Рэфэрэндум у Беларусі 1996 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году — другі ў гісторыі незалежнай Беларусі рэфэрэндум. Быў выкліканы абвастрэньнем адносін паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам краіны. Чатыры пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум, былі ініцыяваныя прэзыдэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, яшчэ тры — Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. У рэфэрэндуме прынялі ўдзел 6 181 463 чалавекі, або 84,14% электарата.

Паводле меркаваньня апанэнтаў улады і міжнароднай супольнасьці, рэфэрэндум быў праведзены з істотнымі парушэньнямі заканадаўства.[1][2]

Пытаньні й вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пытаньні, ініцыяваныя прэзыдэнтам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«За» прагаласавала 5 450 830 выбарцаў (88,18%), «супраць» — 646 708 (10,46%).
  • Аб занясеньні зьмен і дадаткаў да Канстытуцыі (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
«За» прагаласавала 70,45% выбарцаў, «супраць» — 9,39%.
  • Аб увядзеньні вольнай без абмежаваньняў куплі-продажы земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.
«За» прагаласавала 948 756 выбарцаў (15,35%), «супраць» — 5 123 386 (82,88%).
  • Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.
«За» прагаласавала 1 108 226 выбарцаў (17,93%), «супраць» — 4 972 535 (80,44%).

Пытаньні, ініцыяваныя Вярхоўным Саветам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аб занясеньні зьмен і дадаткаў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
«За» прагаласавала 7,93% выбарнікаў, «супраць» — 71,2%.
  • Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
«За» прагаласавала 28,14% выбарнікаў, «супраць» — 69,92%.
  • Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі зь дзяржаўнага бюджэту.
«За» прагаласавала 1 989 252 выбарнікаў (32,18%), «супраць» — 4 070 261[3] (65,85%).

Меркаваныя парушэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларуская апазыцыя, праваабаронцы й міжнародныя назіральнікі зарэгістравалі значную колькасьць парушэньняў пры абвяшчэньні й правядзеньні рэфэрэндуму. У прыватнасьці, назіральнікі ад Эўрапейскага інстытута па СМІ адзначылі, што 90% адпаведнага этэрнага часу на беларускай тэлевізіі былі прысьвечаныя агітацыі на карысьць пазыцыі прэзыдэнта, у выніку чаго выбары былі пазбаўленыя магчымасьці дэмакратычнага выбару[4].

Існуюць пытаньні датычна фінансаваньня рэфэрэндума, бо паводле словаў прэзыдэнта Лукашэнкі, рэфэрэндум адбыўся не за кошт бюджэтных сродкаў, але за кошт «добраахвотных ахвяраваньняў». У праекты канстытуцыйных зьменаў уносіліся істотныя папраўкі ўжо пасьля афіцыйнай публікацыі, што забаронена заканадаўствам. Масавы характар набыло датэрміновае галасаваньне, пры якім існуе небясьпека фальсыфікацыі вынікаў і да якога ўлады актыўна схілялі грамадзянаў. Так, у многіх местах датэрмінова прагаласавала 30 і больш адсоткаў выбарцаў.

Былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні пры правядзеньні галасаваньня, падліку галасоў, адзначаліся выпадкі агітацыі на карысьць пазыцыі прэзыдэнта на выбарчых участках у дзень галасаваньня.

Паводле Сяргея Калякіна, кіраўніка фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце, ад 20 да 50 працэнтаў галасоў былі сфальсыфікаваныя[5][4].

Старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі назваў рэфэрэндум «фарсам і насільлем над народам» і заявіў, што «вынікі такога плебісцыта ня могуць быць прызнаныя ані ў Беларусі, ані сусьветнай супольнасьцю»[6].

Беларускі Хэльсынскі камітэт адзначыў наступныя парушэньні ў ходзе правядзеньня рэфэрэндуму[7]:

  1. Мясцовыя камісіі па правядзеньню рэфэрэндума былі ўтвораныя не адпаведнымі Саветамі дэпутатаў не пазьней, чым за месяц да рэфэрэндуму, а за 5-7 дзён органамі выканаўчай улады;
  2. У самы адказны пэрыяд падрыхтоўкі рэфэрэндуму ўказам прэзыдэнта быў незаконна адхілены ад пасады старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Віктар Ганчар. Тым самым была паралізаваная праца органа, які меў ажыцьцяўляць кантроль за законнасьцю галасаваньня і падвесьці вынікі рэфэрэндуму;
  3. Да моманту датэрміновага галасаваньня (9 лістапада) на ўчастках для галасаваньня адсутнічалі тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі і грамадзяне ня ведалі, за што яны галасуюць;
  4. У парушэньне заканадаўства выбарцы прыйшлі (а ў многіх выпадках прымушаліся) прагаласаваць датэрмінова. У выніку да дня рэфэрэндуму прагаласавала амаль чвэрць выбаршчыкаў;
  5. Бюлетэні для галасаваньня друкаваліся Упраўленьнем справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Яны былі дастаўленыя на выбарчыя ўчасткі мінуўшы Цэнтарвыбаркам і абласныя камісіі па рэфэрэндуме. Ўлік колькасьці бюлетэняў нікім не ажыцьцяўляўся.
  6. Насуперак заканадаўству, падрыхтоўка рэфэрэндуму і яго правядзеньне фінансаваліся не зь бюджэту, а выключна за кошт «дабрачынных» унёскаў. Цэнтарвыбаркам быў цалкам адхілены ад дзейнасьці па фінансаваньні рэфэрэндума;
  7. У аднабаковым парадку вялася агітацыя і прапаганда за пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум па ініцыятыве прэзідэнта. У шэрагу выпадкаў агітацыя вялася проста на ўчастках для галасаваньня;
  8. У дзень рэфэрэндуму чыніліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партый і грамадзкіх арганізацый пры ажыцьцяўленні кантролю за ходам галасаваньня; іх не дапускалі на ўчасткі, адмаўлялі ў атрыманьні патрабаванай інфармацыі;
  9. Тыповымі парушэньнямі заканадаўства на ўчастках для галасаваньня былі наступныя: адсутнічалі кабіны для тайнага галасаваньня; не было праектаў зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі; выбаршчыкі дапускаліся да галасаваньня без дакумэнтаў, якія сведчаць асобу; меліся пашкоджаньні пломбаў на скрынях для галасаваньня; выяўленыя факты падробкі подпісаў выбаршчыкаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кісель, Зьміцер. «Апазіцыя ў фарсе ўдзельнічаць не будзе», Ніва № 29 (2305), 16 ліпеня 2000 году.
  2. ^ Прэзідэнт назваў рэферэндум бездакорным, яго ўнутраныя апаненты — сфальсіфікаваным, Захад — антыдэмакратычным, Выбары ў Беларусі
  3. ^ Выборы во всем мире. Электоральная свобода и общественный прогресс. Энциклопедический справочник. / Сост. А. А. Танин-Львов. — М.: "Российская политическая энциклопедия" (РОССПЭН), 2001. — С. 29. — 2000 ас. — ISBN 5-8243-0112-3
  4. ^ а б «Свабода», 1996, нумар ад 29 лістапада
  5. ^ Народная воля, № 109
  6. ^ Свабода. 1996, нумар ад 26 лістапада
  7. ^ РЕФЕРЕНДУМ-96 (МНЕНИЕ ОППОЗИЦИИ): цифры, суждения, законность. Белорусский Хельсинский Комитет; Минск, 1996 г

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]