Ян Баршчэўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 28 лютага 1790(1790-02-28)[1]
вёска Мурагі, Полацкае намесьніцтва, Расейская імпэрыя
Памёр 12 сакавіка 1851(1851-03-12) (61 год)
места Чуднаў, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя
Пахаваны Чуднаў
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці выкладнік, выдавец
Гады творчасьці 1810—1849
Кірунак клясыцызм, рамантызм, фальклёр
Жанр апавяданьне, аповесьць, баляда, верш, паэма, фантастыка
Мовы беларуская, польская
Дэбют 1810-я гг.
Значныя творы «Шляхціц Завальня» (1846)
Wikisource-logo.svg Творы ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com

Ян Баршчэ́ўскі (польск. Jan Barszczewski; 28 лютага 1790, в. Мурагі, цяпер Расонскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 12 сакавіка 1851, Чуднаў, цяпер Жытомірская вобласьць, Украіна) — беларускі і польскі пісьменьнік, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры[2].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маладосьць і навучаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Мурагі Полацкага намесьніцтва ў сям’і грэка-каталіцкага сьвятара (род быў шляхецкага паходжаньня). Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, дзе набыў вядомасьць чытальніка і вершапісца. Выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, напісаў у клясычным стылі паэму «Пояс Вэнэры» (на польскай мове, не захавалася). Студэнцкія канікулы найчасьцей праводзіў у вандроўках па навакольлі возера Нешчарда.

Дзякуючы сваёй схільнасьці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госьцем на сямейных урачыстасьцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны каханай дзяўчыне Максімавічанцы) і «Бунт хлопаў» («Рабункі мужыкоў», «Размова хлопаў»). Займаўся таксама жывапісам (маляваў пэйзажы і карыкатуры, яго мастацкія творы карысталіся папулярнасьцю сярод мясцовых жыхароў.

Пасьля заканчэньня Полацкай калегіі працаваў хатнім настаўнікам і гувэрнэрам.

Пецярбурскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1817 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мову[3] ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытную літаратуру. Выконваючы даручэньні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікай Брытаніі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсьціслаўшчыне. У Пецярбурґу ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам, якія, з ускосных зьвестак, высока ацанілі паэтычныя спробы маладога пісьменьніка, падштурхнулі яго на шлях прафэсійнай творчасьці. Ю. Барташэвіч сьцьвярджаў нават, што Міцкевіч уласнай рукой правіў асобныя яго вершы.

У 1840—1844 гадах Ян Баршчэўскі выдаваў у Пецярбурґу штогадовы альманах «Niezabudka» («Незабудка») з дапамогай літаратурнага гуртка выхадцаў пераважна зь Беларусі. Падтрымліваў творчыя сувязі з чальцамі гуртка і яго карэспандэнтамі — журналістам і крытыкам Р. Падбярэскім, літаратуразнаўцам і гісторыкам Ю. Барташэвічам, мастакамі К. і Р. Жукоўскімі, фальклярыстам І. Храпавіцкім, пісьменьнікамі Л. Штырмерам, В. Рэўтам, Т. Лада-Заблоцкім, А. Грозам, В. Давідам, С. Ляховічам, Л. Гротам-Спасоўскім. Сярод самых блізкіх сяброў Баршчэўскага пецярбурскага пэрыяду сучасьнікі называлі Г. Шапялевіча, знаёмага з паэтам яшчэ з часоў вучобы ў Полацкай калегіі. Рэдкалегія часопіса мела кантакты з «Дэмакратычным таварыствам» (1836—1838), прапагандавала (праз Ф. Лаўцэвіча) забароненыя патрыятычныя вершы.

На старонках «Незабудкі» Ян Баршчэўскі друкаваў пераважна вершаваныя апавяданьні. Ад клясыцызму паступова перайшоў да рамантызму. У 1843 годзе ў часопісе «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік») упершыню надрукаваны яго беларускія вершы — «Дзеванька», «Гарэліца», апрацаваная народная песьня «Зязюля».

У 1844—1846 гадах выдаў свой галоўны твор — празаічны зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (т. 1—4, на польскай мове, гравуры Р. Жукоўскага), асобныя часткі якога раней друкаваліся ў часопісе «Rubon» («Рубон»). Матэрыяльную дапамогу ў выданьні кніг Яна Баршчэўскага аказаў віленскі пісьменьнік А. Здановіч. Па невядомых прычынах ня выйшлі падрыхтаваныя аўтарам 5-ы і 6-ы тамы. Творы, сабраныя ў зборніку «Шляхціц Завальня…», напісаны пад відавочным уплывам беларускага фальклёру. Ян Баршчэўскі выкарыстаў сюжэты казак і легендаў «дзікага паўночнага боку Беларусі», апаэтызаваў родныя мясьціны, у тым ліку «велізарнае возера Нешчарда, накшалт затокі», каля якога знахадзілася вёска Мурагі, дзе прайшло яго дзяцінства.

Чуднаўскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне 1840-х гадоў (1847?) па запрашэньні польскага пісьменьніка Г. Жавускага і крытыка М. Грабоўскага Баршчэўскі пераехаў у г. Чуднаў на Валынь. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе жыў і вядомы мастак-графік Напалеон Орда.

Ян Баршчэўскі Падтрымліваў блізкія адносіны з польскім паэтам і перакладчыкам К. Пятроўскім і доктарам Г. Кёлерам, зьбіраў матэрыялы пра археалягічныя аб’екты, падарожнічаў. У 1849 годзе выдаў у Кіеве 1-ю частку зборніка «Проза і вершы» (на польскай мове), куды ўвайшлі баляды, паэма «Жыцьцё сіраты», аповесьць «Душа не ў сваім целе». У канцы 1840-х гадоў захварэў на сухоты і пасьля працяглай хваробы памёр у 1851 годзе. Пахаваны ў г. Чуднаве.

Спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Баршчэўскі займае надзвычай важнае месца ў гісторыі мастацкай культуры беларусаў. На працягу ўсёй творчасьці кіраваўся рамантычна-ўзьнёслым пачуцьцём любові да роднага краю. Як рамантык аддаваў перавагу выключным, сьвяточным і трагічным аспэктам вясковага жыцьця, чым тлумачацца асобныя праявы страрашляхецкага кансэрватызму, ідэалізацыі мінулай вольнасьці і дабрачыннасьці. Яго беларускія творы напісаны ў фальклёрным стылі, маюць павучальны ці бурлескна-рэалістычны характар. Творы Баршчэўскага распаўсюджваліся ў рукапісах або вусным шляхам як народныя. Верш «Бунт хлопаў» трапіў у фальклёрныя запісы А. Семянтоўскага і П. Шэйна, зробленыя ў канцы 19 ст. У чытаньні і перапісваньні гэтага твору абвінавачваўся Паўлюк Багрым.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б http://old.zviazda.by/ru/archive/?idate=2012-02-28
  2. ^ Адам Мальдзіс. Баршчэўскі Ян // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 314.
  3. ^ Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 28 лютага 2012. — № 39 (27154). — С. 7. — ISSN 1990-763x.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Р. Зямкевіч. Ян Баршчэўскі, першы беларускі пісьменьнік XIX сталецьця. — Вільня, 1911.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. — Мн.: БСЭ, 1985. — С. 390.
  • В. Бароўка, С. Якаўлеў. Рэцэпцыя фальклорна-міфалагічнай спадчыны ў кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» // Матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», Мн., 2000. — С. 173—176.
  • М. Хаўстовіч. Паэт і казачнік азёрнага краю // Ян Баршчэўскі. Выбр. тв. — Мн., 1998. — С. 20.
Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Ян Баршчэўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў