Зьбіцьцё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савету (1995)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°53′45″ пн. ш. 27°32′42″ у. д. / 53.89583° пн. ш. 27.545° у. д. / 53.89583; 27.545

Зьбіцьцё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савету
Галадуючыя дэпутаты ў ВС, 11.04.1995
Галадуючыя дэпутаты ў ВС, 11.04.1995
Дата12 красавіка 1995 (23 гады таму)
МесцаДом ураду (Менск)
Прычыны11 красавіка 1995 г. пачалася галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ «Адраджэньне» супраць рэфэрэндуму, які Вярхоўны Савет не падтрымаў
Мэтыпрымус дэпутатаў Вярхоўнага Савету прагаласаваць за рэфэрэндум
Спосабызьбіцьцё
Вынік13 красавіка 1995 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прызначыў рэфэрэндум на 14 траўня 1995 году
Удзельнікі канфлікту
Ключавыя асобы
Сілы бакоў
Група «Альфа» КДБ Беларусі
Колькасьць
ад 160 да 600 супрацоўнікаў розных спэцслужбаў
19 дэпутатаў

Зьбіцьцё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савету — падзеі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, калі нявызначаныя супрацоўнікі сілавых структураў пабілі і вывелі зь Вярхоўнага Савету 19 дэпутатаў ад апазыцыі, што галадавалі на знак нязгоды з рэфэрэндумам, зыніцыяваным Аляксандрам Лукашэнкам.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Лукашэнка паказвае дэпутатам эскізы новых сымбаляў Беларусі

Напачатку 1995 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што згодна з канстытуцыяй краіны, ён зьбіраецца правесьці рэфэрэндум па зьмене дзяржаўнай сымболікі, наданьню дзяржаўнага статусу расейскай мове, і дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў[1]. Неўзабаве была арганізаваная і падтрымка ініцыятывы ад дэпутатаў. На той час па закону прэзыдэнт краіны ня мог прызначаць рэфэрэндумы, а толькі ініцыяваць іх для разгляду Вярхоўным Саветам.

18 сакавіка 1995 году ў «Звяздзе» зьявіліся звароты, падпісаныя 74 дэпутатамі Вярхоўнага Савету да Лукашэнкі. Адзін быў прысьвечаны зьмене дзяржаўных сымбаляў, другі — наданьню расейскай мове статусу другой дзяржаўнай. Дэпутаты адзначалі, што Пагоня і бела-чырвона-белы сьцяг, якімі карысталіся «гітлераўскія прыслужнікі», набываюць асаблівую значнасьць, напярэдадні 50-годзьдзя перамогі ў нямецка-савецкай вайне і нэгатыўна ўспрымаюцца ў народзе. «З улікам таго, што Беларусь зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай, не да твару ёй пераймаць герб і сьцяг, няхай і дружалюбнай, але іншай сувэрэннай дзяржавы – Літвы, якія былі зацьверджаныя парлямэнтам намнога раней за нашу рэспубліку»[2]. У другім лісьце адзначалася, што Закон аб мовах парушае канстытуцыю і іншыя міжнародныя акты, а таксама абмяжоўвае правы грамадзян.

7 красавіка 1995 году ў абарону мовы і сымбаляў да Вярхоўнага Савету зьвярнуўся Саюз пісьменьнікаў Беларусі[2].

23 і 24 сакавіка ў Вярхоўным савеце праходзіла абмеркаваньне пытаньняў, унесеных Лукашэнкам на рэфэрэндум. Дэпутаты ад апазыцыі засяродзіліся на супярэчнасьці лукашэнкаўскай ініцыятывы Канстытуцыі і законам і патэнцыйнай пагрозе расколу беларускага грамадзтва. Згодна артыкулу 3 Закону аб рэфэрэндуме, дзе сказана, што «на рэспубліканскі рэфэрэндум не выносяцца пытаньні, якія парушаюць неад’емныя правы народу... на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы, пытаньні, якія могуць выклікаць парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці». Пытаньне аб статусе мовы якраз і трапляла пад гэтую катэгорыю і, такім чынам, вынясеньне яго на рэфэрэндум было неканстытуцыйным[2].

Лукашэнка ў сваім выступе заявіў, што ўсе гэтыя пытаньні (акрамя права прэзыдэнта распускаць парлямэнт), прысутнічалі ў ягонай перадвыбарчай праграме (што было не зусім так, і пра гэта мы пазьней сказалі ў сваіх выступах). Асаблівую ўвагу ён надаў тэме мовы і сымболікі.

Галасаваньне ў Вярхоўным Савеце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 красавіка абмеркаваньне пытаньня аб рэфэрэндуму працягвалася. Тэксты прапанаваных пытаньняў зьмяняліся некалькі разоў. Сяргей Навумчык згадвае, што на той час, дэпутаты, былыя партыйныя намеклятуршчыкі і камуністы, маглі прагаласаваць за пытаньні аб мове і сымбалях[2]. Каб прадухіліць неспадзяванкі, 10 красавіка дэпутаты ад апазыцыі дамовіліся пайсьці на скрайнія мэры.

11 красавіка 1995 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь на паседжаньні, у Авальнай Залі Дому Ўраду (які належаў адміністрацыі прэзыдэнта), пачаў абмеркаваньне з выступаў дэпутатаў Крыжаноўскага, Беленькага і Пазьняка. Яны заявілі аб незаконнасьці правядзеньня такога рэфэрэндуму і парушэньні заканадаўчых актаў з Канстытуцыяй. Пасьля гэтага дэпутаты-апазыцянэры абвесьцілі галадоўку, выйшлі са сваіх месцаў на сярэдзіну Авальнай залі і селі перад прэзыдыюмам, каля трыбуны[2].

Старшыня ВС Мячаслаў Грыб заявіў, што парлямэнт павінен па закону разгледзець прапанову прэзыдэнта і прагаласаваць. Пасьля гэтага перад дэпутатамі выступіў Генадзь Майсееў, які абурыўся, што напярэдадні па БТ была паказаная агітацыя за новыя прапановы Лукашэнкі, але не далі слова ніводнаму дэпутату. У гэты час у залі зьявіўся Лукашэнка, які заявіў, што не адмовіцца ад сваіх прапановаў, а дэпутаты павінны іх разгледзець[2].

У выніку галасаваньня па пытаньнях[2]:

  • «Ці згодны вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай? Так ці не» — прагаласавалі 124 дэпутаты (з агульнай колькасьці 238 дэпутатаў) пры патрэбных для прыняцьця станоўчага рашэньне 152-ух.
  • «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новага Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Так ці не?» — падтрымала 150 дэпутатаў (не хапіла двух галасоў).
  • «Ці згодны вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі? Так ці не?» — прагаласавала толькі 86 дэпутатаў, амаль у два разы меней, чым было неабходна.
  • «Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія накіраваны на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй? Так ці не?» набрала патрэбную для зацьвярджэньня колькасьць галасоў — 180.

Пасьля адхіленьня парлямэнцкімі камісіямі прэзыдэнцкай прапановы аб ініцыяваньні рэфэрэндуму Лукашэнка заявіў, што парлямэнт павінен быў галасаваць адразу за ўсе 4 пытаньні. Акрамя таго, ён мог бы пагадзіцца на кансультацыйны характар пытаньняў аб роспуску парлямэнту і інтэграцыі з Расеяй, аднак настойвае на абавязковым характары пытаньняў аб сымбалях і мове[2]. Таму ён правядзе рэфэрэндум безь яго санкцыі.

Падзеі ў ночы з 11 на 12 красавіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая старонка газэты "Свабода", ад 15-04-1995

Яшчэ ўвечары Галіна Сямдзянава атрымала інфармацыю, што супраць удзельнікаў галадоўкі можа быць ужытая сіла. Пазьняк зьвярнуўся да Грыба з просьбай забясьпечыць іх ахову, той сказаў, што нібыта кіраўніцтва КДБ паабяцала даслаць сваіх людзей[2].

Пасьля 18 гадзінаў прэзыдэнцкая ахова запатрабавала ад журналістаў пакінуць залю. Застацца ўдалося толькі карэспандэнтцы радыё «Свабода» Алене Радкевіч[2]. А 22.10 па БТ у навінах выйшаў рэпартаж пра галадаючых дэпутатаў дзе прагучалі словы: «Прэзыдэнт імкнуўся вырашыць праблему мірнымі шляхамі, але вычарпаў усе магчымасьці».

А 23 гадзіне ў Авальную залю ўвайшоў начальнік упраўленьня аховы Міхаіл Цесавец з начальнікам службы аховы прэзыдэнта Вячаславам Каралёвым. Разам зь імі было некалькі дзясяткаў чалавек ў вайсковай і міліцэйскай форме, а таксама хлопцы ў скураных куртках моцнага целаскладу. Цесавец заявіў, што па тэлефону паведамілі аб закладзенай бомбе ў будынку парлямэнту, і запатрабаваў пакінуць будынак, бо праводзіцца эвакуацыя. Цесавец спаслаўся на загад Грыба пакінуць памяшканьне — але, дэпутаты зьвязаліся са сьпікерам і даведаліся, што Грыб падобнага распараджэньня не даваў. Тады Цесавец загадаў хлопцам, што былі зь ім вывесьці прымусова дэпутатаў з залі, аднак тыя адмовіліся, калі пабачылі дэпутацкія пасьведчаньні і пачулі заявілі пра крымінальную адказнасьць за парушэньне дэпутацкай недатыкальнасьці. У гэты самы час на бальконе над Авальнай заляй зьявіліся два відэаапэратары, якія пачалі здымаць усё на камэры. Цесавец і Каралёў самі вырашылі паспрабавалі выцягнуць хоць аднаго з дэпутатаў — спачатку вырывалі з крэслаў Барыса Гюнтара, потым Ігара Герменчука, але дэпутаты ўзяліся за рукі і задума не атрымалася.[2].

Пакуль ішла тузаніна, група сапёраў пад кіраўніцтвам палкоўніка са спэцтэхнікай і сабакамі аглядала Авальную залю ў пошуках бомбы.

А 23-ай гадзіне, калі ў залю ўвайшла прэзыдэнцкая ахова, падышла да журналісткі Радкевіч, якая пісала рэпартаж за сталом старшыні ВС (бо менавіта там была настольная лямпа), і забрала з дыктафона касэту. Празь некалькі хвілінаў і саму Радкевіч вывелі з залі, завялі ў памяшканьне аховы і там апытвалі.

Некалькі дэпутатаў сышлі на першы паверх, бо ўсе дзьверы былі адчыненыя. Міліцыя прапанавала ім выйсьці на вуліцу, на плошчу, без гарантыяў вяртаньня ў залю. Дэпутаты нават здолелі даць інтэрвію праз зачыненыя шкляныя дзьверы журналістам, што чакалі іх з вуліцы. Тыя расказалі, што ў двор Дома ўраду праехаў картэж і ў прэзыдэнцкіх пакоях запалілася сьвятло. Сяргей Навумчык і Алег Трусаў сьвярджаюць, што бачылі ў двары прэзыдэнцкі лімузін і лічаць, што сам Лукашэнка прыехаў тады ў будынак ураду[2].

А 00.41 гадзіне 12 красавіка сапёры скочылі агляд будынку, пратакол ад дэпутатаў падпісалі Алег Трусаў і Барыс Гюнтэр.

А 2.35 першым людзей у камуфляжы заўважыў Валянціна Голубева, які перад гэтым прыадчыніў дзьверы ў фае. Ён крыкнуў: «Пад'ём! Вайскоўцы з аўтаматамі і ў масках!». Голубеў расказаў, што ў фае, выстраіўшыся некалькімі шэрагамі, стаялі вайскоўцы ў форме, са зброяй, у масках з супрацьцігазамі, усяго «чалавек пяцьсот альбо шэсьцьсот». Галадуючыя паўскоквалі і паселіся ў ложы, дзе звычайна сядзяць чальцы Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету. На бальконах залі пасяджэньняў зьявіліся людзі зь відэакамэрамі (як мінімум двое)[2][3].

А 2.48 у залю ўвайшлі Цесавец, Каралёў і зь імі невядомы чалавек у паўвайсковым адзеньні (пазьней Навумчык апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра «Альфы«, потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі). Дэпутатам далі пяць хвілін, каб пакінуць памяшканьне і кампанія сілавікоў выйшла[2].

Дэпутаты дамовіліся, што будуць супраціўляцца, калі іх пачнуць выдаляць з памяшканьня: схопяцца адзін за аднаго, а калі нападаючым ўдасца разарваць ланцуг, то паспрабуюць зрываць маскі і чапляцца — колькі хопіць сіл — за сталы і крэслы[3].

А 2.51 у адзін момант расчыніліся ўсе дзьверы, у залі загарэлася сьвятло і туды ўварваліся прыкладна 200 чалавек у чорных масках і цёмных камбінэзонах, за імі беглі спэцназаўцы ў шлёмах, рэсьпіратарах і з дубінкамі, а па пэрымэтры залі стаялі аўтаматычкі[2][3].

Беленькі потым казаў, што адзін зь першых нападаўцаў у чорным зрабіў у паветры сальта і ўдарыў нагамі ў грудзі Пазьняка». Гермянчук згадваў: «Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з краю. На Пазьняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы»[4]. Пазьняк і Гермянчук пасьпелі сарваць зь некалькіх нападнікаў маскі. Лідэра апазыцыі білі асабліва жорстка, пісаў потым Навумчык: «Адзін «гарыла» ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазьняка білі аб сьцяну. Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджаньняў рознай цяжкасьці»[2].

Лявон Баршчэўскі згадваў, што яму закруцілі рукі за сьпіну, «прычым так, што мой падбародак апынуўся ніжэй каленяў. Мяне пацягнулі паўкругам папярочнага праходу, які ішоў уздоўж задняга шэрагу дэпутацкіх крэслаў. Каля крэслаў ланцужком стаялі вайскоўцы ў камуфляжы і поўнай амуніцыі, і кожны з іх імкнуўся чаравікам патрапіць мне ў твар»[3].

Па згадках Лявона Баршчэўскага6 «Маглі б проста вынесьці ці вывесьці. Але білі вельмі жорстка. Ботамі ў твар, выломвалі рукі, лупілі дубінкамі, наставіўшы аўтаматы, на што не было ніякай патрэбы. Мы ж былі бяззбройныя»[1]. Па словах дэпутата Голубева: «Я памятаю такі момант, што два чалавекі крутнулі мне рукі гэтак, што я, стоячы, ударыўся галавою аб падлогу і ў гэты момант атрымаў дручком па хрыбетніку, і ногі адняліся. Мяне проста пацягнулі. Галава яшчэ працавала, але супраціўляцца я ўжо не мог»[5].

Усіх дэпутатаў моцна зьбівалі пакуль выводзілі ці выносілі зь Вярхоўнага Савету. Пасьля людзей кідалі ў міліцэйскія машыны. У машынах у дэпутатаў спыталі іх хатнія адрэсы, але тыя сказалі везьці іх у пракуратуру. Там уночы былі выкліканы два дзяжурных пракурора і складзена заява. Туды ж прыехала і хуткая.

А 4-й рана ўсе дэпутаты, раскіданыя ў розных месцах гораду, сабраліся ля гатэлю «Кастрычніцкі» і пайшлі ў «лечкамісію», якая месьцілася непадалёку, на Чырвонаармейскай. Туды ж прыехалі журналісты[2].

Падзеі 12 красавіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая старонка газэты «Советская Белоруссия» ад 12-04-1995

А 6-й гадзіне пасьля сканчэньня мэдычнага агляду зьбітыя дэпутаты паведамілі аб падзеях Мячаславу Грыбу. Той прыняў іх у сваім кабінэце разам зь віцэ-сьпікера Іванам Бамбізай, а таксама генэральным пракурорам Васілём Шаладонавым. Генпракурор заявіў, што яго ўжо праінфармавалі пра наш начны зварот у пракуратуру і ён пачынае крымінальную справу (у гэтай справе адбылося нават паседжаньне калегіі Генэральнай пракуратуры). Па словах Навумчыка, Грыб назваў тое, што адбылося,дзяржаўным злачынствам і вырашыў тэрмінова сабраць Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету[2].

Сябры Прэзыдыюму ВС былі шакаваныя начнымі падзеямі. Старшыня парлямэнцкай Камісіі па экалёгіі Барыс Савіцкі, заявіў, што пасьля зьбіцьця дэпутатаў ў Вярхоўнага Савету ёсьць толькі два магчымыя варыянты: альбо распачаць працэдуру адстаўкі Лукашэнкі, альбо — самараспусьціцца. «Беларусь яшчэ ніколі гэтак блізка не падыходзіла да мяжы грамадзянскай вайны», — заявіў Грыб. ЁН прапанаваў абмеркаваць сытуацыю на паседжаньні Вярхоўнага Савету[2].

У гэты час каля Дому ўраду пачалі зьбірацца невялікі натоўпы пратэстуючых, якіх адціскалі міліцыянты. Зьбітых дэпутатаў у Дом ураду не пусьцілі міліцыянты, заявіўшы, што ўваход у будынак дазволены толькі па сьпісам і іх прозьвішчам там няма. Таксама не пусьцілі ў будынак і генпракурора Шаладонава, які якраз прыехаў на месца падзей[2]. Згрупаваўшыся разам дэпутаты здолелі прарваць кардон міліцыі і патрапіць у Авальную залю.

Дэпутаты (не прадстаўнікі Апазыцыі БНФ) адразу заявілі, што пасьля начных падзеяў праводзіць сэсію ў падкантрольным Лукашэнку Доме ўраду, а не ў будынку Вярхоўнага Савету, нельга. Грыб у гэты час пайшоў да Лукашэнкі, каб высьветліць абставіны таго, што здарылася і паспрабаваць разьвязаць канфлікт. У выінку сэсія распачалася ў будынку Ўрада. Пасьля абеду да дэпутатаў прыйшлі распавесьці сваю вэрсію падзеяў міністар абароны Анатоль Кастэнка і начальнік аховы будынкаў Міхаіл Цесавец. Яны заявілі, што па загаду Лукашэнкі, забясьпечвалі бясьпеку прысутным ў будынку дэпутатам, якіх проста вывелі з Дому Ўраду і разьвезьлі па хатах[2].

У адказ Алесь Шут узьняў кашулю і паказаў кровападцёкі ад дубінак. Раптам пачуліся выкрыкі дэпутатаў: «Мало Вам дали!» [6]. Навумчык ў сваіх успамінах сьцьвярджае, што крычаў гэта Мікалай Дземянцей, былы старшыня Вярхоўнага Савету БССР[2].

Валянцін Голубеў распавёў як зьбівалі людзей і запатрабаваў паказаць усім кадры зьнятыя дзьвума відэакамэрамі. Грыб адказаў, што абавязкова гэта пабачаць усе дэпутаты, і што гэта асабіста абяцаў яму зрабіць Лукашэнка. Пасьля быў абвешчаны перапынак да 16-й гадзіны, калі да дэпутатаў абяцаў прыйсьці прэзыдэнт. А 16-й гадзіне дэпутаты ад апазыці сказалі, што рабіць у будынку Ўраду. няма чаго і яны пераносяць сваё галадаваньне ў Вярхоўны Савет, які не належыць адміністрацыі прэзыдэнта[2].

Пад час свайго выступу Лукашэнка імкнуўся даказаць, што менавіта дэпутаты Апазыцыі вінаватыя ў «дэстабілізацыі сытуацыі» і што з дэпутатамі нічога дрэннага не рабілі — наадварот, выратоўвалі іх жыцьцё. Самі ж дэпутаты не галадалі, а елі і нават пілі ўночы.

«Когда мне Тесовец со слезами на глазах позвонил около 12 часов ночи и сказал: Александр Григорьевич, не получается похорошему, повынимали ножи, достали лезвия. Первое, говорят, вскрываем вены, отрезаем себе головы и вас повырезаем, кровью зальём здесь всё. Ну, извините, такие угрозы в резиденции президента – это уже слишком».

У той самы дзень дэмаралізаваныя ціскам Лукашэнкі і бязвольнымі паводзінамі Грыба дэпутаты прагаласавалі за ратыфікацыю Дамовы аб двухбаковых беларуска-расейскіх адносінах. Тады ж, увечары 12 красавіка, дэпутаты Апазыцыі БНФ, прынялі заяву, у якой абвясьцілі пра спыненьне палітычнай галадоўкі[2].

Падзеі 13 красавіка і прызначэньне рэфэрэндуму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 красавіка дэпутаты, без фракцыі апазыцыі БНФ, у шпаркім тэмпе прынялі закон «Аб патэнтах на гатункі расьлінаў» і ратыфікавалі Дамову паміж Беларусьсю і Расеяй «Аб сумесных намаганьнях па ахове дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь»[2].

Потым прысутныя дэпутаты ВС прынялі з парушэньнем працэдуры пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму[7][8]. Яго прызначылі на 14 траўня 1995 году.

У адпаведнасьці з пастановай № 3728 — ХІІ «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму па пытаньнях, прапанаваных Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, і мерах па яго забесьпячэньні» ў бюлетэнь для галасаваньня былі ўключаны наступныя пытаньні:

  1. Ці згодны Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
  2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцягу і Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь? (прапаноўвалася зьмяніць нацыянальныя герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг на знакі, што нагадвалі сымбалі Беларускай ССР)
  3. Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
  4. Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?

Першае, другое і трэцяе пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, рашэньне якога зьяўляецца канчатковым, а чацьвертае пытаньне — для прыняцьця кансультацыйнага рашэньня, якое мае рэкамэндацыйны характар[7].

Доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, які ў 1995 годзе быў судзьдзём Канстытуцыйнага суду, лічыць, што толькі адзін факт скарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да дэпутатаў «людзьмі ў камуфляжнай форме», ды яшчэ ў будынку парлямэнту, ставіць пад сумненьне законнасьць пастановы Вярхоўнага Савету наконт прызначэньня рэфэрэндуму, паколькі рашэньне было прынята пад прымусам. Само ж увядзеньне ўзброеных людзей у парлямэнт і нападзеньне на дэпутатаў можна кваліфікаваць як захоп улады гвалтоўным чынам.

Адным з апошніх прынятых законаў у гэты дзень было абвяшчэньне 7 лістапада (дзень «кастрычніцкай рэвалюцыі») — дзяржаўным сьвятам.

У гэты дзень сэсія скончылася ў буфэце. Урыўкі са стэнаграмы прыводзіць Навумчык: Лукашэнка: «... я приглашу сейчас этот весь зал за счёт государства. Слышите? Я имею право. И выпьем и по сто, и по двести граммов...» Грыб: «Дзякуй. Усіх вас чакаюць у буфэце»[2].

Відэа зьбіцьця і рассьледваньне падзей[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вінаватых у зьбіцьці дэпутатаў праваахоўныя органы не назвалі і да гэтага часу. Пазьней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён асабіста аддаў загад аб эвакуацыі дэпутатаў з будынка ў мэтах бясьпекі. Прэзыдэнт таксама заявіў, што ён мае «права патрабаваць навядзеньня парадку ў сваёй рэзыдэнцыі» (у будынку Дома ўрада, дзе засядаюць дэпутаты, левае крыло належала кіраўніку дзяржавы і ягонай адміністрацыі). У інтэрвію журналістам Лукашэнка ацаніў ўсё, што адбылося, як правакацыю з мэтай дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадзтве[3].

На наступны дзень, выступаючы перад дэпутатамі, Лукашэнка заявіў, што глядзеў відэа пра падзеі ў ВС, і ніхто нікога ня біў. Дэпутаты самі з радасьцю пакінулі залю парлямэнту.

« Да никто никого не бил, никто никого не ломал. Сейчас с бытовой кассеты, которая здесь была отснята, мы перегоняем на БТК (или какая там кассета.) и мы покажем не только депутатам. Как только эта перегонка будет закончена, мы покажем это не только депутатам, мы покажем это всему народу… Мы покажем народу эту плёнку»[2] »

.

Лукашэнка абяцаў у хуткім часе паказаць гэты ролік па тэлебачаньні, але тыя кадры так і не былі паказаныя. Лявон Баршчэўскі расказаў, што праз 7 гадоў сустрэўся зь Леанідам Сініцыным, які ў 1995 годзе ўзначальваў Адміністрацыю прэзыдэнта. Той бачыў відэа зьбіцьця ў Авальнай залі і прызнаўся: «Там быў проста жах!». Па словах Сініцына, змантаваць нешта з таго роліка было немагчыма[1].

У іншым інтэрвію Сініцын расказаў, што раніцай 12 красавіка яму прынесьлі гэтую касэту. Ён паклікаў Міхаіла Чыгіра, у той час — прэм’ер-міністра, і яны разам глядзелі яе. Потым касэту забраў сабе Замяталін, які ўзначальваў упраўленьне інфармацыі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі[9].

18 красавіка Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Ігар Гермянчук, Алег Трусаў і Сяргей Навумчык правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой запатрабавалі даць відэазапіс у этэр, бо адміністрацыя прэзыдэнта адмовілася перадаць касэту генпракуратуры.

У красавіку 1995-га газэта «Свабода» надрукавала паведамленьне пра расповед аднаго з супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі, якому ўдалося пабачыць запіс у часе таго самага перагону з бытавой касэты на прафэсійную, пра якую казаў Лукашэнка. Відэазапіс спрабавалі за вялікія грошы купіць расейскія і заходнія тэлекампаніі[10].

Пасьля гэтага здарэньня Пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па заяве групы дэпутатаў аб зьбіцьці іх супрацоўнікамі спэцслужбаў, аднак зь цягам часу яна была прыпынена з прычыны «невысьвятленьня асобаў, што дапусьцілі буянства ў парлямэнце»[3][7]. Пры гэтым дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня ад БНФ Сяргей Навумчык у сваіх успамінах сьцьвярджае, што менавіта супрацоўнікі «Альфы» зьбівалі дэпутатаў ад апазыцыі, якія абвясьцілі галадоўку ў авальнай залі[11]. Генэрал-лейтэнант Валер Кез у адным зь інтэрвію папрасіў прабачэньня ў дэпутатаў Апазыцыі БНФ і сказаў, цяпер ужо публічна, што зьбівалі іх афіцэры групы КДБ «Альфа». Менавіта яны і былі тымі самымі «гарыламі» ў чорных масках[2].

Па словах сьледчага Гэнпракуратуры Язэпа Бролішса, «два экспэрты-крыміналісты з падразьдзяленьняў МУС здымалі ўсё, што адбывалася на відэастужку», якую пасьля аддалі прадстаўніку Адміністрацыі прэзыдэнта. Адзінай перашкодай перадачы справы ў суд стала, па словах сьледчага, немагчымасьць атрымаць у Адміністрацыі арыгінал стужкі[3].

Было апытана больш за 190 чалавек, што служылі ў сілавых структурах. 5 кастрычніка 1995 году Язэп Бролішс прыняў рашэньне аб прыпыненьні папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе, узбуджанай 12 красавіка 1995 г. па факце зьбіцьця дэпутатаў, бо «па справе вычарпаныя ўсе магчымасьці для зьбіраньня дадатковых доказаў сьледчым шляхам<…> папярэдняе сьледзтва па справе прыпыніць празь невыяўленьне асоб, якія падлягаюць прыцягненьню ў якасьці абвінавачаных»[2].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былы дэпутат Валянцін Голубеў адзначыў, што яшчэ перад рэфэрэндумам Лукашэнка саромеўся зьбіцьця прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў. Пасьля ж кіраўнік краіны безь ніякага сораму пачаў зьмяняць пад сябе Канстытуцыю. Падзеі, якія разгарнуліся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, разбурылі парлямэнцкую сыстэму ды паказалі, што ў краіне ўсталявалася дыктатура. Ужо наступныя парлямэнцкія выбары 1996 году былі недэмакратычныя, і менавіта з таго часу ў беларускі парлямэнт не прапускаюць прадстаўнікоў апазыцыі[5].

Пісьменьнік Васіль Быкаў адразу пасьля падзей 11—12 красавіка заявіў, што краінай «кіруе прэзыдэнцкая хунта»: «Ужо ясна, што ў Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі свабоднай прэсы»[3].

Сьпіс дэпутатаў, што прымалі ўдзел у галадаваньні і былі пабітыя[2][рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хацеў далучыцца да галадоўкі, але мусіў класьціся ў шпіталь дэпутат Апазыцыі БНФ, палкоўнік міліцыі Ігар Пырх. Дэпутаты ўгаварылі ня ўдзельнічаць у галадоўцы Галіну Сямдзянаву[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Кастусь Заблоцкі. Як зьбівалі дэпутатаў 20 гадоў таму // Радыё «Рацыя», 11 красавіка 2015 г. Архіўная копія ад 11 красавіка 2015 г. Праверана 18 верасьня 2018 г.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты / рэд. Аляксандар Лукашук, маст. Генадзь Мацур. — Вашынгтон: Радыё «Свабода», 2015. — 320 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-73-7
  3. ^ а б в г д е ё ж Избитая демократия. 20 лет назад голодавших оппозиционеров силой вывезли из парламента, tut.by? 11 красавіка 2015
  4. ^ Ігар Гермянчук. Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара // Свабода : газэта. — 15 красавіка 1995.
  5. ^ а б Валянцін Голубеў: Да рэфэрэндуму 1995 года Лукашэнка яшчэ саромеўся // Тэлеканал «Белсат», 12 красавіка 2013 г. Праверана 18 верасьня 2018 г.
  6. ^ Сяргей Навумчык. Пра што забыўся Трусаў // Наша ніва : газэта. — 18 лютага 2015. — № 7 (892). — С. 10. — ISSN 1819-1614.
  7. ^ а б в Міхаіл Пастухоў. Ці законны рэфэрэндум 1995 года адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы / рэд. Міхась Скобла. — Вільня: Gudas, 2000. — 320 с. — ISBN 998-6951-82-7
  8. ^ Сяргей Запрудзкі. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады // Архэ-Пачатак : часопіс. — 2002. — № 1 (21). — ISSN 1392-9682.
  9. ^ Аляксандар Фядута, «Лукашенко. Политическая биография», Москва, «Референдум», 2005, с. 245.
  10. ^ Сяргей Навумчык. Іхнія рукі ўжо ў крыві // Свабода : газэта. — 21 красавіка 1995.
  11. ^ Зьміцер Панкавец. Спэцназы Беларусі // Газэта «Наша ніва», 12 жніўня 2009 г. Праверана 18 верасьня 2018 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ігар Герменчук «Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара», «Свабода», 15 красавіка 1995)
  • Сяргей Навумчык «Іхнія рукі ўжо ў крыві», «Свабода», 21 красавіка 1995
  • сьведчаньне дэпутатаў у газэце «Свободные новости» за 15 красавіка 1995
  • Лявон Баршчэўскі «Крывавая ноч» («Народная воля», 12 красавіка 2003)
  • газэта «Пагоня» за красавік 1995 году