Літоўска-маскоўскія войны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аблога Полацку маскоўцамі, нямецкая гравюра, 1563 год

Літо́ўска-маско́ўскія во́йны — шэраг узброеных канфліктаў, войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім (ад 1569 году ў складзе Рэчы Паспалітай) і Вялікім княствам Маскоўскім (ад 1547 году). Вяліся ад сярэдзіны XIV стагодзьдзя, найбольш частымі сталі напрыканцы XV — у першай палове XVI стагодзьдзяў. Прычынай канфліктаў было імкненьне валадароў абедзьвюх дзяржаваў кантраляваць усходнеславянскія землі, абвяшчэньне Масквой сябе адзіным абаронцам праваслаўя й адзіным спадчыньнікам вялікіх князёў кіеўскіх, імкненьне кіраўнікоў Масковіі атрымаць выхад да мора, уцёкі незадаволеных палітыкай сваёй дзяржавы фэадалаў у суседнюю краіну і г. д. Войны вяліся зь пераменным посьпехам. Разбуральная для эканомікі Вялікага Княства Літоўскага Інфлянцкая вайна 1558—1583 гадоў стала адной з прычынаў заняпаду княства і вымушанага заключэньня Люблінскай уніі 1569 году з Польшчай.

Зьмест

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага

Каля 1240-х гадоў XIII стагодзьзя ў вярхоўях Панямоньня на землях гістарычнай Літвы паўстае новае дзяржаўнае ўтварэньне — Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Наваградку, калі на запрашэньне мясцовых баяраў тут пачаў княжыць Міндоўг. Працэс фармаваньня новай дзяржавы быў даволі працяглым і адбываўся шляхам дынастычных шлюбаў, пагадненьняў (у рэдкіх выпадках захопу) паміж асобнымі княствамі пры захаваньні палёгак, прывілеяў і пэўнага самакіраваньня. Цягам наступных дзесяцігодьдзяў да ВКЛ былі далучаны амаль усе ўдзельныя княствы на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацакае — у 1307 годзе; Віцебскае — у 1320 годзе; Берасьцейскае, Менскае, Турава-Пінскае — у 1320—1330-я[1]; Амсьціслаўскае — у 1358 годзе. Найбольш пасьпяхова працэсы аб’яднаньня беларускіх зямель праходзілі ў часе княжаньня Гедзіміна (1316—1341). Важным ягоным дасягненьнем было стварэньне незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку. Адначасна Гедзімін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, які разьвіваўся і ў наступныя дзесяцігодзьдзі.

Значныя тэрытарыяльныя набыткі ВКЛ атрымала ў часы княжаньня Альгерда (1345—1377). За ім у склад дзяржавы ўвайшлі Жамойць на паўночным захадзе; Падольле і Валынь на паўднёвым захадзе, а таксама землі на ўсход і паўднёвы ўсход ад ВКЛ — Севершчына, Кіеўскае і Смаленскае княствы[2].

Такі стан рэчаў не задавальняў і вельмі непакоіў валадароў Маскоўскага княства, якое ставіла ўласныя мэты зьбіраньня ўсходнеславянскіх земляў[3].

Вайна 1368—1372 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Літоўска-маскоўская вайна 1368—1372 гадоў
Вялікі Князь Літоўскі Альгерд, партрэт XVI стагодзьдзя
Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Searchtool.svg Мапа паходаў Альгерда на Маскву

Літоўска-маскоўская вайна 1368—1372 — сэрыя ваенных кампаніяў ВКЛ супраць Маскоўскага вялікага княства, перш за ўсё паходы князя Альгерда на Маскву ў 1368, 1370, 1372 гадах, а таксама спадарожныя падзеі, выкліканыя спаборніцтвам паміж дзьвюма буйнейшымі дзяржавамі Ўсходняй Эўропы за палітычную гегемонію ў рэгіёне, а менавіта за ўплыў на Цьвярское вялікае княства[a].

Першы паход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1368 годзе 18-гадовы маскоўскі князь Дзьмітры Іванавіч[b] накіроўвае войска на цьвярскія вёскі на правым беразе Волгі, а цьвярскога князя Міхаіла, запрасіўшы ў Маскву, падманам кідае ў вязьніцу, адкуль, аднак, таму неўзабаве ўдалося вызваліцца і ўцячы да свайго швагра Альгерда ў Літву[3].

Зьвязаны дынастычным шлюбам зь Цьвярскім княствам Альгерд зь Віцебску ўвосені 1368 рушыць на Маскву. Дзеля спыненьня літоўскага войска з Масквы быў накіраваны вартавы полк на чале з ваяводамі Дзьмітрыем Мініным і Акінфам Шубам, якія, аднак, былі разьбітыя ўшчэнт Альгердам 21 лістапада недалёка ад ракі Трасны каля Валакаламску[4]. Не сустрэўшы больш перашкодаў, літоўскае войска ў хуткім часе зьявілася пад мурамі Крамля. Добра ўмацаваны маскоўскі белакаменны дзядзінец, пабудаваны годам раней, Альгерд браць не наважыўся. У гэты час на захадзе актывізаваў свае дзеяньні Лівонскі ордэн[5]. Войска ліцьвінаў спустошыла гарадзкое навакольле і вывела ў Літву вялікую колькасьць насельніцтва[6].

Другі паход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увосень 1370 году маскоўскі Дзьмітры Іванавіч зноў нападае на Цьвер, што сталася прычынай другога паходу Альгерда на Маскву. Разам з старым князем у паход рушыў ягоны брат Кейстут, Міхаіл Цьвярскі, смаленскі князь Сьвятаслаў разам з войскам.

На пачатку зімы аб’яднаныя сілы саюзьнікаў прыйшлі да Масквы, разгарнуўшы свае харугвы на Паклоннай гары. Аблога крамля пачалася 8 сьнежня, пратрываўшы восем дзён. 16 сьнежня быў заключаны мір.

Згодна з «хронікай Быхаўца», князь Дзьмітры прасіў літоўскага князя зьлітавацца і не выганяць яго з Масквы, падараваўшы шмат золата, срэбра, футра собаля й іншых каштоўнасьцяў. Паводле хронікі, Альгерд згадзіўся з адной умовай.

« «Хоць я з табою замірыўся, але мне іначай учыніць не выпадае, бо мушу да горада твайго Масквы дзіду сваю прысланіць ды тую славу ўчыніць, што вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Альгерд дзіду тут сваю прысланіў»[7] »

Трэці паход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1372 годзе князь Міхаіл Цьвярскі чарговы раз зьвярнуўся па дапамогу да Альгерда. Улетку літоўскае войска рушыла на Маскву. У гэтым паходзе ўдзельнічалі, між іншымі, будучы вялікі князь Вітаўт разам з сваім бацькам, братам Альгерда Кейстутам. 12 ліпеня 1372 году цьвярское і літоўскае войскі на чале з Альгердам злучыліся ля Любуцку для трэцяга паходу на Маскву. Туды ж падышлі асноўныя сілы маскоўскага войска. Абодва войскі колькі дзён стаялі адзін насупраць аднаго, падзеленыя ровам. Адбылося некалькі вылазак і сутычак паміж варожымі войскамі. Да генэральнай бітвы так і не дайшло — Альгерд не гарэў жаданьнем перамагчы любой цаной і згадзіўся на новае замірэньне[6]. У сярэдзіне ліпеня 1372 году Літва, Цьвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор.

Вайна 1406—1408 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Літоўска-маскоўская вайна 1406—1408 гадоў
Мапа ваенных дзеньняў[9]

Літоўска-маскоўская вайна 1406—1408 гадоў — шэраг ваенных сутыкненьняў на памежжы, фіналам якіх стала стаяньне на рацэ Вугры двух варожых войскаў — Вялікага Княства Літоўскага, з аднаго боку, і Маскоўскага княства, з другога.

Прычыны вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1404 годзе вялікім князем Вітаўтам быў узяты Смаленск і да ВКЛ было канчаткова далучана Смаленскае княства. Жадаючы пашырыць экспансію Літвы на ўсход і меўшы нэўтралітэт з боку Масквы[c], у наступным, 1405 годзе, Вітаўт распачаў ваенныя дзеяньні супраць Пскова. Пскоў, які лавіраваў у сваёй зьнешняй палітыцы паміж Вільняй і Масквой, зьвярнуўся па дапамогу да маскоўскага князя Васіля I, які аднак нічым не дапамог, адбіцца пскоўцам дапамагла дружына, якая прыйшла з Ноўгараду. Блізкасьць Масквы да мяжы[d] і рэальная пагроза з боку Літвы прымусіла Васіля I рыхтавацца да вайны. Масква стала ўзбрайняцца, разарвала саюз зь Вітаўтам і адкрыта выступіла супраць яго «пскоўскія дзеля крыўды»[10].

Баявыя дзеяньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1406 годзе маскоўскае войска, у склад якога ўвайшлі таксама ардынскіе палкі, сустрэліся з арміяй Вітаўта на супрацьлеглых берагах ракі Плава, пад Крапіўнай, аднак у бітву не ўступілі. Было заключана часовае перамір’е тэрмінам у год.

У 1407 годзе ваенныя дзеяньні аднавіліся, войскі ВКЛ узялі Адоеў, а маскоўскія войскі ўзялі і спалілі горад Дзьмітравец. Асноўныя сілы двух бакоў сышліся ля Вязьмы, але вырашальнай бітвы не адбылося — замірэньне было падоўжанае яшчэ на адзін год. Аднак адносіны паміж дзяржавамі абвастрыліся пасьля ад’езду ў Маскву Сьвідрыгайлы — суперніка Вітаўта, што выклікала незадаволенасьць апошняга.

У 1408 годзе войска ВКЛ выступіла ў паход на Маскву. На мяжы дзяржаваў — рацы Вугры — іх сустрэлі маскоўскія войскі з татарскай дапамогай. Пасьля шматдзённага стаяньня войскаў на супрацьлеглых берагах ракі Вітаўт і Васіль I склалі «вечны мір»[11].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вугрская дамова 1408 году канчаткова ўсталявала мяжу паміж дзьвюма дзяржавамі ў вышнявінах Акі па рэках Вугра, Роса і Брыня. Васіль I абавязаўся спыніць падтрымку Сьвідрыгайлы і прызнаваў за ВКЛ Смаленскую зямлю і Вярхоўскія княствы. У склад Маскоўскага княства ўвайшла невялікая па плошчы, раней спрэчная тэрыторыя ў басэйне ракі Жыздра з гарадамі Перамышль, Казельск, Любуцк. Васіль першы таксама адмаўляўся ад прэтэнзіяў на Смаленск, які быў канчаткова захоплены Вітаўтам у 1404 годзе.[12].

Памежная вайна 1492—1494 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Літоўска-маскоўская вайна 1492—1494 гадоў

Літоўска-маскоўская вайна 1492—1494 гадоў, Памежная вайна [13]. — вайна Вялікга Княства Літоўскага з Маскоўскім княствам у 1492—1494 гадах.

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі Князь Аляксандар, невядомы мастак, XIX стагодьдзе
Іван III, гравюра з «касмаграфіі» А. Тэвэ, 1575 год

Вайна была распачата Маскоўскай дзяржавай за г. зв. «отчину» — усходнеславянскія землі, што былі ў складзе ВКЛ. Вайне папярэднічалі памежныя канфлікты, якія пачасьціліся з 1486 году, калі ваяводы Івана III разрабавалі Любуцк, Мцэнск і Вяземскае княства[14][15].

18-га траўня 1492 году Іван III накіраваў да Караля Польскага і Вялікага Князя Літоўскага Казімера IV пасла з праграмай тэрытарыяльных дамаганьняў, аднак той неўзабаве вярнуўся назад, даведаўшыся пра раптоўную сьмерць Вялікага Князя Літоўскага Казімера (памёр 7-га чэрвеня 1492 году)[16][17].

Для Маскоўскага Княства склалася спрыяльная сытуацыя, каб распачаць вайну.

Хада вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1492 войска на чале з Ф.Целяпнём-Абаленскім, накіраванае на Любуцк і Мцэнск, папаліла гарады, а баяраў і жыхароў забрала ў палон. Восеньню маскоўскія ваяводы занялі Хлепень і Рагачоў. У гэты час у Маскву перабеглі князі з памежных раёнаў ВКЛ — С. Ф. Варатынскі, М. Р. Мязецкі, А. і В. Бялёўскія, А. Ю. Вяземскі, што дазволіла Івану III бязь цяжкасьцяў авалодаць землямі ў вышнявіне Акі. Пры дапамозе князёў-перабежнікаў былі занятыя Мязецк, Сярпейск, Масальск, спалены Апакаў, пазьней была захопленая Вязьма[18][19].

Рыхтуючыся да пашырэньня ваенных дзеяньняў, князь маскоўскі сабраў войска ў Вялікіх Луках, Ноўгарадзе, Пскове і Цьверы, заклікаў крымскага хана Менглі-Гірэя нанесьці ўдар па ВКЛ з поўдня. У 1493 маскоўскае пасольства наведала князя Конрада Мазавецкага і магістра Тэўтонскага ордэна з прапановай утварыць супраць Ягелонаў ваенны альянс. ВКЛ не было гатовае да абароны, таму вялікі князь Аляксандар накіраваў паслоў у Крым, Заволскую Арду і да свайго брата польскага караля Яна Альбрэхта з просьбай аб дапамозе[20].

Вялікае пасольства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каб спыніць агрэсію, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену за вялікага князя Аляксандра. «Вялікае пасольства» князя Аляксандра прыбыло ў Маскву 17 сьнежня 1494. З гэтае нагоды пачаліся перамовы, у час якіх маскоўскі бок імкнуўся заняць як мага больш тэрыторыі ВКЛ. У выніку складаных перамоў было дасягнута пагадненьне («докончание»), падпісанае 7 лютага 1494 году аб новай мяжы паміж дзяржавамі[21][22].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дамова прадугледжвала хаўрус супраць усіх ворагаў, але вайсковая дапамога пры гэтым была неабавязковай. У новай дамове Іван III выкарыстаў свой тытул як «государь всея Руси»[23]. Да Маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства і землі ў басэйне Верхняй Акі, дзе дакладная мяжа не была вызначана, што пакідала падставы для будучых канфліктаў. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цьвер, Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.[18]

Пасольства ВКЛ правяло таксама пераморы аб сватаньні Аляксандра да дачкі Івана III і, атрымаўшы станоўчы адказ, прадстаўляла вялікага князя на заручынах.

Вайна 1500—1503 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Літоўска-маскоўская вайна 1500—1503 гадоў, Бітва пры Ведрашы і Амсьціслаўская бітва
Ваенная кампанія 1500 году

Літоўска-маскоўская вайна 1500—1503 гадоў — вайна Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскім Княствам у 1500—1503 гадах.

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прычынай вайны, распачатай Маскоўскай дзяржавай, сталі прэтэнзіі на ўсходнеславянскія землі, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ. Маскоўскія князі лічылі Маскву правапераемніцай Кіева, які некалі нібыта валодаў гэтымі землямі, землямі Русі. Напрыканцы XV стагодзьдзя адносіны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ настолькі абвастрыліся, што новы канфлікт за ўсходнія землі ВКЛ стаў непазьбежны[24].

Пачатак вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Непасрэднай зачэпкай, якая паслужыла Івану ІІІ падставай для пачатку вайны, сталі чуткі аб ганеньнях на праваслаўе ў Вялікім Княстве. У той самы час да Васіля ІІІ перабягаюць вярхоўскія і некаторыя чарнігава-северскія князі: Сямён Бельскі са сваёй вотчынай, князь Хацетоўскі, баяры Мцэнскія і Сярпейскія і іншыя.[25].

Прыняўшы перабежнікаў, Іван парушаў раней складзеную між манархамі мірную дамову. У красавіку 1500 году ў Маскву прыехала пасольства вялікага князя літоўскага Аляксандра на чале са смаленскім намесьнікам Станіславам Кішкам, якое імкнулася зьняць напружаньне паміж дзяржавамі. Аляксандар пайшоў на кампраміс і ўпершыню зьвяртаўся да Івана III як да «государя всея Руси», патрабуючы вярнуць «здрадцаў» (князёў-перабежнікаў) і не чыніць болей крыўды на межах. Вялікі князь маскоўскі ўсю віну пераклаў на Аляксандра і, выслаўшы назад паслоў, накіраваў у ВКЛ сваё войска, якое 3-га траўня 1500 году рушыла ў Бранск. Пасьля азначаных падзей у Вільню быў накіраваны ганец з граматай, у якой дэкляравалася, што Іван III, склаўшы хроснае цалаваньне, «за христианство хочет стоять» і пачынае вайну. Тым часам маскоўскае войска пад кіраўніцтвам былога казанскага цара Магмэд-Аміня авалодала Бранскам, занялі Пуціўль, Мцэнск, Сярпейск, Старадуб, Гомель, Любеч, Ноўгарад-Северскі, Рыльск[26].

Частка войск — 2-я групоўка — была накіраваная да Смаленска і на Дарагабуж. 3-я групоўка стаяла напагатове ў Вялікіх Луках, а 4-я — у рэзэрве ў Цьвяры. На бок Масквы перайшлі князі Масальскія і Трубяцкія. Напрыканцы чэрвеня да Смаленска падышоў конны корпус ВКЛ пад камандаваньнем найвышэйшага гетмана Канстантына Астроскага. 14-га ліпеня 4-тысячны атрад коньнікаў найвышэйшага гетмана атакаваў на рацэ Вядроша пад Дарагабужам абяднаныя сілы маскоўскіх ваявод (40 тысячаў чалавек) і ў жорсткай 6-гадзіннай бітве быў амаль цалкам зьнішчаны (гл. Бітва пры Ведрашы)[24][27].

Дыпляматычныя захады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не падрыхтаваны да вайны вялікі князь Аляксандар шукаў дапамогі праз дыпляматаў. Летам і восеньню 1500 году паслы ВКЛ спрабавалі адгаварыць Мэнглі-Гірэя ад ваеннага зьвязу з Масквой, яны пабывалі таксама ў Малдове, Заволскай ардзе, Лівонскім ордэне, у братоў Аляксандра — польскага караля Яна Ольбрахта — і караля вугорцаў і чэхаў Уладзіслава.

21-га лютага 1501 году паслы зь Вільні і Кракава разам прыбылі ў Маскву і спрабавалі пераканаць Івана III спыніць ваенныя дзеяньні, але беспасьпяхова[24].

Ваенныя дзеяньні ў 1501—1503 гадах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1501 году маскоўскае войска зноў рушыла на ВКЛ, а ў чэрвені з поўдня ўдарылі крымскія татары. На баку ВКЛ у вайну ўступілі Заволская арда і Лівонскі ордэн, магістар якога Вальтэр фон Плятэнбэрг у траўні 1501 распачаў ваенныя дзеі.

Пасьля сьмерці Яна Ольбрахта вялікі князь Аляксандар быў абраны польскім каралём і выехаў у Польшчу. Адначасова з прыняцьцем акта Мельніцкай вуніі 1501 году аднаўлялася унія паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам[28].

Адсутнасьць манарха і спадзеў на хуткую дапамогу палякаў абумовілі пасіўнасьць войска ВКЛ у 2-й палове 1501 году. Гэтым скарыстаўся маскоўскі князь Іван III, які накіраваў ва ўсходнюю Беларусь аб’яднаныя сілы, якія 4 лістапада 1501 году разьбілі пад Амсьціславам групу войск князёў М. Заслаўскага і А. Дашковіча. Улетку 1502 году маскоўскае войска беспасьпяхова імкнулася захапіць Смаленск. Яно заняло і спаліла Воршу, разрабавала мсьціслаўскія воласьці, а таксама землі на Віцебшчыне і Полаччыне. Восеньню таго ж году «воевать в Литовскую землю» хадзілі ваяводы з Ноўгараду, Ржэва і Северскай зямлі. У лютым 1503 году Іван III зноў пасылае на Беларусь «князей і воевод многих со многим людом»[27].

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адначасова з тым заключэньне уніі з Польшчай і падтрымка ВКЛ Лівонскім ордэнам схілілі Івана III да перамоў. Да таго ж у маскоўскага князя ўзьніклі сур’ёзныя праблемы са здароўем пасьля інсульту. Спыніць вайну заклікала бацьку і вялікая княгіня і каралева Алена Іванаўна, дачка Івана III і жонка вялікага князя Аляксандра[27].

4-га сакавіка 1503 году ў Маскву прыбыло пасольства Аляксандра. Пасьля вострых спрэчак былі падрыхтаваныя граматы, якія абьвяшчалі 6-гадовае замірэньне (1503—09) і вызначалі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вялікія тэрыторыі ВКЛ з гарадамі Белы, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Дрокаў, Карачаў, Любеч, Любуцк, Масальск, Мглін, Мцэнск, Мязецк, Невель, Ноўгарад-Северскі, Папова Гара, Почап, Пуціўль, Радагошч, Рыльск, Серанск, Старадуб, Сярпейск, Трубчэўск, Хоцім, Чарнігаў і іншыя. Вялікае княства страціла ўсе левабярэжжа Дняпра (каля 1/3 часткі сваёй тэрыторыі).[24].

Вайна 1507—1508 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Літоўска-маскоўская вайна 1507—1508 гадоў

Літоўска-маскоўская вайна 1507—1508 гадоў — чарговая вайна паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам за ўсходнеславянскія землі.

Першы этап[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Васіль III, выява з царскага тытулярніку 1672 году
Жыгімонт І Стары, Wincenty de Lesseur 1802 год

Віленскі сойм у лютым 1507 прыняў разьвязак аб вяртаньні зямель, страчаных у часы папярэдніх дзьвюх войнаў ВКЛ з Масквой. У сакавіку — красавіку 1507 году пасольства Жыгімонта I Старога ў Маскве ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала вярнуць гарады і землі, захопленыя Іванам III. Маскоўскі ўрад не прыняў патрабаваньняў і заявіў аб гатоўнасьці распачаць вайну супраць ВКЛ. Ужо ў красавіку 1507 году маскоўскі князь Васіль III накіраваў конныя палкі на Полацак і Смаленск. Абмінуўшы фартэцыі, ваяводы зайшлі глыбока на тэрыторыю Беларусі, толькі тады з Кракава ў ВКЛ выехаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт, які загадаў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку сабраць земскую службу (да 14 тысячаў чалавек) каля Менску. У чэрвені, калі паспалітае рушаньне сабралося, маскоўскія ваяводы пакінулі межы ВКЛ. Кішка накіраваў войска да Друцка, адкуль накіроўваў невялікія атрады на памежныя маскоўскія землі. У хуткім часе паспалітае рушаньне было распушчанае. Крымскія татары, якія абяцалі дапамогу Жыгімонту, не зрабілі назначаныя напады на Пуціўль і Чарнігаў. У кастрычніку — лістападзе 1507 году Васіль III зноў накіроўвае войскі ў Беларускае Падняпроўе. Яны асадзілі Крычаў і Амсьціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушаньне, маскоўскія ваяводы разам з войскам адступілі ў свае землі[29][30].

Другі этап[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Мяцеж Глінскіх

Другі этап вайны зьвязаны з бунтам, узьнятым у студзені 1508 на Беларусі Міхалам Глінскім. Сабраўшы каля 2 тысячаў чалавек, Глінскі авалодаў Туравам, Мазыром, спрабаваў захапіць Слуцак. Васіль III накіраваў войска на чале з В. Шамячычам на Слуцак да Глінскага, палкі Д. Шчэні з Вялікіх Лук і Я. Захар’іна з Масквы — на Смаленск, а трэцяе войска — на Полацк. У траўні 1508 году абьяднаныя сілы Глінскага і Шамячыча трымалі ў аблозе Менск і спустошылі ягонае навакольле, рабілі рэйды ажно да Слоніму. У гэты час каля Ліды зьбіралася паспалітае рушаньне ВКЛ, а з Польшчы падыходзіла пяцітысячнае войска. Абьяднаўшы сілы (агульная колькасьць войска 15—16 тысячаў чалавек), Жыгімонт I даручыў камандаваньне імі гетману найвышэйшаму К. Астрожскаму. У пачатку чэрвеня пры набліжэньні абьяднанага войска ВКЛ ваявода Шамячыч і Глінскі пакінулі Менск і адступілі на ўсход, а ў сярэдзіне ліпеня, таксама не прыняўшы бою, адступіла буйная групоўка маскоўскага войска, якая трымала ў аблозе Воршу. У жніўні 1508 году Астроскі і М. Фірлей з атрадамі коньніцы напалі на Северскую зямлю, а Кішка зь невялікім атрадам рушыў у напрамку Масквы і захапіў Дарагабуж і Таропец, аднак ваяводы Васіля III ударам у адказ вярнулі гэтыя гарады. Астроскі зь Фірлеем таксама мусілі вярнуцца ў свае землі[31][32][33].

Вечны мір[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна скончылася безвынікова. 19 верасьня 1508 году падпісанае пагадненьне аб «вечным міры», згодна зь ім за Масквой замацоўваліся ўсе землі, захопленыя раней у выніку папярэдніх дзьвюх войнаў (1492—94 і 1500—03). Глінскія атрымалі права ад’ехаць на службу ў Маскоўскую дзяржаву. Абодва бакі абавязаліся разам выступаць супраць «всех недругов», у тым ліку і крымскіх татар[34].

Дзесяцігадовая вайна 1512—1522 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Літоўска-маскоўская вайна 1512—1522 гадоў

Літоўска-маскоўская вайна 1512—1522 гадоў, Дзесяцігадовая вайна, Смаленская вайна — вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам за Смаленск і ўсходнеславянскія землі. «Вечны мір» хутка скончыўся, новая вайна Масквы і пачалася ў 1512 годзе. Масква правяла значную дыпляматычную падрыхтоўку да вайны, была створана кааліцыя са Сьвятой Рымскай Імпэрыяй і некаторымі эўрапейскімі краінамі супраць ВКЛ і саюзнай Польшчы, што абяцала ўдалы пачатак вайны для Маскоўскага княства[34][35].

Аблогі Смаленску[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 1512 году войска князя І. Рапніна-Абаленскага і Канюшага І. А. Чалядніна рушыла ў бок Смаленска. У сьнежні 1512 году на Смаленск былі накіраваныя галоўныя сілы з Масквы на чале з Васілём III. Пасьля шасьцітыднёвай аблогі маскоўскае войска, якое цярпела значныя страты, вярнулася дадому[36].

У чэрвені 1513 году быў распачаты другі паход на Смаленск. Да восені пад горадам была сканцэнтравана 80-тысячная маскоўская армія зь вялікай колькасьцю гармат і 2-ма тысячамі пішчалялямі. Каля 24 тысячаў маскоўскіх ратнікаў ваявалі на Полаччыне, 8 тысячаў чалавек — пад Віцебскам, а 14-тысячная групоўка аблажыла Воршу. Жыхары Смаленска зноў адбілі напад маскоўскіх войск, і Васіль III у лістападзе 1513 адвёў свае палкі назад[35][36].

У канцы траўня 1514 году, пасьля зімовай перадышкі, пачаўся 3-і паход на Смаленск, у якім удзельнічала каля 80 тысячаў чалавек. 31 ліпеня пасьля няспыннага абстрэлу з 300-сот гармат Смаленск капітуляваў[36].

Бітва пад Воршай 1514 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пад Воршай, малюнак XVI стагодзьдзя
Асноўны артыкул: Бітва пад Воршай

Імкнучыся разьвіць посьпех, ваяводы Васіля III хутка рухаліся ў глыб Беларусі. Яны захапілі Амсьціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро і Друць і толькі каля Бярэзіны сутыкнуліся зь перадавымі атрадамі 35-тысячнай армім вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога[37].

8-га верасьня 1514 году ў час генэральнай бітвы пад Воршай Найвышэйшы Гетман Літоўскі Канстантын Астроскі дашчэнту разьбіў 80-тысячнае маскоўскае войска. Усходняя Беларусь была вызвалена ад захопнікаў. Войска Астроскага аблажыла Смаленск, але авалодаць горадам у яго не хапіла сіл. Перамога пад Воршай была ўдала скарыстана ў дыпляматычных колах у выніку чаго маскоўская кааліцыя зь эўрапейскімі хаўрусьнікамі распалася, што было замацавана на Венскім кангрэсе 1515 году, на якім Ягайлавічы і Габсбургі прыйшлі да поўнага паразуменьня[35][37].

Ваенныя сутычкі 1515—1517 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу 3 гадоў пасьля перамогі літоўскага войска пад Воршай вайсковыя дзеяньні вяліся стрымана. Вясной 1515 маскоўскае войска з Пскова хадзіла на Рослаў, спаліла Браслаў і Друю, а харугвы ВКЛ на чале з А. Дашкевічам і А. Неміровічам пры падтрымцы крымскіх татар напалі на Северскую зямлю. У тым жа годзе маскоўскія ваяводы хадзілі на Полацк, Віцебск і Амсьціслаў, а войска ВКЛ — на Вялікія Лукі. У 1516 абодва бакі абмежаваліся дробнымі парубежнымі рэйдамі. У 1517 войска Астроскага з Полацку рушыла на Пскоўшчыну і аблажыла Апочку, асобныя харугвы хадзілі да Варонеча, Краснага, Вельлі і Пскова, аднак у цэлым кампанія скончылася няўдала[35][36].

Актывізацыя ваенных дзеяньняў 1517—1522 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вершнік-масковец, нямецкая гравюра XVI стагодзьдзя

Пасьля няўдалых перамоў бакоў у 1517 годзе вайсковыя дзеяньні актывізаваліся. Летам 1518 году Васіль III накіроўвае на Беларусь свае войскі зь Вялікіх Лукаў — на Полацак, зь Белай — на Віцебск, са Смаленска і Старадуба — у Падняпроўе. Пад Полацкам маскоўскае войска было разгромлена і адступіла, у іншых месцах яно даходзіла да Слуцку, Менску, Наваградку[36].

У 1519 у вайну на баку Маскоўскай дзяржавы ўступіў Тэўтонскі ордэн. У ліпені 1519 на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячнае крымскае войска і разьбіла коньніцу Астроскага пад Сокалам. Выкарыстаўшы цяжкі для ВКЛ момант, Васіль III зноў ударыў па Беларусі зь Вялікіх Лукаў, Смаленску і Старадубу, маскоўскае войска па дарозе паліла гарады і вёскі, ў палон былі ўзятыя мясцовыя жыхары[35][36].

Падпісаньне міру[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошняй акцыяй Васіля III у гэтай вайне стаў рэйд ваяводы В. Гадунова ў лютым 1520 пад Полацак і Віцебск. Перамогі над тэўтонцамі і пагадненьне, падпісанае Жыгімонтам I Старым з Крымскім ханствам, схілілі Васіля III да перамоў. Улетку 1520 году пасольства ВКЛ дамовілася ў Маскве пра спыненьне вайсковых дзеяньняў. Для падпісаньня мірнага пагадненьня «вялікае пасольства» на чале з полацкім ваяводам П. Кішкам прыбыло ў Маскву толькі ў 1522. Пагадненьне мела кампрамісны характар і прадугледжвала замірэньне тэрмінам на 5 гадоў (пасьля чаго меркавалася падпісаць «вечны мір»>). Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, шматлікі «маскоўскі палон» — у ВКЛ[36].

Старадубская вайна 1534—1537 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Літоўска-маскоўская вайна 1534—1537 гадоў

Літоўска-маскоўская вайна 1534—1537 гадоў, Старадубская вайна — чарговы ваенны канфлікт паміж Вялікім Княствам Літоўскімм і Маскоўскім княствам.

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аблога Старадубу ліцьвінамі, гравюра Марціна Бельскага з «Хронікі ўсяго сьвету», 1564 год

Незадаволенасьць Вялікага Княства Літоўскага і Вялікага Княства Маскоўскага вынікамі папярэдняй вайны абумовіла чарговы збройны канфлікт між імі.

Фактычна ваенныя дзеяньні між дзяржавамі пасьля папярэдняй вайны не прыпыняліся. Але трывалы час цэнтральныя ўрады былі не гатовыя да новага маштабнага супрацьстаяньня і некалькі разоў падпісвалі замірэнчыя ўгоды: 25 сьнежня 1522 году — на пяць гадоў; 25 сьнежня 1526 году — на шэсьць гадоў; 24 сакавіка 1532 году — на год.

Вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адначасова, у 1530-х гадах маскоўскі князь Васіль III Іванавіч стаў засяроджваць войскі на Смаленшчыне і Севершчыне. З Крымскім ханствам і Малдаўскім княствам быў заключаны супрацьлітоўскі саюз. Крымскае войска ўвайшло на Кіеўшчыну і аблажылі Чаркасы. Аднак сьмерць Васіля III Іванавіча ў сьнежні 1533 году і ўсобіцы пры маскоўскім двары зьмянілі палітычную сытуацыю. Спадзяючыся на паслабленьне маскоўскай улады, літоўскія радцы 15 лютага 1534 году на Віленскім сойме вырашылі пачаць ваенны наступ на Маскву[38].

Найбуйнейшыя ваенныя акцыі:

  • Напады ў жніўні і верасьні 1534 году літоўскіх атрадаў князя А. Вішнявецкага, А. Неміровіча і Я. Дашковіча на Смаленшчыну і Севершчыну;
  • Рэйд узімку 1534—1535 гадоў маскоўскага войска ў цэнтральныя раёны ВКЛ, будаўніцтва маскоўцамі на літоўскай тэрыторыі крэпасьці Іван-горад-на-Себежы і пасьпяховая яе абарона ад літоўскага войска А. Неміровіча ў 1536 годзе;
  • Захоп у ліпені — жніўні 1536 году літвінамі Гомелю, Пачэпа, Радагошча і Старадубу.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сьнежня 1536 году ў Маскве распачаліся перамовы аб заканчэньні вайны, якія скончыліся падпісаньнем 18 лютага 1537 году 5-гадовага перамір’я. За ўмовамі пагадненьня за Масквою застаўся Себеж, а да Вялікага Княства Літоўскага пераходзіў Гомель[38].

Інфлянцкая вайна 1558—1582 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Інфлянцкая вайна

Інфля́нцкая вайна́[39], Ліво́нская вайна́[40] (1558—1582) — вайна паміж Маскоўскай дзяржавай з аднаго боку, і Вялікім Княствам Літоўскім (Рэччу Паспалітай), Швэдзкім і Дацкім каралеўствамі зь іншага за тэрыторыі Інфлянтаў (Лівонія).

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

}

У 1558 годзе маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфэдэрацыю — злучнасьць 5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара было здабыць выхад да Балтыйскага мора. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Масква магла больш актыўна ўдзельнічаць у эўрапейскіх справах. Лівонія была абвешчаная спадчынай маскоўскіх князёў на той падставе, што маўляў, у старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Сваёй спадчынай Масква, у які-ўжо раз, таксама абвясьціла і частку Вялікага Княства Літоўскага — беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Воршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі на ўсходзе Княства[39][41].

Пачатак вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штурм Нарвы маскоўцамі. Барыс Чорыкаў, 1836 год

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеяньняў у Прыбалтыцы захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна пачаў шукаць саюзьнікаў у Эўропе, аднак Швэцыя, Данія і Польшча адмовіліся ваяваць супраць Масквы, толькі Вялікае Княства Літоўскае, разумеючы небясьпеку маскоўскага заваяваньня Лівоніі, вырашыла дапамагчы Ордэну[39][42].

У 1559 годзе Лівонія перайшла пад пратэктарат ВКЛ, у выніку ваенныя дзеяньні аднавіліся, і зноў пасьпяхова для Івана IV. У ліпені 1561 году войска ВКЛ на чале зь Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разьбіта каля гораду Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістар Готхгард Кетлер перадаў у сакавіку 1562 году Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер таксама перадаў эстонскія землі Швэцыі, востраў Эзэль Даніі, Лівонію — ВКЛ, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага сьвецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намесьнікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава — Лівонскі ордэн[39][43].

Беларускі тэатар ваенных дзеяньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адказ на гэта атрады Івана IV у пачатку 1562 году спустошылі ваколіцы Амсьціслава, Шклова, Воршы, Віцебску, Дуброўна, Копылю. Для генэральнага наступу на Полацак пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тысячаў чалавек. 31 студзеня 1563 году гэтае войска асадзіла Полацак, а праз два тыдні (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаваньні маскоўскага цара былі празьмерныя — Полацак і Лівонія мусілі далучыцца да Масквы. У 1564 годзе ваенныя дзеяньні зноў актывізаваліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разьбіць дзьве маскоўскія арміі — каля ракі Улы 25 студзеня і пад Воршай 2 лютага 1564 году. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтар дзяржавы былі сарваныя[39].

Між тым, царскія войскі добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі — у 1566—1569 гадах каля Полацку былі збудаваныя крэпасьці Крэпасьць Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казяны, Усьвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзьнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш імаверным саюзьнікам была Польшча, па выніках доўгатрывалых перамоваў у 1569 годзе была складзена Люблінскую унію, на вельмі неспрыяльных для Княства ўмовах. У 1570 годзе новая дзяржава — Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму таксама патрабавалася часова замірыцца зь Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеяньні супраць Швэцыі. Хутка памёр апошні прадстаўнік дынастыі Ягелонаў бязьдзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеяньні аднавіліся толькі празь некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак[39].

Узнаўленьне вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы ажыцьцявіў у 1577—1579 энэргічную падрыхтоўку да ўзнаўленьня вайны за Полаччыну. 41-тысячнае войска выйшла зь Дзісны на Полацак у ліпені 1579 і абклала горад 11 жніўня 1579. 30 жніўня горад здаўся[39].

На працягу ліпеня—жніўня быў заняты шэраг меншых маскоўскіх замкаў, 4 верасьня ўзятая Туроўля, 11 верасьня штурмам узятая і разбураная крэпасьць Сокал, 16 кастрычніка бяз бою занятая крэпасьць Суша. У сьнежні 1579 была ўзятая Няшчэрда. Да канца 1580 у час паходу войска Рэчы Паспалітай на Маскву былі вернутыя і тыя землі Полаччыны, якія пасьля 1579 заставаліся пад уладай Масквы (Себеж, Завалачча, замкі Азярышча, Усьвяты). Былі занятыя Вялікія Лукі, атакаваныя Холм і Старая Руса. Швэдзкае войска заняло Карэлу (1580), Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е (усё — 1581), абклалі Арэшак (1581). У 1581 Баторы з раёну Дзісны рушыў да Вострава (узяты 21 жніўня 1581) і Пскова. Атрад Радзівіла Рудога 5 жніўня 1581 выйшаў зь Віцебску на Веліж, Таропец, Старую Русу і злучыўся пад Псковам з галоўнай арміяй. 26 жніўня 1581 войска РП пачало 5-месячную няўдалую аблогу Пскова[39].

Канец вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Незадаволенасьць вайной у Рэчы Паспалітай і няўдача аблогі Пскова вымусілі Баторыя пачаць перамовы, і 15 студзеня 1582 быў заключаны Ям-Запольскі 10-гадовы мір. Лівонія, Веліж і Полацак вярнуліся ў ВКЛ. Паводле Плюскага міру (1583) за Швэцыяй засталіся Паўночная Эстонія, Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад[39].

Тэрытарыяльныя зьмяненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрытарыяльныя страты Вялікага Княства Літоўскага з 1430 па 1583 гады[44]
Год Плошча (прыблізна) Тлумачэньне
1429 930 тыс. км² Найбуйнейшая плошча Княства
1430 Страчана 21 тыс. км² Страта заходняй Падоліі на карысьць Польшчы ў выніку Грамадзянскай вайны 1431—1435 гадоў
1485 Страчана 88 тыс. км² Страта часткі паўднёвай Украіны на карысьць Крымскага хантсва
1494 Страчана 87 тыс. км² Пасьля вайны 1492—1494 гадоў
1503 Страчана 210 тыс. км² Пасьля вайны 1500—1503 гадоў
1522 Страчана 56 тыс. км² Пасьля Дзесяцігадовай вайны
1537 Здабыта 20 тыс. км² Пасьля Старадубскай вайны
1561 Здабыта 85 тыс. км² Прыяднаныя да ВКЛ землі Лівоніі па ўмовах Віленскай уніі 1561 году
1569 Страчана 170 тыс. км² Украінскія тэрыторыі, страчаныя ВКЛ па ўмовах Люблінскай уніі на карысьць Польшчы
1582 Страчана 40 тыс.км² Пасьля Інфлянцкай вайны
1583 365 тыс. км² Тэрыторыя ВКЛ пасьля Інфлянцкай вайны

