Гомель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гомель
лац. Homiel
Віды Гомля
Віды Гомля
Герб Гомля
Першыя згадкі: 1142
Магдэбурскае права: 1670
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Гарадзкі савет: Гомельскі
Старшыня гарвыканкаму: Уладзімір Аляксандравіч Прывалаў[d][1]
Плошча: 135,34 км² [2]
Вышыня: 135 м н. у. м.
Насельніцтва (2020)
колькасьць: 510 300 чал.[3]
шчыльнасьць: 3770,5 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 23 2
Паштовыя індэксы: 246001—246050 (з выняткамі), 247010
СААТА: 3401000000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°26′30″ пн. ш. 30°59′0″ у. д. / 52.44167° пн. ш. 30.98333° у. д. / 52.44167; 30.98333Каардынаты: 52°26′30″ пн. ш. 30°59′0″ у. д. / 52.44167° пн. ш. 30.98333° у. д. / 52.44167; 30.98333
Гомель на мапе Беларусі ±
Гомель
Гомель
Гомель
Гомель
Гомель
Гомель
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
gorod.gomel.by

Го́мель — места ў Беларусі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар гарсавету, раёну і вобласьці. Насельніцтва на 2020 год — 510 300 чалавек[3], другі колькасьцю насельніцтва ў краіне. Знаходзіцца за 301 км ад Менску, непадалёк ад граніцы з Украінай. Чыгуначны вузел з кірункамі на Жлобін, Каленкавічы, Бабруйск, Чарнігаў. Порт на Сажы. Аэрапорт (пагранічны пункт пропуску).

Гомель — магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму палацава-паркавы комплекс Румянцавых і Паскевічаў, сядзіба Крушэўскіх, Духоўная вучэльня, Лянкастэрская школа, цэрквы саборная Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, Сьвятога Мікалая на Валатаве і стараверская Сьвятога Ільлі ў Спасавай Слабадзе, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся клясыцыстычныя гасьціны двор, касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, царква Сьвятой Тройцы і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XIX ст., зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гомель, з мапы 1539 г.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Гомель:

  • Традыцыйна назву паселішча зьвязваюць з старажытнаславянскім тэрмінам гаміла (гамола) — 'магіла, узгорак'[4]. Аднак на думку сучасных дасьледнікаў, яна паходзіць ад слова гом, якое азначала больш дэталёвую структуру рэльефу — 'узвышша над ярам, нізінай'. Адпаведна, літаральнае значэньне назвы Гомля — 'мясцовасьць, зрытая ярамі, ярыстая' (што яшчэ можна заўважыць праз тапанімічныя назвы і захаваныя кавалкі дагістарычнага рэльефу: Гамяюк, Кіеўскі спуск, Цыганскі спуск, Гарэлае Балота, Дзеднава і інш.)[5].
  • Ад агульнага продка і першакнязя, якога звалі Гом (ўсё навакольле — Гом’я; а само места і мястэчка — адпаведна Гом’е). Да гэтай вэрсіі пасуе яшчэ той факт, што прозьвішчы карэнных гамелян маюць агульны корань Гом, да таго адным з удзельнікаў у замірэнчых дамовах зь Бізантыяй пры Аскольдзе быў нейкі невядомы Гомол[5].
  • Ад аднаго з аб’ектаў гідраніміі — ракі Гамеюку (Гаміюку). Паводле А. Рогалева, назва складаецца зь дзьвюх частак: Гом- (высокае месца і пад.) і -юк (вада, плынь і пад.)[5].
  • Існуе таксама і «наіўная» народная інтэрпрэтацыя паходжаньня назвы Гомля. Згодна з паданьнем «там, дзе цяпер стаіць Гомель, пасярэдзіне ракі Сож некалі было намыта шмат пяску», з-за чаго ўзьнікла небясьпека — плыты і баркі, якія плылі па рацэ маглі ўзьбіцца на мель, таму «на беразе каля гэтага месца заўсёды стаяў чалавек і крыкам папярэджваў» падарожнікаў: «Го! Мель! Го! Мель!»[6]. Паданьне ў краязнаўчай літаратуры было зафіксавана даволі позна (ці ня самы першы раз — 1957 год), яго ня згадвалі ў сваіх працах дасьледнікі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Л. Вінаградаў, Е. Раманаў, Ф. Жудро, І. Сербаў, Дз. Даўгяла. Тым ня менш, асобныя краязнаўцы спрабуюць зьвязаць названае паданьне зь іншымі гістарычна-лінгвістычнымі зьвесткамі. Напрыклад, дзеля шырэйшага абгрунтаваньня матывацыйнай базы гэтага паданьня выкарыстоўваецца той факт, што ў XVI ст. Сож меў яшчэ адну назву — Нярэя. He адкідаючы магчымасьць іншага тлумачэньня і ня ведаючы, на якой дзялянцы ракі ўзьнікла гэта назва, тым ня менш, трэба адзначыць вельмі красамоўнае ў гэтым выпадку тлумачэньне: Нярэя — з балцкіх моваў (латыскай і летувіскай) — 'вузкая доўгая пясковая водмель уздоўж берага'[5]. У той жа час географ Вадзім Жучкевіч крытычна ставіцца да гэтай вэрсіі. Ягонае меркаваньне грунтуецца на тым, што геаграфічныя назвы ніколі не ўтвараліся ад выклічнікаў. Апроч таго, памылковасьць гэтай вэрсіі пацьвярджае наяўнасьць мястэчка Гомля і возера Гомельскага ў Полацкім раёне[7].

Апрача цяперашняй, гістарычныя крыніцы зьмяшчаюць наступныя варыянты напісаньня назвы места: Гом[a], Гомей[b], Гом’е[c],Гомій і Гомін[d] сустракаліся тамака і іншыя (памылковыя) формы — Гомглій, Гомой, Гобля, Хемль. На многіх эўрапейскіх мапах XVII — пачатку XX стагодзьдзяў тапонім перадаваўся лацінкаю як Homel. Варыянты назвы на іншых мовах: польск. Homel, рас. Го́мель. Традыцыйная беларуская трансьлітарацыя — Homiel.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Гомля

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XII—XVII стагодзьдзях Гомель быў моцным цэнтрам абароны Панізоўя. Умацаваньні зь земляным валам і найпрасьцейшым частаколам зьявіліся тут ужо ў XI стагодзьдзі, пазьней вал шматразова дасыпаўся. Археалягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся ў мескім парку ў пачатку 1990-х гадоў, паказалі, што першыя паселішчы радзімічаў былі тут у IX—X стагодзьдзях.

Першы пісьмовы ўпамін пра Гомель зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1142 годам: «И слышавъ уже билися Ольговичи у Переяславля съ стрыемъ его с Вячеславомъ и съ братомъ его Изяславомъ. И поиде на волость ихъ и взя около Гомия». У той час горад знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага княства. Каля 1157 году князь смаленскі Расьціслаў Мсьціславіч выкарыстаў барацьбу за кіеўскі сталец і ўчыніў выправу на Чарнігаўскае княства «и взя около Гомия волость их всю», але неўзабаве чарнігаўскія князі вярнулі Гомель. У 1159 годзе тут ратаваўся ад міжусобіцаў князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч. Паводле археалягічных зьвестак, горад значна пацярпеў ал Ардынскай навалы.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак, XVI ст.

У 1335 годзе Гомель далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага і з гэтых часоў жыў лёсам пагранічнага замка на паўднёва-ўсходняй ускраіне дзяржавы, займаў важнае месца ў абарончым поясе замкаў Панізоўя. Разам з Старадубам быў часткаю «ўдзелу» князя Патрыкія Нарымунтавіча, пляменьніка Альгерда. У 1406—1419 гадох местам кіраваў вялікакняскі намесьнік, потым ім валодалі: Свідрыгайла (да 1435 году), уцекач з Маскоўскага княства князь Васіль Бароўскі (1436—1452), які пазьней вярнуўся дадому. З 1452 году Гомель зноў у руках састарэлага Сьвідрыгайлы. Па ягонай сьмерці места перайшло да зьбеглых князёў мажайскіх, адмова якіх у 1499 годзе ад прыняцьця каталіцтва прывяла да доўгай барацьбы за валоданьне местам. У гэтую барацьбу ў 1500 годзе ўмяшаўся маскоўскі гаспадар, у якога мажайскія ўцекачы знайшлі падтрымку.

Ратуша, XIX ст.

У чэрвені 1535 году войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Юр’я Радзівіла ўзялі Гомель у аблогу. Вялікі князь Жыгімонт Стары паставіў задачу: «И естли б Бог милый допомог напервей замку Гомья достати, або огнем его спалити, приказуем вам: […] двадцать человеков, с топоры, которыи бы мели тот замок Гомей зарубити, поки войски наши оттоль не выйдуть, штобы теж люди Московскии не впередили». Тым часам у ніводным зь вядомых на сёньня дакумэнтаў няма сьведчаньняў таго, што вялікі князь аддаў войску загад спаліць Гомель, калі яму не адчыняць брамы[8]. Таго ж году Жыгімонт Стары заснаваў Гомельскае староства як асобнае дзяржаўнае ўтварэньне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласьцяў[9]. Пастановай вялікага князя ў 1537 годзе мяшчане Гомля і ўся воласьць вызваляліся ад «роблення замку Гомейского на 1 год… под тым обычаем иж они не мели до году одного замку рубити и ничего в нем оправовати, хиба естли бы которые кгонты в замку опали, або дощчка ся где оторвала, то мели за ся прибити и направити». У гэты час замак меў моцны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сьцены-гародні з баявой галерэяй — «блянкаваньнем», а таксама ўяздную браму з пад’ёмным мастом — «узводам», перакінутым праз роў. З замку ішоў патаемны падземны ход да Сажу, адкуль у час аблогі бралі ваду. З 1561 году, разам з умацаваньнямі замка, упамінаюцца і ўмацаваньні места — лініі ўласна мескай фартыфікацыі. Гомель атачаўся земляным валам, наверсе якога стаялі драўляныя вежы і сьцены-гародні. Уезд і выезд ажыцьцяўляліся праз брамы: Чачэрскую, Магілёўскую, Рэчыцкую і Водную, якая выводзіла на мескую гандлёвую прыстань. Перад валам ішоў глыбокі абарончы роў зь перакінутым празь яго пад’ёмнымі мастамі, падведзенымі да брамаў.

Палац. М. Залескі, 1840 г.

21 сакавіка 1560 году (паводле іншых зьвестак у 1562 годзе[10]) вялікі князь Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў пячатку і герб Гомля: «у чырвоным полі срэбны крыж»[10][11]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места ўвайшло ў склад Рэчыцкага павету новаўтворанага Менскага ваяводзтва. У Інфлянцкую вайну (1558—1582) Гомель неаднаразова бралі маскоўскія войскі Івана IV Тырана, аднак у ліпені 1576 году аддзел гетмана вялікага Юрыя Радзівіла здолеў адбіць яго. Праз 5 гадоў, 5 траўня 1581 году, Гомель зноў зазнаў напад маскоўскіх войскаў, якія «…до замку неведоме ночью пришедши, на место ударили и место огнем выпалили». Замак, аднак, захапіць ня ўдалося. У час антыфэадальнага паўстаньня пад камандаю Налівайкі ў годзе места на пэўны час стала прыстанкам паўстанцаў-казакаў, якіх падтрымалі тутэйшыя мяшчане.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Гомля ліцьвінамі (літвой): «Лазовский Бронислав… литвин, уроженец Гомеля» (1649 і 1660 гады)[12], «Богушевский Станислав… литвин, шляхтич из Гомеля» (1655 і 1660 гады)[13], «Рыбаловский Моисей… литва, шляхтич из Гомеля» (1656 год)[14].

Касьцёл і гасьціны двор, 1848 г.

За часамі вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у 1614—1615 гадох у Гомельскім замку бесьперапынна знаходзілася невялікая залога, якая налічвала 40 казакаў і 40 жаўнераў. Іх падтрымлівала мескае рушаньне. У 1633 годзе Гомель бараніўся ад казацкіх сотняў Булгакава і Ярмоліна, якія таксама ня здолелі захапіць замак. У кастрычніку 1648 году ўкраінскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім і беларускія сяляне занялі места, абрабаваўшы шляхту і заможных людзей. Мяшчане амаль што ўсе «паказачыліся». Аднак загон Главацкага быў у Гомлі нядоўга, яго адклікаў да Ўкраіны Багдан Хмяльніцкі. Па Корсунскай бітве 1649 году з дапамогаю часткі мяшчанаў Гомель захапілі казакі палкоўніка Нябабы. Але Збароўскі мір дазволіў гетману вялікаму Янушу Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасьць войска дзеля аднаўленьня цэнтральнай улады ў Гомлі, Чачэрску і іншых местах. У чэрвені 1651 году палкоўнік Нябаба накіраваў загоны Забелы і Окшы на Гомель. Спачатку тут было 7 тысячаў казакаў, а пазьней падыйшло яшчэ 10 тысячаў. Места абаранялі вялікая наёмная залога (на чале з капітанам Мантгомэры) і мясцовае апалчэньне. 13 чэрвеня была першая спроба ўзяць замак з дапамогаю падкопаў і штурму, але ж абаронцы вытрымалі. Пазьней Нябаба тэрміновым лістом на некаторы час адазваў казакаў ад Гомля. Пры канцы чэрвеня 1651 году яны зноў узялі места ў аблогу. Але да залогі прыйшло падмацаваньне і яна ўтрымалася.

Гістарычны мескі герб (налева) і штучны расейскі (направа)

У чэрвені 1654 году, у самым пачатку вайны паміж Маскоўскай дзяржавай з Рэччу Паспалітай, да Гомля з Ноўгараду-Северскага падышло войска наказнога атамана Залатарэнкі. Яно налічвала 20 тысячаў конных і пешых ратнікаў. Войска Залатарэнкі без асаблівых намаганьняў пераадолела мескія ўмацаваньні і падыйшло да замку. Паставіўшы навокал яго і па суседніх узгорках гарматы, казакі пачалі аблогу. За ўвесь час ад пачатку аблогі да 11 ліпеня яны чатыры разы хадзілі на штурм, але ўсе прыступы былі марнымі. Абложаныя таксама чынілі вылазкі ў адказ. Разумеючы, што гамельчукі сваёй упартасьцю «всей Литве и войскам ее сердца и смелости додают», Залатарэнка зьвярнуўся да абложаных ад імя цара і Багдана Хмяльніцкага з прапановай здацца, але тыя «гордо и сурово» адмовіліся. Тады казакі ўцягнулі некалькі невялікіх гарматаў на Спаскую царкву, што стаяла за Гамеюком непадалёк ад замка. Страляючы распаленымі ядрамі, яны выклікалі ў замку пажар. Вылазка з мэтай ліквідацыі гэтай артылерыйскай пазыцыі скончылася для абложаных няўдачай. Неўзабаве казакі знайшлі і ўзарвалі патайны ход да вады, што ў рэшце прадвызначыла лёс замку. У выніку 13 жніўня 1654 году, па больш як паўтарамесячнай аблозе, жыхары места мусілі здацца. Вайна 1654—1667 гадоў моцна адбілася на стане Гомля. Аднак замак, калі ўлічваць зьвесткі 1666 году, ён усё яшчэ захоўваў сваю моц.

У 1670 годзе Гомель атрымаў Магдэбурскае права. На 1681 год тут было 165 дымоў[15]. З пачатку XVIII ст. у Гомлі дзейнічаў касьцёл, з 1717 году пры царкве Сьвятога Міколы — базылянскі манастыр. Апроч таго, у Спасавай Слабадзе, што месьцілася каля замка, уцекачы-стараверы заснавалі манастыр. Вядома, што ўладальнік Гомельскага староства князь Міхал Чартарыйскі ў 1737 годзе збудаваў у месьце новы моцны дубовы замак зь вежамі і сьценамі, у якіх былі шматлікія байніцы, паглыбіў ровы і паправіў пад’ёмны мост. У 1764 годзе расейскія карныя войскі спалілі слабаду старавераў каля Гомля, а яе жыхароў вывезьлі ў Расею. На 1765 год у месьце налічвалася 206 дымоў[15].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац. Літаграфія з малюнка Н. Орды, 1878 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Гомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкай правінцыі Магілёўскай губэрні. Кацярына II падаравала магдэбурскае места Пятру Румянцаву «для увеселения». Апошні загадаў разабраць вежы і сьцены драўлянага замка, зрыць валы. У 1785 годзе, паводле праекту Б. Растрэльлі, на іхнім месцы пачалі будаваць мураваны палац[16]. Румянцаў, не жадаючы прысутнасьці ў Гомлі павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэньня паселішча ў прыватнаўласьніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага места, дзе б разьмясьціўся павятовы цэнтар. Пазьней Гомель увайшоў у склад Беліцкага павету. Румянцаў у 1777—1786 гадох збудаваў новы павятовы цэнтар (Новая Беліца) на левым беразе ракі Сож, за 3 вярсты ад Гомля. У 1793 годзе на беразе Сажа збудавалі Ільлінскую царкву. У 1809—1819 гадох паводле праекту архітэктара Д. Кларка вялося будаваньне Петрапаўлаўскага сабора. 8 лістапада 1819 году ў Гомлі адкрылася першая ў Расейскай імпэрыі лянкастарская школа. Апроч таго, у месьце існавалі гімназія (з 1797 году), гасьціны двор, шкляны, кафляны, сьпіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, трывалы драўляны мост праз Сож. У 1822 годзе завяршылася ўзьвядзеньне касьцёла.

Замчышча з боку Сажа, да 1918 г.

У 1852 годзе новы ўладар князь Іван Паскевіч перавёў павятовы цэнтар у Гомель (павет пераназвалі ў Гомельскі) і абвясьціў Новую Беліцу заштатным местам, а ў 1854 годзе яе далучылі да Гомля ў якасьці прадмесьця (цяпер — Навабеліцкі раён). На падставе гербу Новай Беліцы, дараванага ёй у 1781 годзе, распрацавалі герб Гомля, зацьверджаны ў 1856 годзе. За часамі Паскевіча адкрыліся шкляная мануфактура, цукровы завод (1832 год), сьвечачны завод (1840 год), крупарушка (1853 год), некалькі канатных і лесапільных прадпрыемстваў, царкоўна-прыходзкая аднаклясная вучэльня (у Новай Беліцы, 1835 год), народная вучэльня (1841 год). У 1850 годзе праз Гомель прайшла шашэйная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расейскай імпэрыі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 годзе — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 годзе — Палеская чыгунка. На 1854 год у месьце было 1219 будынкаў. Гомель значна пацярпеў ад пажару ў 1856 годзе, калі згарэла 540 будынкаў[17]. У 1857 годзе праз раку збудавалі аркавы мост. У 1873 годзе пачало ўжывацца газавае асьвятленьне, у 1879 годзе — брукаваньне вуліцаў.

У 1868 годзе адзначалася, што агульнай назвай сялянаў Гомельскага павету (разам зь ліцьвінамі Севершчыны) ёсьць «ліцьвінкі»[18].

Гістарычны Рынак, 1930-я гг.

Да 1913 году Гомель стаў буйным прамысловым цэнтрам, найбольшымі прадпрыемствамі места былі мэханічныя майстэрні Лібаўска-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувий». У Першую сусьветную вайну 1 сакавіка 1918 году Гомель занялі войскі Нямецкай імпэрыі, пазьней — украінскія войскі Сымона Пэтлюры.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гомель абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, утварылася Беларуская рада, дзейнічалі рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты і рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[19]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Гомель увайшоў у склад Беларускай ССР[20], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.

29 красавіка 1923 году адбыўся ўвод у эксплюатацыю першай чаргі мескай электрастанцыі. У сьнежні 1926 году Гомель вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну, з 1938 году — вобласьці. 4 лістапада 1928 году пачаўся рух на чыгуначнай лініі Навабеліца — Прылукі. У 1928 годзе пачалося ўзьвядзеньне заводу «Гомсельмаш». У 1937 годзе, у пэрыяд сталінскіх рэпрэсіяў, супрацоўнікі НКВД у мясьціне пад назвай Шчакатоўскі лес (на поўдзень ад места) праводзілі масавыя расстрэлы мірных жыхароў. На 1940 год у Гомлі працавалі 264 прамысловыя прадпрыемствы, аб’ёмам прадукцыі места займала 3-е месца ў БССР пасьля Менску і Віцебску, ягоная ўдзельная вага складала 16,6% прамысловасьці БССР. Функцыянавалі настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты, 2 НДІ.

У Другую сусьветную вайну з 19 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 году Гомель знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1961 годзе места атрымала прыродны газ. У 1962 годзе адбыўся пуск першага тралейбуса[21].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

 Кліматычныя зьвесткі для Гомля 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 9,6 15,8 21,5 29,3 32,5 34,0 37,9 38,9 34,9 27,5 18,0 11,6 38,9
Сярэдняя t, °C −4,5 −4,3 0,7 8,4 14,8 17,9 19,9 18,7 13,0 7,1 0,9 −3,3 7,4
Абсалютны мінімум t, °C −35 −35,1 −33,7 −13,6 −2,5 −0,2 6,0 1,2 −3,6 −12 −21,7 −30,8 −35,1
Норма ападкаў, мм 34 33 33 38 56 80 90 61 58 56 47 40 626
Крыніца: Надвор’е і клімат

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гомель падзяляецца на 4 раёны

Далучаныя населеныя пункты: 30 красавіка 1948 году — вёскі Ціценкі і Верхні Брылёў; 7 кастрычніка 1957 году — вёскі Прудок і Якубоўка, а таксама пасёлак Чапаева; 25 ліпеня 1960 году — вёска Ляшчынец; 30 сьнежня 1961 году — вёска Ніжні Брылёў; 25 ліпеня 1963 году — вёскі Паўлава, Масьцішча, Хутар; 29 сакавіка 1968 году — пасёлак Сонечны і вёска Падгорная; 6 сакавіка 1972 году — пасёлак Чырвоны Кастрычнік; 23 лютага 1983 году — пасёлак Спадарожнік Сьвету, вёскі Новая Мільча і Старая Мільча; 12 траўня 1983 году — пасёлак Будзёнаўскі; 2007 году — вёскі Давыдаўка і Хутар[22]; 2010 год — вёска Чырвоны Маяк Улукаўскага сельсавету (гэтым рашэньнем плошчу Гомля павялічылі на 770 га)[23].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1775 год — 5 тыс. чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 14 тыс. чал.; 1861 год — 16,8 тыс. чал.; 1882 год — 17 тыс. чал.[24]; 1897 год — 36,8 тыс. чал.[25]
  • XX стагодзьдзе: 1923 год — 75 тыс. чал.; 1939 год — 139 тыс. чал.[26]; 1959 год — 168 тыс. чал.; 1970 год — 272,3 тыс. чал.; 1979 год — 383 тыс. чал.; 1989 год — 497,4 тыс. чал.[27]; 1994 год — 503 тыс. чал.[28]; 1996 год — 512 тыс. чал.; 1997 год — 501 тыс. чал.[29]; 2000 год — 477 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 480 тыс. чал.[28]; 2002 год — 482 тыс. чал.; 2003 год — 481 тыс. чал.[28]; 2004 год — 482 тыс. чал.[28]; 2005 год — 482 тыс. чал.[28] (492,3 тыс. чал. разам з п.г.т. Касьцюкоўка); 2006 год — 481,5 тыс. чал.; 2007 год — 481 тыс. чал.[28]; 2008 год — 493,7 тыс. чал.; 2009 год — 482 522 чал.[30]; 2014 год — 521 959 чал.[31]; 2016 год — 521 452 чал.[32]; 2017 год — 535 229 чал.[33]; 2018 год — 535 693 чал.[34]; 2019 год — 536 938 чал.[35]; 2020 год — 510 300 чалавек[3]

Паводле перапісу насельніцтва Беларусі ў 2009 годзе насельніцтва Гомля складала 482 652 чалавекі, што адпавядае сярэдняй шчыльнасьці насельніцтва 3684 чал./км². Паводле плоці было 219 068 мужчынаў (45,39%) і 263 584 жанчыны (54,61%). Паводле нацыянальнага складу насельніцтва разьмяркоўвалася наступным чынам: беларусы — 402 634 чалавекі (83,42%), расейцы — 52 373 чалавекі (10,85%), украінцы — 15 010 чалавек (3,11%), астатнія складаюць 2,62% насельніцтва. У XIX ст. больш за палову насельніцтва Гомля складалі габрэі, што было зьвязана з устаноўленай расейскім урадам мяжой аселасьці габрэяў. На пачатак 1941 году ў Гомлі жыло каля 50 тыс. габрэяў (30% насельніцтва), у апошнюю вайну большасьць мясцовых габрэяў зьнішчылі нацысты.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Гомлі працуюць 5 унівэрсытэтаў і 2 інстытуты:

Набор у асьпірантуру і дактарантуру ажыцьцяўлялі Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага (ІММС) і Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). У асьпірантуру — Інстытут радыябіялёгіі НАНБ.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гомельскі драматычны тэатар

Дзейнічаюць краязнаўчы музэй, драматычны тэатар, экспэрымэнтальны моладзевы тэатар-студыя, тэатар лялек і цырк.

Праводзяцца фэстывалі: міжнародны інструмэнтальнай музыкі «Рэнэсанс гітары», харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», рэгіянальны харавога мастацтва «Пявучае поле» і інш.

Клюбы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычнай рэканструкцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Гомлі існуюць клюбы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Высокага Сярэднявечча, Позьняга Сярэднявечча і Другой сусьветнай вайны. Дзейнасьць клюбаў падтрымліваецца інтэрнэт-форумам «Гомельскі Гістарычны Форум. Мэтады прыкладнай гісторыі.»[36]

Гомельскія клюбы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэднявечча (у парадку ўзьнікненьня)[37]:

  • «Сьцяг Алега Сьвятаславіча». Год заснаваньня — 1998. Кірунак дзейнасьці — Паўднёва-Рускія княствы ў 12—13 стагодзьдзях. У цяперашні час існуюць у выглядзе кампаніі сяброў. Працягваюць занятак гістарычнай рэканструкцыяй і прымаюць удзел у фэстах.
  • «Старая Вежа». Год заснаваньня — 2001. Кірунак дзейнасьці — матэрыяльная культура і духоўныя каштоўнасьці Сьвятой Рымскай Імпэрыі Нямецкай Нацыі канца XIII — пачатку XVI стагодзьдзяў. Праводзіць жнівеньскія рыцарскія пешыя турніры. У 2008 годзе — чацьверты. Мае статус «зачыненага» (толькі для ўдзельнікаў) рэгіянальнага мерапрыемства.[38]
  • «Грыдні Мсьціслава Глебавіча». Дата заснаваньня — 21 лютага 2004 году. Кірунак дзейнасьці — гарадзкая культура Паўднёва-Рускіх княстваў у 13 стагодзьдзі («ад Калкі да Нашэсьця»).[39]
  • Клюб старадаўняга танцу «Турдыён». Дата заснаваньня — 17 верасьня 2006 году. Кірунак дзейнасьці — вывучэньне эўрапейскіх танцаў эпохі Сярэднявечча, Адраджэньня і іншых да XVII стагодзьдзя (контрадансы).
  • «Morgenstern» (Ранішняя Зорка). Год заснаваньня — 2007. Кірунак дзейнасьці — матэрыяльная культура Вялікага Княства Літоўскага 14—15 стагодзьдзяў.
  • «Залатая Рысь». Год заснаваньня — 2007. Кірунак дзейнасьці — матэрыяльная культура Польскага Каралеўства 14—16 стагодзьдзяў.

Рэканструкцыя эпохі Другой сусьветнай вайны ў Гомлі прадстаўлена падпадзяленьнем «Пошук» ваенна-патрыятычнага клюбу «Гонар» і прыватнымі асобамі.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
30 год БССР вуліца Пажарная вуліца
Арцёма вуліца Крушэўская вуліца
Бабушкіна вуліца Бульварная вуліца
Баўмана вуліца Малая Баярская вуліца
Дзям’яна Беднага вуліца Мікольская вуліца
Білецкага вуліца Мільённая вуліца
Будзёнага вуліца Кавалерыйская вуліца
Гагарына вуліца Ветраная вуліца Кагановіча вуліца
Гара Камунараў вуліца Спаска-Замкавая вуліца
Спасаўская вуліца
Дастаеўскага вуліца Слабодзкая вуліца Вароўскага вуліца
Дзімітрава вуліца Пакроўская вуліца Карла Маркса вуліца
Дзяржынскага вуліца Захараўская вуліца
Джураева вуліца 1-я Прадольная вуліца
Жаркоўскага вуліца Аптэчная вуліца
Жукава вуліца Крынічная вуліца
Ільліча вуліца Шашэйная вуліца Леніна вуліца
Інтэрнацыянальная вуліца Кавальская вуліца
Калініна вуліца Балашоўская вуліца
Камсамольская вуліца Аляксандраўская вуліца (частка)
Гімназічная вуліца (частка)
Караленкі вуліца Беліцкая вуліца
Карповіча вуліца Новікаўская вуліца
Касманаўтаў праспэкт Ціценская вуліца
Кастрычніка праспэкт Быхаўская вуліца
Катуніна вуліца Гуменная вуліца Станкабудаўнічая вуліца
Кірава вуліца Магілёўская вуліца Каапэратыўная вуліца
Кісялёва вуліца Юбілейная вуліца
Тэатральная вуліца
Куйбышава вуліца Нямецкая вуліца
Кунцэвіча вуліца Брылёўская вуліца
Леванеўскага вуліца Мяшчанская вуліца
Леніна праспэкт Замкавая вуліца Камсамольская вуліца
Леніна плошча Рынак[e] пляц рас. Базарная площадь
Саборная плошча
Савецкая плошча
Маісеенкі вуліца Палявая вуліца
Парыскай Камуны вуліца Бульварная вуліца
Перамогі праспэкт Паштовая вуліца
Петчанкі вуліца Любенская вуліца[40]
Пляханава вуліца Спаская вуліца
Пралетарская вуліца Фэльдмаршальская вуліца
Працоўная вуліца Рынкавая вуліца
Пушкіна вуліца Ліпавая вуліца
Савецкая вуліца Чачэрская вуліца
Прабойная вуліца
Румянцаўская вуліца
Склязьнёва вуліца Каранёўская вуліца Сталінградзкая вуліца
Сталіна вуліца
Сьляпнёва вуліца Ільлінская вуліца
Сялянская вуліца Траецкая вуліца
Тэльмана вуліца Рамесная вуліца
Фрунзэ вуліца Сьвечачная вуліца
Хмяльніцкага вуліца Батарэйная вуліца
Чарняхоўская вуліца Гусеўская вуліца
Чырвонаармейская вуліца Генэральская вуліца
Шылава вуліца Прудкоўская шаша
Энгельса вуліца Пясковая вуліца

З урбананімічнай спадчыны цэнтральнай часткі Гомля да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Артылерыйская, Валатаўская, Веткаўская, Ірынінская, Кніжная, Прывакзальная, Рагачоўская і Шпітальная.

На люты 2014 году ў Гомлі 41% вуліцаў і праспэктаў, пляцаў і завулкаў меў непаўторныя для іншых местаў Беларусі назвы. Найбольш пашыранымі былі назвы вуліцаў пра адметнасьці прыроды і разьмяшчэньня. Пятая частка тычылася гісторыі Савецкага Саюзу, што ёсьць вынікам і адным з захадаў каляніяльнай палітыкі русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. На 3-м месцы паводле пашыранасьці былі вуліцы ў гонар ваяроў, а на 4-м — пра пісьменьнікаў і дзеячоў мастацтва[41]. Прытым цэнтральныя вуліцы і пляцы Гомля — як і большасьці местаў Беларусі за рэжымам Лукашэнкі — пераважна захоўваюць каляніяльныя расейска-савецкія назвы.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтарамонтны завод

За 2008 год прамысловы комплекс Гомля вырабіў прадукцыі на 4188,0 млрд рублёў. Станам на пачатак 2008 году ў месьце налічвалася 126 прамысловых прадпрыемстваў, зь іх 49 (38,9 %) дзяржаўнай формы ўласнасьці, 77 (61,1 %) — недзяржаўнай, у тым ліку 37 (29,4 %) — акцыянэрныя таварыствы, 4 (3,2 %) — замежная ўласнасьць, 10 (7,9 %) — мяшаная ўласнасьць з замежным удзелам, 26 — іншыя.

Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме вытворчасьці маюць:

  • прадпрыемствы машынабудаваньня (52) — 48,3%;
  • прадпрыемствы харчовай і перапрацоўчай прамысловасьці (17) — 16,7 %;
  • прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасьці (12) — 8,1 %;
  • лёгкай прамысловасьці (12) — 4,6 %;
Прадукцыя ПА «Гомсельмаш»
  • вытворчасьці будматэрыялаў (8) — 7,9 %;
  • хімічнай прамысловасьці (5) — 11,2 %.

Найбольшыя прадпрыемствы: ВА «Гомсельмаш», ЗЛІН, завод гандлёвага абсталяваньня, вагонарамонтны завод, станкабудаўнічы завод ім. Кірава, завод вымяральных прыбораў, завод «Цэнтраліт», кандытарская фабрыка «Спартак», Гомельскі мясакамбінат, «Гомельскі тлушчавы камбінат», ВА «Гомельдрэў», ААТ «Гомельбудматэрыялы», Гомельскі хімзавод, завод хімічных вырабаў, завод хімічнай крэйды, завод плястмасавых вырабаў, ВА «Крышталь», РУП «Гомельскі лікёрагарэлачны завод», ААТ «Гомельшпалеры», ААТ «Камінтэрн», радыёзавод, ВА «Беларуснафта», ВА «Гомельшкло», аўтарамонтны завод[42], «Гомельхлебапрадукт».

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтавакзал

Грамадзкі транспарт у Гомлі прадстаўляюць тралейбусы, аўтобусы, маршрутныя таксі. Тралейбусная сетка Гомля адкрылася 20 траўня 1962 году і налічвае 28 маршрутаў (з улікам іх разнавіднасьцяў). Тралейбусны маршрут № 16 адкрыўся 8 верасьня 2007 году па пракладаньні кантактнай сеткі вуліцай Мазурава. Працягласьць вулічнай сеткі з транспартнымі лініямі складае каля 74 км, а агульная працягласьць тралейбусных шляхоў — 475 км. Апошнія маршруты: №23 — Хімзавод — Валатава (09.2010), №4 — Крыстал — Валатава (09.2013). Рухомы склад прадстаўлены машынамі АКСМ-201, АКСМ-321, АКСМ-213, АКСМ-101, ЗИУ-682.

Колькасьць аўтобусных маршрутаў — 62 агульнай працягласьцю 666 кілямэтраў, для шэрагу маршрутаў існуюць экспрэс-варыянты. Рухомы склад — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103, Ікарус-280, МАЗ-104, МАЗ-203, МАЗ-206, МАЗ-215. На экспрэс-маршрутах выкарыстоўваюцца аўтобусы Багдан-А092. Апошні маршрут: №50 — ЗЛіН — 104 мкр. Дзейнічае 24 лініяў маршрутных таксі, на лініях працуюць пераважна мікрааўтобусы Ford Transit, Газэль, Mercedes.

Чыгуначны вакзал далёкага прытрымліваньня станцыі Гомель-Пасажырскі

Прымескае і міжмескае аўтобуснае злучэньне ажыцьцяўляецца з аўтавакзалу. Аўтобусныя маршруты злучаюць Гомель з усімі местамі вобласьці і ўсімі абласнымі цэнтрамі Беларусі (акрамя Горадні)і Берасьця, зь неабласных гарадоў у іншых абласьцях з Горкамі, Наваполацкам, Столінам, Пінскам, Бабруйскам, Салігорскам, Баранавічамі, Крычавам, Касьцюковічамі, а таксама з гарадамі за мяжой Чарнігавам, Кіевам, Трускаўцом, Масквой, Берасьцем, Арлом, Навазыбкавам, Клімава, Клінцамі, Брэмэнам, Франкфуртам-на-Майне, Ціраспалем, Палтавай, Харкавам, Мікалаевам, Старадубам.

Прымескі вакзал

Чыгуначныя маршруты далёкага прытрымліваньня злучаюць Гомель з шматлікімі местамі Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Цягнікі далёкага прытрымліваньня з Гомля ходзяць да Менску, Масквы (як праз Смаленск, так і праз Бранск), Санкт-Пецярбурга, Горадні, Берасьця, Полацку (празь Віцебск), Калінінграда, Шчорса, Чарнігава, Адлера (праз Варонеж). Бесьперасадкавыя вагоны ідуць да Валгаграда, Адлера (праз Харкаў), Мурманску, Карагандау, Іркуцку. Транзытныя цягнікі далёкага прытрымліваньня, як рэгулярныя, так і сэзоннага курсаваньня злучаюць Гомель, апрача пералічаных местаў, з Адэсай, Сімфэропалем, Кіевам, Анапай, Эўпаторыяй, Кіславодзкам, Дняпром, Хэрсонам, Фэадосіяй.

У 1996 годзе здадзены ў эксплюатацыю прымескі вакзал, разьмешчаны побач з вакзалам далёкага прытрымліваньня. Прымескае чыгуначнае злучэньне ажыцьцяўляецца ў межах Гомельскай вобласьці з расейскім местам Навазыбкаў.

Міжнародны аэрапорт «Гомель» у савецкі час штодня абслугоўваў сотні пасажыраў, рэйсы ажыцьцяўляліся ў розныя канцы СССР. Цяпер рэгулярныя рэйсы штотыднёвы ажыцьцяўляюцца ў Калінінград. У 2005 і 2007 гадох адкрывалася злучэньне паводле маршруту Гомель-Масква-Гомель, аднак празь некалькі месяцаў яго скасавалі празь нізкую пасажыраплынь. Таксама ў 2007 годзе латвійская авіякампанія «Air Baltic» выконвала рэйсы паводле маршруту Рыга-Гомель-Рыга. Нягледзячы на нядрэнную колькасьць прададзеных квіткоў, 14 студзеня 2008 году і гэты рэйс быў скасаваны. Да 2011 году існавалі штодзённыя рэйсы на Менск, якія ажыцьцяўляліся кампаніяй «Гомельавія». Пасьля закрыцьця «Гомельавія» рэйсы на Калінінград выконвае «Белавія».

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Румянцавых і Паскевічаў

Гомель — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня[43]. Гатэлі: «Гомель», «Верас», «Дынама», «У палёт», «Кастрычніцкая», «Сож», «Турыст», гасьцінічны комплекс «Уют», Гомельскага дзяржаўнага цырку, «Навучальна-мэтадычны цэнтар прафсаюзаў».

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былы Расейска-Азіяцкі банк

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ураджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 348.
  2. ^ АЗР. Т. 1. С. 192.
  3. ^ АЗР. Т. 2. С. 60.
  4. ^ БелФ. Т. 1. С. 112; Спис.
  5. ^ Прыклады паштовак з пазначэньнем аналягічнай традыцыйнай гістарычнай назвы Рынак (Rynek або Rinek) як мясцовага адпаведніка расейскага подпісу Базарная площадь: Себеж, Кобрынь, Наваградак і Шчучын

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б https://blr.belta.by/president/view/kadravy-dzen-u-lukashenki-novyja-kirauniki-u-raenah-i-inshyja-naznachenni-122560-2022/
  2. ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (рас.) (па стане на 1 студзеня 2012 г.)
  3. ^ а б в Численность населения на 1 января 2020 г. в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 76.
  5. ^ а б в г Рогалеў А. Ад Гамеюка да Гомеля // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 1999. С. 465—467.
  6. ^ Легенды і паданні / Склад.: М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі; Рэд. А. С. Фядосік; АН БССР, І-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і… — Менск: Навука і тэхніка, 1983. С. 262.
  7. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 77.
  8. ^ Задума К. Моцны Гомей, злы Жыгімонт і круцельствы нашых дарэвалюцыйных гісторыкаў, Пошукі старога Гомеля, 17 ліпеня 2018 г.
  9. ^ Трусаў А. Старадубская вайна // Наша слова. № 39 (827), 12 кастрычніка 2007.
  10. ^ а б Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  11. ^ Пазднякоў В. Гомель // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 542.
  12. ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 492.
  13. ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 116.
  14. ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 58.
  15. ^ а б Пазднякоў В. Гомель // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 543.
  16. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 63.
  17. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
  18. ^ Известия Императорского Русского географического общества. Т. 3, № 8. — СПб., 1868. С. 183.
  19. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  20. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  21. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 332.
  22. ^ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 траўня 2007 г. №234 «Аб змене адміністрацыйна-тэрытарыяльнага складу горада Гомеля і Гомельскага раёна»
  23. ^ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 г. № 123(недаступная спасылка)
  24. ^ Suryna F. Homel // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 117.
  25. ^ Гаранін Л., Еўдакіменка Г., Лебедзева В., Макушнікаў А., Старавойтаў М. Гомель. ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 62.
  26. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  27. ^ Гаранін Л., Еўдакіменка Г., Лебедзева В., Макушнікаў А., Старавойтаў М. Гомель. ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 64.
  28. ^ а б в г д е Колькасьць насельніцтва Рэспублікі Беларусь (рас.)
  29. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 331.
  30. ^ Бюлетэнь перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году: Гомель (рас.)
  31. ^ Афіцыйная ацэнка Белстату (рас.)
  32. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  33. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  34. ^ Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  35. ^ Численность населения на 1 января 2019 г. и среднегодовая численность населения за 2018 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  36. ^ Гомельскі Гістарычны Форум. Мэтады прыкладнай гісторыі.
  37. ^ Гомельскі Гістарычны Форум. Клюбы
  38. ^ Рыцарский фест «Старая вежа» открылся под Гомелем // БелаПАН, 1.08.2008
  39. ^ «Грыдні Мсьціслава Глебавіча» — гомельскі клюб гістарычнага мадэляваньня
  40. ^ Гусаков Д. Аптечная, Бульварная, Ветренная // «Гомельская праўда», 11 жніўня 2007 г.
  41. ^ Целяшук В. Прайду я па Чыгуначнай, зьвярну на Піянэрскую // Зьвязда : газэта. — 12 лютага 2014. — № 26 (27636). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  42. ^ География Гомельской области / под ред. Г. Н. Каропы, В. Е. Пашука. — Гомель, 2000.
  43. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]