Карусь Каганец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карусь Каганец
Карусь Каганец у сталыя гады
Карусь Каганец у сталыя гады
герб «Байбуза»
герб «Байбуза»
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Казімер Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі
Псэўданімы Карусь Каганец, K.Kahaniec, Будзімір, К.Шашаль, К. Качанец, К.К.
Нарадзіўся 10 лютага 1868(1868-02-10)
Памёр 20 траўня 1918(1918-05-20) (50 гадоў)
Пахаваны
Бацькі Карл Кастравіцкі
Алена Сьвентаржэцкая
Жонка Ганна Пракаповіч
Дзеці Янка, Мірон, Галіна і Мілена
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург, мастак, грамадзкі дзяяч, перакладчык
Гады творчасьці 1893—1918
Мова беларуская мова
Творы на сайце Knihi.com
http://knihi.com/Karus_Kahaniec/

Казі́мер Рафаіл Карлавіч Кастраві́цкі (больш вядомы як Кару́сь Кагане́ц; 10 лютага 1868, Табольск — 20 траўня 1918, Прымагільле, Менскі павет, цяпер в. Юцкі, Койданаўскі раён Менская вобласьць) — беларускі паэт і грамадзкі дзяяч пачатку XX стагодзьдзя, перакладчык, мастак, палітык. Родзіч вядомага францускага паэта Гіёма Апалінэра[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запісная кніжка бацькі Каруся Каганца — Караля Кастравіцкага

Першым вядомым прадстаўніком роду Кастравіцкіх быў праваслаўны шляхціч і скарбнік Амсьціслаўскага княства Іван Кастравіцкі (XV ст.). У XVI стагодзьдзі яго ўнук — Сьцяпан Кастравіцкі — перайшоў у каталіцтва. Яшчэ даўней род меў прозьвішча Бакуновічаў, баяр Амсьціслаўскіх, і потым пераехаў на Гарадзеншчыну. Далей, пасьля пярэбараў з гарадзенскіх Кастравічаў, родавага месца, на Меншчыну, адбылося пералічэньне Кастравіцкіх зь віленскіх дваранаў у менскія.

За часам Расейскай імпэрыі «Указом Правительствующего Сената Герольдии» ад 30 чэрвеня 1834 году за № 16277 Менскі дваранскі сход запісаў Кастравіцкіх у шостую частку дваранскай радаслоўнай кнігі Менскай губэрні з захаваньнем герба Байбуза[2].

Бацька Каруся Каганца — удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў Карл (Караль) Самуілавіч Кастравіцкі быў ужо зьбяднелым шляхцічам і валодаў толькі фальваркам Навасёлкі на Койданаўшчыне, да якога належалі 6 сялянскіх двароў на правах чыншавікоў. Гарбаты ад нараджэньня, ён меў добрую агранамічную адукацыю і быў аматарам музыкі[2]. Ягоны брат, Міхаіл Апалінары Кастравіцкі, у мінулым — таксама ўдзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, меў чын штабс-капітана царскай арміі і пазьней асеў у Італіі, дзе ў 1880 годзе ў яго нарадзіўся ўнук Вільгельм, які неўзабаве стаў сусьветнавядомым паэтам Гіёмам Апалінэрам. Карусь Каганец прыходзіўся Гіёму стрыечным дзядзькам[2], а Гіём Карусю — стрыечным пляменьнікам.

Маці Каруся Каганца — Алена Сьвентаржэцкая — паходзіла з багатай беларускай сям’і з-пад Стоўбцаў, скончыла Віленскі інстытут. Яе бацька, паводле сямейнага паданьня, размаўляў амаль выключна па-італьянску і быў выдатным навукоўцам.

Пабраліся будучыя бацькі пісьменьніка, калі Каралю Самуілавічу было 40 гадоў, а Алене — 19[2]. За ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў Карл Кастравіцкі быў сасланы ў Сыбір, а зямля і маёмасьць у Навасёлках — канфіскаваная. У Табольску ён знайшоў сабе службу, а ў хуткім часе да яго прыехала і жонка. Тут 10 лютага [ст. ст. 29 студзеня] 1868 году нарадзіўся Казімер Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі. Ён меў старэйшых братоў Стася і Амброзія, старэйшую сястру Досю і малодшую Маню[3].

Маленства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт «Тып беларуса» на дубовай кацёлцы. Алей. Арыгінал. 1907

У 1872 годзе Кастравіцкія атрымалі дазвол вярнуцца на радзіму. Карл Самуілавіч купіў трое коней і сані, на якіх сваім ходам сям’я дабралася спачатку з Табольска ў Маскву, а пасьля цягніком да Менску. У 1874 годзе сям’я вярнулася ў Менскую губэрню. Пасьля вяртаньня бацьку юнага Казімера прапанавалі жыхарства ў «былым Царства Польскім», куды ён падаўся, пакінуўшы сям’ю ў вёсцы Засульле пад Стоўбцамі, аднак, не знайшоўшы працы, вярнуўся ў Менск, дзе ў 1874 годзе раптоўна для ўсіх памёр у сваіх знаёмых[4].

К. Каганец. Палічка зь зімовым краявідам. Алей. 1907

Пасьля сьмерці мужа яго маці заручылася зь мясцовым мужчынам і пераехала ў вёску Юцкі (Прымагільле), дзе атрымала ад сваёй сястры дзьве валокі прылеснай пусткі. У гэты час малому Казімеру давялося зрабіцца вясковым пастухом. Акалічнасьці гэтае працы ў розных дасьледнікаў жыцьця і творчасьці Каруся Каганца розьняцца. Так, паводле краязнаўца Мікалая Касьпяровіча, юны Казімер пачаў працаваць і быў пастухом з 6 да 11 гадоў:

« …Выганяць прыходзілася ледзь ня ўночы — раніцай, і прыганяць — ледзь ня ўночы — увечары. Адпачываць жа ўдзень, калі жывёла стаяла захаванай ў хлявушку ад аваднёў, нельга было, бо не было чаго есьці, і малы Казімір бег да каго-небудзь з суседзяў і вёў пасьвіць выпражанага з плуга каня, каб зарабіць сабе кубак малака…[5] »

Інакш апісвае прычыну ўладкаваньня юнага Казімера пастухом Вацлаў Ластоўскі. Ён сьведчыць аб тым, што сям’я Каруся Каганца ў гэты час жыла досыць багата, мела сваю дваровую службу, пякарню, дзе сярод простага люду малы Казімер і праводзіў большасьць свайго часу.

« Успамінаючы свае дзіцячыя гады, Карусь Каганец апавядаў, што ён да 10 гадоў заўважыў ужо антаганізм паміж пакоямі і пякарняй. У 15-гадовым узросьце яго дражніла тое… дзяленьне на «мы» і «яны». «Мы» — памешчыкі, шляхта, «яны» — сяляне… Яго дружба з сялянскай моладзьдзю і «простая» (г. зн. ня панская) мова бывалі частымі прычынамі сямейных драм. Але аканчальны разрыў з сям'ёй наступіў пасьля таго, калі Карусь Каганец, пад уплывам народавольскіх ідэяў, уцёк з дому і наняўся ў суседнім павеце пасьвіць статак у вёсцы[6]. »

Адукацыя і шлюб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казімер вучыўся спачатку дома. У 1879 годзе беспасьпяхова спрабаваў паступіць у гімназію. Пазьней быў залічаны ў Менскую гарадзкую вучэльню, затым вучыўся ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідзтва і Санкт-Пецярбургу, аднак вучобы ня скончыў празь недахоп грошай. У часе вучобы стаў вядомым сярод настаўнікаў, зрабіўшы надзвычай псыхалягічны скульптурны партрэт цара Івана Жахлівага.

Пачаў займацца літаратурнай дзейнасьцю ў 1893 годзе. У гэты час зьявіліся вершы «Наш покліч», «Наш сымболь», «Згадка пра Галубка» і інш.

У красавіку 1899 году Карусь Каганец пабраўся з Ганнай Канстанцінаўнай Пракаповіч, іхнае знаёмства адбылося некалькі гадоў раней. Адразу пасьля вясельля яны пераехалі ва ўрочышча Лісія Норы ў Прымагільлі. Тэма каханьня і дадзены пэрыяд жыцьця пісьменьніка адлюстраваліся ў вершаваным цыклі "Сьпяваньні мілосныя «Каханьне Каганца» (1894—1896)[7]. Рукапіс цыклю захоўваецца ў рукапісным паэтавым архіве[8].

Пачатак XX стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюнак Каруся Каганца «Буслы»

Напачатку XX стагодзьдзя сям’я сутыкнулася зь вялікімі матэрыяльнымі цяжкасьцямі. У Лісіх Норах не ставала зямлі нават для сыноў ад другога матчынага мужа[7] Міхаіла і Янкі Кардэцкіх[3]. Таму ўвесь 1901 год Карусь Каганец правёў на службе ў Менскай чайнай. У сакавіку 1902 году яго звальняюць за рэвалюцыйную чыннасьць і, пабыўшы некаторы час беспрацоўным, ён на тры месяцы ўладкаваўся ў мастацкую майстэрню ў Рызе. Затым, зь невялікім беспрацоўным перапынкам, паступіў аканомам у Менскае таварыства дабрачыннасьці, дзе праслужыў два гады, займаючыся нацыянальным і сацыяльным выхаваньнем менскай моладзі. Тамака ж арганізаваў хор і аркестар[9].

У гэты час з-пад пяра Каруся Каганца выходзяць абразкі з жыцьця і апавяданьні-апрацоўкі народных легендаў і паданьняў: «Вітаўка», «Засульскае турэ», «Халера 40-га року», «Чым болей хто мае…», «Такая доля» і інш. Таксама пісьменьнік дэбютуе на драматургічнай ніве выкрывальнаю п’есай «У іншым шчасьці няшчасьце схавана».

У 1902—1903 гадох Карусь Каганец быў адным з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і сябрам яе Менскага камітэту. На калядным сходзе Беларускай грамады ў 1903 годзе пісьменьнік закранаў пытаньні ідэнтычнасьці беларусаў, што бачна зь ягонага рэфэрату:

« Кажаце, панове, што беларус свае народнасьці ня знае і нічога пра яе ня цяміць… Вота ж мяне гэта вельмі чапіла за сэрца, як кроў з крыві і косьць з косьці беларуса… Гэта, што беларусы названьня «беларус» ня знаюць, то праўда, але тое, што яны з народнасьці свае ніякай справы не здаюць, то няпраўда. Яно то можа трохі і ня так, як бы трэбы было, але ўсё ж такі цямяць, што яны не маскалі і не палякі. А калі станеш у каторага дапытвацца, хто ён, то адкажа, што ён тутэйшы… Помніць наш селянін, што Кацярына II увяла паншчыну, а Мікалай I паправіў, бо да Мікалая былі яшчэ дзе-нідзе вольныя людзі… Нагаворам прыхільнікаў расейскага ўраду, што палякі ў часе паўстаньня 1863 г. хацелі паншчыну вярнуць, наш брат не дае веры, бо помніць Кацярыну і Мікалая. »

—З рэфэрату на калядны сход Беларускай Грамады 1903 году // Беларусь, 1920, №6[10]

У 1904 годзе рабіў захады адносна выданьня ў Менску беларускай газэты «Палесьсе»[11]. З гэтай нагоды пісьменьнік адаслаў прашэньне на імя міністра ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі князя Пятра Сьвятаполк-Мірскага:

« Осмеливаюсь считать Ваше Сиятельство белорусом яко потомка наших князей, я, бедный белорус, потомок древних белорусских бояр княжества Мстиславского, уповаю, что у Вашего Сиятельства в душе хранится искра симпатии к Белоруссии, и потому прибегпю с покорнейшей просьбой к Вашему Сиятельству оказать нам величайшую милость, исходатайствовав право издавать литературно-хозяйственную газету на белорусском языке под названием «Полесье»… Покорный проситель Казимир Костровицкий. »

—Его сиятельству кн. Святополк-Мирскому, министру внутренних дел. Ноября 28 дня 1904 года.[12]

У адказ на сваё прашэньне Карусь Каганец атрымаў прапанову прыслаць у Галоўнае ўпраўленьне па справах друку копію дакумэнтаў аб сваім паходжаньні і адукацыі, а таксама праект праграмы газэты[3], аднак да яе выданьня з розных прычынаў справа так і не дайшла.

У сакавіку 1905 году прыняў удзел у Першым беларускім сялянскім зьезьдзе ў Менску, у другім зьезьдзе БСГ і шэрагу партыйных нарадаў. Таксама дапамагаў распрацоўваць праграмы і рэзалюцыі. Сёлета ж атрымаў месца дзясятніка на чыгунцы Балагое — Сядлец у Лідзе. Туды ж ён пераввёз і сваю сям’ю: жонку і сыноў Янку і Мірона[9].

Паміж арыштамі: 1905—1910[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюнак Каруся Каганца «На ростаньках» (туш)

У сьнежні 1905 году разам зь сябрам Сьцяпанам Багушэвічам Карусь Каганец адправіўся на вёску яго братоў пад Койданавам і сабраў там людны мітынг, пра што хутка даведалася паліцыя і ўжо заўтрашняй раніцай уварвалася ў хату Кардэцкіх, дзе 19 сьнежня 1905 году ён быў схоплены разам з сваім сябрам Сьцяпанам[9]. Пісьменьнік прасядзеў у Менскай турме да 16 траўня 1906 году, вельмі папсаваўшы здароўе. Потым па хадайніцтве родзічаў і сяброў быў адпушчаны да суда на парукі[13].

Пасьля выхаду зь вязьніцы Карусь Каганец забірае сям’ю і перабіраецца ў Менск, дзе быў вымушаны пераязджаць з кватэры на кватэру. Вядома, што ў 1907 годзе, з прычыны гадавіны выданьня «Нашай Нівы», пісьменьнік адаслаў у яе рэдакцыю ліст, дзе разам зь віншаваньнямі просіць надрукаваць высланы артыкул, прычым не зьмяняючы правапісу:

« Посылаю я у поважаную Рэдакцыю Нашои нивы одну статцю, которую Окраина побоялася надруковаци, и одно позвольце мне положыць одзин варунок, а меновице: статци которые буду писаць друкуйце так як ены написаны не змениваючы правописма. Я, бачыце, хочу штобы вашу газэту уси белорусы могли чытаци и штобы мели з ее корысць, а не одна борысоўшчына и вилейшчына. Бо, хоч Вы гневайцеся — не гневайцеся, а мушу сказаць, што, так як цепер выйходзіць ена шыроко не розыйдзетца, бо большая часць белорусоў не може ее чытаци з прычыны правописма. Як, прымером, можэ ее чытаци могилевец которы бэзударное о говорыць як ы, або полешук, которы окае, а навэт и самому акаюшчэму складней будзе одличыць кота од ката, коня од каня, вода од вада. А також заўважце и тое, што акаюшчые белорусы бэзударное о и е говораць не як а и я, а як бы штось неясное нито я, нито о, нито ы и тожэ мягкие яеи, одно у водных местцох перэсиливае той зык у других — другы, у трэйцих трэйци, а у чэцьвёртых ниводзин з их не перэсиливае[13][14][a][b] »

Аднак ніякіх матэрыялаў Каруся Каганца не было надрукавана ў газэце «Наша Ніва» ні ў канцы 1907 году, ні ў 1908 годзе.

Напачатку 1908 году ён уладкаваўся лясьнічым ў Патоку каля Клічава. Вандроўкі па тутэйшых ваколіцах іновыя сустрэчы спрычынілі пісьменьніка да заняткаў мовазнаўчай працай па стварэньні беларускага правапісу і слоўніка[9]. Увосені 1908 году яго перавялі ў Дулебы за Бярэзаньню. Тут узьнікае апавяданьне-абразок «Забойства Захаркі»[15].

