Беларускі нацыяналізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нацыянальны сьцяг Беларусі

Белару́скі нацыяналі́зм — ідэалёгія, якая базуецца на прызнаньні беларускай нацыі найвышэйшай каштоўнасьцю і ейнай першаснасьці ў дзяржаваўтваральным працэсе[Крыніца?]. У сучасных умовах існуе шырокі спэктар арганізацыяў, ідэалягічнай асновай якіх зьяўляецца беларускі нацыяналізм (Партыя БНФ, КХП-БНФ ды іншыя). Беларускія нацыяналісты выступаюць за скасаваньне саюзных адносінаў з Расеяй, дзяржаўнага статусу расейскай мовы, умацаваньне незалежнасьці беларускай дзяржавы, прыняцьце ў якасьці дзяржаўных сымбаляў гістарычных бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня», разьвіцьцё беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці.

У сродках масавай інфармацыі і ў вуснах грамадзкіх дзеячоў, якія не адносяць сябе да прыхільнікаў беларускага нацыяналізму, гэтае паняцьце часам набывае нэгатыўны сэнс, у яго ўкладваецца ідэя нацыянальнай перавагі, нацыянальнага антаганізму, русафобіі, нацыянальнай замкнёнасьці.

Нацыяналізм меў папулярнасьць на пачатку 1990-х гадоў на хвалі крызісу камуністычнай ідэалёгіі і эканамічнага крызісу ў краіне.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працэсы этнагенэзу на землях Беларусі пачалі ўваходзіць у стадыю нацыятварэньня яшчэ ў кругабег раньнемадэрнавай Рэчы Паспалітай. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ захоўваўся ідэнтыфікацыйны падзел на ліцьвінаў і русінаў, прынцып якога пакуль цалкам ня вызначаны. Галоўнай праблемай этнагенэтычных працэсаў стала засваеньне мясцовай арыстакратыяй «польскай» культурна-палітычнай тоеснасьці, хоць і ў адметнай форме «ліцьвін паходжаньнем, паляк нацыянальнасьцю»[1].

Ужо ў XIX стагодзьдзі Беларусь стала аб’ектам розных мабілізацыйных стратэгіяў, адны зь якіх апэлявалі да ідэалаў раньнемадэрнавай дзяржавы, асновай якой была або манархічная дынастыя (Расейская імпэрыя), альбо шляхецкі народ (Рэч Паспалітая), другія ўжо бралі на ўзбраеньне агрэсіўную рыторыку расейскага альбо польскага нацыяналізму з правобразам гамагеннай культурнай нацыі. На скрыжаванні гэтых канфліктных інтарэсаў пачало выкарыстоўвацца паняцьце беларусы, каб пазначыць сялянскай масы[1].

Фармаваньне беларускае нацыі праходзіла са значным спазненнем, нават у параўнаньні з украінцамі і летувісамі. Толькі ў другой палове XIX ст. носьбіты гібрыднай польска-беларускай ідэнтычнасьці (найперш Кастусь Каліноўскі і Францішак Багушэвіч) агучылі палітычныя і сацыяльныя патрабаваньні «новага» беларускага народу. Але гэтыя вытлумачэньні беларускай нацыі мелі яшчэ хутчэй пераходны характар і былі моцна зьвязаныя з папярэднімі ідэнтыфікацыйнымі шаблёнамi Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай[1].

Першыя ўласна беларускія нацыяналісты ўжо былі мясцовай інтэлігенцыяй (браты Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі ды іх паплечнікі), якія былі пераважна з дробнай шляхты. Яны ўзяліся за справу масавай мабілізацыі беларусаў, ставячу за першасную задачу даказаць мясцоваму насельніцтву, што яны – менавіта беларусы, а не «тутэйшыя». Разам з тым нацыяналістычныя патрабаваньні былі моцна пераплеценыя з сацыялістычна-рэвалюцыйнымі. Асноўнай іхняй зброяй стала адукацыя і друк[1].

Паводле Валянціна Акудовіча, Беларусь паўстала ў выніку паразы арыстакратычнага міту перад плебействам, але, як адзначае Аляксей Ластоўскі, беларусы паўсталі як нацыя ўжо тады, калі палітычныя рухі грунтаваліся менавіта на плебействе. Таксама, як зазначае Акудовіч, першым супраць нізавога міту беларусаў паўстаў Вацлаў Ластоўскі, прапанаваўшы ўзамен міталягему велічнай крыўскай цывілізацыі[1].

На сумежжы XIX і XX стагодзьдзяў рэшткі данацыянальнага сьветапогляду на Беларусі спрабаваў захаваць рух краёўцаў, які апэляваў да ідэі культурна-палітычнае адзінства Краю (земляў былога Вялікага Княства Літоўскага). Але гэты рух, хоць і маючы моцную інтэлектуальную базу, быў асуджаны на паразу, праз сваю архаічнасьць.

У часы Расейскай імпэрыі беларускі нацыяналізм заставаўся досыць маргінальным рухам, без асаблівай масавай падтрымкі, пра што сьведчыць гісторыя Беларускае Народнае Рэспублікі[1].

За савецкай уладай пры дапамозе дзяржаўных інстытутаў беларускі нацыяналізм стаў рухавіком пераўтварэньня грамадзкай сьвядомасьці ў Беларусі. Паскораны працэс мадэрнізацыі праз індустрыялізацыю, урбанізацыю і масавую адукацыю прывёў да вынішчэньня рэшткаў былых сьветапоглядных канструкцыяў (арыстакратычных, сялянскай тутэйшасьці). За савецкім часам беларуская нацыя з інтэлектуальнага фэномэну стала жывой рэчаіснасьцю[1].

Погляд на гісторыю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У беларускай інтэлектуальнай і культурнай прасторы з канца ХІХ ст. канкуруюць два асноўныя гістарычныя мэта-наратывы, якія даюць базіс вытлумачэньня гістарычных падзеяў і іх сэнсу. Адмысловае месца для абодвух наратываў мае пытаньне вытокаў дзяржаўнасьці. Гэта:[2]

  • Нацыянальны, які прасочвае вытокі беларускае дзяржаўнасьці з Полацкага княства, каторае разглядаецца як незалежная дзяржава. За залаты век уважаецца Вялікае Княства Літоўскае. Беларуская Народная Рэспубліка прызнаецца за легітымную форму аднаўленьня традыцыі той дзяржаўнасьці ў мадэрновую эпоху.
  • Русацэнтрычны, які глядзіць на гісторыю Беларусі, як складовую частку агульнарускай. Полацкае княства — частка Кіеўскае Русі, а Вялікае Княства Літоўскае — дзяржава летувіскіх фэдалаў, якія прыгняталі рускую праваслаўную культура. Мадэрновым увасабленьнем гэтага наратыву стала БССР.

Ліцьвінства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Ліцьвінства

Складовай часткай беларускага нацыянальнага наратыву ёсьць ліцьвінства, якое таксама можа разглядацца як рэгіянальная самаідэнтыфікацыя або як этап у разьвіцьці беларускага народу й Беларусі. Гэта шырокая гістарыяграфічная, культурная і грамадзка-палітычная плынь, якая грунтуе гісторыю Беларусі на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага і акцэнтуе ўвагу на беспасярэдняй повязі паміж гістарычных ліцьвінаў і сучасных беларусаў[3].

Канцэпцыя Вацлава Ластоўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1923—1927 гадах Ластоўскі выдаваў часопіс «Крывіч», на старонках якога выказваў сваё бачаньне мінуўшчыны і будучыні беларускага народу, ягонай дзяржаўнасьці, рэлігійнага жыцьця, прынцыпу самавызначэньня і прынцыпаў суіснаваньня з суседзямі. Ластоўскі пэрыядызаваў і характыразаваў гісторыю наступным чынам:[4]

  • Крыўска-рускі пэрыяд (X—XIII стст.): пачатак вараскай няволі, якую Ластоўскі параўноўвае з мангольскім панаваньнем у расейскай гісторыі. Крывічы зьмяняюць сваю назву на «русы» і пад ціскам прымаюць праваслаўе. Варагі нічога пазытыўнага з сабою не прынесьлі.
  • Літоўска-рускі пэрыяд (XIII ст.—1569 г.): злучэньне з балцкімі каранямі, цяпер крывічы адначасова «ліцьвіны» (паводле дзяржаўнай прыналежнасьці), і «рускія» (паводле веры).
  • Літоўска-польскі пэрыяд (1569—1795 гг.): палянізацыя эліты, адрываньне іх ад народных масаў.
  • Расейска-беларускі пэрыяд (1795—пач. XX ст.): праваслаўная шляхта русыфікуецца, беларусы ператвараюцца ў «тубыльчую сялянскую касту, у якую новыя сілы зьнікуль не прыбывалі, а лепшыя, здатнейшыя, адыходзілі».

Ластоўскі быў пэўны ў патрэбе самастойнага разьвіцьця Беларусі, без патранажу суседзяў, бо «нашы гістарычныя традыцыі ня маюць нічога супольнага ні з маскоўскім азіяцкім абсалютызмам, ні з польскім анархістычным шляхецтвам». У нацыянальным будаўніцтве ён лічыў, што трэба вярнуць старое імя (крывічы, Крывія або Крыўя), абгрунтаваць сутнасьць «нацыянальнага пасланьніцтва» і стварыць нацыянальна-рэлігійную арганізацыю. Ластоўскі таксама прызнаваў найменьні «беларусы», «Беларусь» заганнымі, бо:[4]

Як «беларусы» мы  – толькі адбіцьцё агульнарускай індывідуальнасьці… Але як «крывічы» – мы асобны індывідуюм, асобнае славянскае племя са сваёй багатай мінуўшчынай, сваёй асобнай мовай, тэрыторыяй і духовай творчасьцю.

З расейскім і польскім народам Ластоўскі бачыў толькі гвалтоўна-палітычную сувязь, з балтыйскімі ж краінамі (перадусім зь Летувай) натуральна-гістарычныя[4]. Гістарычную місію крыўскага народу Вацлаў Ластоўскі вызначаў так:[4]

Крывічанская славяншчына ў цэлым павінна даць чалавецтву новыя культурныя цэннасmці… Нашае заданmне ў гісторыі – дэцэнтралізм і народапраўства, якія дадуць новыя цэннасmці…

Канцэпцыя Вінцэнта Гадлеўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады, разыходзячыся з БХД, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі прапанаваў ідэю Беларускага Народнага Фронту для мабілізацыі ўсіх беларускіх патрыётаў на змаганьне зь ліквідатарамі Беларусі, у тым ліку шляхам стварэньня беларускага войска ў будучай сусьветнай вайне, якую ён прадбачыў[5].

У сваім эсэ «Патрэба нацыянальнай ідэі» (15 чэрвеня 1939) даводзіў, што толькі палітычныя партыі і народы, якія аб’ядноўваюцца на грунце нацыянальных каштоўнасьцяў, сваёй мовы і культуры, могуць перажыць усе жыцьцёвыя буры, захаваць сваю свабоду і адзінства:[5]

Нацыянальная ідэя лучыць усіх сяброў нацыі, і тых, што жывуць за граніцамі, і тых, што разьдзелены акіянамі, і тых, што разьдзелены часам. Нацыянальная ідэя лучыць паміж сабой пакаленьні, якія ўжо адышлі, з тымі, якія маюць прыйсьці, а злучвом ёсць жывучае пакаленьне. Сьведамы, ажыўлены нацыянальнай ідэяй беларус, скажам, у Амерыцы, з’яўляецца часткай беларускага народу, таксама як і той, што жыве на бацькаўшчыне. Таксама часткаю беларускага народу з’яўляюцца пакаленьні цяперашнія, мінулыя й будучыя. Чалавечая адзінка толькі праз цесную сувязь з жыцьцём свайго народу, зь ягонай мовай, зь ягонай культурай і традыцыяй можа разьвіваць свае творчыя магчымасьці.

Паводле Гадлеўскага, народ становіцца нацыяй, калі ён усьведамляе сваё быцьцё ў сьвеце, мае волю для кансалідацыі ў асобную дзяржаву. Ядром беларускае нацыі і народу ён лічыў сялянства. У артыкуле «Што такое нацыяналізм?» Гадлеўскі вылучае творчы і імпэрыялістычны нацыяналізм. Творчы накіраваны на развіцьцё народу, яго дзяржаўнасці і культуры на дэмакратычных прынцыпах і хрысьціянскіх каштоўнасьцях, імпэрыялістычны —, карыстаючыся сваімі перавагамі, на падпарадкаваньне іншых народаў. Гадлеўскі адзначаў важнасьць творчага нацыяналізму:[5]

Значыць, нацыя, баронячыся, павінна адначасна тварыцца, разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці, сваю мову, сваю літаратуру й мастацтва, ідучы разам з гэтым да здабыцьця для сябе палітычных правоў, роўных з іншымі народамі. Нацыя, якая б адказалася або не імкнулася да роўных правоў з іншымі народамі, ня ёсьць паўнавартаснай нацыяй і не заслугоўвае на імя нацыі (...) Без сваёй дзяржавы нацыя ня мае свабоды, якая патрэбна для разьвіцьця творчых сілаў народу (...) Усебакова разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці нацыя зможа толькі ў сваёй дзяржаве (...) Такога творчага нацыяналізму спыняць ніхто ня мае права, - ані свой, ані чужы. Хто б спыняў, той грашыў бы супраць свайго народу або супраць чужога народу. Калі мы шукаем права адзінкі, дык яшчэ больш павінны шанаваць правы народаў.

Сярод фундамантальных правоў народаў Гадлеўскі вылучыў права кожнага народу на сваю родную мову[5].

У артыкуле «Беларускае літвафільства» Вінцэнт Гадлеўскі даказвае нерэальнасьць спадзяваньняў на адраджэньне агульнай літоўска-беларускай дзяржавы з цэнтрам у Вільні, бо гэтага не жадаюць летувіскія лідэры[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкулы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па-беларуску[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па-расейску[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па-польску[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На іншых мовах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]