Вяліскае паўстаньне
Вяліскае паўстаньне — масавае стыхійнае паўстаньне, якое ў лістападзе 1918 году ахапіла Вяліскі павет Заходняй Камуны.
Пасьля падпісаньня ў Бэрліне «Расейска-нямецкае дадатковае дамовы да мірнай дамовы» (27 жніўня 1918 г.) у канцы верасьня — пачатку лістапада 1918 г. нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Лепельскага, часткі Сеньненскага і Аршанскага паветаў Віцебскай губэрні, гарады Магілёў і Шклоў. Пачатак рэвалюцыі ў Нямеччыне (3 лістапада 1918 г.) паскорыў адсылку войскаў з Усходняга фронту. Гэтыя абставіны былі скарыстаныя Савецкай Расеяй для прасоўваньня на захад савецкіх войскаў. Прыход частак Чырвонай Арміі суправаджаўся ў розных паветах Заходняй вобласьці (Камуны) хваляй антыбальшавіцкіх паўстаньняў. У Вяліскім павеце паўстаньне пачалося 9 лістапада 1918 г. ва Ўсьвяцкай і Касплянскай валасьцёх. Непасрэдным чыньнікам сацыяльнага выбуху насельніцтва сталася гвалтоўная ваенная мабілізацыя ў Чырвоную Армію грамадзянаў 1893—1898 гадоў нараджэньня, а таксама спагнаньне надзвычайнага падатку, жорсткае стаўленьне чэкістаў да насельніцтва. У паўстаньні, якое было навальным па сваёй сутнасьці і неарганізаваным, прынялі ўдзел каля 50 000 чалавек зь Вяліскага і суседніх зь ім Гарадоцкага, Полацкага і Невельскага паветаў: галоўным чынам сяляне, а таксама мяшчане і інтэлігенцыя. Паўстанцамі быў абвешчаны лёзунг; «Далоў Саветы!», яны патрабавалі аднаўленьня манархіі, разагналі савет у Вяліжы. Сярод удзельнікаў паўстаньня былі і афіцэры расфармаваных частак 17 корпуса, былыя памешчыкі, духавенства. Партыйныя органы Заходняй Камуны арганізавалі штаб, надзвычайную сьледчую камісію і прынялі меры па задушэньні паўстаньня. Пасьля бою рэгулярных частак Чырвонай Арміі з паўстанцамі ў Семічаўскім лесе пад Вяліжам і ў самім Вяліжы паўстаньне 18 лістапада 1918 г. было задушанае. Кіраўнікі паўстаньня Брант, Крупскі, Турык былі расстраляныя па прысудзе суду на Пакроўскім полі, тут жа было расстраляна некалькі сотняў удзельнікаў паўстаньня. Падчас здушэньня паўстаньня быў затрыманы і расстраляны адзін з камандзіраў паўстанцаў, паручык царскай арміі Пятрушчанкаў, другі паручык — Акушчанкаў — уцёк і, стварыўшы банду, пад клічкай «Абярон» шмат год тэрарызаваў насельніцтва ў Сяртэйскай і Чэпельскай валасьцях Вяліскага павету.
Пра Вяліскае паўстаньне распавялі ў сваіх успамінах беларускі пісьменьнік Юрка Віцьбіч і падпалкоўнік КДБ вяліжанец П. І. Красінец. Апісаны Ю. Віцьбічам факт пра ўзьвіжаньне крыжа, зьнятага з аднае з цэркваў г. Вяліжу ў студзені 1941 г. і ўсталяванага на Пакроўскім полі, у Вяліжы невядомы.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кронбэрг Я. Прычыны і характар нядаўніх паўстаньняў у Заходняй Камуне = Причины и характер недавних восстаний в Западной Коммуне.
- Віцьбіч Ю. Сорак год таму паўсталі Вяліжане. — Бацькаўшчына. № 49-50. — Мюнхен: 1958.