Дом Абрампольскага
Даходны дом | |
Дом Абрампольскага
| |
Дом па вул. Савецкай, 17
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Адрас | вул. Савецкая, 17 |
Каардынаты | 53°53′47.42″ пн. ш. 27°32′54.91″ у. д. / 53.8965056° пн. ш. 27.5485861° у. д.Каардынаты: 53°53′47.42″ пн. ш. 27°32′54.91″ у. д. / 53.8965056° пн. ш. 27.5485861° у. д. |
Архітэктурны стыль | архітэктура мадэрну[d] |
Аўтар праекту | Станіслаў Гайдукевіч |
Дата заснаваньня | 1912 |
Дата пабудовы | 1912 год |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Дом Абрампольскага | |
Дом Абрампольскага на Вікісховішчы |
Дом Абрампо́льскага — колішні даходны дом у стылі мадэрн у Менску, які месьціцца на плошчы Незалежнасьці па адрасе вул. Савецкая, 17. Выкарыстоўваецца пад адміністрацыйныя ўстановы. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэгіянальнага значэньня[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дом Эмануіла Абрампольскага, дырэктара аднаго зь менскіх банкаў, пабудаваны ў 1912 годзе па праекце беларускага архітэктара Станіслава Гайдукевіча (гэта ягоны першы праект пасьля заканчэньня Пецярбурскай акадэміі мастацтваў). Стары адрас — Захар’еўская, 33 (на рагу з Трубнай)[2]. Сем пакояў першага паверху здымала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл, вядомая мэцэнатка беларускага руху. Верхнія пакоі займаў сам Абрампольскі зь сям’ёй[3].
У 1917 годзе дом быў канфіскаваны бальшавіцкімі ўладамі. У 1920-я гады ў доме месьціліся кватэры супрацоўнікаў беларускага аддзяленьня АДПУ (Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленьне), пазьней — НКУС. Таксама тут жылі прадстаўнікі вышэйшага дзяржаўнага, партыйнага й гаспадарчага кіраўніцтва БССР. У адной з кватэраў у 1919—1931 гг. жыў наркам земляробства й сакратар Менскага гаркаму КПБ(б) Адам Славінскі. За гэтым часам дом неафіцыйна звалі Першы Дом Саветаў[3].
У жніўні 1924 у адной з кватэраў гэтага дому арыштаваны Барыс Савінкаў[3].
За Другой сусьветнай вайной, у 1941—1942 гг. у гэтым будынку кансьпіратыўная кватэра савецкага падпольля. Пасьля Другой сусьветнай вайны кіраўніцтва пасялілася ў адмыслова пабудаваных для іх дамах, а дом Абрампольскага аддалі прадстаўнікам інтэлігенцыі[3]. У 1948—1955 гг. тут жыў навуковец-геадэзіст, акадэмік Васіль Папоў[4].
Сёньня будынак займае УКБ Менгарвыканкаму, месьціцца рэстаран.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Даходны дом Абрампольскага й дом Уніхоўскага злучаныя паміж сабой тарцамі й утвараюць адзіны фронт забудовы.
Дом Абрампольскага ўяўляе сабой мураваны прастакутны ў пляне трохпавярховы будынак з трапэцападобнай мансардай. Сымэтрычную кампазыцыю галоўнага фасаду парушае зрэзаны заходні кут, завершаны невысокім атыкам з лацінскімі літарамі (дата пабудовы). Плястыку галоўнага фасаду ўзбагачаюць ляпныя віньеткі, гірлянды, бальконы з мэталічнай агароджай. Уваходы з боку галоўнага й дваровага фасадаў. Галоўны ўваход вылучаны казырком на дзьвюх калёнках і высокім паўцыркульным аконным праёмам над ім.
Пляніроўка будынка зьмененая. Пляніровачным ядром зьяўляецца лесьвічны вузел, вакол якога раней разьмяшчаліся кватэры.
Памятныя шыльды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]23 чэрвеня 2017 году на Доме Абрампольскага зьявілася памятная шыльда. Яна сьведчыць, што ў гэтым доме ў 1922 годзе знаходзіўся Аддзел аховы рэвалюцыйнай законнасьці народнага камісарыяту юстыцыі БССР (АДПУ, папярэднік НКУС). Адначасна з гэтым улады праігнаравалі той факт, што ў гэтым доме жыла беларуская мэцэнатка Магдалена Радзівіл, якая фінансава дапамагала выдаваць першыя кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага і адкрывала беларускія школкі. Памятная шыльда, прысьвечаная Магдалене Радзівіл, на доме адсутнічае. Акурат па тым, як у Доме Абрампольскага разьмясьцілі першую ў БССР пракурорскую ўстанову, у краіне пачалася першая хваля рэпрэсіяў. Паводле клясыфікацыі гісторыка Ўладзімера Адамушкі, прыведзенай у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў у Беларусі», яна працягвалася з 1923 да 1928 году. У тагачаснай Беларусі, тэрыторыя якой на 1923 год была меншай за сучасную ў чатыры разы, а на 1928 год — амаль удвая, арыштавалі прыкладна столькі ж людзей, колькі і ўва ўсёй Расеі. Згодна з падлікамі гісторыкаў, маштабы рэпрэсіяў у Беларусі ў першай палове 1920-х гадоў значна перавышалі тыя, якія адбываліся на іншых тэрыторыях СССР. У сярэднім жыхар Беларусі меў у 20 разоў больш шанцаў быць рэпрэсаваным, чым жыхар РСФСР. Першымі пракурорамі БССР, якія ня толькі працавалі ў Доме Абрампольскага, але і жылі там, былі Адольф Гентнер (займаў пасаду ў 1925—1928 гадох), Маісей Сегаль (1925—1928), Максім Ляўкоў (1929—1931). Усе яны пазьней таксама сталі ахвярамі рэпрэсіяў. Усталяваньне шыльдаў карнаму акупацыйнаму органу сьведчыць пра працяг русіфікацыі Беларусі і навязваньне беларусам расейскацэнтрычнага сьветапогляду[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
- ^ Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 255. — 304 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-01-0729-9
- ^ а б в г Дом Абрампольского в Минске (рас.). by.holiday.by. Праверана 19 жніўня 2014 г.
- ^ Вуліца Савецкая, 17. Менск.by. Праверана 19 жніўня 2014 г.
- ^ На дом, дзе жыла Магдалена Радзівіл, павесілі шыльду пра супрацоўнікаў ОГПУ, Радыё Свабода, 23 чэрвень 2017 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дом Абрампольскага — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 713Г000231 |
- На сайце Глёбус Беларусі (рас.)