Крэўскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 54°18′36″ пн. ш. 26°17′02″ у. д. / 54.310° пн. ш. 26.284° у. д. / 54.310; 26.284

Крэўскі замак у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Княская вежа.

Крэўскі замакзамак над рэчкамі Крэўлянка і Шляхцянка, на дне плоскай даліны, збудаваны (пасьля 1338 г.) па загаду вялікага князя літоўскага Альгерда на месцы старога драўлянага замка.

Рэшткі княскай вежы, 2008.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Крэве меў рэзыдэнцыю Ягайла (лістапад 1381), пазбаўлены трону праз свайго дзядзьку Кейстута. 12 чэрвеня 1382 году прыхільнікі Ягайлы зладзілі пераварот у Вільні, занялі Трокі. Кейстут з сынам Вітаўтам з войскам прыехаў пад замак на перамовы і быў узяты ў палон.

Ацалелая сьцяна замка

У падзямельлі Княжацкай вежы 15 жніўня 1382 па загаду Ягайлы быў задушаны Кейстут. Вітаўта Ягайла трымаў некаторы час у затачэньні.

Крэва, аднак, перадусім вядома як месца заключэньня 14 жніўня 1385 году ўніі, якая злучыла прыкладна на 500 гадоў Літву і Польшчу. Вялікі князь Ягайла атрымаў руку каралевы польскай Ядвігі і як яе муж павінен быў стаць каралём польскім. Узамен абавязваўся поўнасьцю хрысьціянізаваць Літву і адмовіцца ад Памор’я і Сылезіі.

У 1391 г. Крэва стала сядзібаю старосты. У 1433 г. замак заняў мяцежны князь Сьвідрыгайла. Шматразова атакаваны ў 1503—1506 гг. замак быў часткова пашкоджаны крымскімі татарамі.

У 1519 г. састарэлы замак захапілі і зьнішчылі маскоўскія войскі. Польскі кароль Жыгімонт Аўгуст падараваў замак у 1564 г. князю Андрэю Курбскаму, які зьбег з Масквы ў Польшчу.

Замак быў канчаткова зьнішчаны падчас Першай сусьветнай вайны (1914—1917), бо знаходзіўся на лініі фронту паміж нямецкімі і расейскімі войскамі. Польскія ўлады закансэрававалі руіны ў 1929 г.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выгляд зь Юр’еўскай гары на замак, 2008

Замак трапэцавіднай формы. Абарончыя муры замка мелі таўшчыню каля 2,5 м і вышыню да 12 м. Сьцены зроблены з каменю (ніжняя частка) і цэглы (верхняя частка). Па саміх сьценах ішла драўляная галерэя. На сёньняшні момант на адной са сьценаў замка ўсталявана кансэрвацыйнае драўлянае пакрыцьцё, якое дазваляе ацаніць выгляд ранейшай галерэі. Падчас усталяваньня ўказанай канструкцыі былі знойдзены рэшткі былых галерэяў, якія датуюцца 14 ст. Археалягічныя раскопы на замку выявілі рэшткі кахлі і нэрвюрнай цэглы 14 ст. Замак быў часткова разабраны ў канцы 18 і 19 стагодзьдзяў. На яго дзядзінцы пазьней былі пабудаваны розныя будынкі, м. інш. ратуша. Часткова захаваліся дзьве чатырохкутныя вежы. Вышэйшая вежа завецца вежаю Кейстута, цяпер напалову засыпаная зямлёю з прычыны прыпыненьня археалягічных раскопаў 80-гг. ХХ ст. У меншай вежы знаходзяцца рэшткі дота часоў Першай сусьветнай вайны.

Панарама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама рэшткаў Крэўскага замка
Панарама рэшткаў Крэўскага замка

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000602

Commons-logo.svg Крэўскі замаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў