Невель
| Невель лац. Nieviel рас. | |||||
| Населены пункт | |||||
Траецкая царква | |||||
| |||||
| Краіна | Расея | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Суб’ект фэдэрацыі | Пскоўская вобласьць | ||||
| Муніцыпальны раён | Невельскі | ||||
| Першыя згадкі | XV стагодзьдзе | ||||
| Дата заснаваньня | 1504 | ||||
| Магдэбурскае права | 3 сакавіка 1623 | ||||
| Геаграфія | |||||
| Плошча | 23 км² | ||||
| Вышыня НУМ | 155 м | ||||
| Часавы пас | |||||
| Каардынаты | 56°01′ пн. ш. 29°56′ у. д.HGЯO | ||||
| Насельніцтва | |||||
| Колькасьць | 15 079 чал. (2018) | ||||
| Афіцыйная мова | расейская мова | ||||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||||
| Тэлефонны код | +7 182510 | ||||
| Паштовы індэкс | 182500 | ||||
| Нумарны знак | 60 | ||||
| Сайт | nevel.ru | ||||
| Невель на мапе Расеі Невель | |||||
Не́вель — места ў Расеі, пры ўтоку ракі Еменкі ў возера Невель. Адміністрацыйны цэнтар Невельскага раёну Пскоўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 15 079 чалавек. Знаходзіцца за 242 км на паўднёвы ўсход ад Пскова, вузел чыгуначных лініяў Вялікія Лукі — Полацак і Новасакольнікі — Віцебск.
Невель — магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1], на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Прачыстай Багародзіцы, Спаскі манастыр і збудаваны ў стылі віленскага барока комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Юрыя, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Тапонім Невель утварыўся ад назвы возера Невелю (Неўлю). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага nevo — 'балоцістае месца'.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўпамін пра які датуецца 1185 годам. Паводле беларускага дасьледніка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменкі, якая ўпадала ў возера Невель[2].
Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Уласна Невель ўпершыню ўпамінаецца ў XV ст. як места ў Таропецкай воласьці Вялікага Княства Літоўскага[3]. У XVI ст. паселішча мела значэньне абароннага пункту (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 годзе гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасьцю 4 тыс. чал. (паводле іншых зьвестак 1,5 тыс. чал.) разьбіў пад Невелем 15(25)-тысячнае маскоўскае войска, аднак таго ж году па аблозе 45-тысячным войскам места захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру 1582 году яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.

У 1617 годзе Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводзтва. 3 сакавіка 1623 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Ґаліят, над якім стаіць Давід зь мечам»[3] (пацьвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762 году). У 1633—1634 гадох Невель быў сталіцай павету Смаленскага ваяводзтва. У 1649 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, але ў адпаведнасьці з мірнай дамовай 1678 году места засталося за Вялікім Княствам Літоўскім.

У 1678 годзе Невель пацярпеў ад вялікага пажару[4]. На 1681 год тут было 367 двароў, на 1700 год — 394, на 1712 год — 270[4]. У 1731 годзе ў месьце налічвалася 403 дымы[4].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Невель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Полацкага намесьніцтва, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. На 1780 год у месьце існавалі манастыр, царква і касьцёл. На 1799 год у Невельскім павеце дзеялі 21 драўляная царква (Маскоўскі патрыярхат), 1 мураваная і 11 драўляных цэркваў (Сьвяты Пасад), 1 мураваны і 2 драўляныя касьцёлы; у самім месьце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, 2 мураваныя, касьцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крамаў, 15 вуліцаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, беларусы складалі 84% жыхароў Невельскага павету[5].
У пачатку XX ст. Невель знаходзіўся на скрыжаваньні 2 чыгунак і меў разьвітую прамысловасьць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы[6]. На 1906 год у месьце было 28 вуліцаў, 10 завулкаў і 6 пляцаў, 232 мураваныя і 1222 драўляныя будынкі[7]. На 1910 год — дзеялі 4 царквы, 3 капліцы, касьцёл і 15 сынагог, працавалі гімназія, 3 бібліятэкі і друкарня[8].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Невель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе стала цэнтрам павету («падраёну») Віцебскага раёну[9]. Аднак 16 студзеня маскоўскія бальшавікі адабралі Невель разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, з 1924 году ў Пскоўскай губэрні (з 1957 году ў Пскоўскай вобласьці). У 1926 годзе кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць места у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу[10]. У Другую сусьветную вайну з 16 ліпеня 1941 да 6—7 кастрычніка 1943 году Невель знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
- Места на старых здымках
- Замкавая вуліца, 1870 г.
- Панарама места, 1870 г.
- Касьцёл і Спаская царква, да 1918 г.
- Касьцёл, 1942 г.
- Прачысьценская царква па маскоўскай перабудове
- Замак, да 1918 г.
- Шашэйная вуліца, да 1918 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- XVIII стагодзьдзе: 1780 год — 835 мяшчанаў і 123 юдэі[3]; 1799 год — 2908 чал., зь іх мяшчанаў-хрысьціянаў 1793, юдэяў 767; купцоў-хрысьціянаў 107, юдэяў 7; шляхты 53, духавенства 17, вайскоўцаў 33[3]
- XIX стагодзьдзе: 1856 год — 6,7 тыс. чал.; 1886 год — 7263 чал., зь іх 3539 праваслаўных, 153 каталікі, 34 пратэстанты, 3 стараверы 3530 юдэяў[11]; 1896 год — 9062 чал., зь іх паводле веры: праваслаўных 3467, каталікоў 596, раскольнікаў 185, пратэстантаў 142, юдэяў 4587, магамэтанаў 15, іншых 70; паводле стану: шляхты 140, духоўнага стану 85, ганаровых грамадзянаў і купцоў 248, мяшчанаў 6875, вайсковага стану 1093, сялянаў 525, іншых 96[12]; 1897 год — 9349 чал., зь іх 2411 беларусаў, 1009 расейцаў і 5831 жыдоў[13]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 12,1 тыс. чал.; 1939 год — 15,6 тыс. чал.; 1959 год — 14 634 чал. (6465 муж. і 8169 жан.)[14]; 1970 год — 17 715 чал.; 1979 год — 20 730 чал.; 1989 год — 22 368 чал.; 1993 год — 22,2 тыс. чал.[15]; 1996 год — 21,6 тыс. чал.; 1998 год — 21,2 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 20,4 тыс. чал.; 2002 год — 18 545 чал.[16]; 2005 год — 17,8 тыс. чал.; 2009 год — 16 633 чал.; 1 студзеня 2010 году — 16 395 чал.; 14 кастрычніка 2010 году (перапіс) — 16 324 чал.; 2011 год — 16 272 чал.; 2012 год — 15 885 чал.; 2013 год — 15 578 чал.; 2014 год — 15 417 чал.; 2015 год — 15 252 чал.; 2016 год — 15 250 чал.; 2017 год — 15 133 чал.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
| Беладзедава | Вялікая Могілкавая вуліца | |
| Гвардзейская вуліца | Вялікая Вяліская вуліца | |
| Інтэрнацыянальная вуліца | Кагальная вуліца | |
| Камсамольская вуліца | Юраўская вуліца | рас. Георгиевская улица |
| Карла Маркса плошча | Рынак пляц Красны пляц | |
| Ламаносава вуліца | Спаская вуліца | Бебеля вуліца Сталіна вуліца (1953—1961 гг.) |
| Леніна вуліца | Шашэйная вуліца | |
| Ленкамуны вуліца (з 1918 г.) | Мікалаеўская шаша | Пецярбурская шаша |
| Маметавай вуліца (з 1.11.1943 г.) | Віцебская вуліца | |
| Міхайлава вуліца | Полацкая вуліца | |
| Нікулічава вуліца | Вялікая Могілкавая вуліца | |
| Рашаля вуліца | Прачысьценская вуліца | рас. Успенская улица |
| Савецкая вуліца | Манастырская вуліца | |
| Сьлепянкова вуліца | Красны завулак | |
| Талстога вуліца | Нізвальная вуліца | |
| Урыцкая вуліца | Мікольская вуліца | |
| Філатава вуліца (з 1.11.1943 г.) | Малая Вяліская вуліца | |
| Хабібуліна вуліца | Малая Могілкавая вуліца | |
| Чабатарова вуліца | Гуменны завулак | |
| Чайкіна вуліца | Узвальная вуліца | |
| Энгельса вуліца | Шашэйная вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Невелю гістарычныя назвы захавалі вуліцы Замкавая, Падгорная і Ўзгор'е.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Завод аўтаматычных тэлефонных станцыяў; швацкае аб’яднаньне; малочна-кансэрвавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; ільнозавод.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і зьяўляецца чыгуначным вузлом. Дзеюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 разьмяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацак, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Дзее Невельскі краязнаўчы музэй (у будынку колішняй паштовай станцыі).
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Паштовая станцыя (1831)
- Плябанія пры зруйнаваным касьцёле Сьвятога Юрыя
- Царква Найсьвяцейшай Тройцы (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)
- Царква Сьвятога Яна Багаслова
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Замак (XVI ст.)
- Касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар францішканаў (XVIII ст.)
- Манастыр Сьвятога Спаса (XVII ст.)
- Сынагога
- Царква Прачыстай Багародзіцы (XVIII ст.)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Эдуард Аршанскі (1899—1974) — беларускі рэжысэр, сцэнарыст
- Казімер Бржушкевіч (нар. 1922) — мастак
- Рыгор Вайцінскі (1893—1953) — савецкі партыйны дзяяч, навуковец-кітаезнавец
- Сяргей Вышалескі (1874—1958) — навуковец-вэтэрынар, акадэмік
- Іван Дэйніс (1900—1985) — беларускі краязнавец, пэдагог
- Яўген Зайцаў (1908—1992) — беларускі мастак
- Марыя Юдзіна (1899—1970) — савецкая піяністка
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 64.
- ↑ Міхневіч У. Невель, Пскоўская вобласьць, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 19 студзеня 2009 г.
- 1 2 3 4 Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 205.
- 1 2 3 Варонін В. Невель // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 353.
- ↑ Перепись 1897 года. Невельский уезд, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
- ↑ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 290.
- ↑ Список населённых мест Витебской губернии. — Витебск, 1906. С. 30—31.
- ↑ Невельская старина. — СПб., 1993. С. 83.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
- ↑ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагодзьдзі: вернутае, Радыё Свабода, 8 сакавіка 2007 г.
- ↑ Kuściński M. Newel // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 27.
- ↑ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ↑ Перепись 1897 года. Невель, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
- ↑ Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года
- ↑ Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Всероссийская перепись населения 2002 года
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.
- Невельская старина. — СПб.: Акрополь, 1993.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||
