Куцеінская друкарня
Куцеінская друкарня — цэнтар беларускага кірылічнага кнігадрукаваньня ў XVII ст., дзейнічала ў 1630—1654 гадох пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры ў Воршы.
Да 1632 году ўзначальвалася яе заснавальнікам Сьпірыдонам Собалем, па ад’езьдзе якога чатыры гады не працавала. Потым друкарню узначаліў ігумен Іаіль Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства.
Выдавала навукова-асьветніцкую, царкоўна-палемічную і сьвецкую літаратуру на царкоўна-славянскай і старабеларускай мовах. У ёй выйшлі «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 году выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дыдаскалія» С. Косава (абедзьве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексыкон…» П. Бярынды (1653) і інш. Агулам тут выдалі дваццаць кніг. Выданьні вылучаліся своасаблівым графічным афармленьнем. Пашыраліся на Літве, Русі (Украіне), Жамойці, Масковіі.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе маскоўскія акупанты зьнішчылі друкарню, вывезшы друкарскае абсталяваньне ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам[1], у 1665 годзе — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 годзе — на Друкарскі двор (Масква).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лыч Л. Русіфікацыя: царская, савецкая, прэзідэнцкая. — Львоў, 2010. С. 3.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Галенчанка Г., Непарожная Т., Радзевіч Т., Кніга Беларусі. Зводны каталог.. — Менск: «Беларуская Савецкая Энціклапедыя імя Петруся Броўкі», 1986. — С. 101—106, 109, 112—117, 119—121. — 616 с. — 3500 ас..
- Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. Т. 2:Другая палова XVI- XVIII ст. / Рэдкал.: С. В. Марцэляў(гал. рэд.) і інш. Рэд. тома Сахута Я.. — Менск: Навука і тэхніка, 1988. — Т. 2. — С. 6, 65—67, 69, 178, 287, 291, 372. — 384 с. — 2740 ас. — ISBN 5-343-00342-7.
- Кароткі У. Прадмовы і пасьляслоўі пасьлядоўнікаў Францыска Скарыны. — Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. — Менск: Навука і тэхніка, 1991. — С. 89—94, 111, 112, 285—300. — 312 с. — 1150 ас. — ISBN 5-343-00437-7.
- Кніга Беларусі. 1517—1917 : зводны каталог / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; складальнікі каталога : Галенчанка Г. (д.г.н.), Непарожная Т., Радзевіч Т.; складальнікі электроннага выдання : Г. Кірэева, А. Суша, К. Языковіч. — Менск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2006. — 1 электронны аптычны дыск (CD-ROM).
- Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.