У верасьні 1909 году, ужо страціўшы службу і, пакінуўшы сям’ю ў Бярэзані, Карусь Каганец падаўся ў Вільню. Пра знаходжаньне Каруся Каганца ў Вільні згадваў журналіст Мікалай Шыла:

« У канцы 1909 ці пачатку 1910 года (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай сьвітцы. Сьвітка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка нож і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражаньне. Ягоны выгляд - малы рост, і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма - цягнуў да сябе кожнага. Пасяліўся К. Каганец у мяне, на Набярэжнай, каля шпіталя Сьв. Якуба. З гэтага дня кожны вольны вечар Я. Купала праводзіў у гутарках у нас. На якія толькі тэмы не ішла размова: літаратура, і тэатар, і малярства (К. Каганец у поўным значэньні гэтага слова быў маляр і скульптар), але кожная тэма зводзілася на нашае беларускае жыцьцё і ягоныя праблемы.Усю зіму пісьменьнік працуе ў рамесьніцкай школе пры касьцёле Сьвятога Сьцяпана. Тут ён стварае найвядомую сваю скульптуру — драўлянае ўкрыжаваньне Хрыста, амаль у мэтар вышынёй, афарбаванае ў белы колер з ручніком на поясе Ісуса з народным арнамэнтам[16]. »

На гэты час прыпадае стварэньне аўтарам знакамітай п’есы-вадэвілю «Модны шляхцюк», якая была апублікаваная ў 1910 годзе літаграфічным спосабам з накладам у 400 асобнікаў. П’еса неаднаразова ставілася на падмостках беларускіх тэатраў.

Паўторны арышт: 1910—1911[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюнак Каруся Каганца «За сахой» (туш)

2 красавіка 1910 году за ўдзел у рэвалюцыі 1905 году Карусь Каганец быў асуджаны Віленскай крымінальнай палатай на год зьняволеньня ў Менскай турме. Час паміж судовым выракам і адбываньнем тэрміну пісьменьнік правёў зь дзецьмі і жонкай у Бярэзані[15]. Вядома, што ён прыкладаў намаганьні, каб хутчэй сесьці ў турму і, тым самым, хутчэй адбыць тэрмін. Тагачасная Менская турма была перапоўнаю, таму пісьменьнік імкнуўся найхутчэй быць этапаваным[17].

16 ліпеня 1910 году ў лісьце да сваёй жонкі Ганны Кастравіцкай ён пісаў: «…дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі, але ўжо ў панядзелак абяшчалі пасадзіць (т. е. 19 ліпеня)…»[18]. У гэты час у турме знаходзіўся беларускі паэт і празаік Якуб Колас і Міхаіл Кардэцкі — Карусёвы зводны брат. У чарговым лісьце да сям’і ён адзначаў: «Міхась тако ж тут і адзін паэт, што пісаў у „Нашу Ніву“ і завецца Якуб, тутака»[18].

У часе турэмнага зьняволеньня пісьменьнік маляваў карціны і рэзаў з дрэва скульптурныя фігуры[19]. Тады ж у турме Карусь Каганец рабіў ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа, якія той пісаў у турме. Малюнкі гэтыя не захаваліся.

« Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, ажно два малюнкі з турэмнага жыцьця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў[20] »

У сваім лісьце да Ганны Кастравіцкай за 17 сьнежня 1910 Карусь Каганец дакладна апісаў адзін дзень з турэмных будняў:

« Калі табе цікава, то апішу ўвесь свой дзень, як я яго праводжу: прачынаюся рана ў 6, 6½ гадзіны і, паляжаўшы крыху, пакуль празвоняць у касьцёле новым, у каторым ужо служаць, устаю, крышу застаўшыяся ад учора скарынкі галубам, каторыя чуць сьвет прылятаюць на акно. Міхась перша за мяне ўстае і вяжа сець, а калі яму няма работы, то ён хлеб крышыць. Потым, як адчыняць камэру, іду апраўляцца, мыюся і сьнедаю; потым люю, ці рысую, ці чытаю што або пішу, потым прагулка парамі вакол двара, па прагулцы абед, па абедзе паваляюся. Калі дзень сьветлы, то, паваляўшыся, зноў што паработаю, а як цьмяны, то так да вечара праваляюся, прашатаюся па камэры. Вечарам ізноў праверка, па паверцы вечарам і Міхась ідзе спаць, а ўскорасьці за ім і я, а другія чытаюць і ў шахы іграюць да позьняе ночы. Я цяпер на сьнеданьне і на вячэру зьядаю па паўкварты малака![21] »

26 ліпеня 1911 году Карусь Каганец быў выпушчаны з турмы.

Апошнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вызваленьня ў 1911 годзе з турмы Каганец рабіў безвыніковыя спробы знайсьці працу ва Ўкраіне, у Вільні, пасьля чаго вяртаецца ў Менск і жыве ў сваёй малодшай сястры Мані. У гэты час зьяўляецца апавяданьне «Што кажух, то не вата»[15]. Напачатку 1912 году пісьменьнік уладкоўваўся аканомам у фальварку Жортай, каля мястэчка Багданава, дзе праслужыў апошнія 6 гадоў жыцьця. У 1917 году вярнуўся пад у Менск. У 1928 годзе пра гэта ўспамінаў пісьменьнік Зьмітрок Бядуля:

« Я памятаю Каганца з 1917 году, калі ён пасьля Лютаўскай рэвалюцыі пехатою прыйшоў у Менск з свайго хутару пад Койданавам… У яго быў выгляд імяніньніка: радасны, бадзёры, хоць яму было ўжо за 50 гадоў. «Вось цяпер падышо ў час і нам, беларусам, працаваць», — гаварыў ён[15] »

Карусь Каганец памёр ад сухотаў 20 траўня 1918 году ў Прымагільлі. Пахаваны ў вёсцы Вялікія Навасёлкі на Койданаўшчыне[22].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творы Каруся Каганца, апрача некалькіх рэчаў, якія выйшлі асобнымі кніжкамі («Модны шляхцюк», «У іншым шчасьці няшчасьце схавана»), друкаваліся ў розных расейскіх часопісах 1890—1900-х і ў беларускіх выданьнях нашаніўскай пары. Некаторыя былі зьмешчаныя ў тыднёвіку «Вольная Беларусь» (1917, 1918), а пасьмяротныя — у газэце «Беларусь» (1919, 1920)[23].

Паводле Максіма Гарэцкага, Карусь Каганец «па свайму нацыянальнаму беларускаму народніцкаму рамантызму належыць да часу Багушэвіча, а стаіць у гэтым часе зусім самабытна, арыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайменьнямі; тут ён народнік і рамантык-адраджэнец»[23].

К. Каганец пачаў літаратурную дзейнасьць з апрацаваньня беларускіх легенд і казак («Прылукі», «Вітаўка», Адкуль мядзьведзі, «Хто міл богу», «Машэка», «Скрыпач і ваўкі») і зь пісаньня невялікіх апавяданьняў гістарычнага характара, якія пераймалі падобныя народныя пераказы («Навасадзкае замчышча», «Засульскія турэ», «Ваўчок», «Халера 40-га року» і інш.)[24].

Мовазнаўчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

К. Каганец асабліва многа часу аддаваў вывучэньню і навуковай распрацоўцы беларускай мовы. Ён лічыў, што «беларуская мова е адна з найстарэйшых і найчысьцейшых з усіх моваў словенскіх: у ёй меней, як у другіх, чужаземнага налёту; у ёй захаваліся ўсе хормы старыя пры спражэньні і пры скланеньні і [яна] можа служыць як бы ключам для ўсіх словенскіх моваў».[5] Пісьменьнік сур’ёзна цікавіўся найперш чатырма праблемамі беларускай мовы: графікай, правапісам, лексыкаграфіяй і граматыкай.

Графіка была ў полі зроку К. Каганца доўгі час. Ён уважліва вывучаў рускую, лацінскую, арабскую і іншыя азбукі, шукаючы найбольш адпаведныя знакі для перадачы беларускіх гукаў, нават рабіў спробы скласьці ўласна беларускую азбуку. Адзін чарнавы праект яе захаваўся (гл. Праект беларускай азбукі Каруся Каганца).

К. Каганец заўсёды цікавіўся лексыкай беларускай мовы. Увесь час жывучы сярод простага люду ён запісваў цікавыя на яго погляд беларускія словы з мэтай у далейшым скласьці тлумачальны слоўнік. Добра знаёмы з рукапіснай спадчынай пісьменьніка М. Касьпяровіч пісаў: «Нават у частцы яго папер, якая захавалася, ёсьць звыш тысячы чарнавых запісаў чыста народных слоў, што часамі і цяперака невядомы літаратурнай мове. Казімер Карлавіч запісваў словы па сэнсу іх: імёны ўласныя, прыметнікі ласкальныя і г. д., а часамі па альфабэту. З найбольш цікавых яго запісаў можна адзначыць: а) назвы сваяцтва: залоўка, або залвіца, сястрэніца і сястрэніч, братніца і братаніч, стрый, або стрэчны і інш.; б) розныя іншыя іменьнікі: пыца, мыза, чмыс, гал, земец, зубель, подкур, комса, чучка, цемравін, цэд, цыр, талька, тонь, стрынгель, пачынак, баяр, зяло, ёмка, памак і інш.; в) розныя пырметнікі: смалявы, панявы, мнязы, маторны, кваплівы, галюзны, красны, зазрысты, статэчны, мярэжаны, зяхрасты, золкі, карабаты, чмары, пылкі, тужны, трамцівы і інш.; г) розныя дзеясловы: лютаваць, зырыцца, майначыць, смычыць, буяць, выцяць, петаваць, казіць, верадзіцца і г. д.».[5] У чарнавых паперах К. Каганца, якія дайшлі да нас занатавана 60 назваў птушак (шчыгол, сініца, чыжык і інш.) і 35 назваў зьвяроў, якія жывуць у Беларусі (воўк, мядзьведзь, рысь і інш.), а таксама 90 назваў дрэў, характэрных для беларускай флёры, зь іх 44 пладовых (цітаўка, цыганка, анісаўка, слуцкая бэра і інш.)[13].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Правапіс захаваны, як пісаў сам Карусь Каганец.
  2. ^ Пераказ прыводзіцца з чарнавога рукапісу, які знаходзіцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Дзяржаўнае бібілятэкі БССР імя У. І. Леніна.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005. S. 124.
  2. ^ а б в г Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса…» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 11.
  3. ^ а б в Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 259. — 264 с. — 5000 ас.
  4. ^ Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса…» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 12.
  5. ^ а б в М. Касьпяровіч. «Карусь Каганец» (Да 10-й гадавіны сьмерці) // Маладняк : часопіс. — Менск: «Чырвоная зьмена», 1928. — № 10. — С. 70, 78, 95, 96.
  6. ^ Ластоўскі В. (Успаміны аб Карусю Каганцу) // Савецкая Беларусь. — 1928. — № 115.
  7. ^ а б Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса…» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 14.
  8. ^ Аддзел рэдкай кнігі і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ф. 1. Вып. 1.
  9. ^ а б в г Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса…» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 15.
  10. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 61. — 264 с. — 5000 ас.
  11. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 7. — 264 с. — 5000 ас.
  12. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 237. — 264 с. — 5000 ас.
  13. ^ а б в Германовіч І. К. Карусь Каганец як мовазнавец // Веснік БДУ : Серыя IV. — 1974. — № 3. — С. 30—37.
  14. ^ Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці.—Мн.: выд-ва "Унівесітэцкае", 1985.—255с, чытай с. 73
  15. ^ а б в г Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса…» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 16.
  16. ^ Станіслаў Суднік Лёсам Лідчыны крануўся. 140 гадоў з дня нараджэння Каруся Каганца. pawet.net. Праверана 19 жніўня 2011 г.
  17. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 238. — 260 с. — 5000 ас.
  18. ^ а б Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 238. — 264 с. — 5000 ас.
  19. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 261. — 264 с. — 5000 ас.
  20. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 247. — 264 с. — 5000 ас.
  21. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 248. — 264 с. — 5000 ас.
  22. ^ Незвычайныя людзі Вялікіх Навасёлак Радыё «Свабода», 28 сьнежня 2009
  23. ^ а б Гарэцкі, М. Карусь Каганец // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 135.
  24. ^ Гарэцкі, М. Карусь Каганец // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 136.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]