Перайсьці да зьместу

Валенці Ваньковіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валенці Ваньковіч

лац. Valenci Vańkovič
Дата нараджэньня 12 (24) траўня 1800[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 12 траўня 1842(1842-05-12)[2][3][4] (41 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр
Навуковая сфэра малярства[6]
Плынь рамантызм

Валенці Вільгельм Ваньковіч (12 траўня 1800[7], маёнтак Калюжыца Ігуменскага павету — 12 траўня 1842, Парыж) — мастак, прадстаўнік рамантызму, выдатны майстар партрэта першай паловы XIX ст.

Аўтапартрэт, 1848 год

З старажытнага беларускага[8] шляхецкага роду Ваньковічаў гербу «Ліс», сын Мэльхіёра, павятовага судзьдзі, і Схалястыкі з Гарэцкіх. Карані роду Ваньковічаў сягаюць у XVI ст. (першым прадстаўніком стаіць Еры-Юры Ваньковіч), а легендарным родапачынальнікам называецца полацкі князь Ванька, якога Кейстут ажаніў з сваёй дачкой (імя невядомае)[9].

Нарадзіўся ў родавым маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павету, дзяцінства прайшло ў родавым маёнтку Сьляпянка пад Менскам.

Навучаўся ў Полацкай езуіцкай калегіі (1811—1818), дзе захапіўся жывапісам, шмат капіяваў з натуры. Потым атрымліваў адукацыю на аддзяленьні літаратуры і прыгожых мастацтваў Віленскага унівэрсытэту ў прафэсара Яна Рустэма (1818—1824), дзе спрабаваў сябе ў партрэце (пераважна сяброў таварыства філяматаў і філярэтаў). Акрамя таго, наведваў заняткі на факультэце фізычных навук, вывучаў оптыку і законы распаўсюджаньня сьвятла. Паводле пастановы ўнівэрсытэцкай рады накіраны на завяршэньне мастацкай адукацыі ў Імпэратарскую акадэмію мастацтваў у Пецярбургу (1825—1828). За дыплёмную праграму «Подзьвіг кіяўляніна ў 988 годзе» В. Ваньковічу прысуджаюць Малы залаты мэдаль з правам стажыроўкі за мяжой.

У лютым 1829 году вярнуўся ў Менск, меў дзьве майстэрні — у Малой Сьляпянцы і ў Менску, дзе працаваў зь сябрам Чэславам Манюшкам, бацькам вядомага кампазытара Станіслава Манюшкі. У гэты час напісаў партрэты бацькі, сястры Станіславы Гарноўскай, Дамініка Манюшкі, дзьдзькі Антона Гарэцкага, жонкі Анэлі зь дзецьмі, мясцовых шляхцічаў. Майстэрню ў Сьляпянцы часта наведвалі Я. Дамель, М. Кулеша і іншыя мастакі. З пачаткам вызвольнага паўстаньня (1830—1831) меў намер далучыцца да паўстанцаў (купіў зброю і каня), але працяглая хвароба не дала зьдзейсьніцца гэтаму[10]. 21 верасьня 1832 году за партрэты, «пісаныя з натуры», Пецярбурская Імпэратарская акадэмія мастацтваў уганаравала В. Ваньковіча званьня «прызначанага» ў акадэміі і прапанавала для атрыманьня званьня акадэміка напісаць сямейны партрэт зь фігурамі ў поўны рост.

У ліпені 1839 году выехаў у эміграцыю. Перад ад’ездам напісаў тэстамэнт на карысьць жонкі. Наведаў Мюнхэн (у 1840 годзе браў удзел там у выставе), Дрэздэн, Бэрлін, а 15 верасьня 1841 году прыехаў у Парыж і асталяваўся ў доме свайго сябра А. Міцкевіча на вуліцы Д’Амстэрдам. У Парыжы пачаў новы этап у сваёй творчасьці, у якім узрасьлі містычныя настроі, падтрыманыя даўнім сябрам філёзафам Андрэем Тавянскім (карціны «Апафэоз Напалеона», 1841; «Напалеон над разарванай картай Эўропы», 1841; «Імправізуючы Міцкевіч», 1841; «Ecce homo», 1842). У 1842 годзе стварыў свой апошні аўтапартрэт.

