Алег Ладкін
Алег Аляксандравіч Ладкін (рас. Олег Александрович Ладкин; 1936, с. Новашыпунова, Алтайскі край, Расея) — архітэктар. Сябар Саюзу архітэктараў Беларусі (з 1971 году).
Атрымаў найбольшую вядомасьць як аўтар праекту г.зв. «Дома Чыжа» ў Менску.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скончыў у 1966 годзе Новасыбірскі інжынэрна-будаўнічы інстытут. З 1966 году працаваў асыстэнтам у НІБІ, па землятрусе ў Ташкенце ў 1966—1968 гадох працаваў на аднаўленьні места, у 1968—1971 гадох у ДПІ «Алмаатадзіпрагар» у Алма-Аце.
У 1971 годзе пры спрыяньні савецкіх уладаў, якія праводзілі палітыку маскалізацыі Беларусі[a], пераехаў з жонкай у Менск. У 1971—1999 гадох быў галоўным архітэктарам праектаў у ДПІ «Менскпраект», у 1974—1976 гадох кіраваў майстэрняй «БелНДІПгорадабудаўніцтва». З 1991 году дырэктар «Творчай майстэрні архітэктара Ладкіна А. А.»[1].
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У якасьці аўтара (галоўнага архітэктара праектаў) запраектаваў і рэалізаваў больш за 50 аб’ектаў жытлова-грамадзянскага прызначэньня празь дзяржаўныя ўстановы і больш за 50 аб’ектаў праз творчую майстэрню. Асноўныя працы: комплекс НДІ ЭВМ на вуліцы Максіма Багдановіча (1972—1975); станцыя мэтро «Трактарны завод»; забудова жылых дамоў уздоўж ракі Сьвіслачы (1982-89), праект жылога дома па вул. Валгадонскай, 19; бібліятэка ў цэнтры жылога раёну Чыжоўкі; жылая забудова ўздоўж праспэкту Незалежнасьці (рэалізавана ў 1987—1991) — усе ў Менску; аддзелы «Беларусбанк» у Рэчыцы (2006—2008), Кобрыні (2008—2009); жылы комплекс з убудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканьнямі, гаражом-стаянкай на вуліцы Старажоўскай ў Менску (2007—2009, будаваньне ў 2009—2011).
Найбольш вядомы праект Ладкіна — «Дом Чыжа» ў Менску (афіцыйная назва — «Ля Траецкага», рас. «У Троицкого»), рэалізаваны ў 2009—2013 гадох.
Погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Параноўвае свой «Дом Чыжа» з Эйфэлевай вежай[2]. Пры гэтым сьцьвярджае, што пры рэалізацыі ўсяго праекту (разам з рэканструкцыяй гасьцініцы «Беларусь») «Менск быў бы ня горшым за Ашгабад або Грозны» (рас. «Минск бы был не хуже Ашхабада или Грозного»)[3].
Лічыць, што крытыкі «Дома Чыжа» кіруюцца нацыянальным пытаньнем і належаць да «максымум 11% людзей, якія лічаць сябе нацыяй, а астатніх быдлам» (рас. «максимум 11% людей, которые считают себя нацией, а остальных быдлом»)[4]. Сьцьвярджае, што ў час праектаваньня дома «людзі прапольскага складу зь іншым поглядам на архітэктуру» (рас. «люди пропольского склада с другим взглядом на архитектуру») запрашалі яго на круглы стол, на які ён нібы пагаджаўся, а той не адбыўся[4].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ладкіна характарызуюць як чалавека, што «ўвойдзе ў гісторыю места і падручнікі архітэктуры як цынічны вандал», які пры будаваньні «Дом Чыжа» кіраваўся не прафэсійнымі меркаваньнямі, а грашыма забудоўніка[2].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Адным з захадаў палітыкі маскалізацыі было масавае перасяленьне ў Беларусь этнічных расейцаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ к // Кто есть кто в Беларуси. — М.: Книжный дом «Университет», 1999. — ISBN 5-8013-0068-6
- ^ а б Жилой дом «У Троицкого»: слава Эйфелевой башни или архитектурный провал (мнения экспертов), Onliner.by, 6.07.2012 г.
- ^ «Это откровенный архитектурный ляп»: Я живу в «доме Чижа», The Village, 17.07.2017 г.
- ^ а б Шаршуков С. "Минские кухни". Архитектор дома у Троицкого: Большинству здание нравится, но несколько человек влезли в интернет и пишут, TUT.BY, 22.11.2014 г.