала ўжо ў V—VI стагодзьдзях. Апроч таго, на падставе знаходак каменных прыладаў можна выказаць здагадку, што людзі маглі жыць у гэтай мясцовасьці яшчэ ў каменным веку.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Бабруйск зьмяшчаецца ў прывілеі вялікага князя Ягайлы і датуецца 27 красавіка 1387 году. Гэты дакумэнт пацьвярджаў правы Скіргайлы на валоданьне сярод іншых земляў і Бабруйскай воласьцю, якая складалася зь «Виленской и Троцкой половицы». З 1392 году места падпарадкоўвалася вялікаму князю Вітаўту. Тут знаходзілася рэзыдэнцыя вялікакняскага намесьніка, які падначальваўся ваяводу віленскаму. Да гэтага ж часу адносяцца першыя зьвесткі пра замак і гарадзкія ўмацаваньні.
У канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзяў Бабруйск неаднаразова быў захоплены й спалены татарамі. Таксама места моцна пацярпела ад войскаў Маскоўскай дзяржавы ў часе войнаў 1507—1508 і 1534—1537 гадоў. У пачатку 1508 году яго захапіў Міхал Глінскі. З XVI стагодзьдзя Бабруйск перадаваўся ў часовае кіраваньне найбольш магутных шляхецкіх родаў. Паводле рэвізіі 1560 году, былі ўнармаваныя павіннасьці месьцічаў, перамераныя ворныя землі места. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Бабруйск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI стагодзьдзя ў месьце дзеяла Мікольская царква, пры якой існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 годзе ў Бабруйску зьявіліся нясьвіскія езуіты, якія заснавалі тут сваю рэзыдэнцыю.
Паводле інвэнтару 1626 году, у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліцаў, 2 завулкі, 75 крамаў, цэрквы сьвятога Міколы і Ільлі, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Места атачаў земляны вал з драўлянымі сьценамі, ўмацаванымі двухпавярховымі вежамі (агулам каля 10). Існавала 5 брамаў: Кісялёўская, Падольная, Прудовая, Сьвіслацкая й Слуцкая[4]. У 1639 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў дазволіў месьцічам штогод праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацьвердзіў ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы ад 1561 году.
У кастрычніку 1648 году Бабруйск захапіў казацкі загон атамана Паддубскага. Пры дапамозе часткі жыхароў захопнікі перабілі шляхту і патапілі старосту ў Бярэзіне. У лютым 1649 году места вызваліла войска гетмана Януша Радзівіла, які жорстка расправіўся з казакамі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у лютым 1655 году казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі захапілі і спалілі Бабруйск, а жыхароў — забілі. Паводле Гадзяцкае дамовы 1658 году, Бабруйск пераходзіў у пажыцьцёвае валоданьне казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. У 1665 году казакі зноў спалілі места.
З другой паловы XVII стагодзьдзя Бабруйск называлі мястэчкам, у 1671 годзе тут было 170 дамоў. Паселішча моцна пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700—1721), калі ў 1708 годзе празь яго праходзілі швэдзкія й расейскія войскі. У пачатку 1790-х гадоў тут было 1884 жыхары, 314 дамоў[4]. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) сюды з Рэчыцы перанесьлі паседжаньні павятовых судоў і соймікаў, а таксама перавялі архіў Рэчыцкага павету.
Пад уладай Расейскае імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бабруйск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі. У часе паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 году яго на некаторы час вызваліла з-пад расейскай улады войска палкоўніка Стэфана Грабоўскага.
У 1795 годзе Бабруйск стаў цэнтрам павету Менскае губэрні. 22 студзеня 1796 году ён атрымаў уласны герб: на срэбным полі гербавай тарчы намаляваныя карабельная шчогла і «да яе крыжападобна прыстаўленыя два вырабленыя для шчоглаў дрэвы»[5]. У 1800 годзе зьявіўся першы праектны плян Бабруйску. Паводле гэтага пляну места забудоўвалася да 1810 году.
Новы пэрыяд гісторыі Бабруйску мае зьвязак з будаваньнем фартэцыі. Яе ўзьвядзеньне пачалося ўлетку на загад Аляксандра I ад 10 жніўня 1810 году. 4 чэрвеня 1811 году над фартэцыяй узьнялі расейскі сьцяг. Яна лічылася наймацнейшай і непрыступнай і прылічалася да першаклясных вайсковых умацаваньняў на тэрыторыі Расейскае імпэрыі. Узьвядзеньне фартэцыі вялося ў два этапы. Першы этап ажыцьцяўляўся ўва ўмовах набліжэньня вайны з Францыяй. Фартэцыя будавалася паводле праекту інспэктара Інжынэрнага корпусу расейскага войска Карла Опэрмана. Да пачатку вайны 1812 году пасьпелі збудаваць пяць асноўных бастыёнаў, частку ўнутраных будынкаў, насыпаць валы і выкапаць равы. У пэрыяд вайны 1812 году камандуючы 2-е расейскае арміі князь Пётр Багратыён па баях з францускімі войскамі пад абаронай умацаваньняў Бабруйскае фартэцыі здолеў даць адпачынак сваім жаўнерам, перафармаваць за кошт гарнізону фартэцыі найбольш парадзелыя аддзелы, пакінуць хворых і параненых, папоўніць запасы і пасьпяхова злучыцца з 1-м войскам пад камандаю Барклая-дэ-Толі. Чатыры месяцы фартэцыя была ў аблозе. Другі этап будаваньня прыйшоўся на 1812—1836 гады. За гэты час тэрыторыя фартэцыі павялічылася, зьявіліся дадатковыя бастыёны й вежы, у тым ліку ў 1822 годзе — знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм».
З Бабруйскам маюць зьвязак падзеі дзекабрысцкага руху ў Расеі. У фартэцыі расквартавалі 9-ю пяхотную дывізію, сярод афіцэраў якой былі сябры таемных таварыстваў. Менавіта тут у траўні 1823 году распрацавалі плян узброенага паўстаньня, які прадугледжваў арышт цара Аляксандра ў час агляду войскаў у фартэцыі. Аўтарамі праекту выступалі афіцэры — Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Іван Павала-Швяйкоўскі. Аднак кіраўнікі паўстаньня адхілі гэты плян. У фартэцыі служылі, а пазьней адбывалі пакараньне за ўдзел у сьнежаньскім паўстаньні, Васіль Нораў, Васіль Дзіваў, Міхайла Бадзіска, Міхайла Пушчын (камэндант крэпасьці ў 1865—1869 гадох) і іншыя. У другой палове XIX стагодзьдзя Бабруйская фартэцыя згубіла сваё стратэгічнае прызначэньне і ў 1886 годзе стала складам. Праз год фартыфікацыю зьнялі з уліку як стратэгічную адзінку, тут разьмясьціўся дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў.
У XIX стагодзьдзі хутка разьвіваліся гандаль і прамысловасьць Бабруйску, да чаго прычыніліся ўзьвядзеньне фартэцыі, Маскоўска-Варшаўскае шашы й Лібава-Роменскае чыгункі. Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму, прытоку капіталу й павелічэньню насельніцтва. Запрацавалі шматлікія майстэрні і заводы: лесапільныя, цагляныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, сьвячныя. У 1889 годзе выпусьціў першую прадукцыю медна-жалезакацельны завод. Галоўным багацьцем і прадметам гандлю быў лес, сьпірт, мёд, шкло, яблыкі. На мяжы XIX—XX стагодзьдзяў у Бабруйску пашыралася сетка навучальных установаў: працавалі прагімназія, прыхадзкая вучэльня і шэраг дзяржаўных і прыватных мужчынскіх і жаночых гімназіяў. Мэдычнае абслугоўваньне месьцічаў ажыцьцяўлялі вайсковы шпіталь і лякарня жыдоўскага таварыства. У пачатку XX ст. налічвалася 3500 будынкаў, два пляцы і 36 вуліцаў. Бабруйск быў вядомы яшчэ й як буйны выдавецкі цэнтар. У месьце працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на расейскай мове й ідышы. Выходзілі такія газэты, як «Бобруйский курьер», «Бобруйский листок», «Бобруйская жизнь» і іншыя. У 1883 годзе ў Бабруйску дзеяла суполка арганізацыі «Народная воля». У 1898 у тутэйшай бундаўскай друкарні выйшаў Маніфэст I зьезду РСДРП.
Паводле ўспамінаў беларускага грамадзкага дзеяча, пэдагога і актывіста беларускай дыяспары ў ЗША Яўхіма Кіпеля (1896—1969), у ваколіцах Бабруйску захоўвалася назва ліцьвіны: «У Бабруйшчыне, і там, дзе я рос, тады яшчэ быў папулярны назоў „Літва“, а мы былі „ліцьвіны“. Было й німала тых, хто памятаў, што й край называўся „Літвой“. Было яшчэ таксама шмат сьветкаў паўстаньня 1863—1864 гадоў. Мой дзед па бацьку быў у паўстаньні, ды ў Машнічах, Слаўкавічах, Байлюкох і іншых суседніх вёсках і сёлах яшчэ былі жывымі сьветкі ды ўдзельнікі паўстаньня. „Мы — Літва“, — казаў мне заўсёды мой дзед. Ды й іншыя дзяды нам, дзецям, заўсёды казалі, што тут заўсёды была Літва. <…> Памяць пра Літву перахоўвалі ня толькі нашыя дзяды ды паны, як Быкоўскі, але й маладзейшыя людзі, і гэтыя ўспаміны перадавалі нам»[6].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1914 годзе каля Бабруйску прайшла лінія фронту. У гэты пэрыяд у ім дысьлякавалася каля 30 вайсковых частак. У лютым 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бабруйск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[7]. У 1918 годзе Бабруйск заняў польскі корпус Доўбар-Мусьніцкага, пазьней — нямецкія войскі. 28 лістапада 1918 году места занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Бабруйск увайшоў у склад Беларускай ССР. 28 жніўня 1919 места зноў занялі польскія войскі, якія стварылі ў фартэцыі лягер для палонных. 10 ліпеня 1920 году Бабруйск зноў захапілі бальшавікі.
1 кастрычніка 1929 году ў Бабруйску пачаў дзеяць найбуйнейшы ў Эўропе дрэваапрацоўчы камбінат. Збудаваная ў 1922 годзе, сталярная майстэрня ў 1926 годзе пераўтварылася ў мэблевую фабрыку імя Халтурына. 3 сакавіка 1930 годзе першую прадукцыю дала Бабруйская швачная фабрыка імя Дзяржынскага — найбуйнейшае ў БССР прадпрыемства швацкае прамысловасьці. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны Бабруйск стаў буйным прамысловым цэнтрам і тэмпамі росту прамысловасьці выйшаў на першае месца ў БССР.
У перадваенныя гады Бабруйск быў даволі значным вайсковым аб’ектам. Тут дысьлякаваўся штаб і часткі 47-га стралковага корпусу, большасьць частак 121-е стралковае дывізіі, 174-асобны зэнітны артылерыйскі дывізіён, вайскова-трактарная вучэльня, акруговыя склады. Аднак у першыя дні вайны ў месьце засталася малаважная частка войскаў.
У Другую сусьветную вайну ў выніку імклівага наступу нямецкіх танкавых дывізіяў 28 чэрвеня 1941 году Бабруйск захапілі войскі Трэцяга Райху. Тым ня менш, на пачатку ліпеня 1941 году ў навакольлі места адбылася бітва, якая сталася часткай Смаленскае бітвы. У Бабруйску стварылі лягеры для ваеннапалонным, дзе агулам за тры гады акупацыі зьнішчылі тут каля 44 тысячаў вайскоўцаў. Першыя падпольныя антыфашысцкія групы зьявіліся ў канцы ліпеня 1941 году. У месьце дзеяла 17 падпольных групаў, якія бесьперапынна падтрымлівалі зьвязак з падпольнымі аддзеламі. 24 чэрвеня 1944 году войскі правага крыла першага Беларускага фронту пад камандаю генэрала К. Ракасоўскага пачалі Бабруйскую наступальную апэрацыю. 27 чэрвеня ўьварылася шчыльнае кольца атачэньня: у «Бабруйскім катле» апынуліся шэсьць варожых дывізіяў дзявятае палявое арміі суперніка колькасьцю каля 40 тысячаў чалавек. 29 чэрвеня ў Бабруйск увайшлі савецкія войскі.
У 1944 годзе ўтварылася Бабруйская вобласьць, скасаваная аднак у 1954 годзе. У паваенны час пачалося актыўнае будаваньне новых прадпрыемстваў: завод гумава-тэхнічных вырабаў (1952 год), мясакамбінат (1956 год), завод трактарных дэталяў і агрэгатаў (1959 год), футравая фабрыка (1960 год), малочны завод (1967 год). Да пачатку 1960-х гадоў у Бабруйску ў асноўным разьвівалася дрэваапрацоўчая прамысловасьць. У 1960 годзе пачалося будаваньне Шыннага камбіната, на якім 1 студзеня 1972 году вырабілі першую пакрышку.
У 2006 годзе ў Бабруйску прайшоў фэстываль-кірмаш «Дажынкі».
16 жніўня 2020 году ў Бабруйску прайшоў Марш за свабоду.
-
Вуліца Касьцельная. Касьцёл
-
Вуліца Менская. Старая царква
-
Вуліца Раманаўская. Саборная царква-мураўёўка
-
Жаночая гімназія
-
Гатэль «Бярэзіна»
-
Вуліца Альхоўская
-
Вуліца Адамаўская
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кліматычныя зьвесткі для Бабруйску | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | |
Сярэдні максымум t, °C | −4,1 | −2,9 | 2,6 | 11,8 | 19,1 | 22,5 | 23,5 | 22,6 | 17,3 | 10,5 | 3,2 | −1,2 | |
Сярэдняя t, °C | −7,2 | −5,9 | −1,1 | 7,0 | 13,5 | 17,0 | 18,1 | 17,1 | 12,4 | 6,8 | 0,9 | −3,8 | |
Сярэдні мінімум t, °C | −10,2 | −9,2 | −4,7 | 2,3 | 7,9 | 11,5 | 12,7 | 12,7 | 7,6 | 3,1 | −1,4 | −6,3 | |
Крыніца: Клімат Бабруйску (рас.) Праверана 17 сакавіка 2016 г. |
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVII стагодзьдзе: 1639 год — 2,1 тыс. чал.; 1671 год — 0,9 тыс. чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1741 год — 0,8 тыс. чал.; 1766 год — 1,3 тыс. чал.; 1798 год — 2072 чал.[8]; 1800 год — 2250 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — 6829 чал.; 1829 год — 6829 тыс. чал.[9][10]; 1857 год — 11 627 чал.; 1861 год — 15 766 чал.; 1863 год — 18 938 чал.; 1866 год — 19 745 чал.; 1880 год — 37 237 чал. (20 322 муж. і 16 915 жан.) з улікам 4719 чал. вайсковага гарнізону, зь іх паводле веры 17 288 праваслаўных, 916 каталікоў, 420 эвангелістаў, 258 старавераў, 17 935 юдэяў, 420 магамэтанаў[11]; 1897 год — 34 336 чал.
- XX стагодзьдзе: 1904 год — 36 133 чал.; 1907 год — 39 816 чал.; 1913 год — 41,3 тыс. чал.[12]; 1923 год — 36 656 чал.; 1927 год — 54,7 тыс. чал.[13]; 1939 год — 84 107 чал.; 1945 год — 28 тыс. чал.; 1959 год — 97 530 тыс. чал.[14][15]; 1965 год — 116 тыс. чал.; 1968 год — 122,5 тыс. чал.; 1970 год — 138 тыс. чал.[16]; 1989 год — 232 тыс. чал.; 1995 год — 227,1 тыс. чал.[17]; 1999 год — 232 тыс. чал.[18], зь іх беларусаў — 75,1%, расейцаў — 19,6%, украінцаў — 3,0%, жыдоў — 0,6%, палякаў — 0,4%, іншых — 1,2%
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 220,1 тыс. чал.[19]; 2006 год — 221 тыс. чал.; 2009 год — 219 тыс. чал.; 2009 год — 215 092 чал.[20] (перапіс); 2016 год — 217 975 чал.[21]; 2017 год — 217 940 чал.[22]; 2018 год — 217 546 чал.[2]
Этнічныя групы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць 9 нацыянальна-культурных аб’яднаньняў і іх арганізацыйных структураў:
- Бабруйская гарадзкая габрэйская суполка
- Бабруйскае гарадзкое габрэйскае таварыства «Рахамім»
- Грамадзкае аб'яднаньне габрэйскай культуры «Тхія»
- Міжнародная грамадзкая арганізацыя армянаў «Урарту»
- Бабруйская грамадзкая арганізацыя «Азэрбайджанскае таварыства гістарычнай культуры»
- Грамадзкае аб’яднаньне Бабруйская нямецкая суполка «Цэнтар нямецкай культуры»
- Бабруйскае гарадзкое аддзяленьне грамадзкага аддзяленьня «Зьвяз палякаў на Беларусі»
- Бабруйскае гарадзкое культурна-асьветнае таварыства ўкраінцаў «Славутич» Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Ватра»
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Бабруйску дзеюць 20 рэлігійных суполак пяці канфэсіяў:
- Праваслаўных — 5
- Стараверскіх — 3
- Рымска-каталіцкіх — 1
- Пратэстанцкіх — 8
- Юдэйскіх — 3.
Бабруйск — цэнтар Бабруйскае праваслаўнае япархіі, утворанай у 2004. Яна ахоплівае Асіпавіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Качэрыцкі, Клічаўскі раёны. На тэрыторыі крэпасьці знаходзіцца жаночы праваслаўны манастыр.
Касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі зьяўляецца цэнтрам створанага ў 1744 годзе і адноўленага ў 2006 годзе Бабруйскага дэканату, які ахоплівае Асіпавіцкі, Бабруйскі, Глускі, Качэрыцкі, Клічаўскі раёны. У XVII—XVIII стагодзьдзях у месьце існавала Бабруйская езуіцкая акадэмія.
Дзейнасьць рэлігійных суполак і пытаньні міжканфэсійных адносінаў асьвятляюцца ў гарадзкіх друкаваных сродках масавай інфармацыі. Тры гарадзкія газэты маюць сталыя рубрыкі (дадаткі).
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Бабруйску працуюць 27 сярэдніх, 2 базавыя і 2 вячэрнія агульнаадукацыйныя школы, 3 гімназіі (у тым ліку Славянская гімназія), 3 дзіцячыя музычныя школы, дзіцячая мастацкая школа, 12 дзіцяча-юнацкіх спартовых школаў і клюбаў, школа-каледж мастацтваў, дом мастацкае творчасьці для дзяцей і юнацтва, дзіцяча-юнацкі цэнтар вандраваньняў і краязнаўства «Бабраня», станцыя юных натуралістаў, цэнтар карэкцыйнага навучаньня і рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльны прытулак, цэнтар выхаваўчае працы «Росквіт», цэнтар юных турыстаў «Вандроўнік».
Шырокае прадстаўніцтва мае сярэдняя спэцыяльная і прафэсійная адукацыя. У Бабруйску ёсьць 7 каледжаў (аўтатранспартны, аграрна-эканамічны, гандлёва-эканамічны, машынабудаўнічы, тэхналягічны, будаўнічы, мастацкі) і 2 тэхнікумы (мэханіка-тэхналягічны і лесатэхнічны), Бабруйская вучэльня алімпійскага рэзэрву[23].
Апроч таго ў Бабруйску 2 філіі вышэйшых навучальных установаў — Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту (утвораная 1 кастрычніка 1997 году) і Прыватнага інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Імпрэзы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Бабруйску праводзіцца больш за 500 культурных мерапрыемстваў на год. З найбольш вядомых можна адзначыць фэсты народнага мастацтва «Вянок сяброўства» (міжнародны) і харэаграфіі «Ля вытокаў танца» (рэгіянальны), а таксама міжнародны пленэр па кераміцы «Art-Жыжаль».
Апроч таго, шматлікія творчыя калектывы з Бабруйску бяруць удзел у розных міжнародных фэстах, такіх як «Мэрцышор», «Каліново літо на Дніпрі», «Спивограй», «Крымская хваля», «Славенія». У 2006 тут прайшоў рэспубліканскі фэстываль-кірмаш «Дажынкі».
Творчыя калектывы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Бабруйску на сталай аснове дзеюць некалькі дзясяткаў творчых калектываў, зь якіх можна адзначыць ансамбль танца «Прыгажосьць», харэаграфічныя калектывы «Бабраня», «Крынічка», «Чабарок», «Званочкі», ансамблі «Бобруйскія музыкі», «Весялуха», тэатар «Служкі трох муз», тэатар песьні «Шына-най», заслужаны ансамбль танцу Рэспублікі Беларусь «Юнацкасьць» Палацу мастацтваў Бабруйску, ансамблю танцу «Зязюлечка» Цэнтру выхаваўчае працы «Росквіт».
Тэатар драмы і камэдыі імя Дунін-Марцінкевіча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бабруйскі тэатар драмы і камэдыі мае статус Магілёўскага абласнога тэатру. Заснаваны ў 1970 годзе. Названы ў гонар Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча — клясыка беларускае літаратуры, заснавальніка беларускае драматургіі.
У 2008 годзе адзначалася 200-годзьдзе з дня нараджэньня пісьменьніка і ў гонар гэтага ў Бабруйску праходзіў Міжнародны фэст нацыянальнае драматургіі, у якім прымалі ўдзел 12 тэатраў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы і Латвіі.