Яшчэ ў Пецярбургу ажаніўся з Анэляй Растоцкай (пам. у 1870), зь якой меў сыноў Адама Вінцэнта (нар. 24 сьнежня 1829 году), Казімера Адама і Яна Эдварда, а таксама дачку.

Памёр у Парыжы ад сухотаў на руках у Адама Міцкевіча, які запісаў яго тэстамэнт: частку з сваіх карцін мастак перадаў сваёй сям’і і сябрам юнацтва — А. Міцкевічу і А. Тавянскаму, астатнія былі прададзеныя з аўкцыёна за пазыкі, але сумы на ўсю выплату не хапіла[10]. Пахаваны на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні. Апошняя яго карціна «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыскім касьцёле Сэн-Сэвярын.

Працаваў у жанры гістарычнага жывапісу. Творчасьць мастака мае зьвязкі з абшарамі колішняга Вялікага Княства Літоўскага.

Напісаў карціны «Подзьвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе» (1827), «Напалеон каля вогнішча» (1834), партрэты Аляксандра Пушкіна (1826—1827), паэта Антонія Гарэцкага, піяністкі Марыі Шыманоўскай з Валоўскіх, музыканта Караля Ліпінскага (1827), сваіх унівэрсытэцкіх сяброў Казімера Пясецкага (1834) і Андрэя Тавянскага (1837), Андрэя Манюшкі, а таксама паэта Тамаша Зана[11]. Таксама сярод работаў ёсьць літаграфіі («Галава старога», «Аўтапартрэт») і малюнкі («Від руінаў у Італіі», «Пэйзаж», «Сажалка») і іншыя.

Да ліку найлепшых твораў мастака належыць кампазыцыйны партрэт «Міцкевіч на скале Аю-Даг», напісаны ў 1828 годзе. Адам Міцкевіч паказаны на гэтым палатне ў каўкаскай бурцы на фоне горнага пэйзажу ў момант паэтычнага натхненьня. Выдатна выяўлены яго рамантычны настрой, узьнёслы, адухоўлены выраз твару, роздум паэта над веліччу прыроды.

Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбургу, Варшавы, Кракава, Парыжу. Многія працы знаходзяцца і ў прыватных калекцыях нашчадкаў тых, каго мастак пісаў у першай палове XIX ст.

Музэй «Дом Ваньковічаў» у Менску

У Менску дзее дом-музэй Ваньковічаў — помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі клясыцызму — філія Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь. У залях музэю экспануюцца архіўныя дакумэнты, фатаздымкі работ Ваньковіча (арыгіналаў няма). Большасьць экспанатаў паходзіць з музэяў Варшавы[12].

