Віцебскае ваяводзтва
Віцебскае ваяводзтва | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага |
Адміністрацыйны цэнтар | Віцебск |
Дата ўтварэньня | 1503 |
Дата скасаваньня | 1772 |
Ваяводы | Ваяводы віцебскія |
Кашталяны | Кашталяны віцебскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 24,6 тыс. км² |
Час існаваньня | 1508—1772 |
Месцазнаходжаньне Віцебскага ваяводзтва | |
![]() | |
![]() |
Ві́цебскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным усходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 24,6 тыс. км². Сталіца — места Віцебск. Найбольшыя месты: Быхаў, Ворша, Вяліж, Магілёў і Шклоў.
Зьмест
Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «рыцар у срэбных латах са срэбным шчытом з выяваю залатога шасьціканцовага крыжа, які заносіць на галавой срэбны меч з залатым этэсам і скача на срэбным кані з залатымі ўзбраеньнем, збруяй і вачамі, сядло таксама залатое»[1]. Паводле іншага апісаньня: «Пагоня або муж на белым кані, узбраеньне жоўтае, у чырвоным полі; пагоня зьвернутая ў правы бок, коньнік трымае ў правай руцэ паднесены меч, у левай — шчыт з падвойным крыжом»[2].
Ваяводзкая харугва была зялёнага колеру[3] з выяваю гербу Пагоня ў белым полі[4][5].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1503 намесьнікі Віцебскай зямлі пачалі карыстацца тытулам ваяводы[6]. У 1508 Віцебскае намесьніцтва (колішняе Віцебскае княства) атрымала статус ваяводзтва[7].
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) ваяводзтва ўтварылася наноў, складалася зь Віцебскага і Аршанскага паветаў. У 1582 у ягоны склад вярнулася Вяліская воласьць. У 1662 зь Менскага ваяводзтва ў склад Аршанскага павету перавялі Барысаўскае староства.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) большая частка ваяводзтва апынулася ў Расейскай імпэрыі, у складзе Вялікага Княства Літоўскага засталася толькі рэшта Аршанскага павету (трапіла пад расейскую ўладу з другім падзелам). У 1794 пасаду ваяводы віцебскага скасавалі.
Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На поўначы межавала з Пскоўскай зямлёю (пазьней з Маскоўскай дзяржавай, Расейскай імпэрыяй), на ўсходзе — з Смаленскім і Амсьціслаўскім ваяводзтвамі, на поўдні — зь Менскім паветам Менскага ваяводзтва, на захадзе — зь Менскім і Полацкім ваяводзтвамі.
Тэрыторыю ваяводзтва надвая падзяляла рака Дзьвіна, на паўднёвым усходзе працякаў Дняпро[8].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Віцебскі і Аршанскі.
Назва | Цэнтар | Плошча | Староствы |
---|---|---|---|
Віцебскі павет | Віцебск | ? | Віцебскае (гродавае) Азярышчанскае Вяліскае Сураскае Ўсьвяцкае |
Аршанскі павет | Ворша | ? | Аршанскае (гродавае) Барысаўскае Вяляціцкае Любашанскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Віцебску. Павятовыя соймікі праходзілі ў Віцебску і Воршы, тамака ж месьціліся земскія, падкаморскія і гродзкія суды, склікалася паспалітае рушаньне.
Віцебская і аршанская шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сярэдзіне XVII ст. Віцебскае ваяводзтва налічвала 77 635 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 543 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 172 тыс. чал.[9]
Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўныя артыкулы: ваяводы віцебскія і кашталяны віцебскія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Віцебскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна з прывілеем вялікага князя Аляксандра, пацьвержаным Жыгімонтам Старым, ваявода віцебскі прызначаўся толькі са згоды мясцовай шляхты.
Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода віцебскі паводле значнасьці займаў 25 месца: па плоцкім і перад мазавецкім; кашталян — 20 месца: па плоцкім і перад чэрскім[8].
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Гербы белорусских воеводств в Великом княжестве Литовском. HERALDICUM. Праверана 13 кастрычніка 2010 г.
- ^ Łabuński J. Województwo witebskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 639.
- ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // «Чырвоная Змена» № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
- ^ Насевіч В. Віцебскае ваяводства // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 318.
- ^ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999.
- ^ Насевіч В. Віцебскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 451.
- ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 36.
- ^ а б Jelski A. Województwo witebskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 341.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Віцебскае ваяводзтва — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|