Чырвона-зялёны сьцяг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Чырвона-зялёны сьцяг
Беларусь
Flag of Belarus.svg
Чырвона-зялёны сьцяг
Прапорцыі 1:2
Прыняты 1951 (як сьцяг БССР)
1995 (як сьцяг рэжыму Лукашэнкі)
2012 (новы дызайн)
Дызайн Чырвоная і зялёная палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, чырвоны на белым фоне
Аўтар Мікалай Гусеў (сьцяг БССР)
Леанід Сініцын (мадыфікацыя)

Чырвона-зялёны сьцяг[1] (ЧЗ-сьцяг; рас. Красно-зеленый флаг, КЗ-флаг, флаг Белоруссии) — каляніяльны[1] сьцяг прарасейскага рэжыму Лукашэнкі[2][3], фактычна ўсталяваны ў якасьці афіцыйнага сьцяга Беларусі ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[4]. Гэта палотнішча памерамі 1:2, падзеленае гарызантальна на чырвоную і зялёную палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, чырвоны на белым фоне. Мадыфікацыя сьцяга БССР часоў кіраваньня Сталіна, распрацаванага мастаком Мікалаем Гусевым, ураджэнцам Уладзімерскай губэрні Расеі, які ў 1940 годзе стварыў плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму», а ў 1941—1944 гадох маляваў партрэты афіцэраў Нацысцкай Нямеччыны і яе кіраўніка Гітлера[5]. Разам зь цяперашнім афіцыйным гербам не супадае з нацыянальнымі сымбалямі беларусаў і асацыюецца найперш з асобай Лукашэнкі і той палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэльлю, якую ён увасабляе[6].

Беларусь — адзіная з колішніх рэспублік СССР, дзе афіцыйны дзяржаўны статус вярнулі савецкім сымбалям, нягледзячы на наяўнасьць беларускіх гістарычных нацыянальных бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоні. У 2020 годзе пры здушэньні пратэстаў беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня прыхільнікі чырвона-зялёнага сьцяга адзначыліся дзеяньнямі, якімі дыскрэдытавалі гэтую сымболіку[7].

Дызайн[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг у 1995—2012 гг.

За аснову новага сьцяга з ініцыятывы Лукашэнкі ўзялі сьцяг БССР, зь якога прыбралі серп і молат і чырвоную зорку. Апроч таго, інвэртавалі колеры арнамэнту (замест белага арнамэнту на чырвоным фоне зьявіўся чырвоны арнамэнт на белым фоне).

Прапорцыі афіцыйнага сьцяга

Апісаньне кампазыцыі сьцяга ўпершыню зьявілася ва ўказе Лукашэнкі № 214 ад 7 чэрвеня 1995 году. 5 ліпеня 2004 году выйшаў закон №301-3 «Аб дзяржаўных сымбалях Рэспублікі Беларусь», згодна зь якім сьцяг мае наступнае апісаньне (разьдзел II, артыкул 4):

Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прастакутнае палотнішча, якое складаецца зь дзьвюх гарызантальных каляровых палос: верхняй — чырвонага колеру і ніжняй — зялёнага колеру. Стасунак шырыні палос чырвонага і зялёнага колераў — 2:1. Стасунак шырыні Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь да яго даўжыні — 1:2. Каля тронка вэртыкальна разьмяшчаецца беларускі нацыянальны арнамэнт чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь.

У 2008 годзе Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь апублікаваў «СТБ 911-2008. Государственный флаг Республики Беларусь»[8], дзе прыводзіліся тэхнічныя характарыстыкі афіцыйнага сьцяга, у тым ліку падрабязная інфармацыя пра колеры і арнамэнт.

1 траўня 2012 году згодна з пастановай Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь з арнамэнту сьцяга прыбралі белыя бакавыя палоскі. Тым часам пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы на рэфэрэндуме 1995 году мела абавязковы характар і згодна з афіцыйным заканадаўствам усякія зьмены ў прынятыя на рэфэрэндуме абавязковыя пытаньні могуць уносіцца толькі шляхам новага рэфэрэндуму[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Сьцяг Беларускай ССР
Першы сьцяг БССР (ССРБ), 1919 г.
Сьцяг Чуваскай АССР з чуваскім нацыянальным арнамэнтам, 1926 г.

У першай Канстытуцыі БССР (ССРБ), прынятай 3 лютага 1919 году, прысутнічала наступнае апісаньне сьцяга рэспублікі: «Гандлёвы і ваенны сьцяг ССРБ — прастакутнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім куце ля тронка ССРБ або надпісам „Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь“»[10]. Пры гэтым эталённай выявы сьцяга не існавала[10]. Пазьней сьцяг БССР некалькі разоў зьмяняўся, аднак адзінае яго адрозьненьне ад сьцяга СССР (як і сьцягоў іншых саюзных рэспублік) крылася ў надпісе «БССР» у левым верхнім куце. Такім чынам, узорам для афіцыйна прынятай сымболікі БССР стала савецкая сымболіка Расеі[11]. Тым часам савецкія ўлады ў Маскве ў 1928 годзе распачалі актыўнае змаганьне зь бел-чырвона-белым спалучэньнем колераў: у дакладзе АДПУ (пазьнейшага НКВД) у ЦК ВКП(б) ад 27 траўня адзначаўся загад да менскіх уладаў перафарбаваць вулічныя слупы і інтэр'ер Дому працы, раней расфарбаваныя ў беларускія нацыянальныя колеры (рас. белорусские национальные цвета)[12].

Работы Гусева: плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму» (1940 г., налева) і партрэт Гітлера для дэманстрацыі на трыбуне ў Менску (1943 г., направа)
Сьцяг БССР, намаляваны Мікалем Гусевым у 1951 годзе

Неўзабаве па сканчэньні Другой сусьветнай вайны савецкія ўлады ў Маскве[13] распачалі кампанію па зьмяненьні сьцягаў рэспублік Савецкага Саюзу (у тым ліку і БССР) на больш арыгінальныя. Імаверна, яе прычынай было ўтварэньне ААН, дзе апроч СССР, прадстаўніцтва таксама атрымалі БССР і УССР. На фоне шматколернасьці сьцягоў краінаў-удзельнікаў ААН савецкія рэспубліканскія палотнішчы выглядалі непаўнавартаснымі і безаблічнымі[13].

Дзеля адлюстраваньня нацыянальных асаблівасьцяў на палотнішчы новага сымбалю БССР надумалі зьмясьціць малюнак арнамэнту, вышытага ў 1917 году (год кастрычніцкага перавароту) сялянкай Матронай Маркевіч зь вёскі, якая на момант стварэньня сьцяга ўваходзіла ў склад Ульянаўскага (назва ў гонар Леніна) сельсавету[13]. Яшчэ да вайны ўзор узялі на захоўваньне ў архіў Белпрамсавету з прычыны магчымасьці яго выкарыстаньня ў лёгкай прамысловасьці[13]. Вялікую ролю пры абраньні менавіта гэтага арнамэнту адыграла ягоная назва «Ўзыходзячае сонца», якая імпанавала камуністычнай ідэалёгіі[13]. Увогуле, выкарыстаньне нацыянальнага арнамэнту на савецкай сымболіцы не было ўнікальным: раней чуваскі арнамэнт зьмясьцілі на сьцягу Чуваскай АССР (1926 год), а грузінскі, карэльскі і кіргіскі — адпаведна на гербах Грузінскай ССР (1921 год), Карэла-Фінскай ССР (1940 год) і Кіргіскай ССР (1937 год).

Абраньню адпаведнага варыянту беларускага арнамэнту не перашкодзіў той факт, што мужа Матроны Маркевіч арыштавалі ў 1937 годзе за антысавецкую прапаганду і расстралялі, пасьля чаго сям’я прайшла праз «раскулачваньне». Арыгінал вышытага Матронай Маркевіч ручніка не захаваўся, бо быў альбо канфіскаваны савецкімі карнымі органамі ў 1937 годзе, альбо згінуў у час Другой сусьветнай вайны. Брата Матроны Маркевіч Міхаіла Кацара, мастацтвазнаўцу і загадчыка сэктару этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук БССР, у 1951 годзе ўлучылі ў склад камісіі па распрацоўцы новага сьцяга БССР[14][15].

На падставе абранага арнамэнту малюнак новага сьцяга БССР стварыў мастак Мікалай Гусеў[13][16], народжаны ва Ўладзімерскай губэрні расеец, які канчаткова перабраўся ў Беларусь у 1932 годзе. Адной з апошніх яго даваенных работ стаў плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму», тым часам за нямецкай акупацыяй (1941—1944) ён маляваў партрэты афіцэраў Нацысцкай Нямеччыны і яе кіраўніка Гітлера[17].

У выніку, 25 сьнежня 1951 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў новы сьцяг БССР[13]. Форму закону гэтаму ўказу надалі 27 сакавіка 1952 году[18].

Ад БССР да Рэспублікі Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўны сьцяг Беларусі (1918 г., адноўлены ў 1991 г.)

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны. 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць ад СССР. Яшчэ ў 1990 году ўлады Менску (а таксама Радашкавічаў[19]) пачалі выкарыстоўваць нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг побач зь сьцягам БССР (яны разам вывешваліся над будынкам гарсавету).

Дыскусія пра прыняцьце дзяржаўнага сьцяга разгарнулася на 6-й пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 19 верасьня 1991 году пры абмеркаваньні закону «Аб назьве, Дзяржаўным гербе і Дзяржаўным сьцягу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Яшчэ ў час дзённага перапынку народны дэпутат БССР касманаўт Уладзімер Кавалёнак[19] выйшаў на плошчу, дзе на той час звычайна знаходзіліся пікетоўцы, узяў у іх бела-чырвона-белы сьцяг і ў атачэньні сваіх аднадумцаў вярнуўся ў будынак Дома ўраду. У залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету ён паставіў нацыянальны сьцяг побач з савецкім. Пасьля перапынку пачаўся разгляд пытаньня. Ніл Гілевіч прапанаваў вярнуць гістарычную беларускую сымволіку. Большасьць падтрымала яго.

Згодна з артыкулам 97 Канстытуцыі БССР 1978 году (зь зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 1979 і 1989 гадоў) Вярхоўны Савет быў найвышэйшым і бесьперапынна дзейным органам дзяржаўнай улады, які мог прыняць да разгляду ўсякае пытаньне, якое ўваходзіла ў кампэтэнцыю рэспублікі. Пры разглядзе пытаньня аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўнага сьцяга Вярхоўны Савет вытрымаў усе неабходныя юрыдычныя патрабаваньні згодна зь дзейным заканадаўствам таго часу. Таму працэдура зацьверджаньня бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўнага сьцяга адзначаецца высокім узроўнем легітымнасьці[20].

Пастанова Вярхоўнага Савету ад 10 сьнежня 1991 году зацьвердзіла «Палажэньне аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь».

Рэфэрэндум 1995 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэфэрэндум у Беларусі 1995 году
Праект сьцяга, які ад пачатку прапаноўваў Лукашэнка

Увосень 1993 году ва ўладных колах Беларусі назіралася актывізацыя прарасейскіх настрояў, што выявілася ў працы Канстытуцыйнай Камісіі Вярхоўнага Савету: большасьць яе сябраў выказаліся за тое, каб упамінаньне крыніцаў Беларускай дзяржаўнасьці — ня толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Беларускай ССР — прыбраць з тэксту Канстытуцыі Беларусі. Такую пастанову падтрымала большасьць дэпутацкага корпусу[21]. Яшчэ ўлетку 1993 году дэпутат Аляксандар Лукашэнка выступіў за аднаўленьне СССР, а ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ён насіў не дзяржаўны бел-чырвона-белы, а чырвона-зялёны дэпутацкі значак БССР. Разам з тым у афіцыйнай перадвыбарчай праграме Лукашэнкі згадкі пра магчымую зьмену сымболікі адсутнічалі[22].

