Загад НКУС №00447
Загад НКУС №00447 (Апэратыўны загад народнага камісарыяту ўнутраных спраў СССР №00447 «Пра рэпрэсаваньне былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элемэнтаў»; па-расейску: О репрессировании бывших кулаков, уголовников и других антисоветских элементов) — таемны загад НКУС ад 30 ліпеня 1937 году. На падставе гэтага загаду, пачынаючы ад жніўня 1937 і да лістапада 1938 году было арыштавана ад 800 000 да 820 000 чалавек, зь якіх ад 350 да 445 тысячаў былі забітыя, астатнія — адпраўлены ў ГУЛАГ. Такім чынам, прыняты раней плян — арыштаваць 233 700 чалавек і зь іх расстраляць 59 200 — былі шматкроць перавышаныя. Апэрацыя па гэтым загадзе стала самай масавай апэрацыяй Вялікага тэрору.
Сакрэтны загад быў абнародаваны толькі ў 1992 годзе. Знойдзеныя дакумэнты тых часоў аб яго падрыхтоўцы і правядзеньні даказваюць, што Камуністычная партыя Савецкага Саюзу і яе кіраўніцтва прымалі непасрэдны ўдзел у арганізацыі перасьледу і масавых сьмяротных пакараньнях.
Апрылюдненая інфармацыя пра гэты загад прымусіла перагледзець пануючую тады думку пра Вялікі тэрор, як на перасьлед савецкай эліты. У адрозьненьне ад адкрытых паказальных працэсаў, ці менш вядомых «нацыянальных апэрацыяў», апэрацыя па загадзе №00447 тычылася шараговых грамадзян Савецкага Саюзу: сялянаў, сельскага духавенства, асацыяльных элемэнтаў, крымінальнікаў і былых членаў апазыцыйных партыяў. Прысуды выносіліся не звычайнымі судамі, але тройкамі НКУС.
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ліст Сталіна ад 3 ліпеня 1937 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3 ліпеня 1937 Сталін накіраваў Яжову, рэгіянальнаму партыйнаму кіраўніцтву і прадстаўнікам НКУС тэлеграму па пастанове Палітбюро ЦК УКП(б) № П51/94 «Пра антысавецкія аэлементы» ад 2 ліпеня[1], пра пачатак агульнасаюзнай кампаніі перасьледу раскулачаных асобаў і «злачынцаў». Ад мясцовых уладаў патрабавалася ў пяцідзённы тэрмін правесьці неабходную падрыхтоўку:[2]
- У залежнасьці ад ступені пагрозы, падзяліць мэтавыя групы на дзьве катэгорыі і зарэгістраваць на мясцовым узроўні. Да першай катэгорыі аднесьці «найбольш варожых» кулакоў і злачынцаў, якія мусяць быць асуджаныя да расстрэлу. Да другой катэгорыі адносіліся «меней актыўныя, але варожыя», такія падлягалі дэпартацыі.
- Для суду над вышэйзгаданымі асобамі патрэбна было стварыць асобныя суды, гэтак званыя «тройкі», у склад якіх, звычайна, уваходзіў прадстаўнік НКУС, рэгіянальны партыйны лідэр і пракурор.
- У патрэбны тэрмін даслаць справаздачу ў Маскву, як аб колькасьці ўзятых на ўлік асобаў, гэдак і асабовы склад троек.
1 студзеня 1930 Генрых Ягода, папярэднік Яжова на пасадзе кіраўніка НКУС, выдаў загад АДПУ № 44/21, згодна якому кулакі падзяляліся на 3 катэгорыі, і для кожнай вызначаліся асобныя пакараньні — прадстаўнікоў першай катэгорыі, калі іх прызнавалі ва ўдзеле ў супраціве, патрэбна было расстраляць. У якасьці судоў таксама выкарыстоўваліся тройкі[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Решение Политбюро ЦК ВКП(б) № П51/94 от 2 июля 1937 г., Международное историко-просветительское правозащитное и благотворительное общество «Мемориал»
- ^ Schlögel, Karl «Terror und Traum. Moskau 1937», Мюнхэн, Hanser, 2008, ст.81, 266, 627, ISBN 978-3-446-23081-1
- ^ Case Study: The NKVD Mass Secret Operation n° 00447 (August 1937 — November 1938) Nicolas Werth
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Расейская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |