Браслаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Браслаў
трансьліт. Braslaŭ
Будынак павятовай адміністрацыі
Будынак павятовай адміністрацыі
Coat of Arms of Brasłaŭ, Belarus.svg Flag of Brasłaŭ.svg
Герб Браслава Сьцяг Браслава
Першыя згадкі: 1065
Магдэбурскае права: 8 кастрычніка 1500
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Браслаўскі
Насельніцтва: 9829 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2153
Паштовы індэкс: 211970
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°38′23″ пн. ш. 27°2′23″ у. д. / 55.63972° пн. ш. 27.03972° у. д. / 55.63972; 27.03972Каардынаты: 55°38′23″ пн. ш. 27°2′23″ у. д. / 55.63972° пн. ш. 27.03972° у. д. / 55.63972; 27.03972
Браслаў на мапе Беларусі ±
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Браслаў
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://braslav.vitebsk-region.gov.by/

Бра́слаў — места ў Беларусі, на паўночным беразе возера Дрывятаў. Адміністрацыйны цэнтар Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9829 чалавек[1]. Знаходзіцца за 220 км ад Віцебску, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Друя (лінія Варапаева — Друя). Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Друяй, Мёрамі, Шаркоўшчынай, Відзамі і Дзьвінскам.

Браслаў — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне тапоніму «Браслаў» звычайна зьвязваюць зь імем князя полацкага Брачыслава, за якім тут збудавалі мескія ўмацаваньні[2]. На думку географа В. Жучкевіча гэтае меркаваньне зьяўляецца даволі спрэчным з тае прычыны, што паселішча існавала яшчэ да Брачыслава. Паводле дасьледніка, тапонім варта тлумачыць праз балцкую аснову «брасла», што азначае «брод». На карысьць гэтага меркаваньня сьведчыць геаграфічнае разьмяшчэньне паселішча ля пераходу пры азёрнай затоцы[3].

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Браславль, Браславль Завельскі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Браслава

Полацкае княства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цудоўны абраз Маці Божай

Паводле зьвестак археалягічных раскопак яшчэ ў ІХ ст. на месцы сучаснага Браслава існавала старажытнае паселішча латгалаў і крывічоў. У пачатку ХІ стагодзьдзя на месцы спаленага паселішча паўстаў памежны горад Полацкага княства. Умацаваны валам вышынёй ад 3 да 9 м, дзядзінец старажытнага Браслава разьмяшчаўся на пярэсмыку паміж азёрамі Дрывяты і Навята на Замкавай гары, побач знаходзіўся пасад. У ХІ—ХІV стагодзьдзях насельніцтва займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, паляваньнем, рамёствамі, гандлем.

Першы пісьмовы ўпамін пра Браслаў зьмяшчаецца ў Хроніцы Быхаўца і Хроніцы М. Стрыйкоўскага пад 1065 годам у зьвязку зь мітычным нападам на яго літоўскіх князёў братоў Кернуса і Гімбута.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачатку ХІV стагодзьдзя Браслаў знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў і згодна з тэстамэнтам Гедыміна перайшоў да ягонага сына Яўнута. Дзяржаўцамі Браслава былі Сапегі, Масальскія, Скумін-Тышкевічы. У пачатку ХV стагодзьдзя места стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. Павятовыя соймікі зьбіраліся на Замкавай гары, тут жа, паводле пастановы вальнага сойму 1590 году, збудавалі дом для паседжаньняў суду і зьбераганьня архіву. У гэты ж час на сродкі ваяводы віленскага і старосты браслаўскага В. Манівіда ў месьце збудавалі касьцёл[4].

8 кастрычніка 1500 году вялікі князь Аляксандар надаў Браславу прывілей на няпоўнае Магдэбурскае права. У 1506 годзе па сьмерці Аляксандра места перайшло да ягонай жонкі Алены. Яна заснавала тут жаночы манастыр з царквой Сьвятой Барбары, у якой жыла да сваёй сьмерці ў 1513 годзе[5].

Мескі герб і павятовая пячатка (1792 г.)

У ХVІ—ХVІІ стагодзьдзях вялікую ролю меў Браслаўскі замак, які ўпершыню ўпамінаецца пад 1514 годам. На 1554 год паводле інвэнтару ў месьце было 5 вуліцаў, 110 дамоў, зь іх 65 дамоў знаходзілася на вуліцы Вялікай, што праходзіла ўздоўж возера Дрывятаў. На гэтай жа вуліцы разьмяшчаліся царква, касьцёл, лякарня, сядзіба князёў Масальскіх. Існавалі таксама кляштар, 40 корчмаў. Месьцічы займаліся пераважна земляробствам, часткова гандлем і рамёствамі[5]. У 1579 годзе С. Пахалавіцкі пазначыў Браслаў на сваёй мапе як паселішча на высьпе. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1661 годзе маскоўскія войскі поўнасьцю зруйнавалі Браслаў. Вальны сойм вызваліў места ад усіх падаткаў на 4 рокі[5].

У 1787 годзе адбыўся апошні соймік Браслаўскага павету. 2 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту герб: «у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трыкутнік з чалавечым вокам — вокам Боскага наканаваньня»[6]. Неўзабаве згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму 1793 году Браслаў стаў сталіцаю ваяводзтва. На 1794 год тут было 68 будынкаў[5], з прычыны пазьнейшага пажару цэнтар ваяводзтва перанесьлі ў Відзы. 11 траўня 1794 году на вуліцах места адбыўся бой паміж паўстанцамі Т. Касьцюшкі і расейскімі карнымі войскамі[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Браслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Віленскай губэрні (з 1797 году — у Літоўскай, а з 1801 году — у Віцебскай губэрні). Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1843 годзе яго далучылі да Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні[7].

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў Браславе было 60 двароў; працавалі лякарня, вучэльня, піваварня; дзейнічалі касьцёл і сынагога. На 1913 год у мястэчку працавалі лякарня, сельская вучэльня, вінакурны завод.

У Першую сусьветную вайну ў канцы 1915 — лютым 1918 году непадалёк ад Браслава праходзіла лінія фронту. У лютым — пачатку сьнежня 1918 году мястэчка займалі нямецкія войскі, у сьнежні 1919 — чэрвені 1920 году — польскія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама з Замкавай гары, 1944 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Браслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У 1920 годзе Браслаў увайшоў у склад Сярэдняй Літвы. На 1921 год у мястэчку было 243 будынкі, працавалі млын, тартак, цагельня, дробныя крамы. З 1922 году Браслаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. У 1920-я гады адміністрацыйны цэнтар места перанесьлі на яго заходнюю ўскраіну. Тут узьвялі грамадзкія і гаспадарчыя будынкі, 2-павярховыя жылыя дамы для павятовай адміністрацыі і іншых урадоўцаў. Апроч гэтага, у Браславе заснавалі мэханічную пякарню, распачаў працу рыбны завод. У 1928—1929 гадох з прычыны кепскіх мэтэаралягічных умоваў на Віленшчыне паўстала пагроза голаду. На дапамогу галадоўцам выдаткоўваліся дзяржаўныя сродкі, зьбіраліся ахвяраваньні. Да канца 1929 году голад удалося пераадолець.

У 1939 годзе Браслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году — Маладэчанскай, а з 1960 году — Віцебскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 6 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 6 красавіка 1944 году каля Браслава савецкая партызанская брыгада імя Жукава зьнішчыла аддзел Арміі Краёвай пад камандай Казімера Краўзэ «Ваўжэцкага». Саветы забілі 21 польскага жаўнера, дабілі параненых[8].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVI стагодзьдзе: 1554 год — каля 1000 чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1794 год — 700 чал.[5]
  • XIX стагодзьдзе: 1850 год — 220 чал.[2]
  • XX стагодзьдзе: 1913 год — 1550 чал.[2]; 1921 год — 1587 чал.[9]; 1939 год — 4,9 тыс. чал.; 1959 год — 4,2 тыс. чал.[9]; 1969 год — 4,6 тыс. чал.[9]; 1990 год — 9,5 тыс. чал.[9]; 1991 год — 10 тыс. чал.; 1995 год — 10,7 тыс. чал.[10]
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 10,1 тыс. чал.; 2006 год — 9,9 тыс. чал.; 2009 год — 9516 чал.[11] (перапіс); 2010 год — 9,5 тыс. чал.; 2015 год — 9710 чал.[12]; 2016 год — 9857 чал.[13]; 2017 год — 9817 чал.[14]; 2018 год — 9829 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Браславе працуюць гімназія, 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спартовая школа.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, народны тэатар. У 1984 годзе ўтварылася Браслаўскае музэйнае аб’яднаньне.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месьце выдаецца раённая газэта «Браслаўская звязда» — орган Браслаўскага раённага выканаўчага камітэту і раённага Савету дэпутатаў (друкуецца ў КПУП «Наваполацкая друкарня»)

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генэральны плян Браслава зьявіўся ў 1972 годзе, у 1981 годзе яго скарэктавалі. Архітэктурна-плянавальную структуру места вызначаюць Замкавая гара і ўзгоркавая мясцовасьць вакол яе. У старой частцы Браслава, якая далучаецца да Замкавай гары, захаваліся фрагмэнты забудовы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. Старая частка мае найбольш шчыльную забудову, грамадзкі цэнтар знаходзіцца ў заходняй частцы. Места разьвіваецца ў паўночна-ўсходнім кірунку.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
1 мая вуліца Могілкавая вуліца
Дзяржынскага вуліца Чыгуначная вуліца
Кірава вуліца Нарбутаўская вуліца
Леніна вуліца Вялікая вуліца Юзэфа Пілсудзкага вуліца
Савецкая вуліца Садовая вуліца (?) 3 мая вуліца
Энгельса вуліца Паштовая вуліца
Рынкавая вуліца
Галуўкі вуліца
Бяз назвы Рынак пляц

У гістарычных крыніцах сустраюцца назвы вуліц Радзкая, Іказьненская, Замкавая, Станіслаўская, Старамеская і Дзьвінская, а таксама Ратушны пляц, якіх аднак пакуль немагчыма прымеркаваць да сучасных аб’ектаў[15].

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці і сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз Браслаў праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — граніца Латвіі), Р14 (Полацак — Браслаў) і Р27 (Браслаў — Мядзел).

Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне з Рыгай, Менскам, Віцебскам, Полацкам, Мёрамі, Глыбокім. Мескі транспарт налічвае 3 аўтобусныя маршруты.

Да 1964 году праз Браслаў праходзіла вузкакалейная чыгуначная лінія Друя — Дукшты. Дагэтуль захаваўся будынак вакзалу.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мясцовае музэйнае аб’яднаньне улучае Браслаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй і Браслаўскі музэй традыцыйнай культуры. Турагенцкую і турапэратарскую дзейнасьць ажыцьцяўляюць турыстычна-аздараўленчае прыватнае даччынае УП (ТАПДУП) «Браслаўскія азёры» (турыстычныя комплексы: «Дрывяты», «Золава», «Слабодка») і дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк „Браслаўскія азёры“».

У Браславе маецца 2 гатэлі, у тым ліку «Заезны двор». Дзейнічаюць дамы паляўнічага «Абаб’е», «Браслаў», дом рыбака «Лявошкі», агратурыстычная сядзіба «На Браслаўскіх азёрах»[16].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б в Шыдлоўскі К. Браслаў // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 67.
  3. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 35.
  4. ^ Грынявецкі В. Браслаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 341.
  5. ^ а б в г д е Грынявецкі В. Браслаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 342.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  7. ^ Sulistrowski F. Brasław // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 354.
  8. ^ Markowski D. Płonące Kresy. Operacja „Burza” na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej. — Warszawa: Oficyna Wydawnicza RYTM, 2011. S. 107.
  9. ^ а б в г Шыдлоўскі К. Браслаў // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 68.
  10. ^ БЭ. Т. 2. — Менск, 1996. С. 246.
  11. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Назвы вуліц Браслава, Браслаўскае Паазер’е, 26 сьнежня 2014
  16. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Браслаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў