Інстытут філязофіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°55′1″ пн. ш. 27°36′11″ у. д. / 53.91694° пн. ш. 27.60306° у. д. / 53.91694; 27.60306

Інстытут філязофіі
Абрэвіятура ІФЗ
Дата ўтварэньня 19 сакавіка 1931 (88 гадоў таму)[1]
Тып дасьледчая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта дасьледаваньні ў галіне філязофіі
Месцазнаходжаньне Менск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Кіраўнік Анатоль Лазарэвіч
Намесьнік Валер Максімовіч
Навуковы сакратар Алена Падалінская[2]
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сайт philosophy.by/by
Колішняя назва Інстытут філязофіі, савецкага будаўніцтва і права (1935—1938 гады), Інстытут філязофіі і права (1947—1958 і 1965—1999 гады)

Інстытут філязофіі — установа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў сакавіку 1931 году.

На 2018 год напрамкамі дзейнасьці Інстытуту былі: фундамэнтальныя дасьледаваньні ў галіне тэорыі і мэтадалёгіі прыродазнаўчага і грамадзка-гуманітарнага пазнаньня, філязофскай антрапалёгіі, грамадзкай экалёгіі, этыкі, эстэтыкі, філязофіі культуры і рэлігіі, філязофскіх праблемаў глябалізаваньня і інтэграцыі. Ажыцьцяўлялася: 1) распрацоўка інавацыйных стратэгіяў грамадзкага, духоўна-культурнага і навуковага разьвіцьця, станаўленьня інфармацыйнага грамадзтва і гаспадаркі ведаў; 2) грамадзка-гуманітарная экспэртыза надзённых зьяваў грамадзка-гаспадарчага, культурнага і духоўнага жыцьця; 3) вывучэньне і абагульненьне дасягненьняў айчыннай і замежнай філязофскай думкі і спрыяньне найбольш поўнаму іх выкарыстаньню ў навучаньні і грамадзкім вяшчаньні. Прыём у асьпірантуру дзейнічаў па 7 спэцыяльнасьцях: 1) анталёгія і тэорыя пазнаньня; 2) гісторыя філязофіі; 3) этыка; 4) філязофія навукі і тэхнікі, 5) сацыяльная філязофія; 6) філязофская антрапалёгія, філязофія культуры; 7) філязофія рэлігіі і рэлігіязнаўства. У дактарантуру набіралі па 3-х спэцыяльнасьцях: анталёгія і тэорыя пазнаньня; філязофія навукі і тэхнікі; сацыяльная філязофія. Таксама Інстытут аказваў наступныя паслугі:

  • выпуск манаграфіі, артыкулаў і падручнікаў;
  • падрыхтоўка аналітыкі і выкананьне ацэнкі для дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў;
  • распрацоўка і правядзеньне навучальных курсаў;
  • стажыроўка для дасьледнікаў, выкладнікаў і навучэнцаў[3].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2018 год Інстытут філязофіі ўлучаў:

  • 5 цэнтраў — 1) філязофска-мэтадалягічных і міждысцыплінарных дасьледаваньняў, 2) сацыяльна-філязофскіх і антрапалягічных дасьледаваньняў, 3) гісторыка-філязофскіх і кампаратыўных дасьледаваньняў, 4) дасьледаваньняў глябалізацыі, інтэграцыі і сацыякультурнай супрацы, 5) кіраваньня ведамі і кампэтэнцыямі[4];
  • Рэспубліканскі цэнтар фундамэнтальнай і практычнай філязофіі;
  • 4 сумесныя падразьдзяленьні — 2 філіі катэдраў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (філязофіі і мэтадалёгіі навукі ды паліталёгіі), катэдра-лябараторыя сацыяльна-гуманітарнай экспэртызы ў сфэры навукі і адукацыі (сумесна зь Інстытутам сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ), беларуска-кітайскі цэнтар філязофіі і культуры (сумесна зь Ліннаньскім пэдагагічным унівэрсытэтам, правінцыя Гуандун)[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

19 сакавіка 1931 году Беларуская акадэмія навук заснавала Інстытут філязофіі, у якім адразу зьявілася асьпірантура. У 1935 годзе яго аб’ядналі зь Інстытутам савецкага будаўніцтва і права ў Інстытут філязофіі, савецкага будаўніцтва і права (ІФСБП). У 1936 годзе ІФСБП увайшоў у склад Аддзяленьня грамадзкіх навук АН БССР. У сакавіку 1938 году інстытут зачынілі ў ходзе савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі. З 1946 году ў Акадэміі навук БССР існаваў сэктар філязофіі. 1 ліпеня 1947 годзе ў АН БССР стварылі Інстытут філязофіі і права (ІФП). У 1958 годзе вярнулі назву Інстытут філязофіі праз аддзяленьне і ператварэньне сэктара дзяржавы і права ў Аддзел прававых навук АН БССР. У 1965 годзе зноў атрымаў назву ІФП праз улучэньне ў яго склад аддзелу прававых навук. За савецкім часам у Інстытуце выдалі працы: «Дыялектычны матэрыялізм як мэтадалёгія прыродазнаўчанавуковага пазнаньня» (1965), Зьміцер Шыраканаў «Узаемасувязь катэгорыяў дыялектыкі» (1969), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (у 2 тамах, 1970 і 1976), «Нарысы гісторыі філязофскай і сацыялягічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), Альфрэд Майхровіч «Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты» (1977), Сямён Падокшын «Філязофская думка эпохі Адраджэньня ў Беларусі» (1990). Таксама ў Інстытуце працавалі: акадэмікі Сямён Вальфсон (1-ы кіраўнік), Віталь Сербента, Казімер Буслаў (4-ы кіраўнік) і Георгі Аляксандраў, сябры-арэспандэнты Іван Ільлюшын (2-і кіраўнік), Іван Лушчыцкі (3-і кіраўнік) і Сьцяпан Маргунскі[5].

У 1990 годзе на аснове грамадазнаўчых аддзелаў ІФП стварылі Інстытут сацыялёгіі. У 1-й палове 1990-х гадоў выпусьцілі працы: «Помнікі філязофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991), «Прававая рэформа: павышэньне дзейснасьці заканадаўства» (1992), «Стэрэатыпы і дынаміка мысьленьня» (1993) і В.П. Слабажанін «Земскае самакіраваньне на Беларусі (1905—1917 гг.)» (1994). На 1998 год у інстытуце існавалі сэктар сацыяльнай экалёгіі і 8 аддзелаў: 1) лёгікі і мэтадалёгіі навуковага пазнаньня (з сэктарам філязофскіх праблемаў прыродазнаўства і тэхнікі, 2) філязофскіх праблемаў чалавека, 3) філязофскіх праблемаў міжнацыянальных і міжнародных дачыненьняў, 4) гісторыі філязофіі, 5) тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, 6) дзяржаўнага права і кіраваньня, 7) працоўнага і гаспадарчага права, 8) сельскагаспадарчага і экалягічнага права. У Інстытуце працавалі акадэмік Зьміцер Шыраканаў і сябры-карэспандэнты Альфрэд Майхровіч (кіраўнік з 1994 году), Антон Савасьцюк, Віктар Семянкоў, Мікалай Сторажаў і Віктар Шабайлаў[5]. 9 ліпеня 1999 году Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) зацьвердзіў Пастанову № 66 аб вяртаньні назвы Інстытут філязофіі і вылучэньні зь яго Інстытуту дзяржавы і права. Адначасна Інстытут філязофіі ўвайшоў у склад Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ.

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Статут інстытуту(рас.) // Інстытут філязофіі, 7 ліпеня 2017 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  2. ^ Дырэкцыя // Інстытут філязофіі, 2018 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  3. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў (Інстытут філязофіі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 7 ліпеня 2018 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  4. ^ Падразьдзяленьні // Інстытут філязофіі, 2018 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.
  5. ^ а б Анатоль Лазарэвіч. Інстытут філязофіі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 274. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  6. ^ Акадэмік Шыраканаў Зьміцер Іванавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 ліпеня 2015 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Публікацыі // Інстытут філязофіі, 2018 г. Праверана 28 жніўня 2018 г.