Бабруйскі краязнаўчы музэй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзее Бабруйскі краязнаўчы музэй, экспазыцыя якога распавядае пра археалёгію краю, гістарычнае разьвіцьцё ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскае імпэрыі, гандлёвае і прамысловае разьвіцьцё ў дасавецкі пэрыяд, рэвалюцыю 1917 году, пэрыяды НЭПу, калектывізацыі і індустрыялізацыі, падзеі ў гады нямецка-савецкай вайны, узнаўленьне і паваеннае разьвіцьцё краю, гісторыю гораду ў сучасны пэрыяд, этнаграфію, культуру і прыроду краю.
Бібліятэкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Бабруйску працуюць 10 бібліятэк: цэнтральная гарадзкая імя Максіма Горкага, гарадзкая №8 імя Эўфрасіньні Полацкай, гарадзкая імя Аляксандра Пушкіна, гарадзкая № 4 імя Барыса Мікуліча, гарадзкая № 7 імя Алі Шагенцукава, цэнтральная дзіцячая імя Аркадзя Гайдара, дзіцячая №6 імя Мікалая Астроўскага, дзіцячая №5, гарадзкія №12 і №16.
Кінатэатры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць 2 кінатэатры: адназальны «Таварыш» (500 месцаў, Dolby Surround) і дзьвюхзальны «Мір» (276 і 220 месцаў).
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спартовая і фізкультурная інфраструктура Бабруйску ўлучае лядовы палац «Бабруйск-Арэна», конна-спартовы клюб «Ломаў», водна-спартовы комплекс «Лясны», 3 стадыёны, 2 плавальныя басэйны (і каля дваццаці міні-басэйнаў), каля 100 спартовых заляў, каля 300 вулічных спартовых пляцовак. У горадзе ёсьць уласныя футбольны і хакейны клюбы, таксама ладзяцца міжнародныя і рэспубліканскія спаборніцтвы.
Лядовы палац «Бабруйск-Арэна» будаваўся з 2006 году і адкрыўся 31 траўня 2008 году. Ёмістасьць палаца складае 7 тысячаў чалавек і ён зьяўляецца найбольшым лядовым палацам у Беларусі. «Бабруйск-Арэна» зьяўляецца хатнім стадыёнам адноўленага хакейнага клюбу «Шыньнік» (Бабруйск), каманда якога зьяўлялася шматразовым чэмпіёнам БССР па хакеі. Пачынальна з сэзону 2008/2009 выступае ў Экстралізе Беларусі, у выніку рэгулярнага чэмпіянату заняў 10-е месца (не заслужыўшы такім чынам права гуляць у плэй-офф чэмпіянату). Акрамя таго, ХК «Шыннік» (Бабруйск) зьяўляецца базавым для моладзевае (да 20 гадоў) зборнае Беларусі. Таксама ў палацы ладзяцца масавыя катаньні на каньках.
У горадзе ёсьць уласны футбольны клюб «Белшына Бабруйск» (заснаваны ў 1977 годзе, у 1993—1995 гадох зваўся «Шыньнік»). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Спартак» (ёмістасьць 3700 месцаў). Клюб зьяўляецца чэмпіёнам і срэбным прызэрам, а таксама двухразовым бронзавым прызэрам чэмпіянату Беларусі, трохразовым ўладальнікам Кубку Беларусі. У цяперашні час выступае ў першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.
У Бабруйску праводзяцца міжнародныя (па міні-футболе і самба) і рэспубліканскія (два па грэка-рымскім дужаньні — памяці генэрал-маёра Бахарава і на прызы Ліштвана) турніры, спартакіяда па дзюдо, этапы рэспубліканскіх кубкаў па роварным спорце, драгрэйсынгу і турыстычна-прыкладным шматбор’і, а таксама лёгкаатлетычныя спаборніцтвы памяці генэрал-маёра Бахарава (больш за 1500 удзельнікаў у 2008 годзе) і чэмпіянат Беларусі па більярдзе.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
---|---|---|
50 год Кастрычніка вуліца | Сянная вуліца[24] | |
Астроўскага вуліца | Школьная вуліца | |
Бахарава вуліца (з 1945) | Шашэйная вуліца | 8 дывізіі вуліца (1932—1938) Парыскай Камуны вуліца (1938—1941) |
Ванцэці вуліца (з 1920-х) | Глуская вуліца | Лягерная вуліца (1941—1944) |
Валадарскага вуліца (з 1924) | Аляксандраўская вуліца | |
Войкава вуліца | Пяскі вуліца | |
Гогаля вуліца (з 1924) | Буйная вуліца | |
Горкага вуліца (з 1920-х) | Скарбовая вуліца | рас. Казначейская улица |
Дзяржынскага вуліца (з 1930-х) | Слуцкая 1-я вуліца | |
Інтэрнацыянальная вуліца | Прысутная вуліца | Гарнізонная вуліца (1941—1944) |
Карбышава вуліца | Сапёрная вуліца | Піянэрская вуліца |
Карла Лібнэхта вуліца | Паліцыйная вуліца | Сталыпінская вуліца |
Карла Маркса вуліца | Слуцкая 2-я вуліца | Скобелеўская вуліца (1910—1918) |
Камсамольская вуліца (з 1920-х) | Адамаўская вуліца | |
Кастрычніцкая вуліца (з 1920-х) | Касьцельная вуліца | Тацянінская вуліца Гарбатаўская вуліца Разэнмаркаўская вуліца |
Крупскай вуліца | Цытадэльная вуліца | |
Куйбышава вуліца | Прагонная вуліца | |
Леніна вуліца | Лукаўская вуліца | |
Маскоўская вуліца (з 1953) | Сямёнаўская вуліца | Лекерта вуліца |
Пралетарская вуліца | Мікалаеўская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Пушкінская вуліца | |
Розы Люксэмбург вуліца | Агародная вуліца | |
Савецкая вуліца | Раманаўская вуліца (частка) Баравая вуліца (частка) |
|
Сацыялістычная вуліца | Мураўёўская вуліца[a] Цэнтральная вуліца |
|
Талстога вуліца | Зьмітроўская вуліца | |
Урыцкага вуліца | Палігонная вуліца Кліменкаўская вуліца |
Опэрманская вуліца Аляксееўская вуліца |
Халтурына вуліца | Старабярэзінская вуліца | |
Чонгарская вуліца (з 1925) | Альхоўская вуліца | |
Чырвонасьцяжная вуліца | Антонаўская вуліца | Салдацкая вуліца |
Энгельса вуліца | Інвалідная вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Бабруйску да нашага часу гістарычныя назвы захавалі толькі вуліца Менская і завулак Пажарны.
Да будаваньня расейскай фартэцыі ў Бабруйску існавалі Рынак, дзе знаходзіліся Фарны касьцёл і касьцёл езуітаў, а таксама вуліцы Падольная (каралеўская двор), Сьвіслацкая (калегіюм езуітаў і каралеўскі сад), Прудовая, Кісялёўская (царква Прачыстай Багародзіцы), Ільлінская (царква Ільлі Прарока), Капыльнічавая (замкавы гасьціны двор)[25] і Парыцкая «за ракой Баброўкай».
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працуе больш за 40 прамысловых прадпрыемстваў вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, хімічнае, машынабудаўнічае, мэталаапрацоўчае, дрэваапрацоўчае, лёгкае, харчовае прамысловасьці.
Структура і спэцыялізацыя прамысловае вытворчасьці Бабруйску[26]:
- нафтахімічная і хімічная прамысловасьць (Беларускі шынны камбінат ААТ «Белшына» — адзін з найбуйнейшых на тэрыторыі былога СССР);
- машынабудаваньне і мэталаапрацоўка, у тым ліку:
- ААТ «Бабруйскаграмаш» — адзін з найбуйнейшых у Беларусі вытворцаў сельскагаспадарчага машынабудаваньня ,
- РУП «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў»,
- ААТ «Бабруйсксельмаш»,
- ААТ «Спэцаўтатэхніка»
- ААТ «ТаіМ» («Тармазныя апараты і мэханізмы» — найбольшы ў СНД вытворца пнэўматармазных мэханізмаў для грузавай аўтатэхнікі);
- харчовая прамысловасьць (у тым ліку кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік» і самы малады і адзін з найбольш пасьпяховых вытворцаў піва ў Беларусі бровар СЗАТ «Сябар»);
- лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасьці (ААТ «ФАНДОК», ЗАТ «Бабруйскмэбля», Бабруйскі завод драўняна-кудзелістых плітаў);
- лёгкая прамысловасьць (ААТ «Славянка», ААТ «Бабруйская абутковая фабрыка», ААТ «Бабруйсктрыкатаж»).
Таксама ў Бабруйску разьмяшчаецца адзін з двух у Беларусі гідролізных заводаў (другі — у Рэчыцы).
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бабруйск — найбольшы транспартны вузел сярод местаў Беларусі, якія не зьяўляюцца абласнымі цэнтрамі. Месьцічаў перавозяць 2 тралейбусныя лініі (адзіны зь местаў, што не зьяўляюцца абласнымі цэнтрамі, у якім ёсьць тралейбус), каля 30 аўтобусных лініяў, больш за 70 лініяў маршрутных таксовак. У месьце ёсьць аўтавакзал, 2 чыгуначныя станцыі: «Бабруйск» (пасажырская) і «Бярэзіна» (грузавая), порт на рацэ Бярэзіне. Раней існаваў аэрапорт.
Праз Бабруйск праходзіць галіна B панэўрапейскага транспартнага калідору IX (Калінінград — Вільня — Менск — Кіеў — Адэса).
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. Гасьцініцы «Бабруйск», «Юбілейная», «Фэнікс», «Турыст» (узьведзеная ў 2006 годзе, 198 месцаў). Бальнеагразевы курорт «Бабруйск» (санаторыя імя Леніна, санаторыя-прафілякторыя «Фандок» і санаторна-аздараўленчы комплекс «Шыньнік»), дзіцячая санаторыя «Вясёлка».
Бабруйск — вядомы цэнтар ганчарнага промыслу, г. зв. бабруйскай керамікі[27].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дом Кацнэльсон (1912)
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя; фрагмэнты)
- Касьцёл Бяззаганага Пачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1906)
- Касьцёл езуітаў (1746—1780)
- Могілкі юдэйскія
- Сынагога Вялікая (1901)
- Сынагогі, руіны (XIX—XX стагодзьдзі)
- Фартэцыя (1807—1836)
- Царква Сьвятога Георгія (1900—1910; мураўёўка)
- Царква Сьвятога Мікалая (1892; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замак
- Калегіюм езуітаў
- Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (Фарны, XVII ст.)
- Царква саборная Аляксандра Неўскага ў фартэцыі (1827)
- Царква Прачыстай Багародзіцы (XVII ст.)
- Царква Сьвятога Духа (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Прарока Ільлі (XVII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Чыгуначны вакзал
-
Колішняя воданапорная вежа
-
Руіны гатэлю Эўропа
-
Руіны сынагогі
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Упершыню шырокую вядомасьць Бабруйск атрымаў у 1933 годзе, калі яго згадалі ў кнізе «Залатое цяля» І. Ільфа і Я. Пятрова як высокакультурны горад, куды імкнуліся ўсё «дзеці» лейтэнанта Шміта. Упершыню Ільф і Пятроў згадваюць Бабруйск у фэльетоне 1929 году «Птушычка зь Межрабпамфільму», які пачынаецца са словаў «У горадзе Бабруйску здарылася няшчасьце».
- Бабруйск упамінацца ў гіранічным кантэксьце ў «Песьні гуру» (1982 год) Майка Навуменкі, лідэра расейскага рок-гурту «Заапарк».
- Зноў шырокую вядомасьць Бабруйск атрымаў у пачатку XXI стагодзьдзя ў інтэрнэце, дзякуючы славеснаму штампу «Ф Бабруйск, жывотнае!», найболш папулярнаму сярод расейскае субкультуры «падонкафф». У гэтай якасьці склаў сур’ёзную канкурэнцыю Ўрупінску, практычна выцесьніўшы яго з займанае нішы.
- У амэрыканскім сэрыяле «Зорны шлях: Наступнае пакаленьне» у эпізодзе «Сям’я» Ворф чакае сваіх бацькоў для тэлепартацыі на «Энтэрпрайз» зь «Зямное станцыі Бабруйск» у 2367 годзе.
- У амэрыканскім фільме «Ілжывая спакуса» на 115 хвіліне згадваецца Валянцін Рыгоравіч Міронаў, які сьцьвярджае, што ён родам з Бабруйску.
- У 1988 годзе ў Бабруйску быў створаны рок-гурт «Би-2».
- У 2006 годзе ў Бабруйску паставілі помнік бабру, а ў 2008 годзе — яшчэ два помнікі: бабёр на лаўцы і сантэхнік.
- У 1949 годзе ЦК КПБ накіраваў прашэньне сакратару ЦК ВКП(б) Малянкову ў гонар 70-годзьдзя Сталіна дазволіць, апроч ўсяго іншага, пераназваць Бабруйск у Сталінск, а Бабруйскую вобласьць — у Сталінскую[28].
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Бабруйску |
---|
Месцы, зьвязаныя з Бабруйскам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларусь: Бабруйская вуліца ў Менску, Парычах, Кобрыні, Слуцку і Глуску; крама «Бабруйскі» ў Менску
- Расея: Бабруйская вуліца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Екацярынбургу; Бабруйскі завулак у Новасыбірску; Бабруйскі парк у Нара-Фамінску
- Украіна: Бабруйская вуліца ў Харкаве; Бабруйскі завулак у Кіеве
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ураджэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Элья Абелеў (1919—1985) — трэнэр (спартовая гімнастыка)
- Ізраіль Агол — генэтык, арганізатар навукі, акадэмік АН УССР
- Мікалай Азбукін (1894—1943) — географ, краязнаўца, адзін з арганізатараў краязнаўства ў Беларусі
- Дзьмітры Алісейка (нар. 1992) — футбаліст
- Уладзімер Алоўнікаў (1919—1996) — кампазытар
- Аляксандар Аляхно — матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук
- Руслан Аляхно (нарадзіўся ў 1981) — сьпявак
- Алена Амелюсік (нар. 1989) — спартовец (вэляспорт)
- Андрэй Арлоўскі (нар. 1979) — спартовец (мяшаныя адзінаборствы)
- Тацяна Арцюшына (нар. 1953) — беларуская грамадзка-палітычная дзяяка
- Самуіл Асновіч — музыкант (скрыпка), заслужаны артыст Беларусі
- Ісідар Балоцін (1907—1961) — артыст опэры (лірычны тэнар), народны артыст Беларусі
- Міхаіл Бархін — архітэктар, доктар архітэктуры, прафэсар
- Эдуард Белагураў (1947—1998) — мастак
- Аляксандар (Белазор) (1866—1933) — праваслаўны барнаульскі япіскап
- Аляксандар Блахін — фізык, доктар фізыка-матэматычных навук
- Аляксандар Блох (1878— ?) — юрыст, публіцыст
- Максім Нэафіт Буйніцкі(ru) (нар. 1981) — кінарэжысэр і сцэнарыст
- Арцём Булойчык (нар. 1992) — футбаліст
- Бярнард Быхоўскі (1901—1980) — філёзаф, доктар філязофскіх навук
- Андрэй Вайцяховіч (нар. 1972) — археоляг
- Сямён Вальфсон (1894—1941) — дзяржаўны дзяяч БССР, філёзаф
- Яўген Васьковіч (нар. 1990) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, журналіст. Лідэр беларускай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт»
- Паўліна Венгерава — габрэйская пісьменьніца
- Арон Гайстэр (1899—1937) — савецкі дзяржаўны дзяяч, эканаміст-аграрнік
- Ігар Галубчык (нар. 1951) — матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук
- Анатоль Галуза (нар. 1957) — гандбаліст
- Аляксандар Гарэлік (1908—1987) — навуковец у галіне тэхнічнай кібэрнэтыкі, доктар тэхнічных навук
- Ёсіф Гарэлік — юрыст, доктар юрыдычных навук
- Залман Гарэлік (1908—1987) — геоляг, тэктаніст
- Леў Гарэлік — музыкант (скрыпка), народны артыст Беларусі
- Іна Герасімава — гісторык
- Міхась Герчык (1932—2008) — беларускі пісьменьнік
- Валеры Глушакоў (1926—2005) — артыст опэры (лірычны тэнар), народны артыст Беларусі
- Яўген Голант (1888—1971) — пэдагог
- Геральд Горскі — навуковец у галіне тэхналёгіі паперы, доктар тэхнічных навук
- Веніямін Гохман — географ, доктар геаграфічных навук
- Ісак Давідовіч (1911—1993) — маляр і графік
- Сямён Дамарад (нар. 1948) — мастак-манумэнталіст
- Уладзімер Дамарад — графік
- Дзьмітры (Драздоў) (нар. 1953) — праваслаўны віцебскі япіскап
- Саламон Казіміроўскі — рэжысэр, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі
- Анатоль Калінін (нар. 1947) — матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук
- Арон Касталянскі (1891—1934) — маляр
- Міхаіл Коржык — фізык, доктар фізыка-матэматычных навук
- Сяргей Кошаль (нар. 1986) — футбаліст
- Міхась Кукабака (нар. 1936) — дысыдэнт, праваабаронца, палітычны вязень
- Мікалай Лазаковіч (нар. 1954) — матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук
- Самуіл Лазінскі — гісторык
- Дзяніс Лебедзеў (нар. 1992) — футбаліст
- Альгерд Малішэўскі (1922—1989) — маляр, заслужаны дзяяч мастацтва БССР
- Леанід Марчанка — графік
- Эдуард Мельнікаў — тэлевізійны журналіст
- Барыс Мікуліч (1912—1954) — беларускі пісьменьнік, празаік, крытык
- Андрэй Міхневіч (нар. 1976) — лёгкаатлет
- Уладзімер Міхалкін (нар. 1927) — савецкі ваеначальнік, маршал артылерыі
- Ірына Мядзведзева (нар. 1982) — акторка тэатру і кіно
- Сяргей Налівайка (нар. 1973) — 4-ы міністар па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (з 27 сьнежня 2014 году).
