Расейская праваслаўная царква

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Расейская праваслаўная царква
рас. Русская православная церковь
Катэдральны сабор РПЦ
Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве
Абрэвіятура РПЦ
МП
Папярэднік Маскоўская мітраполія
Дата ўтварэньня дэ-факта — 1448 год
дэ-юрэ — 1589 год
Юрыдычны статус рэлігійнае аб’яднаньне
Мэта пашырэньне праваслаўнай хрысьціянскай веры
Штаб-кватэра Данілаў манастыр, Масква
Дзейнічае ў рэгіёнах Расея, Украіна, Эстонія, Латвія, Летува, Беларусь, Малдова, Азэрбайджан, Казахстан, Узбэкістан, Кыргыстан, Таджыкістан, Туркмэністан
Патрыярх Кірыла (Гундзяеў)
Кіроўны орган Сынод
Сайт patriarchia.ru

Расейская праваслаўная царква (РПЦ; рас. Русская Православная Церковь, да 1943 году — рас. Российская Православная Церковь), іншая афіцыйная назва — Маско́ўскі Патрыярха́т (МП; рас. Московский патриархат) — рэлігійнае аб’яднаньне Расейскай Фэдэрацыі, аўтакефальная хрысьціянская праваслаўная царква, якая займае 5-е месца ў дыптыху праваслаўных цэркваў, найбольшая з існых праваслаўных цэркваў.

Налічвае 128 япархіяў у Расеі, Украіне, Эстоніі, Латвіі, Летуве, Беларусі, Малдове, Азэрбайджане, Казахстане, Узбэкістане, Кыргыстане, Таджыкістане і Туркмэністане (гэтыя краіны абвяшчаюцца «кананічнымі тэрыторыямі»), а таксама ў дыяспары — Аўстрыі, Аргентыне, Бэльгіі, Францыі, Нідэрляндах, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Вугоршчыне, ЗША і Канадзе[1]. Прыходы, прадстаўніцтвы і іншыя падразьдзяленьні РПЦ існуюць у Фінляндыі, Швэцыі, Нарвэгіі, Даніі, Гішпаніі, Італіі, Швайцарыі, Грэцыі, на Кіпры, у Ізраілі, Лібане, Сырыі, Іране, Тайляндзе, Аўстраліі, Эгіпце, Тунісе, Марока, ПАР, Бразыліі і Мэксыцы[1]. У склад РПЦ намінальна ўваходзяць Японская аўтаномная праваслаўная царква, якая кіруецца самастойным мітрапалітам усяе Японіі, што абіраецца на Саборы гэтае Царквы, і Кітайская аўтаномная праваслаўная царква, якая ў цяперашні час ня мае ўласнай герархіі[1].

Утварылася ў 1448 годзе як кананічна ізаляваная[2] Маскоўская праваслаўная царква (царква Маскоўскай дзяржавы) у выніку самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. Фактычнае вызнаньне здабыла толькі ў 1589 годзе, але ў адрозьненьне ад іншых аўтакефальных цэркваў ніколі не атрымлівала томасу аб аўтакефаліі[3]. У 1686 годзе з парушэньнем царкоўных канонаў захапіла Кіеўскую мітраполію Канстантынопальскага патрыярхату. У 1721—1917 гадох фактычна ўзначальвалася обэр-пракурорамі «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду», сьвецкімі чыноўнікамі Расейскай імпэрыі. У наш час абвяшчае сябе адзінай кананічнай праваслаўнай царквой на тэрыторыі былога СССР з выняткам Грузіі і Армэніі[4], аднак на частку гэтай тэрыторыі прэтэндуюць іншыя аўтакефальныя праваслаўныя цэрквы — Малдаўская і Эстонская, а таксама аўтакефальныя праваслаўныя цэрквы Беларусі і Ўкраіны. Усяленскі (Канстантынопальскі) патрыярхат вызнае Расейскую праваслаўную царкву толькі ў межах 1589 году, калі заходняя граніца Маскоўскай дзяржавы прыкладна адпавядала сучаснай заходняй граніцы Расейскай Фэдэрацыі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейская праваслаўная царква выводзіць сваю гісторыю з 988 году — часу Хросту Кіеўскага княства і ўтварэньня Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Аднак існаваньне Маскоўскай мітраполіі (папярэдніцы Маскоўскага патрыярхату) пачалося толькі па захопе Залатой Ардой Кіева ў 1240 годзе, калі загінуў мітрапаліт кіеўскі Ёсіф, а ў 1299 годзе мітрапаліт Максім перанёс сваю рэзыдэнцыю ўва Ўладзімер на Клязьме — бліжэй да ардынскай сталіцы Сараю. У 1352 годзе катэдру перанесьлі ў Маскву, пры гэтым тамтэйшыя мітрапаліты працягвалі тытулявацца «кіеўскімі». Тым часам самавольны перанос біскупскай катэдры не адпавядае царкоўным канонам, бо забараняецца правілам 82 Картагенскага сабору, таму такое тытуляваньне было некананічным[6]. Фактычная ліквідацыя Кіеўскай мітраполіі (бо мітрапаліт больш не знаходзіўся ў Кіеве) прычынілася да ўтварэньня асобных Маскоўскай і Наваградзкай (Літоўскай) мітраполіяў Канстантынопальскага патрыярхату.

Расейскі крыж на вайсковым сьцягу Маскоўскай дзяржавы, 1696—1699 гг.

У 1448 годзе ўтварылася незалежная Маскоўская праваслаўная царква (упершыню значыцца пад назвай рас. «Церковь Московская» у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году[7]), што стала вынікам самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. За гэта праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму. Кананічная ізаляцыя Маскоўскай царквы працягвалася 141 год і прычынілася да зьяўленьня ў яе богаслужбовай практыцы пэўных разыходжаньняў зь іншымі праваслаўнымі цэрквамі[2]. У канцы XV ст. МПЦ пачала шырока выкарыстоўваць 8-канцовы крыж з касой папярочкай. На саборы 1551 году маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран пастанавіў уніфікаваць формы крыжоў, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад «літоўскага, Полацкага крыжа»[8]. У зборніку пастановаў сабору (глава 41, пытаньне 8) значыцца: рас. водружен бысть и поставлен святый крест (заўв. — укосны 8-канцовы крыж) благочестивым царем Иваном на саборной церкви пречистыя Богородицы... и таковые святые кресты на церквях и впредь до поставляются же. Апроч таго, з гэтага часу ўкосны 8-канцовы крыж разьмяшчаўся на дзяржаўным гербе, а таксама на вайсковых сьцягах Маскоўскай дзяржавы[9]. Паводле ўкраінскага дасьледніка Вадзіма Шчарбакоўскага, Масква ўвяла гэты крыж наўмысна, з палітычнымі мэтамі[10].

У 1588 годзе фактычны маскоўскі гаспадар Барыс Гадуноў запрасіў патрыярха канстантынопальскага Ерамію ў Маскву на перамовы пра магчымы пераезд з захопленага туркамі-асманамі Канстантынопалю. Аднак у самой Маскве Гадуноў на паўгода зьняволіў[11] патрыярха і такім чынам прымусіў яго ў 1589 годзе ня толькі вызнаць аўтакефалію Маскоўскай царквы, але і абвясьціць яе патрыярхатам. У 1606 годзе маскоўскі гаспадар Васілі Шуйскі пазбавіў патрыяршага пасаду другога патрыярха маскоўскага Ігнація за тое, што ён сустракаў і узьвёў на гаспадарскі пасад Дзьмітрыя Самазванца. Нягледзячы на цалкам беспадстаўнае з пункту гледжаньня царкоўных канонаў пазбаўленьне пасаду, патрыряха Ігнація выкрасьлілі з сучаснага афіцыйнага пераліку патрыярхаў маскоўскіх[12].

Важным этапам у гісторыі Маскоўскага патрыярхату былі рэформы патрыярха Нікана (1653—1660), які прыбраў пэўную розьніцу ў богаслужбовых кнігах, богаслужбовай практыцы і абрадах, якія ўзьніклі ў пэрыяд кананічнай ізаляцыі як расейскія нацыянальныя адметнасьці[13]. Важную ролю ў правядзеньні гэтых рэформаў адыгралі ўкраінскія і беларускія праваслаўныя багасловы і кніжнікі, якія дзейнічалі ў Маскоўскай дзяржаве[2]. Аднак ня ўсе прынялі Ніканаўскія рэформы, частка вернікаў на чале з пратапопам Авакумам ня вызнала іх і пайшла ў раскол, што прывяло да ўтварэньня стараабрадніцтва як асобнай канфэсіі.

Сярод іншага патрыярх Нікан пастанавіў замест укоснага 8-канцовага ўжываць 4-канцовы крыж[14]. Замену 8-канцовага крыжа 4-канцовым тлумачаць у тым ліку пашыранай у Маскоўскай дзяржаве прыктыкай зьняважлівага стаўленьня да апошняга[15]. Неўзабаве аднак расейскія праваслаўныя зноў пачалі ўжываць 8-канцовы крыж. Так, паводле сьведчаньня мітрапаліта разанскага і мурамскага Стэфана, укосны 8-канцовы крыж насіў маскоўскі гаспадар Пётар I (1672—1725)[16].

Па вайне з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у выніку якой Маскоўская дзяржава захапіла Кіеў, у 1685 годзе маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч даслаў ліст патрыярху канстантынопальскаму Якаву з просьбай перадаць Кіеўскую мітраполію Маскве, на што атрымаў адмову. Тады ён самавольна з парушэньнем царкоўных канонаў (у тым ліку 8-га правіла III Усясьветнага Сабору і 2-га правіла II Усясьветнага Сабору[2]) ажыцьцявіў гвалтоўны перавод праваслаўных прыходаў, што знаходзіліся на заваяванай тэрыторыі Рэчы Паспалітай, пад уладу Маскоўскага патрыярхату. Па сьмерці патрыярха Якава ў 1686 годзе Аляксей Міхайлавіч зьвярнуўся да ўладаў Асманскай імпэрыі, на тэрыторыі якой на той час была рэзыдэнцыя патрыярха канстантынопальскага, і прапанаваў ім мір. Адзінай умовай была згода з боку новага патрыярха Дыянісія на перавод Кіеўскай мітраполіі ў юрысдыкцыю Масквы[17]. Неўзабаве той мусіў падпадаркавацца асманскім уладам і выдаў адпаведную грамату, за што атрымаў матэрыяльную ўзнагароду[18]. Аднак ужо ў 1687 годзе Канстантынопальскі сабор асудзіў патрыярха Дыянісія за адмову ад Кіеўскай мітраполіі на карысьць Масквы і пазбавіў яго патрыяршага пасаду за сыманію (хабарніцтва). Хоць выдадзеная на загад сьвецкіх уладаў грамата Дыянісія ня можа лічыцца кананічным дакумэнтам[19], з гэтага часу Кіеўская мітраполія апынулася дэ-факта ў складзе Маскоўскага патрыярхату.

У выніку рэформаў, праведзеных Пятром I, адбылася ліквідацыя інстытуту Патрыярхату. З 1721 году Маскоўская (Грэцка-Расейская) царква кіравалася «Сьвяцейшым урадавым сынодам» — адным зь міністэрстваў Расейскай імпэрыі, якое цалкам падначальвалася маскоўскаму гаспадару (расейскаму імпэратару). «Сьвяцейшы ўрадавы сынод» фактычна ўзначальвалі прызначаныя імпэратарам сьвецкія обэр-пракуроры. У XIX ст. расейскія ўлады даручылі «Найсьвяцейшаму ўрадаваму сыноду» галоўную ролю ў маскалізацыі анэксаваных земляў Рэчы Паспалітай. Ператварэньне Маскоўскага патрыярхату ў частку дзяржаўнага апарату Расейскай імпэрыі прывяло да пашырэньня ерасяў, фармаваньня разнастайных рэлігійных сэктаў, страты даверу да царквы з боку часткі вернікаў[2].

Патрыярхат аднавіўся толькі па распадзе Расейскай імпэрыі ў 1917 годзе. Неўзабаве ў 1918 годзе яго афіцыйна аддзялілі ад дзяржавы. Па сьмерці патрыярха Ціхана ў 1925 годзе савецкія ўлады не дазволілі правесьці сабор дзеля абраньня новага кіраўніка царквы. У 1930-я гады супрацоўнікі НКВД расстралялі або выслалі ў лягеры значную частку сьвятароў і прыхаджанаў. Царква апынулася ў цяжкім стане. Аднак па нападзе Трэцяга Райху на СССР палітыка савецкіх ўладаў зьмянілася. У 1943 годзе пры спрыяньні Сталіна ў Маскве прайшоў Сабор япіскапаў, на якім адбылася зьмена другой афіцыйнай назвы Маскоўскага патрыярхату — з Расейскай праваслаўнай царквы (рас. Российская православная церковь) на «Рускую праваслаўную царкву» (рас. Русская православная церковь)[2]. Тытул прадстаяцеля царквы зьмянілі з Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Расеі (рас. Патриарх Московский и всея России) на «Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі» (рас. Патриарх Московский и всея Руси). Пытаньне аб назьве патрыярхату ўзьняў Сталін, аднак паводле афіцыйнай вэрсіі[20], сам тытул прапанаваў будучы новы патрыярх Сергій (Старагародзкі), Сталін нібы толькі пагадзіўся з прапановай і дадаў, што «гэта слушна». У 1945 годзе адбыўся Памесны Сабор, на якім зацьвердзілі новую назву, а таксама абралі новага патрыярха. У сьнежні 2017 году СБУ зьняла грыф «цалкам сакрэтна» з дакумэнтаў КДБ аб стварэньні Маскоўскай патрыярхіі. З рассакрэчаных дакумэнтаў вынікае, што НКВД і яго падразьдзелы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, краях і абласьцях займаліся падборам кандыдатаў дзеля ўдзелу ў Саборы: «важна, каб у ліку вызначаных кандыдатаў пераважалі агенты НКВД, здольныя правесці на Саборы патрэбную нам лінію»[a]. З гэтай мэтай трэба было абраць «асоб, якія маюць рэлігійны аўтарытэт сярод духавенства і вернікаў і ў той жа час правераных на агентурнай або патрыятычнай працы»[21].

Ад 27 студзеня 2009 году прадстаяцель Расейскай праваслаўнай царквы — 16-ы патрыярх Кірыл (Гундзяеў).

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На канец 2006 году, і да ўзьяднаньня з РПЦЗ, Маскоўскі патрыярхат меў 136 япархіяў; 1 экзархат (Беларускі); 171 архіерэяў, зь іх 131 епархіяльных, 40 вікарных, без уліку 13, якія былі на адпачынку. Дзейнічаюць 713 манастыроў, у тым ліку ў Расеі: 208 мужчынскіх і 235 жаночых; ва Ўкраіне: 89 мужчынскіх і 84 жаночыя; у іншых краінах у межах былога СССР: 38 мужчынскіх і 54 жаночыя; у рэшце замежных краінаў: 2 мужчынскія і 3 жаночыя. Стаўрапігіяльных манастыроў 25. Агульная колькасьць прыходаў — 27 393 (колькасьць хутка расьце). Агульная колькасьць духавенства — 29 450.

Духоўных навучальных установаў 75, зь іх 5 духоўных акадэміяў, 34 духоўныя сэмінарыі, 36 духоўных вучэльняў. Таксама дзейнічаюць 2 праваслаўныя ўнівэрсытэты і 1 багаслоўскі інстытут.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кананічны статус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1924 годзе Ўсяленскі патрыярх Рыгор VII, надаўшы аўтакефалію Польскай праваслаўнай царкве, у склад якой увайшла значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь зь Віленшчынай, у сваім томасе заявіў, што[22]

« аддзяленьне ад Нашага Пасаду Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе праваслаўных мітраполіяў Літвы і Польшчы, а роўна далучэньне іх да Маскоўскага патрыярхату наступіла не паводле кананічных правілаў, а таксама не было выканана ўсё тое, што было ўстаноўлена адносна поўнай царкоўнай аўтаноміі кіеўскага мітрапаліта, які насіў тытул экзарха Ўсяленскага Пасаду. »

У 1990-я гады ў лісьце патрыярху маскоўскаму Аляксію (Рыдыгеру) Усяленскі патрыярх Дзімітры заявіў, што Канстантынопаль вызнае Маскоўскі патрыярхат у межах 1589 году, гэта значыць без тэрыторыі Беларусі, Украіны, Балтыі і Смаленшчыны, якія на той час уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Наступны патрыярх Барталамей дадаў, што[23]

« РПЦ бесьперапынна ўрывалася ў краіны, якія знаходзяцца пад духоўнай юрысдыкцыяй Канстантынопаля, менавіта ў Эстонію, Вугоршчыну і іншы краіны, робячы гэта заўсёды з дапамогай узброенай сілы савецкай арміі. »

У кастрычніку 2018 году Сынод Канстантынопальскай царквы спыніў дзеяньне граматы 1686 году аб падпарадкаваньні Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату[24].

Ерась этнафілетызму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Ўсеправаслаўным саборы, які адбыўся на востраве Крыце 21 чэрвеня 2016 году, Маскоўскі патрыярхат зьвінавацілі ў ерасі этнафілетызму. Зьвінавачваньне абвясьціў архіяпіскап кіпрскі Хрызастом II[25].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ліст, скіраваны ў верасьні 1944 году на месцы за подпісам начальніка 2-га ўпраўленьня НКВД СССР Фядотава і кіраўніка пятага аддзелу 2-га ўпраўленьня Карпава

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Как устроена Русская православная церковь (рас.)
  2. ^ а б в г д е Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  3. ^ У Вселенському Патріархаті заявили, що не давали Томосу Російській Церкві(анг.) Праверана 2018-09-20 г.
  4. ^ Статут РПЦ. Глава 1
  5. ^ Liungman C. G. Symbols — Encyclopedia of Western Signs and Ideograms. Ionfox AB. — HME Publishing, 2004. P. 140. ISBN 978-91-972705-0-2.
  6. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 88.
  7. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
  8. ^ Белы А. Крыж Еўфрасінні Полацкай // Наша Слова. № 29 (817) 1 жніўня 2007 г.
  9. ^ Shpakovsky V., Nicolle D. Armies of Ivan the Terrible: Russian Troops 1505-1700. — Osprey Publishing, 2006. — P. 23. — ISBN 978-1-84176-925-7.
  10. ^ Щербаківський В. Чи трираменний хрест із скісним підніжком – національний хрест України? // Визвольний шлях. — 1952, листопад. — Ч. 11 (62). С. 33—34.
  11. ^ Саган О. Вселенське православ'я. Суть. Історія. Сучасні реалії. — Київ. Світ знань. 2004. С. 486.
  12. ^ Сідарэвіч А. Ці адарве Масква Беларусь ад Праваслаўя?, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2018 г.
  13. ^ Нуруллаев А. А. Нуруллаев А. Ал. Религия и политика. — М., 2006. С. 299.
  14. ^ Изотова О., Касперович Г., Гурко А., Бондарчик А. Кто живет в Беларуси. — Минск: «Беларуская навука», 2012. С. 740
  15. ^ Русский крест: символика православного надглавного креста. — Москва, 2006. С. 147.
  16. ^ Гнідець Р. Св. Хрест, його форма та різновиди в Україні // Греко-Католицька Традиція №9 (193), вересень 2013 р.
  17. ^ Патріархат-рейдер [1] // Український тиждень, № 6 (171), 11.02.2011
  18. ^ Мицик Ю., Солодкий П. Історія і сучасність українського православ'я, Українська Правда, 25.07.2013.
  19. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 209.
  20. ^ Одинцов М.И. Русские патриархи ХХ века. М.: Изд-во РАГС, 1994. С. 290 [2].
  21. ^ Московський патріархат створювали агенти НКВС, — свідчать розсекречені СБУ документи. Еспресо TVПраверана 11 сьнежня 2017 г. г.
  22. ^ Сідарэвіч А. Беларусь, Літва і Ўкраіна – ня вотчыны РПЦ, Царква, 8 верасьня 2011 г.
  23. ^ Канфлікты і рознагалосьсі паміж праваслаўнымі цэрквамі, Радыё Свабода, 31 студзеня 2004 г.
  24. ^ Канстанцінопаль скасаваў указ 1686 года аб падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату // Наша Ніва, 11 кастрычніка 2018 г.
  25. ^ «ΠΡΟΣΦΩΝΗΣΗ ΤΟΥ ΑΡΧΙΕΠΙΣΚΟΠΟΥ ΚΥΠΡΟΥ ΚΥΡΙΟΥ ΚΥΡΙΟΥ ΧΡΥΣΟΣΤΟΜΟΥ ΣΤΗΝ ΑΓΙΑ ΚΑΙ ΜΕΓΑΛΗ ΣΥΝΟΔΟ» Праверана 24 червня 2016 г. Архіўная копія ад 24-06-2016 г. (грэцк.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]