Зямяне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Зямя́не, Зямля́не, (па-польску: ziemianie ад ziemia — зямля) — катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва ВКЛ, саслоўе пры фэадальным стане.

1) У XVXVI стагодзьдзях назва зямяне пашырылася сярод маламаёмаснага баярства ў заходніх землях ВКЛ, што тлумачыцца ўжываньнем польскай тэрміналёгіі і перасяленьнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 году дакладна адрозьнівае пошты (ваенныя атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазьней гэтыя дзьве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка зямян зьлівалася са шляхтаю, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах зь вялікім князем ці фэадаламі.

Зямяне павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх ня сплочвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. Зямяне не выступалі пад павятоваю харугваю, а толькі ў атрадзе пана. У адрозьненьне ад шляхты ня ўдзельнічалі ў сойміках. Да пачатку XVIII стагодзьдзя зямяне як асобная катэгорыя амаль зусім зьніклі, увайшлі ў склад шляхты альбо сялян, трымаўшых зямлю на чыншавым праве.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай зямяне былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне. Аднак часта зямян былі пісаны ў рэвізіі як сяляне. Многія зямяне даказвалі сваё паходжаньне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі як шляхцічы, пасьля гэтага ўлічваліся сярод шляхты. У рэвізію 1834 году зямяне не вылучаліся як асобная група і надалей улічваліся як сяляне.

2) Назва земляўласьнікаў у ВКЛ пераважна ў XVII стагодзьдзі. Мела сэнс тлумачэньня месца жыхарства і статуса валоданьня зямельнай маёмасьцю (напрыклад, «зямянін гаспадарскі Наваградзкі»).

3) Назва буйных земляўласьнікаў (у польскай мове) у XIXXX стагодзьдзях.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]