- Аляксандар Пракапенка (нар. 1953) — футбаліст
- Віталь Рымашэўскі (нар. 1975) — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч
- Дзьмітры Рэкіш (нар. 1988) — футбаліст
- Эфраім Севела (1928—2010) — пісьменьнік, сцэнарыст, кінарэжысэр
- Сяргей Сікорскі — арганізатар і кіраўнік партызанскага руху ў Беларусі, Герой Савецкага Саюза
- Ёсіф Сіманоўскі (1892—1967) — бібліятэказнаўца, бібліёграф, перакладнік, заслужаны дзяяч культуры БССР
- Міхаіл Сьпірыдонаў (нар. 1937) — гісторык
- Уладзімер Табушаў — графік
- Валянціна Трыгубовіч — мастацтвазнавец
- Ёсіф Тункель — габрэйскі пісьменьнік-гумарыст
- Дзьмітры Турлін (нар. 1985) — футбаліст
- Вера Харужая (1903—1942) — дзяячка КПЗБ, Герой Савецкага Саюзу
- Уладзімер Хвашчынскі (нар. 1990) — футбаліст
- Вольга Хілько (нар. 1979) — спартовец (вольная барацьба)
- Віктар Цемушаў (1975—2011) — гісторык
- Міхаіл Цікоцкі (1922—2012) — беларускі мовазнавец і журналіст
- Міхаіл Цэйтлін — шахмастыт, міжнародны грасмайстр, лекар
- Валянцін Чаканаў (нар. 1957) — беларускі дзяржаўны дзяяч
- Генадзь Шведзік (1923—1942) — беларускі паэт
- Аляксандар Шпілеўскі (нар. 1953) — беларускі дзяржаўны дзяяч
- Сяргей Шыла (нар. 1963) — мастак-канцэптуаліст, дызайнэр, калекцыянэр, выканаўца аўтарскай песьні
- Сол Шульман — пісьменьнік, кінарэжысэр, сцэнарыст
- Рышард Язьвінскі (1870—1922) — расейскі гаспадарчы дзяяч
- Алеся (Ярмоленка) (нар. 1976) — сьпявачка
- Зьміцер Яцкевіч (нар. 1966) — гісторык, археограф, архівіст
Жыхары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вадзім Болбас (нар. 1942) — выпускнік сярэдняй школы № 16 1959 году, літаратар, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Палітызаваная назва, нададзеная расейскімі ўладамі ў гонар Мураўёва-вешальніка з мэтай маскалізацыі краю праз тапаніміку
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сінкевіч М. Малеч. Магдэбурскае права. // «Гістарычная брама» № 6 (10), 1998.
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 30.
- ^ а б Грынявецкі В. Бабруйск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 273.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Дыдзік У. Успаміны Яўхіма Кіпеля // Спадчына. № 3, 1995. С. 72—99.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 142.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 144.
- ^ Валахановіч А., Дулеба Г., Ткачоў М. Бабруйск // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 250.
- ^ Sulistrowski F. Bobrujsk // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 266.
- ^ Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 147.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 150.
- ^ Валахановіч А., Дулеба Г., Ткачоў М. Бабруйск // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 251.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 185.
- ^ Валахановіч А., Дулеба Г., Ткачоў М. Бабруйск // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 249.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 141.
- ^ Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Дарына Запольская. «Калыска» для чэмпіёнаў // Зьвязда : газэта. — 25 верасьня 2013. — № 180 (27545). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Краязнаўчы сайт Бабруйску
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 186.
- ^ Эканоміка — Прамысловы комплекс
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці. — Менск: «Беларуская навука», 2008. С. 416.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Маліноўскі В. «…І будуць расчынены брамы»: з гісторыі касцёлаў Бабруйска. — Менск, 2008.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бабруйск: рэгіянальны партал Архіўная копія
- Бабруйск , Radzima.org
- Бабруйск (рас.), Глёбус Беларусі
- Bobruisk.org
- Bobruisk.by
|