Перайсьці да зьместу

Міхаіл Якаўлевіч Паўлаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Паўлаў.
Міхаіл Якаўлевіч Паўлаў
Старшыня Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту
28 сакавіка 2000 — 10 чэрвеня 2009
Папярэднік: Уладзімер Ярмошын
Наступнік: Мікалай Ладуцька
Старшыня Баранавіцкага гарадзкога выканаўчага камітэту
чэрвень 1997 — сакавік 2000
Папярэднік: Валеры Захарчанка
Наступнік: Віктар Дзічкоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1 верасьня 1952
в. Ордаць, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласьць, БССР
Памёр: 6 чэрвеня 2010
Менск
Адукацыя: Кандыдат тэхнічных навук
Узнагароды:
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Айчыны 3 ступені (Беларусь)
Ордэн Айчыны 3 ступені (Беларусь)

Міхаі́л Я́каўлевіч Па́ўлаў (1 верасьня 1952, в. Ордаць, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласьць6 чэрвеня 2010, Менск, Беларусь[1]) — беларускі дзяржаўны дзяяч, старшыня Менскага гарвыканкаму ў 2000—2009 гадох. Кандыдат тэхнічных навук.

Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут і Акадэмію народнай гаспадаркі пры Ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі. Меў спэцыяльнасьці інжынэра-мэханіка па абсталяваньні і тэхналёгіі зварачнай вытворчасьці, вядучага адмыслоўца па кіраваньні — мэнэджара вышэйшай кваліфікацыі.

Працоўную дзейнасьць пачаў электразваршчыкам у міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Пасьля службы ў войску працаваў на Баранавіцкім камбінаце сянажных веж, прайшоў шлях ад электразваршчыка да дырэктара гэтага камбіната. Пасьля гэтага на працягу дзесяці гадоў узначальваў калектыў Баранавіцкага заводу гандлёвага машынабудаваньня. З 1997 году — старшыня Баранавіцкага гарвыканкаму. З сакавіка 2000 году — старшыня Менскага гарвыканкаму, зьмяніў на гэтай пасадзе будучага прэм’ер-міністра Ўладзімера Ярмошына. Сябар Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2000, 2004 гады).

6 красавіка 2009 году быў шпіталізаваны ў 5-ю клінічную лякарню Менску. 7 красавіка яму была зроблена апэрацыя па выдаленьні пухліны галаўнога мозгу. Апэрацыю рабіў прафэсар Арнольд Сьмеяновіч, чалец-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Рэабілітацыю былы мэр Менску прайшоў у Ізраілі[1]. У верасьні ў сувязі з рэцыдывам пухліны была зробленая паўторная апэрацыя. 6 чэрвеня 2010 году памёр з прычыны працяглай хваробы.

15 жніўня 2012 году Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў надаў парку паміж Малінаўкай і Паўднёвым Захадам імя Паўлава.

Заслужаны працаўнік прамысловасьці Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Пашаны Рэспублікі Беларусь, міжнароднай узнагароды «Паходня Бірмінгему», ордэна Айчыны 3-й ступені (красавік 2010 году). Мае дзьве падзякі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. 25 чэрвеня 2009 году атрымаў званьне «Ганаровы грамадзянін Менску».

Паўлава крытыкуюць за зьнішчэньне гістарычна-культурнай спадчыны Менску ў час яго знаходжаньня на пасадзе старшыні гарвыканкаму: у канцы 2003 году ўлады зруйнавалі камяніцу канца XIX ст. на гістарычнай Магазыннай вуліцы (замест яе збудавалі іншы гмах), у 2005 годзе — старажытную камяніцу на Зыбіцкай (замест яе паставілі муляж), у 2008 годзе — дзьве камяніцы XIX ст. на гістарычнай Койданаўскай вуліцы (замест № 17 кампанія «Тапас» збудавала дом зь іншай колькасьцю паверхаў, замест № 24а кампанія «ФАРТ и В» — бізнэс-цэнтар «Метрополь»)[2].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]