Перайсьці да зьместу

Каляніялізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Працэс калянізацыі і дэкалянізацыі ў сьвеце

Каляніялізм (франц. colonіalіsme, ад лац. colonіa — пасяленьне) — палітыка краіны або групы краінаў, скіраваная на заваяваньне іншай дзяржавы, тэрыторыі альбо народу мэтадамі вайсковага, палітычнага або эканамічнага прымусу. Палітычнай асновай каляніялізму стала гвалтоўнае пазбаўленьне насельніцтва калёніяў магчымасьцяў ажыцьцяўляць свае сувэрэнныя правы, узурпаваныя мэтраполіямі[1]. Каляніялізм азначае прынцыповую няроўнасьць дачыненьняў паміж мэтраполіяй і калёніяй (правінцыяй). Гэта выяўляецца ў:

  1. палітычным панаваньні мэтраполіі і, адпаведна, дамінаваньні аднаго этнасу або нацыі;
  2. розным парадку фармаваньня і функцыянаваньня дзяржаўных інстытутаў мэтраполіі і калёніі;
  3. абмежаваньні насельніцтва калёніяў у правох.

Каляніялізм суправаджаецца эканамічнай эксплюатацыяй, зьнішчэньнем карэннага насельніцтва, нівэляваньнем этнакультурных і рэлігійных асаблівасьцёў, навязваньнем афіцыйнай культуры мэтраполіі, фармаваньнем ідэалёгіі, якая апраўдвае панаваньне (расізм, мэсіянства і г. д.), што пашырае імпэрскія міты і стэрэатыпы.

Панаваньне мэтраполіі можа ўсталёўвацца сілай (каляніяльныя войны) альбо шляхам складаньня адпаведнай дамовы.

Каляніяльна-залежная дзяржава (пратэктарат) можа падтрымліваць некаторыя інстытуты і ўласны праўны парадак у межах абмежаваных паўнамоцтваў, галоўным чынам ва ўнутранай палітыцы; улада ў калёніі можа ажыцьцяўляцца каляніяльнай адміністрацыяй з удзелам прадстаўнікоў мясцовай эліты.

Больш за ўсё каляніяльная эпоха атаесамляецца з эўрапейскім каляніяльным пэрыядам, які доўжыўся з XVI да сярэдзіны XX стагодзьдзя, калі некалькі эўрапейскіх дзяржаваў, як то Партугалія, Гішпанія, Вялікабрытанія, Нідэрлянды, Расея, Францыя, Турэччына і іншыя, усталявалі свае калёніі ў Азіі, Афрыцы, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі. Гісторык Філіп Гофман падлічыў, што да 1800 году, то бок да індустрыяльнай рэвалюцыі, эўрапейцы ўжо кантралявалі ня менш за 35% зямнога шару, а да 1914 году яны атрымалі кантроль над 84% зямнога шару[2]. Спачатку эўрапейскія краіны праводзілі палітыку мэркантылізму у дачыненьні да сваіх калёніяў з мэтай умацаваньня ўнутранай эканомікі, таму пагадненьні звычайна абмяжоўвалі калёніі ў гандлі, дазваляючы гандляваць толькі з мэтраполіяй. Аднак да сярэдзіны XIX стагодзьдзя Брытанская імпэрыя адмовілася ад мэркантылізму і гандлёвых абмежаваньняў і прыняла прынцып свабоднага гандлю зь невялікімі абмежаваньнямі і тарыфамі[3].

Для зьяўленьня каляніялізму ў свой час існавалі розныя ўмовы, як то атрыманьне прыбытку, пашырэньне магутнасьці мэтраполіі, ратунак ад перасьледу ў мэтраполіі, схіленьне насельніцтва калёніяў ва ўласную рэлігію. Хрысьціянскія місіянэры дзейнічалі практычна ва ўсіх кантраляваных эўрапейскімі краінамі калёніямі.

Некаторыя каляністы лічылі, што яны надаюць мясцоваму насельніцтву калёніяў дапамогу ў выглядзе хрысьціянскай веры і цывілізацыі, аднак часьцяком працэс калянізацыі ператвараўся ў пакарэньне народаў, іхнае перасяленьне ў рэзэрвацыі ці генацыд[4].

Расейская імпэрыя, у адрозьненьне ад іншых каляніяльных імпэрыяў свайго часу, была не заморскай, а кантынэнтальнай. Геаграфічна калёніі знаходзіліся побач з мэтраполіяй, а часам мелі этнічную блізкасьць зь ёй. Гэта дазваляла ня толькі прыхоўваць каляніяльны прыгнёт, але і накідваць паняволеным народам чужую гісторыю, культуру і мову[5].

  1. ^ Капелюшний В. П. Колоніалізм // Енциклопедія сучасної України : у 30 т. / ред. кол. І. М. Дзюба [та ін.] ; НАН України, НТШ. — К. : Інститут енциклопедичних досліджень НАН України, 2001­-2020. — 10 000 прим. — ISBN 944-02-3354-X.
  2. ^ Philip T. Hoffman (2015). «Why Did Europe Conquer the World?». Princeton University Press. — P. 2—3. — ISBN 978-1-4008-6584-0.
  3. ^ Laura LaHaye. «Mercantilism». The Library of Economics and Liberty.
  4. ^ Дайнэш Д’Суза, «Злачынствы Крыстафора Калюмба». Фрагмэнты.
  5. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 320.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]