Міхаіл Мураўёў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Міхаіл Мураўёў
Murawjow.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1 (12) кастрычніка 1796
Масква, Расейская імпэрыя
Памёр: 31 жніўня (12 верасьня) 1866 (69 гадоў)
Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя
Бацька: Мікалай Мікалаевіч Мураўёў[d]
Адукацыя: Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт

Міхаіл Мікала́евіч Мураўё́ў, вядомы пад мянушкамі вешальнік і людаед[1] (рас. Михаил Николаевич Муравьёв; 1 (12) кастрычніка 1796 — 10 верасьня 1866) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Расейскай імпэрыі. Генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю ў час здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Адзін з галоўных праваднікоў палітыкі русіфікацыі Беларусі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і марскога афіцэра. Навучаўся ў Маскоўскім унівэрсытэце, заснаваў Маскоўскае таварыства матэматыкаў, потым, разам з бацькам — вучэльню калёнаважатых (штабных афіцэраў) — правобраз будучай Акадэміі генэральнага штабу.

Удзельнічаў у Вайне 1812 году, за ўдзел у бітве пад Барадзіно атрымаў ордэн Уладзімера IV ступені з бантам. У 1813 годзе ўдзельнічаў у «бітве народаў» пад Дрэздэнам.

Па вяртаньні на радзіму зацікавіўся таемнымі таварыствамі і ў 1816 годзе ўступіў у «Саюз благадзеяньня». У час голаду ў Смаленскай губэрні браў удзел у арганізацыі дапамогі галадаючым у Рослаўскім павеце, у якім меў маёнткі. Па радыкалізацыі руху дэкабрыстаў, калі ў Статут «Саюзу» ўнесьлі пункт аб забойстве цара, не пагадзіўся з гэтым і выйшаў з арганізацыі. Быў арыштаваны за ўдзел у «Саюзе», але неўзабаве яго цалкам апраўдалі.

Кар'ерны рост[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 чэрвеня 1827 году атрымаў прызначэньне на пасаду віцэ-губэрнатара Віцебскай губэрні, 15 верасьня 1828 году — губэрнатара Магілёўскай губэрні, 24 жніўня 1931 году — губэрнатара Гарадзенскай губэрні, 11 студзеня 1835 году — губэрнатара Курскай губэрні.

У сьнежні 1831 году атрымаў званьне генэрал-лейтэнанта, 21 траўня 1849 году — генэрал-маёра, 28 жніўня 1856 году — генэрала ад інфартэрыі.

1 студзеня 1850 году стаў сябрам Дзяржаўнага савету, у 1850—1857 гадох быў віцэ-прэзыдэнтам Расейскага геаграфічнага таварыства, у 1857—1861 гадох — Міністрам дзяржаўных маёмасьцяў.

Карупцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У час знаходжаньня на высокіх дзяржаўных пасадах здабыў рэпутацыю буйнога карупцыянэра[2]. У 1858 годзе дзеля адной службовай паездкі ўзяў зь дзяржаўнага скарбу камандзіровачныя («прагоны») ува ўсіх трох ведамствах, дзе займаў пасады, за што атрымаў мянушку «трохпрагоннага»[2]. Дапамог старшыні Дзяржаўнага савету А. Арлову прадаць у дзяржаўны скарб дом, які Арлоў раней купіў за дзяржаўныя грошы[3]. Паспрыяў прызначэньню свайго старэйшага сына на пасаду вяцкага губэрнатара. Выдзяліў ад імя падначаленага яму Ляснога ведамства грашовую ўзнагароду за «захаваньне лясоў» вяцкаму і ніжагародзкаму губэрнатарам. Пасаду ніжагародзкага губэрнатара на той час займаў родны брат Мураўёўва[3]. Таксама прызначыў на кіроўную пасаду свайго пляменьніка А. Лашкарова[3].

Падтрымка прыгону[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адназначна адмоўна паставіўся да сялянскай рэформы 1861 году, якая мела на мэце вызваліць сялянаў ад прыгоннай залежнасьці. Разам з князем В. Далгарукавым стаў лідэрам групы найвышэйшых ураднікаў, хто рабіў усё магчымае, каб перашкодзіць вызваленьню сялянаў[3]. Аднак ня меў дастатковага ўплыву, каб спыніць рэформу: галоўным яе рухавіком стаў вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч[4].

Русіфікацыя Вялікага Княства Літоўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Русіфікацыя Беларусі

У сьнежні 1830 году даслаў расейскаму гаспадару Мікалаю I лічбу, у якой настойліва рэкамэндаваў забараніць выкарыстаньне ў справаводзтве Магілёўскай губэрні Статуту Вялікага Княства Літоўскага[5]. Загад урадаваму Сэнату аб скасаваньні Статуту выйшаў ўжо 1 студзеня 1831 году.

У адмысловай запісцы ад 22 сьнежня 1830 году на імя Мікалая I пра асновы адукацыі на тэрыторыі Магілёўскай губэрні пераконваў гаспадара ў тым, што трэба адхіліць ад навучальна-выхаваўчага працэсу каталіцкіх сьвятароў і цалкам перавесьці адукацыйны працэс на расейскую мову. У асобнай запісцы таксама рэкамэндаваў зачыніць Віленскі ўнівэрсытэт як месца навучаньня шмат каго зь неляяльных грамадзянаў[5].

Пакараньне паўстанцаў на шыбеніцах

Браў удзел у здушэньні паўстаньня 1830—1831 гадоў і наступных за ім рэпрэсіях. Выслаў у Сыбір князя Рамана Станіслава Сангушку. У 1832 годзе звольніў дырэктара вучэльняў Аляксея Сухадольскага. У 1833 годзе арыштаваў настаўніка матэматыкі ксяндза Ляскоўскага і двух вучняў другой клясы Гарадзенскай дамініканскай гімназіі. Пастанавіў выслаць ксяндза Зяленку. У выніку дамогся ліквідацыі дамініканскага кляштару і закрыцьця гімназіі пры ім. У ліпені 1833 году зацьвердзіў вырак аб павешаньні паўстанца Міхала Валовіча. У красавіку 1834 году замест зачыненай дамініканскай гімназіі адкрыў новую расейскую, дзе настаўнікамі сталі асобы расейскага паходжаньня.

Актыўна спрыяў япіскапу Ёсіфу Сямашку ў справе ўсталяваньня іканастасаў ува ўніяцкіх цэрквах. У 1833 годзе падаў запіску пра патрэбу запясьпечваць духавенства зь дзяржаўнага скарбу. У 1835 годзе ліквідаваў базылянскі манастыр у Чарлёне.

У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў атрымаў прызначэньне на генэрал-губэрнатара Паўночна-Заходняга краю з надзвычайнымі паўнамоцтвамі. На гэтай пасадзе жорстка змагаўся з паўстанцамі. Шырока практыкаваў канфіскацыю маёмасьці і абкладаньне ўсёй шляхты вялікім «ваенным падаткам». У дадатак да тысячаў чалавек, якія загінулі ў баях, згодна з пастановамі трыбуналаў пакараў сьмерцю 128 паўстанцаў (у тым ліку нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага) і выслаў у Сыбір, паводле розных падлікаў, ад 2500 да 9423 чалавек[a].

Шырокую вядомасьць атрымаў дэвіз, які прыпісваюць Мураўёву:

«

Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейская школа і царква

»

Запрасіў у Вільню прадстаўніка кансэрватыўнага кірунку ў «западно-руссизме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выданьня «Вестник Юго-Западной и Западной России» пад новай назвай «Вестник Западной России». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзеньне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс ня меў папулярнасьці, і ў 1871 годзе яго закрылі[6].

Стаў ініцыятарам маштабнага будаваньня цэркваў-мураўёвак на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага[7], якія ўзводзіліся паводле тыповых праектаў і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расейскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[8] Маскоўскага патрыярхату. Іхнае будаваньне мела вызначальную ідэйна-палітычную ролю[7] ў справе маскалізацыі беларусаў:

« Праваслаўныя бажніцы маюць быць адвечнымі сьведкамі вялікай эпохі адраджэньня расейскай народнасьці ў Паўночна-Заходнім краі, спрадвеку расейскім, які доўгі час пакутаваў пад прыгнётам лацінска-польскай прапаганды. »

У гэты ж час ажыцьцяўлялася масавае зьнішчэньне старажытных праваслаўных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага[9], а таксама перабудова ў стылі архітэктуры Маскоўскай дзяржавы колішніх рымска-каталіцкіх, уніяцкіх і нават спрадвеку праваслаўных сьвятыняў. Падобным чынам Маскоўскі патрыярхат імкнуўся абазначыць «кананічную» тэрыторыю[10]. Фінансавалася гэтая справа з сродкаў, сабраных з удзельнікаў паўстаньня ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцыяў[7][11]. У выніку падобных рэканструкцыяў адбывалася зьнявечаньне кампазыцыяў і стылёвага разьвязку помнікаў архітэктуры, зьнішчаліся высокамастацкія фрэскі, алтары, амбоны і інш.[12]

Зьвяртаючыся да шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага казаў[13]:

«

Забудзьцеся пра наіўныя летуценьні і мары, панове, і помніце, што калі вы ня станеце тут сваімі думкамі і пачуцьцямі расейцамі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

»

Апошнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карыкатура на адкрыцьцё помніка Мураўёву-вешальніку ў Вільні, 1898 г.

