Статуты Вялікага Княства Літоўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага, 1588

Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў Вялікага Княства Літоўскага, які складаў аснову прававой сыстэмы дзяржавы. Існаваў у трох рэдакцыях: Першай (1529), Другой (1566) і Трэцяй (1588). Апошняя зь іх мела тры выданьні (1588, 1592—1593 і 1594—1595) і дзейнічала на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага да скасаваньня расейскімі ўладамі ў 1840.

Характарызуецца абагульненьнем і падсумаваньнем цэлай нізкі галінаў тагачаснага права фэўдальнай дзяржавы позьнесярэднявечнага ладу. Сыстэматызаваў і пашыраў прававыя нормы ў залежнасьці ад эвалюцыі ВКЛ дарогай ад арыстакратычнай формы кіраваньня да агульнай саслоўна-прадстаўнічай манархіі, у кірунку чаго паступова зьмяняліся нормы права ад І да ІІІ Статутаў.

Па панаваньні Расейскай імпэрыі і СССР на тэрыторыі Беларусі не засталося ніводнага выданьня Статуту на старабеларускай мове. Асобнікі найбольш масавага выданьня 1594—1595 разьмеркаваліся наступным чынам: Расея (11), Польшча (6), Летува (6), Украіна (5), Вялікабрытанія (1)[1][2]. У 2012 дзякуючы прыватным ахвяраваньням адзін з 65 асобнікаў, пра якія было вядома, быў выкуплены з расейскага аўкцыёну і вярнуўся на Беларусь. 7 чэрвеня 2012 году асобнік Статута 1588 году выданьня 1594—1595 гадоў перадалі ў Музэй гісторыі Магілёва. Яго набылі за $45 000 ва ўласьніка маскоўскай антыкварнай крамы, які выставіў Статут на электронны аўкцыён. На прапанову 2-курсьніка гістарычнага факультэту БДУ Андрэя Радкова, які заўважыў абвестку пра аўкцыён ў Сеціве, кіраўнік Музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў сабраў $15 000 ахвяраваньняў на набыцьцё Статуту. Зь іх 100 000 расейскіх рублёў ($2500) ахвяраваў расейскі беларус Павал Бераговіч. Тады намесьнік старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў разаслаў лісты кіраўнікам камэрцыйных банкаў Беларусі «разгледзець пытаньне аказаньня бязвыплатнай дапамогі» Музэю гісторыі Магілёва. У адказ на зварот кампанія «Альпары» ахвяравала яшчэ $30 000, патрэбныя для набыцьця[3].

I Літоўскі Статут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запіс гімну «Багародзіца» ў I Статуце
Асноўны артыкул: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году

Абагульняў і сыстэматызаваў паводле розных галінаў права тыя нормы, якія раней знайшлі рэалізацыю ў актавым заканадаўстве ВКЛ (галоўным чынам прывілеі 1447 і 1506 гг. і асабліва прывілей 1492 г.). Практыка жыцьця фэўдальнага грамадзтва абумоўлівала пранікненьне ў Статут некаторых іншых нормаў, выпрацаваных раней і існых або ў выглядзе няпісанага права, або ў папярэдніх помніках (напрыклад, Статут істотна не супярэчыў Судзебніку 1468 г.). З пункту гледжаньня параўнаньня з гэтымі нормамі меў істотнае адрозьненьне з прычыны таго, што ахопліваў сваім дзеяньнем усю тэрыторыю дзяржавы і зьяўляўся юрыдычна забавязвальным практычна для ўсіх групаў насельніцтва (у адрозьненьне ад, напрыклад, прывілеяў, якія паводле тагачаснага фэўдальнага ладу дзяржавы прадугледжвалі сваё дзеяньне толькі ў дачыненьні да пэўнай катэгорыі насельніцтва або тэрыторыі).

Паводле ўскосных узгадваньняў, праекты падрыхтоўкі агульнадзяржаўнага зводу законаў пачалі абмяркоўвацца пасьля 1492 г. Наўпрост патрэба ў кадыфікацыі права ў адзіным выданьні згаданая ў агульназемскім прывілеі 1506 г., неўзабаве пасьля чаго была ўтворана адпаведная камісія. Першы праект зьяўвіўся яшчэ ў 1522 годзе; у тым жа годзе камісію ўзначаліў канцлер (з таго ж году) Альбрэхт Марцінавіч Гаштольд, сярод камісіі, імаверна, быў беларускі першадрукар і доктар права Францішак Скарына[4]). Асноўныя палажэньні абмяркоўваліся з вялікім князем Жыгімонтам Старым, які зацьвердзіў звод. Тым ня менш, практычная рэалізацыя па распрацоўцы і ўвядзеньні зводу замарудзілася з прычыны моцных супярэчнасьцяў Гаштольда зь іншымі панамі раднымі, у прыватнасьці, з Канстантынам Астроскім, які карыстаўся асабістым даверам Жыгімонта І і намагаўся ажыцьцяўляць уласную ўнутрыпалітычную лінію ў дзяржаве. З гэтае прычыны праект зводу не атрымалася зацьвердзіць адначасова з урачыстым узьвядзеньнем на літоўскі сталец Жыгімонта ІІ, што плянавалася часткай паноў-радных дзеля далейшага адасабленьня ад дынастычных повязяў з Польшчай. Пасьля гэтага праца па кадыфікацыі практычна рэзка спынілася, бо пасьля гэтага наступавала толькі выданьне абагульняльнага агульназемскага прывілею 6 сьнежня 1522 году, які ў агульных рысах пацьвярджаў папярэднія нормы заканадаўства. Акрамя таго, у 1525 годзе згарэла адзіная тыпаграфія ў ВКЛ, дзе мог бы быць надрукаваны Статут.

Камісія адступіла ад сыстэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавалі сваю. Яна грунтавалася на новых прынцыпах: сувэрэннасьці дзяржавы (насуперак сярэднявечнаму касмапалітызму), адзінства права на прыярытэт пісанага права. Сярод адметнасьцяў — выпрацоўка сыстэмы і структуры разьмяшчэньня праўных нормаў у залежнасьці ад іхнага зьместу, улучэньне тыповых і абагульненых нормаў, дакладная рэдакцыя кожнага артыкула, увядзеньне новых праўных нормаў (з адлюстраваньнем тагачасных таварна-грашовых дачыненьняў), улучэньне нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і іншых галінаў права. Нягледзячы на спробу стварэньня агульнадзяржаўнай сыстэмы заканадаўства ў Статуце, захаваў кананічнае і экстэрытарыяльнае прыватнаўласьніцкае права (апошняе скасавана толькі ў 1564 г.). Захоўвалася права магнатэрыі на суд толькі перад вялікім князем.

Набыў сілу 29 верасьня 1529. Складаўся з 13 разьдзелаў і 244 артыкулаў, дзе кожная галіна права сыстэматызавана паводле памянёных разьдзелаў. У выніку пазьнейшых дапаўненьняў колькасьць артыкулаў павялічылася да 283[5].

II Літоўскі Статут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульны аркуш II Статуту
Асноўны артыкул: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году

Дзейнічаў на землях Вялікага Княства Літоўскага ў 1566—1588.

Асноўныя крыніцы: агульназемскія і рэгіянальныя прывілеі, Судзебнік Казімера (1468), Першы Статут і некаторыя нормы звычаёвага права, таксама выкарыстоўваліся нормы царкоўнага (рымска-каталіцкага і грэка-праваслаўнага) права. Злучыў тэарэтычныя распрацоўкі мясцовага права з практычнай дзейнасьцю і тэарэтычнымі асновамі рымскага і заходнеэўрапейскага права. Асобнай крыніцай Статуту сталі «пытаньи» ды «отказы» на соймах, якія з 1547 г. падсумоўваліся ў выглядзе асобных дакумэнтаў.

Пытаньне аб перапрацоўцы папярэдняга Статуту паўстала ў 1548 г. Для падрыхтоўкі Другога Статуту ў 1551 меркавалася стварыць камісію з 10 чалавек (5 каталікоў і 5 праваслаўных), аднак вызначаны толькі імёны 5 каталікоў — гэта біскуп жамойцкі Ян Даманоўскі, віленскі канонік Станіслаў Габрыловіч, віленскі войт і сакратар гаспадара Аўгустын Ратундус, віленскі судзьдзя Павал Астравіцкі і Марцін Валадковіч. Невядома, ці ўтварылася камісія ў такім сладзе, бо з тэксту Бельскага прывілею (1564) вынікае, што праект рыхтавала іншая камісія: «особы певные, рады наши, маршалкове, врадники земские, хоружие и иные особы ряду и народу шляхецкого, доктори прав чужоземских, которые заседши не одно поправили тот статут старый, але теж новым кшталтом некоторые розделы звлаща судовый, за засаженьем новым обычаем суду и порадку судового то становили и написали». Працай гэтай камісіі кіраваў канцлер Мікалай Радзівіл Чорны, у ёй удзельнічаў маршалак надворны Астафей Валовіч, а таксама, відаць, П. Раізі, А. Ратундус і іншыя. Складальнікі надалі нормам зводу аднастайную і сучасную, на той час, форму і праўную тэрміналёгію (беларускую), зразумелую для большасьці насельніцтва, што спрыяла ўмацаваньню сярод шляхты і мяшчанаў павагі да закону і дзяржавы.

Праект перадалі сойму на папярэдні разгляд у 1561, зацьвердзілі толькі 1 ліпеня 1564. Меркавапася, што звод набудзе сілу 11 лістапада 1564, аднак праз спрэчкі датычна асобных артыкулах гэта адбылося толькі 1 сакавіка 1566 (З прычыны ўзмацненьня шляхты, якая прыкладна зь сярэдзіны XVI ст. часьцей пільнавала ўласныя правы або патрабавала іх пашырэньня, Статут стаў абмяркоўвацца і пераглядацца ўжо з 1561 г.). Некаторыя зьмены ўнёс у яго прывілей ад 1 ліпеня 1566. Улучаў Віленскі прывілей (1563), Бельскі прывілей (1564) і Віленскі прывілей (1565).

Захаваў зь невялікімі зьменамі структуру Першага Статута. Складаецца з 14 разьдзелаў і 367 артыкулаў. Першыя 3 разьдзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, вайсковага, адміністарцыйнага права, 4-ы — судовы лад і судовы працэс, 5—6-ы — сямейнае і апякунскае права, 7—9-ы — цывільнае права, 10-ы — лясное і паляўнічае права, 11—14-ы — крымінальнае права. Найбольш істотныя зьмены адбыліся ў нормах дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права.

Замацаваў асноўныя прынцыпы права: адзінства права для грамадзянаў, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзяржаўны сувэрэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму), абмежаваньне ўлады гаспадара (вялікага князя), прыярытэт пісанага права. Упершыню намячалася аддзяленьне суду ад органаў улады і кіраваньня. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды. Больш поўна рэглямэнтавалася кампэтэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, якія засноўваліся на агульных прынцыпах фэўдальнага права: стварэньня палёгкаў і перавага для клясы фэўдалаў і стану шляхты, недапушчэньне простых людзей у органы кіраваньня, замацаваньне праўнай няроўнасьці розных сацыяльных групаў насельніцтва[6].

III Літоўскі Статут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульны аркуш III Статуту
Асноўны артыкул: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

У Вялікім Княстве Літоўскім дзейнічаў з 1588, па падзелах Рэчы Паспалітай: у Віцебскай і Магілёўскай губэрнях — да 1831, у Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губэрнях — да 1840[7]. У гэтым дачыненьні дзейнічаў, як правіла, толькі ў цывільным праве, тады як крымінальнае, ваеннае, адміністрацыйнае ды іншыя галіны права рэгуяваліся расейскім заканадаўствам. Аднак пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай не было выдадзена ніводнага заканадаўчага акту, які скасоўваў, дазваляў або нейкім іншым чынам рэгуляваў бы прымяненьне Статуту; толькі на агульных падставах дазвалялася выкарыстаньне мясцовага права ў тых галінах, якія «не кранаюць царскай улады». На гэты час і да 1840 г. Статут дзейнічаў, да таго ж, не асобна, а ў выглядзе зводнага кодэксу ўключна з пазьнейшымі соймавымі канстытуцыямі. У 1811 г. Статут быў упершыню перакладзены дзеля яго прымяненьня на расейскую мову (хоць у мясцовым справаводзтве на той час дазвалялася выкарыстаньне мясцовых моваў, г.зн. на практыцы — польскай), а ў 1828 г. плянавалася яго зводнае афіцыйнае перавыданьне на польскай, расейскай і старабеларускай мовах для распрацоўванага тады «Зводу мясцовых законаў заходніх губэрняў». Гэтая праца спынілася дзеля захадаў, якія пачалі прымацца неўзабаве супраць паўстаньня 1830 г.

Прыняцьце Другога Статуту не спыніла кадыфікацыйную працу. Берасьцейскі (1566) і Гарадзенскі соймы ўнесьлі папраўкі ў некаторыя артыкулы. На апошнім утварылася камісія для дапрацоўкі зводу, абраная на Люблінскім сойме (1569). Кіравалі камісіяй складальнікаў канцлер Астафей Валовіч і падканцлер Леў Сапега. На працу камісіі істотна паўплываў акт Люблінскай уніі (у сувязі зь якім паўстала афіцыйнае патрабаваньне зьмены Статуту згодна з умовамі уніі), аднак рэальна праца спынілася з-за таго, што Жыгімонт ІІ Аўгуст ува ўмовах новай аб’яднанай дзяржавы цяпер кіраваў параўнальна моцнымі цэнтралізаванымі мэтадамі. Да канца 1584 праца завяршылася, аднак у зьвязку з тым, што звод ігнараваў акт Люблінскай уніі, прадстаўнікі Каралеўства Польскага не дапускалі яго зацьвярджэньне на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Жадаючы заручыцца падтрымкай літоўскіх сэнатараў і паслоў у часе выбараў новага манарха, Жыгімонт Ваза зацьвердзіў Статут уласным прывілеем 1588 г.; Статут набыў моц 1 студзеня 1589 г.

Крыніцы: Першы і Другі Статуты, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў.

Падрыхтаваны на высокіх тэарэтычным узроўні, улучыў нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых эўрапейскіх дзяржаваў. Абагульніў тагачасныя дзяржаўна-праўныя ідэі, некаторыя зь якіх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраваньне тэорыя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Галоўны Трыбунал, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).

Юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасьць Вялікага Княства Літоўскага ад Каралеўства Польскага ў фэдэрацыйных рамках Рэчы Паспалітай, што працягвалася і па падпісаньні акту Люблінскай уніі. У Статуце акт Люблінскай уніі нават ня згадваецца і нават замацоўваецца праграма аднаўленьня ранейшых граніцаў дзяржавы[8]. Таксама прадугледжваў, што атрымліваць маёнткі і займаць духоўныя і дзяржаўныя пасады маглі толькі мясцовыя ўраджэнцы і ні ў якім выпадку «чужаземцы», «загранічнікі» ці «суседзі».

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы і Другі Статуты перакладаліся на польскую і лацінскую мовы, Другі дзейнічаў на Правабярэжнай Украіне ў XVII—XVIII стагодзьдзях, пры гэтым пасьля адасабленьня трох паўднёвых ваяводзтваў ад ВКЛ ІІ Статут мадыфікаваўся для іх асобна, з-за чаго ўзьнікла ўжо асобная яго рэдакцыя (т.зв. «Валынскі Статут»). Трэці Статут выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы XVI ст. прускага права, складаньні Саборнага ўлажэньня (1649) у Маскоўскай дзяржаве, афіцыйна незацьверджаных зборнікаў «Права за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць XVIII ст.), «Суд и разправка в правах малороссийских» (1750—1758). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ўжываўся як дадатковая крыніца права. Быў галоўным пісьмовым зводам дзейнага права ва Ўкраіне (пераважна ў рэдакцыі 1614). У XVII—XIX стагодзьдзях перакладаўся на польскую, расейскую, украінскую, нямецкую, францускую і лацінскую мовы[9]. У прыватнасьці, найзначнейшымі перакладамі сталі пераклады з 1614 г. (потым пэрыядычна перакладаўся на польскую мову), пасьля чаго ў 1811 г. у сувязі з абмежаваным дзеяньнем Статуту на тэрыторыі былога ВКЛ, што ўвайшла ў склад Расеі, быў перакладзены на расейскую мову. У 1828 г. тэкст ІІІ Статуту ў яго тагачаснай рэдакцыі (г.зн. у зводным тэксьце разам з пазьнейшымі соймавымі пастановамі, у форме якой Статут і дзейнічаў у заходніх губэрнях) прапаноўвалася афіцыйна выдаць на польскай, расейскай і «беларускай» мовах, прычым выданьне мусіла было патрапіць у афіцыйна распрацоўваны «Звод мясцовых законаў заходніх губэрняў», але працу прыпыніла цэнтралізацыйная палітыка, разгорнутая ў адказ на паўстаньне 1830 г.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Магчымасць вярнуць у краіну арыгінальнае выданне Статута ВКЛ з’явілася ў беларусаў // «Наша Ніва», 16 траўня 2012.
  2. ^ Возможность вернуть в страну оригинальное издание Статута ВКЛ появилась у белорусов // БелТА, 16 траўня 2012.
  3. ^ Вольга Чайкоўская. Студэнт гістфака вярнуў Статут ВКЛ 1588 году на Радзіму // Зьвязда : газэта. — 8 чэрвеня 2012. — № 108 (27223). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 630.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 631.
  6. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 632.
  7. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 633.
  8. ^ Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. — Мн., 1991.
  9. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 634.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]