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя // С. 8.
  2. ^ А. П. Грыцкевіч. Вялікае Княства Літоўскае: Гістарычны нарыс // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 389.
  3. ^ а б Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997. С. 66
  4. ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 60(рас.)
  5. ^ Разин Е. А. История военного искусства.(рас.)
  6. ^ а б Соловьев. С. М. История России с древнейших времен, т.3 гл.7
  7. ^ Хроніка Быхаўца (на беларускай мове).
  8. ^ Хроніка Быхаўца, паводле публікацыі Тэадора Нарбута.
  9. ^ Віктар Цемушаў, Мапа Літоўска-маскоўскай вайны 1406—1408 гадоў.
  10. ^ Соловьев. С. М. История России с древнейших времен, т.4, c.502
  11. ^ Валерый Пазднякоў Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскай 1406-08 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 368.
  12. ^ ВНЕШНЯЯ ПОЛИТИКА ВЕЛИКОГО КНЯЖЕСТВА ЛИТОВСКОГО В 1377—1430 ГГ.
  13. ^ Зимин А. А. Россия на рубеже XV—XVI столетий. — М.: Мысль, 1982. С. 93.
  14. ^ Цемушаў В. М. «Вайна падчас міру». Першая памежная вайна ВКЛ з Вялікім княствам Маскоўскім (1486—1494 гг.) // Беларускі гістарычны агляд. — Сьнежань 2008. — Т. 15. Сшытак 1—2 (18—19). С. 33—36.
  15. ^ Зимин А. А. Россия на рубеже XV—XVI столетий. — М.: Мысль, 1982. С. 96.
  16. ^ Цемушаў В. М. «Вайна падчас міру». Першая памежная вайна ВКЛ з Вялікім княствам Маскоўскім (1486—1494 гг.) // Беларускі гістарычны агляд. — Сьнежань 2008. — Т. 15. Сшытак 1—2 (18—19). С. 33—44.
  17. ^ Зимин А. А. Россия на рубеже XV—XVI столетий. — М.: Мысль, 1982. С. 97.
  18. ^ а б Генадзь Сагановіч. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1492-94 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 370.
  19. ^ Базилевич К. В. Внешняя политика русского централизованного государства (вторая половина XV века). С. 299—300. С. 370.
  20. ^ Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997. С. 83
  21. ^ Базилевич К. В. Внешняя политика русского централизованного государства (вторая половина XV века). С. 318—325.
  22. ^ Зимин А. А. Россия на рубеже XV—XVI столетий. С. 102.
  23. ^ Базилевич К. В. Внешняя политика русского централизованного государства (вторая половина XV века). С. 326—329.
  24. ^ а б в г Генадзь Сагановіч. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500-03 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 370—371.
  25. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой: Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV-первой трети XVI в. — 2-е изд., доп. — М.: Квадрига, 2010. С. 107—111.
  26. ^ http://www.litmir.net/br/?b=123509 Карамзин Н. М. т.6 гл.6
  27. ^ а б в Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 160—165
  28. ^ Советская историческая энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия. Под ред. Е. М. Жукова. 1973—1982.
  29. ^ Генадзь Сагановіч. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1507-08 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 371.
  30. ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 168—176
  31. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV — первой трети XVI в. — 2-е изд., исправ. и доп. — М.: Квадрига; Объединенная редакция МВД России, 2010. — 320 с — С. 146
  32. ^ Зимин А. А. Новое о восстании Михаила Глинского в 1508 году // Советские архивы. — № 5. — 1970. — С. 71.
  33. ^ Шэйфер В. Мяцеж ці паўстаньне? Выступ Міхала Глінскага падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ у 1507—1508 гг. // Гістарычны Альманах. — 1999. — Т. 2.
  34. ^ а б Шымуковіч С. Ф. Гісторыя Беларусі — Мн.: Вышэйшая школа, 2007. С.71
  35. ^ а б в г д Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 183—202
  36. ^ а б в г д е ё Генадзь Сагановіч. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512-22 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 371—372.
  37. ^ а б Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. С. 249—250.
  38. ^ а б Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 207—212
  39. ^ а б в г д е ё ж з Андрэй Янушкевіч. Інфлянцкая вайна 1558—1582 // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 670—673.
  40. ^ Лівонская вайна 1558—1582 // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 196.
  41. ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 220—223
  42. ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 225—246
  43. ^ Тарас А. Е. Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV—XVII вв. Москва: «АСТ», 2006. С. 225—246</ref name=TAR18>
  44. ^ Norkus, Zenonas.«Kada senoji Lietuvos valstybė tapo imperija ir nustojo ja būti? Atsakymas į lietuvišką klausimą, naudojantis estišku metodu». Lietuvos istorijos studijos 23.—2009. ISSN 1392-0448. P. 60—62.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Для гэтых падзеяў ў Рагоскім летапісцы, пісаным у Цьвяры, выкарыстоўваецца тэрмін Лтоўшчына (Литовщина)
  2. ^ Празваны пазьней Дзьмітрыем Данскім
  3. ^ Маскоўскім князь Васіль I Дзьмітрыевіч пабраўся шлюбам з дачкой Вітаўта, княжной Соф'яй і, у цэлым, вёў у адносінах да Літвы асьцярожную ўзважаную палітыку.
  4. ^ Пасьля падзеньня Смаленскага княства літоўскія рубяжы знаходзіліся ўсяго ў 200-от кілямэтрах ад Масквы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]