Віленскі павет (ВКЛ)
Віленскі павет | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | павет Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Вільня |
Дата скасаваньня | 1795 |
Кашталяны | Кашталяны віленскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 6,3 тыс. км² |
Час існаваньня | XV ст. — 1795 |
Месцазнаходжаньне Віленскага павету | |
![]() | |
![]() |
Віленскі павет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча 6,3 тыс. км². Сталіца — места Вільня.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Узьнік па Крэўскай уніі (1385 год) на аснове колішняга Віленскага княства[1], уваходзіў у склад Віленскага ваяводзтва.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў утварыўся наноў шляхам аб’яднаньня шэрагу воласьцяў, якія раней падпарадкоўваліся беспасярэдне ваяводу віленскаму: Гедройцкай, Кернаўскай, Медніцкай, Майшагольскай, Меміскай, Няменчынскай, Рудамінскай. У склад павету ўвайшлі таксама магнацкія маёнткі (Дубінкі, Мусьнікі, Упнікі, Астравец, Вялькія, Малыя Салечнікі і інш.) і ўладаньні касьцёла (Веркі, Гервяты, Маляты, Панары, Рукойны, Шашолы).
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) спыніў сваё існаваньне, ягоная тэрыторыя апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У склад Віленскага павету ўваходзіла тэрыторыя Быстрыцкага, Інтурскага і Керноўскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў), 40 вялікакняскіх дзяржаваў[2], а таксама прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
Плошча павету складала каля 6,3 тыс. км², зь іх каля 0,5 тыс. км² знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. За ўвесь час існаваньня ягоныя межы практычна не зьмяняліся — асобныя прыгранічныя маёнткі перадаваліся з павету ў павет[3].
Адметнасьцю павету была адсутнасьць буйных лятыфундыяў, пераважалі дробныя і сярэднія памерам (да 500 дымоў) маёнткі. Дамінавала шляхецкая ўласнасьць (да 74% дымоў). Дзяржаве належала каля 1 3% дымоў, касьцёлу — таксама 13%[4].
На тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі Астравец, Багуславішкі, Быстрыца, Варняны, Відзенішкі, Гедройцы, Гелваны, Гервяты, Дубінкі, Інтуркі, Кернаў, Лаварышкі, Майшагола, Меднікі, Міхалішкі, Мусьнікі, Немянчын, Нідокі, Пабойск, Падбярэзьзе, Пазэльва, Рудаміна, Рукойні, Салечнікі Вялікія, Салечнікі Малыя, Табарышкі, Тургелі, Упнікі, Шашолі, Шырвінты, Шумск і Яшуны. Магдэбурскае права мелі Вільня (1387), Кернаў (1571) і Майшагола (23.02.1792).
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сярэдзіне XVII ст. налічваў 16 501[5] дым (каля 100—115 тыс. жыхароў). Па вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць дымоў скарацілася да 8,5 тыс.
У апошняй чвэрці XVIII ст. насельніцтва павету дасягала 125—160 тыс. чал. (20,7 тыс. дымоў[6])
Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Кашталяны віленскія
Мясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал. Першым падкаморыем быў Я. Лявон, судзьдзём земскім — Ю. Белазор, падсудкам — С. Касінскі, пісарам — А.Мацкевіч, павятовым харунжым — С. Нарбут. Павятовую шляхту ачольваў кашталян віленскі[3].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Камінскі М. Віленскі павет // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 286.
- ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 338.
- ^ а б Насевіч В. Віленскі павет // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 432.
- ^ Насевіч В. Віленскі павет // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 433.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 337.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
|