У лютым 1995 году Лукашэнка заявіў пра намер прыбраць беларускую нацыянальную сымболіку і надаць дзяржаўны статус расейскай мове, чым фактычна засьведчыў афіцыйнае аднаўленьне палітыкі русіфікацыі Беларусі. Такім чынам ён імкнуўся атрымаць падтрымку і грошы Расеі[23]. На думку гісторыка Алега Трусава, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, гэтая ініцыятыва негалосна ішла ад саміх уладаў Расеі[24], якія імкнуліся рэанімаваць імпэрскую ідэю[25]. На карысьць гэтага сьведчыць той факт, што пры разглядзе ў парлямэнце прапанаваных на рэфэрэндум пытаньняў, сярод якіх таксама было пытаньне пра права прэзыдэнта на роспуск парлямэнту, Лукашэнка, вядомы сваёй прагай да абсалютнай улады, некалькі разоў заяўляў, што гатовы фактычна адмовіцца ад пытаньня пра роспуск палямэнту пры ўмове прыняцьця пытаньняў пра мову і сымболіку[26]. Разам з тым пазбаўленьне нацыянальнай гістарычнай сымболікі і беларускай мовы дзяржаўнага статусу разглядалася як мэтанакіраваны ўдар па галоўных палітычных апанэнтах (Апазыцыя БНФ) дзеля ўмацаваньня асабістай ўлады Лукашэнкі[27]. Таксама адной з асноўных мэтаў быў раскол беларускага грамадзтва, каб грамадзкае супрацьстаяньне ў пытаньнях мовы і сымболікі адцягвала ўвагу беларусаў ад эканамічных і палітычных праблем[28].

Выказвалася меркаваньне, што правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[29]. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, падобны плян агучваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын, расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[30], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[31] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[32][33]. Ён жа, паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[34][35][27][36], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Пазьней Сініцын апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[31]:

« Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. »

Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, калі Лукашэнка прапанаваў варыянт сьцяга з трох палосаў: зялёнай, чырвонай (шырокай) і зялёнай[37], пры гэтым дэпутаты атрымалі канчатковыя эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[38]. Такім чынам, афіцыйнае аднаўленьне палітыкі русіфікацыі ў 1995 годзе стала вынікам супадзеньня інтарэсаў уладаў Расеі, якія рэанімавалі імпэрскую ідэю, і Лукашэнкі, які меў спадзяваньні праз далучэньне Беларусі да Расеі замяніць яе нямоглага прэзыдэнта Барыса Ельцына[25].

Праведзены 14 траўня 1995 году рэфэрэндум супярэчыў Канстытуцыі і заканадаўству Беларусі, адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[39]. Яму папярэднічала зьбіцьцё дэпутатаў у будынку парлямэнту, якое выявілася сілавой дэманстрацыяй усталяваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Паводле афіцыйна агучаных зьвестак, за прапанаваныя Лукашэнкам варыянты гербу і сьцяга прагаласавала 75,1% выбарцаў (або 49,7% тых, хто меў права голасу[40]). Аднак выбары ў парлямэнт Беларусі, што праводзіліся адначасна з рэфэрэндумам у адных і тых жа памяшканьнях не адбыліся ў 141 акругах з 260 празь нізкую яўку (прыйшло менш за палову выбарнікаў), пры гэтым паводле афіцыйных зьвестак, ува ўсіх гэтых акругах у рэфэрэндуме прыняла ўдзел больш за палову выбарнікаў[27]. Ужо 16 траўня новыя сьцягі вывесілі над будынкам Вярхоўнага Савету Беларусі і іншымі афіцыйнымі ўстановамі.

Рэжым Лукашэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтазак з афіцыйным сьцягам у час здушэньня пратэстаў беларусаў

7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указ № 214 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь»[41] дзеля фармальнага замацаваньня сьцяга свайго аўтарытарнага рэжыму на заканадаўчым узроўні.

Абвяшчэньне конкурсу на стварэньне разгорнутага апісаньня і тлумачэньня сэнсу і значэньня новых афіцыйных дзяржаўных сымбаляў адбылося толькі 21 сьнежня 1995 году. Гэты конкурс скончыўся ў траўні 1996 году, а канчатковыя вынікі падвялі 25 верасьня таго ж году[6]. Сябар журы конкурсу мовазнаўца Аркадзь Жураўскі падсумаваў вынікі наступным чынам: «Прадстаўленыя на конкурс матэрыялы ў цэлым пакідаюць сумнае ўражаньне. Яны паказваюць, што ад удзелу ў конкурсе ўхіліліся вядучыя беларускія пісьменьнікі, мастакі і публіцысты, і гэта не зьяўляецца выпадковым у сучасным палітыка-ідэалягічным клімаце Беларусі. <...> Прадстаўленыя на конкурс празаічныя апісаньні <...> занадта кароткія, у сярэднім у большасьці яны займаюць толькі адну старонку машынапіснага тэксту. Агульным недахопам іх зьяўляецца поўная адсутнасьць гістарычных дадзеных»[40]. У выніку, журы ня вызначыла атрымальнікаў абяцаных двум пераможцам грашовых прэміяў, як і ня выканала абяцаньне пра выданьне аўтарскага тэксту пераможцы ў выглядзе маляўнічай брашуры[40].

8 лістапада 2020 году ўдзельнікі аўтапрабегу ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі нанесьлі на чырвона-зялёныя сьцягі партрэты Лукашэнкі і надпісы «За бацьку!»[42]. Пры гэтым згодна з артыкулам 8 Закона «Аб дзяржаўных сымбалях Рэспублікі Беларусь» ад 5 лiпеня 2004 году № 301-З «Не дапускаецца разьмяшчэньне на Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь надпісаў і графічных малюнкаў незалежна ад спосабу iх нанясеньня»[43]. Аднак на зварот у Генэральную пракуратуру ў зьвязку з парушэньнем закону прыйшоў адказ з Партызанскай РУУС м. Менску, дзе сьцьвярджалася аб адсутнасьці падставаў для завядзеньня адміністрацыйнай або крымінальнай справы[44].

У 2020—2021 гадох пры здушэньні пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі сталі вывешваць чырвона-зялёныя сьцягі над аўтазакамі і будынкамі турмаў, дзе паводле сьведчаньняў затрыманых, учыняюцца катаваньні. Апроч таго, на фоне чырвона-зялёнага сьцяга праводзяцца допыты затрыманых беларусаў (з пазнакамі фарбай на твары), якіх здымаюць на відэа[45]. Тым часам вывешаныя над жылымі будынкамі сьцягі абносілі калючым дротам з выстаўленьнем адмысловай аховы[46][47]. Паводле гісторыка Аляксандра Пашкевіча, гэта сьведчыць пра стаўленьне да гэтага сьцяга як да сродку пазначэньня тэрыторыі, а ня як да сьвятыні[7].

24 траўня 2021 году мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных справаў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замяніў на адным з пляцаў места чырвона-зялёны сьцяг на нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг з Пагоняй з наступным абгрунтаваньнем: «Сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў мескім асяродзьдзі Рыгі»[48].

11 чэрвеня 2021 году група дэпутатаў парлямэнту Швэцыі зьвярнулася да міністра замежных справаў краіны Ан Ліндэ з прапановай выкарыстоўваць на дзяржаўным узроўні ў якасьці сьцяга Беларусі замест чырвона-зялёнага нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле дэпутатаў, чырвона-зялёны сьцяг, які «шырока выкарыстоўваецца ў якасьці фону ў фільмах, у якіх апазыцыянэры вымушаныя прызнавацца ў меркаваных злачынствах, якіх яны ніколі не рабілі», у цяперашніх умовах «закліканы надаць легітымнасьць дыктатару, які не шкадуе сродкаў для перасьледу журналістаў, актывістаў і іх сваякоў». Апроч таго, ён «зьяўляецца копіяй сьцяга, які выкарыстоўваўся, калі Беларусь была часткай Савецкага Саюзу», і «сьведчыць аб шчыльных сувязях Лукашэнкі з Пуціным»[49].

Падобныя сьцягі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Flag of the Byelorussian Soviet Socialist Republic.svg
Сьцяг Беларускай ССР
(1951—1991)
Flag of Lithuanian SSR.svg
Сьцяг Летувіскай ССР
(1953—1988)
Flag of Moldavian SSR.svg
Сьцяг Малдаўскай ССР
(1952—1990)
Flag of the Karelo-Finnish SSR.svg
Сьцяг Карэла-Фінскай ССР
(1953—1956)
Flag of Tajik SSR.svg
Сьцяг Таджыцкай ССР
(1953—1992)
Flag of Russian SFSR.svg
Сьцяг РСФСР
(1954—1991)
Flag of Ukrainian SSR.svg
Сьцяг Украінскай ССР
(1949—1991)
Flag of Kazakh SSR.svg
Сьцяг Казаскай ССР
(1953—1992)
Flag of the Uzbek SSR.svg
Сьцяг Узбэцкай ССР
(1952—1991)
Flag of Turkmen SSR.svg
Сьцяг Туркмэнскай ССР
(1953—1992)
Flag of Georgian SSR.svg
Сьцяг Грузінскай ССР
(1951—1990)
Flag of Azerbaijan SSR.svg
Сьцяг Азэрбайджанскай ССР
(1952—1991)
Flag of Armenian SSR.svg
Сьцяг Армянскай ССР
(1952—1991)
Flag of the Kyrgyz Soviet Socialist Republic.svg
Сьцяг Кіргіскай ССР
(1952—1992)
Flag of Latvian SSR.svg
Сьцяг Латвійскай ССР
(1953—1990)
Flag of Estonian SSR.svg
Сьцяг Эстонскай ССР
(1953—1990)

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  2. ^ Антыбеларуская дзейнасьць прыхільнікаў Лукашэнкі // Беларус. № 508, травень 2005 г.
  3. ^ Пазьняк З. Дзіўныя справы ў беларускім замежжы, Афіцыйны сайт Зянона Пазьняка, 19 красавіка 2005 г.
  4. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  5. ^ Мартинович Д. Изобразил Гитлера и спасал военнопленного. Кто нарисовал красно-зеленый флаг, TUT.BY, 8.12.2020 г.
  6. ^ а б Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 10.
  7. ^ а б «Будучыня гэтага сцяга ім глыбока да аднаго месца», Наша Ніва, 10 сьнежня 2020 г.
  8. ^ СТБ 911-2008. Государственный флаг Республики Беларусь. Общие технические условия(рас.) Праверана 18 студзеня 2021 г.
  9. ^ Навумчык С. Кактус на гербе, або Паважайце свой «рэфэрэндум», Радыё Свабода, 21 траўня 2020 г.
  10. ^ а б Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 21.
  11. ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 7.
  12. ^ Славатинский А. Доклад ОГПУ в ЦК ВКП(б) о политических настроениях в среде белорусской интеллигенции (27 мая 1928 г.) // ЦК РКП(б)—ВКП(б) и национальный вопрос. Книга 1. 1918—1933 гг. / Составители Л. С. Гатагова, Л. П. Кошелева, Л. А. Роговая. — М.: «Российская политическая энциклопедия» (РОССПЭН), 2005. С. 569.
  13. ^ а б в г д е ё Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 24.
  14. ^ У Сянне адкрылі помнік жанчыне, якая вышыла арнамент з дзяржаўнага сцяга, Budzma.org, 6 ліпеня 2015 г.
  15. ^ Адкрыты спіс — Маркевіч Аляксей Захаравіч (1885)
  16. ^ Гурневіч З. Ловім прапагандыстаў на фэйках. «Калі б закон у краіне працаваў, то першымі пацярпелі б самі прапагандысты», Салідарнасьць, 22 сакавіка 2021 г.
  17. ^ Мартинович Д. Изобразил Гитлера и спасал военнопленного. Кто нарисовал красно-зеленый флаг, TUT.BY, 8.12.2020 г.
  18. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 25.
  19. ^ а б Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 26.
  20. ^ Кур’яновіч А. Як бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным: верасень, 1991, Электронная газэта ARCHE, 26 жніўня 2020 г.
  21. ^ Навумчык С. У праекце Канстытуцыі 1994 прыгадваліся ВКЛ і БНР, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2020 г.
  22. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 105.
  23. ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  24. ^ Гуштын А. Рэферэндум-1995. Антыгероі беларускай мовы, Naviny.by, 14.05.2015 г.
  25. ^ а б Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 10.
  26. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 113, 133—134.
  27. ^ а б в Мартинович Д. Без исторической символики, но с русским языком. Как 25 лет назад в Беларуси прошел референдум, TUT.BY, 14.05.2020 г.
  28. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 107, 111—112, 118, 120.
  29. ^ Олегов А. Лукашенко метит в президенты России // Огонёк. № 43, 27 октября 1996. С. 9.
  30. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 24.
  31. ^ а б Навумчык С. «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг, Радыё Свабода, 18 красавіка 2014 г.
  32. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 127.
  33. ^ Соўсь Г. Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2019 г.
  34. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 65.
  35. ^ Студзінская І. Леанід Сініцын: Я — аўтар герба і сьцяга, а зорачка — ад Ціцянкова, Радыё Свабода, 14 траўня 2015 г.
  36. ^ Толкачева Е. «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР, TUT.BY, 12.05.2019 г.
  37. ^ Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь(рас.). «VEXILLOGRAPHIA: Официальный сайт русского центра флаговедения и геральдики»Праверана 17 кастрычніка 2010 г.
  38. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 66.
  39. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  40. ^ а б в Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE. № 1 (21), 2002.
  41. ^ Об утверждении Положения о Государственном флаге Республики Беларусь
  42. ^ Ошуркевич Т. Автопробег с аэродрома «Липки». Как это было, Onliner.by, 8.11.2020 г.
  43. ^ Закон Республики Беларусь 5 июля 2004 г. № 301-З «О государственных символах Республики Беларусь»
  44. ^ Спевак Д. Белоруска обратилась в органы из-за нанесения на флаг портрета Лукашенко, Onliner.by, 26.12.2020 г.
  45. ^ Сілавікі пачалі праводзіць допыты затрыманых на фоне чырвона-зялёнага сцяга і здымаць гэта на відэа, Наша Ніва, 16 лістапада 2020 г.
  46. ^ Перова А. Красно-зеленый вместо БЧБ. История шпиля ЖК «Мегаполис», который обнесли колючей проволокой, TUT.BY, 2.11.2020 г.
  47. ^ Помните госфлаги в Новой Боровой? Жителям предлагают заказать их охрану (пока непонятно, кто именно), TUT.BY, 24.03.2021 г.
  48. ^ Зь Беларусі высылаюць амбасадара Латвіі, дыпляматаў і тэхнічных супрацоўнікаў, Радыё Свабода, 24 траўня 2021 г.
  49. ^ У Швэцыі дэпутаты прапанавалі выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг замест чырвона-зялёнага, Радыё Свабода, 11 чэрвеня 2021 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]