Культурная прыналежнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З культурнай спадчынай Валянціна Ваньковіча ідэнтыфікуюцца як палякі, так і беларусы. Шматлікая польская прафэсійная літаратура з галіны гісторыі культуры і мастацтва апісвае яго як польскага мастака. Гэта між іншым «Dzieje kultury polskiej» Аляксандра Брікнэра, «Nowoczesne malarstwo polskie 1764—1939» Тадэўша Дабравольскага, «Malarstwo polskie» Стэфана Казакевіча і «Dzieje Polski porozbiorowe (1795—1921)» Маріяна Кукеля[13][14][15][16][17]. Некаторыя беларускія працы апісваюць аднак Валянціна Ваньковіча як мастака зь беларускімі каранямі і з памежжа культураў, зьвязанага таксама з культурай Беларусі. Аўтары кнігі пад назвай «Гісторыя беларускага мастацтва» апісалі яго як творцу, які ўпісаў яркую старонку ў гісторыю беларускага жывапісу першай паловы ХІХ стагодзьдзя[18]. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» кажа, што мастак паходзіў са старажытнага беларускага роду Ваньковічаў, а яго творчасьць зьвязана з мастацкім жыцьцём Беларусі, Летувы і Польшчы[19]. Польскі журналіст-падарожнік Марэк А. Капроўскі лічыць, што выстава пра Ваньковіча ў музэі ў Менску была падрыхтаванай так, каб ствараць уражаньне, што быў ён мастаком беларускім. Капроўскі называе «беларусізацыю» мастака дзіўнай і штучнай. Ён лічыць, што Ваньковіч у сваёй творчасьці нават не зьвяртаўся да беларускіх матываў, а тое, што тварыў ён на зямлі, якая належыць цяпер Беларусі, не значыць, што можна прыпісваць яго да беларускай культуры.[12]

  1. ^ https://www.facebook.com/NHAB1551
  2. ^ Walenty or Valentine Wankowicz // Benezit Dictionary of Artists (анг.)OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
  3. ^ Walenty Wańkowicz // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  4. ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  5. ^ Union List of Artist Names (анг.) — 2010.
  6. ^ Van‘kovìč, Valencìj Mel‘chijeravìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  7. ^ Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь — Дом Ваньковічаў
  8. ^ Дробаў Л. Ваньковіч Валенцій Мельхіёравіч // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 218.
  9. ^ Янушкевіч К. Эпоха паспалітых тытанаў: Да 210-годдзя Валенція-Вільгельма Ваньковіча. // Роднае слова. — 2010. — № 5. — С. 85.
  10. ^ а б Буйвал В. «Maestro Валенці»: Да 200-годдзя з дня нараджэння Валенція Ваньковіча (1800—1842) // «Наша Вера» № 1 (11), 2000.
  11. ^ Ларыса Цімошык. Колеры Айчыны // Жырандоля. — 29 сакавіка 2014. — № 8 (225).
  12. ^ а б Marek A. Koprowski. Białoruś. Uparte trwanie polskości. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2006. S. 216.
  13. ^ Aleksander Brückner: Dzieje kultury polskiej. T. 3: Czasy nowsze do roku 1831. Warszawa: Wiedza Powszechna, 1991, s. 569, 674. ISBN 83-214-0861-3.
  14. ^ Aleksander Brückner: Dzieje kultury polskiej. T. 4: Dzieje Polski rozbiorowej : 1795 (1772)-1914. Warszawa: Wiedza Powszechna, 1991, s. 297, 402. ISBN 83-214-0861-3.
  15. ^ Tadeusz Dobrowolski: Nowoczesne malarstwo polskie 1764—1939. T. 1. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1957, s. 192—194.
  16. ^ Stefan Kozakiewicz: Malarstwo polskie. T. 3: Oświecenie, klasycyzm, romantyzm. Warszawa: Oficyna Wydawnicza «Auriga», Wydawnictwa Artystyczne i Filmowe w Warszawie, 1976, s. 60-63, 287—288.
  17. ^ Marian Kukiel: Dzieje Polski porozbiorowe (1795—1921). London: Puls Publications, 1993, s. 210. ISBN 1-85917-009-9.
  18. ^ pod red. S. Marceleua: Historyja biełaruskaha mastactwa: U 6 t.. T. 3: Kaniec XVIII — paczatak XX stahoddzia. Mińsk: Nawuka i technika, 1989, s. 71. ISBN 5-343-00319-2.
  19. ^ pod red. B. Saczanki: Encykłapiedyja historyi Biełarusi u 6 tamach. T. 2: Bielick — himn. Mińsk: «Biełaruskaja encykłapiedyja» imia Pietrusia Brouki, 1994, s. 218. ISBN 5-85700-142-0.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]