1 траўня 1865 году Мураўёва звольнілі з пасады губэрнатара Паўночна-Заходняга краю з максымальна магчымым ушанаваньнем: яму надалі тытул графа з найменьнем «Віленскі» і ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Расейскай імпэрыі — Сьвятога Андрэя Першазванага. У красавіку 1866 году яго прызначылі старшынём сьледчай камісіі ў справе замаху на расейскага гаспадара з боку Дзьмітрыя Каракозаваа.

Памёр 29 жніўня (10 верасьня) 1866 году ў Пецярбурзе. Спачыў у Аляксандра-Неўскай Лаўры.

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 красавіка 1866 году на абедзе ў Ангельскім клюбе Мікалай Някрасаў зачытаў оду, прысьвечаную Мураўёву. У далейшым за гэта паэта моцна раскрытыкавалі калегі. Сытуацыю, якая склалася вакол Някрасава па прачытаньні оды, апісаў Карней Чукоўскі ў творы «Паэт і кат»[14]:

« Цьвердзяць, што двудушнасьць Някрасава ні ў чым ня выявілася з такой відавочнасьцю, як менавіта ў гэтай жахлівай одзе. Насамрэч, як мог рэвалюцыйны паэт славіць крывавага душыцеля Польшчы і заахвочваць яго да новых зладзействаў? Чаму чалавек, адно імя якога натхняла змагароў за свабоду, які, здаецца, толькі і рабіў, што паўтараў моладзі: «ідзі ў агонь…», «ідзі і гінь…», «памрэш не дарма: справа трывае, калі пад ёй струменіцца кроў», «кідайся проста ў полымя і гінь», — чаму пасьля таго, як моладзь сапраўды кінулася ў полымя, ён аддаў яе Мураўёву? А ён менавіта здрадзіў ёй, бо (як у той час паведамлялі газэты) ён сам пры народзе прасіў Мураўёва ўзмацніць тэрор, заклікаў яго да новых пакараньняў сьмерцю. Моладзі казаў «ідзі і гінь», а Мураўёву «ідзі і губі». »

Расейскі пісьменьнік Аляксандар Герцэн даў наступную ацэнку поглядам, справам і вонкаваму выгляду Мураўёва[15]:

« Такой мастацкай адпаведнасьці паміж зьверам і яго вонкавым выглядам мы ня бачылі ні ў статуях Банароці, ні ў бронзе Бэнвэнута Чэліні, ні ў клетках заалягічнага саду. »

У 1898 годзе ўлады Расейскай імпэрыі паставілі помнік Мураўёўву ў Вільні. Аднак па адыходзе расейскіх войскаў месьцічы зруйнавалі гэты помнік. Пазьней зь яго збудавалі грамадзкія прыбіральні. Мінімум адна зь іх існавала яшчэ ў 1990-х гадох[16].

27 лістапада 2016 году ў Менску ў царкве Покрыва Багародзіцы з бласлаўленьня мітрапаліта Паўла (Панамарова) прайшла канфэрэнцыя «Готов собою жертвовать...»[17] (пазыцыянавалася арганізатарамі як навуковая), прысьвечаная памяці Мураўёва, якога назвалі «яскравай і выдатнай асобай». Загаднік катэдры царкоўнай гісторыі Менскай духоўнай сэмінарыі протаярэй Аляксандар Раманчук выступіў з дакладам, у якім разглядаў маральна-этычны аспэкт учыненага на загад Мураўёва публічнага забойства 8 каталіцкіх сьвятароў за «вуснае злачынства» — чытаньне ў касьцёлах Маніфэста нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. У сваім дакладзе ён прыйшоў да наступнай высновы[18][19]:

« Фактычна ён паставіў пытаньне, ці мае ў вачах Бога расейскі праваслаўны сьвет такую каштоўнасьць, каб дзеля яго караць сьмерцю каталіцкіх сьвятароў. Быўшы праваслаўным вернікам, ён адказаў на гэтае пытаньне станоўча і выканаў прысуды. Такім чынам ён пагадзіўся ў поўнай ступені несьці адказ за свае дзеяньні перад Богам у пытаньні выратаваньня душы. Такім чынам, мы ня можам адмаўляць, што граф Мураўёў, расстраляўшы 8 каталіцкіх ксяндзоў, выступіў у ролі расейскага рэлігійнага і нацыянальнага лідэра і тым зьдзейсьніў асабісты духоўны подзьвіг самаахвярнасьці. »

Беларускі гісторык Уладзімер Арлоў вызначае Мураўёва як «разумнага і жорсткага царскага сатрапа <...>, які ня грэбаваў ніякімі сродкамі: дзейнічаў подкупамі і ашуканствам, падпісваў сьмяротныя прысуды і загадваў заліваць магілы экскрэмэнтамі, каб не дапусціць там патрыятычных маніфэстацыяў»[13]. На думку беларускага гісторыка Сяргея Абламейкі, галоўным антыгероем беларускай гісторыі зьяўляецца не Мураўёў-вешальнік, а Ёсіф Сямашка, які «зрабіў найболей для перамогі "русского дела в Западном крае"...»[20]

Беларускі літаратуразнавец і палітоляг Аляксандар Фядута ацэньвае Мураўёва наступным чынам: «Нi вялікім патрыётам, ні пачварай дэспатызму Міхаіл Мікалаевіч ня быў. <...> Жорсткі i валявы кіраўнік ў ім спалучаўся з карупцыянэрам, а патрыёт — з сапраўдным кар’ерыстам»[21].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле расейскіх зьвестак — каля 2500. Тым часам ўэльскі гісторык Норман Дэвіс падае зьвесткі пра 8000 высланых. На яго думку, гэта была найбуйнейшая высылка за ўсю гісторыю Расеі

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 257.
  2. ^ а б Міхал Мураўёў. Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і пра падаўленне ў ім бунту / Уклад. А. Фядута. — Менск: «Лімарыус», 2016. С. 19.
  3. ^ а б в г Міхал Мураўёў. Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і пра падаўленне ў ім бунту / Уклад. А. Фядута. — Менск: «Лімарыус», 2016. С. 20.
  4. ^ Міхал Мураўёў. Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і пра падаўленне ў ім бунту / Уклад. А. Фядута. — Менск: «Лімарыус», 2016. С. 21.
  5. ^ а б Міхал Мураўёў. Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і пра падаўленне ў ім бунту / Уклад. А. Фядута. — Менск: «Лімарыус», 2016. С. 12.
  6. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 133.
  7. ^ а б в Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 18.
  8. ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 177.
  9. ^ Габрусь Т. Зруйнаваныя святыні // Страчаная спадчына / Т. Габрусь. — Менск, 2003.
  10. ^ Архітэктар Папруга: Хочуць цыбуліны на царкве — няхай будуюць новы храм // «Наша Ніва», 1 ліпеня 2010.
  11. ^ Чарановіч С. Ляхавіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа // «Наша Вера». № 3 (21), 2002.
  12. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 65.
  13. ^ а б Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  14. ^ Чуковский К. Поэт и палач (Некрасов и Муравьев). — Петербург, 1922.
  15. ^ Герцен А. И. Собрание сочинений в 30 томах. Т. 18. С. 34.
  16. ^ Аскидов Ф. «За вашу и нашу свободу!» Хроника борьбы за независимость [Польши] // Родина (исторический журнал). № 12, 1994. С. 75.
  17. ^ Праграма канфэрэнцыі(рас.)
  18. ^ На навуковай канфэрэнцыі ў Менску апраўдалі забойствы ксяндзоў Мураўёвым-вешальнікам: «Гэта ягоны подзьвіг» // Радыё Свабода, 28 лістапада 2016 г.
  19. ^ На праваслаўнай навуковай канферэнцыі ў Мінску апраўдалі забойствы ксяндзоў Мураўёвым-вешальнікам: «Гэта ягоны подзвіг» // Наша Ніва, 29 лістапада 2016 г.
  20. ^ Абламейка С. Кананізацыя Сямашкі. Скон народу-2 // Радыё Свабода, 17 траўня 2012 г.
  21. ^ Дзейсны імперыяліст: выходзяць з друку мемуары Мураўёва-вешальніка пра паўстанне Каліноўскага // Наша Ніва, 8 красавіка 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Міхаіл Мураўёўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў