Беларускае нацыянальнае адраджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ян Чачот

Белару́скае нацыяна́льнае адраджэ́ньне — заканамернасьць у гістарычным разьвіцьці беларускай нацыі, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадзкага быцьця, культуры і нацыянальнай сьвядомасьці пасьля заняпаду. Пачалося ў XIX стагодзьдзі і падзяляецца на некалькі этапаў, якія адрозьніваліся сваімі мэтамі, вынікамі, грамадзкімі і духоўнымі імпульсамі, што спараджалі гэты рух. Першы этап нацыянальнага адраджэньня пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ўнівэрсытэту (Віленская вучэбная акруга) і меў асьветніцкі лібэральна-рамантычны кірунак: яго дзеячы, пісьменьнікі і публіцысты на сумежжы дзьвюх культур — польскай і беларускай (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Р. Падбярэзскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя) — марылі пра аднаўленьне Рэчы Паспалітай на канфэдэратыўных пачатках.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычна фарміраваньне беларускай нацыі пачалося ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Славянскі асяродак быў дзяржаваўтваральным у ВКЛ, эліта княства мела славянскае паходжаньне. Дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве была славянская мова, якую жыхары княства называлі рускай або славянскай[1][2]. Пазьней яна падзеліцца на дзьве мовы — беларускую і ўкраінскую, лексіка якіх так і застанецца збольшага агульнай. Жыхары-славяне называліся ліцьвінамі альбо русінамі ў залежнасьці ад рэгіёну княства. Падчас княжаньня Вітаўта ВКЛ стала найбуйнейшай дзяржавай Эўропы. Ліцьвіны першымі ва Ўсходняй Эўропе займелі друкаваную кнігу (Францішак Скарына, 1517), заклалі асновы дэмакратыі й прававога грамадзтва (Статуты Вялікага Княства Літоўскага, Леў Сапега, 1529, 1566, 1588), падтрымалі Рэфармацыю царквы (рэфарматар Сымон Будны распачаў кнігавыдавецкую дзейнасьць у Нясьвіжы ў 1562 годзе), заснавалі Віленскі ўнівэрсытэт, (1579), Полацкі езуіцкі калегіюм (1581). Упершыню ў гісторыі чалавецтва ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага дэкляравалася аб раўнапраўі ўсіх грамадзянаў і аднолькавай адказнасьці перад законам незалежна ад саслоўя, а таксама падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую[3][4]. Вялікаму Княству Літоўскаму быў уласьцівы найвышэйшы ў Эўропе ўзровень разьвіцьця тэорыі права і дасканаласьць судовай практыкі, вынікам чаго была істотна абмежаваная манархія, адсутнасьць дэспатыі, урадавая абарона грамадзянскіх правоў і свабодаў, высокі ўзровень адукацыі. Ліцьвінская нацыянальная ідэнтычнасьць дынамічна разьвівалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі[1][2].

Усходнім суседам ВКЛ была маладая Маскоўская дзяржава. Масква была заснаваная на ўскрайку Паўночна-ўсходняй Русі, якая пакутавала ад мангола-татарскага ярма(uk). Масква хутка здолела стаць цэнтрам самастойнага княства пад ардынскім ярмом. Маскоўскае княства было надзейным хаўрусьнікам мангола-татарскай арды, дапамагала ардынцам душыць паўстаньні супраць ардынскага панаваньня ў Цьвяры(ru) (1327), Смаленску(ru) (1340). Маскоўскія князі назапашвалі багацьце пад заступніцтвам ардынскіх ханаў і адначасова душылі ўсіх, хто чыніў ігу супраціў. У выніку Масковія здолела хутка набраць моц. Фіна-вугры, мангола-татары, мардвіны(ru), якія насялялі Масковію, зьмешваліся са славянскім насельніцтвам і ўтваралі новую маскавіцкую ідэнтычнасьць. Фармаваньне маскавітаў ішло пад мангола-татарскай дэспатыяй.

Пад канец XV стагодзьдзя ў выніку распаду Арды[5] Масковія скінула(ru) з сябе мангола-татарскае ярмо, аднак грамадзкі лад гэтай дзяржавы застаўся ранейшым: бязьмежная ўлада кіраўніка дзяржавы (цара) і таталітарны парадак, заснаваны на ўжываньні сілы. Маскоўскае княства адрозьнівалася беззаконьнем, поўнай грамадзянскай неабароненасьцю асобы, адсутнасьцю элементарных палітычных свабодаў. Маскоўская дэспатыя дасягнула свайго апагею ў часы кіраваньня Івана Жахлівага, калі быў распачаты тэрор адносна ўласнага насельніцтва (апрычніна).

Разам з тым, Масковія абвясьціла сябе адзінай пераемніцай Кіеўскай Русі, прыняла праваслаўе, навязала свайму насельніцтву царкоўнаславянскую (старабалгарскую) мову, назваўшы яе «рускай», і пастанавіла захапіць ўсе землі, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Гэтая ідэалёгія маскоўскіх цароў і папоў ў расейскай гістарыяграфіі вядомая як «зьбіральніцтва спрадвечна рускіх земляў» (па-расейску: «собирательство исконно русских земель»)[a]. Разам з тым, маскоўскія валадары прысвойвалі сабе тытул «Государь всея Руси». Таксама маскоўскія князі, пачынаючы зь Івана ІІІ, абвясьцілі Маскву сталіцай сусьветнага праваслаўя замест Канстантынопалю, які паў пад націскам туркаў. Аднак большасьць земляў былой Кіеўскай Русі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, дзе актыўна разьвівалася ліцьвінская нацыянальная ідэнтычнасьць. На поўдні Княства жылі русіны.

Вялікі Гетман Літоўскі Канстантын Астроскі ў Бітве пад Воршай, фрагмэнт карціны Ганса Крэля, XVI стагодзьдзе

У такой сытуацыі Масковія пайшла па шляху вайсковай агрэсіі. У выніку паміж Масковіяй і Вялікім Княствам Літоўскім пачынаюцца крывапралітныя войны, першая зь якіх адбылася ў 1492 годзе. Маскоўскае войска аказалася лепш арганізаваным з-за бесьпярэчнай вайсковай павіннасьці маскоўскіх халопаў. Войска ВКЛ жа ўяўляла сабою паспалітае рушаньне, то бок добраахвотны збор шляхты й іх сялянаў. Нягледзячы на шэраг бліскучых перамог ліцьвінаў над маскоўцамі (Бітва пад Воршай 1514, Бітва на рацэ Вуле 1564), бесперапынная агрэсія Масковіі да ВКЛ не давала разьвівацца Княству. У выніку кіраўніцтва ВКЛ заключыла вунію з Польшчай (1569), спадзеючыся на дапамогу палякаў у абароне ад маскавітаў. У выніку ўтварылася польска-літоўская дзяржава Рэч Паспалітая. З гэтага часу пачынаецца палянізацыя ліцьвінаў, а на захопленых маскавітамі тэрыторыях ВКЛ — маскалізацыя. Вышэйзгаданыя фактары не дазволілі ліцьвінам сфармавацца ў моцную нацыю.

У часы расейскага цара Пятра І Масковія пераўтварылася ў імпэрыю і была перайменаваная ў «Расею». Дзякуючы запазычаньню(ru) эўрапейскіх вынаходзтваў у навуцы, прамысловасьці і вайсковай справе і спалучэньню гэтага з дэспатычным палітычным ладам, Расеі ўдалося стварыць вялікую баяздольную армію, якая выкарыстоўвалася ўжо ня толькі дзеля «зьбіраньня спрадвечна рускіх земляў», але й дзеля захопу Фінляндыі, Прыбалтыкі, Польшчы, Каўказу, Сярэдняй Азіі, Сыбіру, Далёкага Ўсходу. У 1755 годзе быў заснаваны Маскоўскі ўнівэрсытэт(be), куды дзеля навучаньня маскавітаў былі запрошаныя таленавітыя навукоўцы з Заходняй Эўропы.

Рэч Паспалітая зьяўлялася фактычна парлямэнцкай манархіяй з выбарнай пасадай караля. Гэтым скарысталася Расея, шляхам подкупу і ваеннага ўмяшальніцтва сеючы анархію ў польска-літоўскай дзяржаве. Пасьля канчатковага захопу Расеяй польска-літоўскай дзяржавы (Падзелы Рэчы Паспалітай, 1795) пачынаецца інтэнсіўная русіфікацыя Літвы. На захопленых землях расейскай ўладай была ўведзеная забарона мовы мясцовага насельніцтва. Зьнішчэньне уніяцтва падзяліла ліцьвінаў на праваслаўных і рыма-каталікоў, што стала адной з галоўных прычынаў слабой нацыянальнай згуртаванасьці[6]. Праз друкаваныя выданьні і ўплыў на мясцовую інтэлегенцыю пачынаецца навязваньне новай назвы краю — Беларусь (па-расейску: Белоруссия). Але ў выніку Літва не атрымлівае нават аўтаноміі і пазначаецца на картах як «Паўночна-Заходні край».

Пачатак адраджэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля захопу Літвы Расеяй ў краі адразу былі ўведзеныя расейскія таталітарныя парадкі. Значна пагоршылася праўнае становішча насельніцтва, гарады пазбаўляліся эўрапейскага самакіраваньня (Магдэбурскага права), уводзіўся рэкруцкі набор у расейскую армію. Жыхары гарадоў былі прыраўняныя да сялянаў у ваеннай павіннасьці. Паўмільёну ліцьвінаў сталі прыгоннымі расейскіх памешчыкаў. Расейскія захопнікі пераводзілі ліцьвінаў з грашовага аброку (чыншу) на паншчыну. Пачалася ўсеагульная русіфікацыя краю.

Першыя паросткі нацыянальнага адраджэньня ўзьніклі ў 10-х гадах XIX стагодзьдзя. Паход Напалеона ўглыб Расеі абудзіў народ былога Вялікага Княства Літоўскага. Быў утвораны Часовы ўрад ВКЛ, былая сталіца княства Вільня вітала напалеонаўскія войскі як вызваліцеляў, віленчукі закідвалі жаўнераў кветкамі. Шляхта й месьцічы масава запісваліся ў Вялікую армію. Разам з тым для барацьбы з Напалеонам расейскія ўдлады ажыцьцяўлялі рэкруцкі набор сялянаў з тэрыторыі ВКЛ. Таксама Літва абавязавалася ў вялікай колькасьці пастаўляць правіянт Вялікай арміі Напалеона і выплочваць Францыі былыя даўгі расейскаму цару. Бясконцыя рэквізыцыі падрывалі эканоміку краю. У вайне 1812 году ліцьвіны ваявалі з абодвух бакоў.

У 1817 годзе ў Віленскім ўнівэрсытэце зь ініцыятывы студэнтаў Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, Язэпа Яжоўскага, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага узьнікла таемнае таварыства філяматаў. Прэзыдэнтам таварыства быў абраны Тамаш Зан, адным зь сяброў быў Ян Чачот. Першапачаткова філяматы ставілі культурніцкія й асьветніцкія мэты. Сябры зьбіралі фальклёрныя творы, складалі вершы, чыталі навуковыя рэфераты. Вядомасьць атрымаў беларускамоўны верш Яна Чачота «На прыезд Адама Міцкевіча». Аднак хутка сябрамі аб’яднаньня завалодалі палітычныя ідэі. Філяматы патрабавалі незалежнасьці народаў і зьнішчэньня прыгону сялянаў. Пасьля выкрыцьця таварыства расейскай паліцыяй, прэзыдэнт Тамаш Зан усклаў усю віну на сябе й быў зьняволены ў цытадэлі. Астатніх сяброў таварыства выслалі ўглыб Расеі[7].

Увесну 1831 году Літва сьледам за Польшчай паўстала супраць расейскага прыгнёту. Аднак сілы бакоў аказаліся няроўнымі і паўстаньне было задушанае. Пасьля ўзмацніўся ціск на вуніяцтва.

Важнай падзеяй нацыянальнага адраджэньня быў выпуск першага нумару нелегальнай газэты «Мужыцкая праўда». Выдавец газэты, Кастусь Каліноўскі, імкнуўся разьвеяць ілюзіі сялянаў наконт царскага маніфэсту аб скасаваньні прыгоннага права. Усталяваны кошт выкупу зямлі ў расейскіх памешчыкаў быў значна вышэйшы за рынкавы, большасьць сялянаў была абрабаваная. Кастусь Каліноўскі рашуча выступаў супраць русіфікацыі краю і выдаваў сваю газэту на беларускай мове. У ноч з 22 на 23 студзеня ў Варшаве пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстаньне, якое хутка перакінулася і на Літву. На тэрыторыі Беларусі паўстаньнем кіраваў Літоўскі правінцыйны камітэт. Рэвалюцыйны ўрад неўзабаве ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Актыўнымі ўдзельнікамі паўстаньня былі беларускамоўныя пісьменьнікі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч. Пад канец 1863 году паўстаньне было задушанае расейскімі войскамі. Агульная колькасьць загінулых паўстанцаў невядомая. Пакараных налічвалася 18 з паловаю тысячаў. 128 паўстанцаў былі павешаныя або расстраляныя, 853 пайшлі на катаргу, 11 502 — у высылку. Перад сьмяротным пакараньнем лідэр літоўскіх паўстанцаў Кастусь Каліноўскі здолеў перадаць на волю знакамітыя «Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя на беларускай мове.

Кастусь Каліноўскі
« Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе.

Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні
»

Пасьля нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864-ых гадоў расейскія ўлады вырашылі падтрымаць жамойцкі нацыянальны рух, каб зьменшыць уплыў палякаў і апалячаных беларусаў, які дэстабілізаваў становішча ў рэгіёне і з-за чаго часта ўспыхвалі бунты і паўстаньні.

Спрыяньне жамойцкаму культурнаму разьвіцьцю адлюстроўвалася ў зацьвярджэньні за жамойцкай мовай статусу мовы навучаньня ў Марыямпальскай вышэйшай вучэльні (у выніку чаго тая адразу стала цэнтрам падрыхтоўкі жамойцкай інтэлегенцыі), дазволе мець свой нацыянальны касьцёл, разьвіцьці жамойцкага друку і асьветы. Больш за тое, каля 100 000 жамойтаў жылі ў Прусіі, дзе мелі амаль неабмежаваныя магчымасьці культурнага разьвіцьця. У гэты ж час царскі ўрад забараніў беларускую мову як мову асьветы і друку, а ў 1839 годзе была забароненая ўніяцкая царква, у выніку чаго ліцьвіны згубілі сваю канфэсійную адметнасьць і былі падзеленыя на праваслаўных і каталікоў, што прывяло да слабой нацыянальнай еднасьці.

Садзейнічаньне разьвіцьцю жамойцкай культуры і мовы расейскімі ўладамі прывяло да таго, што жамойцкае адраджэньне пачалося значна раней за беларускае. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага руху пачалі выкарыстоўваць не сваю спрадвечную назву «Жамойць», а найменне старадаўняй, пераважна славянскай дзяржавы з эпіцэнтрам у Беларусі — Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя адраджэнцы прысвоілі ня толькі найменьне «Літва» (у форме «Летува»), але і заявілі пра свае выключныя правы на гістарычную і культурную спадчыну ВКЛ, а таксама на сымболіку. Замест свайго гістарычнага гербу «Мядзьведзь» жамойцкія дзеячы пачалі выкарыстоўваць «Пагоню» славянскага паходжаньня. А паколькі ў жамойцкай мове не было слова для яе пазначэньня, жамойцкая эліта (Сыманас Даўкантас) прыдумала яе, назваўшы «Пагоню» новым словам «Віціс». У выніку, беларускае адраджэньне пачалося пазней за жамойцкае, і беларускія дзеячы культуры, пачынаючы з Францішка Багушэвіча, прынялі найменьне, якое тады было распаўсюджана на Смаленшчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне, а таксама навязвалася расейскім друкам ― беларусы.

За канцэпцыю ўтварэньня ВКЛ жамойцкімі адраджэнцамі была ўзятая канцэпцыя балцка-славянскай канфрантацыі, якая ўзьнікла падчас навуковай дыскусіі паміж польскімі і расейскімі даследчыкамі ў канцы XIX ― пачатку XX стагодзьдзя. Паводле яе, падмуркам утварэньня Вялікага Княства Літоўскага была перамога раньнефэўдальнага балцкага ўтварэньня над славянамі, ў выніку чаго гэтая новая краіна трансфармавалася ў Вялікае Княства Літоўскае. У канцы XX стагодзьдзя гэтую канцэпцыю пераканаўча абверг Алесь Краўцэвіч, які даказаў, што ВКЛ з самага пачатку была біэтнічнай балта-славянскай дзяржавай з дамінаваньнем славян, а балта-славянскія адносіны ў часы утварэння Вялікага Княства Літоўскага насілі толькі мірны характар[8].

Увесну 1881 году беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі забіў цара Аляксандра ІІ, кінуўшы ў карэту цара бомбу. Грынявіцкі быў студэнтам Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту і сябром «Народнай волі(ru)». Праз тры гады пасьля забойства пачаў выходзіць часопіс «Гоман» — орган беларускай фракцыі «Народнай волі». У першым нумары часопіса дэкляравалася:


« Мы беларусы і павінныя змагацца за мясцовыя інтарэсы беларускага народу і фэдэратыўную аўтаномію краіны. »

У 1891 годзе ў кракаўскай друкарні Ўладзіслава Анчыца была надрукаваная беларускамоўная кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Кніга выйшла пад псэўданімам Мацей Бурачок[9]. У гэтым жа годзе нарадзіўся Максім Багдановіч, аўтар шэдэўру беларускай паэзіі — вершу «Пагоня».

У 1903 годзе была ўтвораная першая беларуская палітычная партыя — Грамада. Яна была створаная на зьезьдзе прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Вільні, Менску і Пецярбургу. Ідэйным базісам партыі быў сацыялізм. Першая праграма партыі прадугледжвала ўтварэньне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, другая — аўтаномію ў складзе Расеі. Сярод стваральнікаў партыі былі Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Іван Луцкевіч. У 1917 годзе Петраградзкі адзьдзел партыі налічваў каля тысячы сяброў, а агулам іх было каля пяці тысяч. Грамада стала адным з арганізатараў Першага Ўсебеларускага зьезду ў сьнежні 1917 году. Зьезд быў разагнаны, але заклаў падмурак абвяшчэньня беларускай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі.

У траўні 1906 году ў выніку паслабленьня ціску на нацыянальныя рухі з боку расейскіх уладаў заснаванае першае беларускае легальнае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Першай выдадзенай кнігай стаў «Беларускі лемантар» Каруся Каганца. Усяго было выдадзена больш за сто тысяч асобнікаў кніг беларускіх творцаў (Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Зьмітрака Бядулі, Цішкі Гартнага) і перакладаў. Пачатак Першай сусьветнай вайны спыніў дзейнасьць выдавецтва.

1 жніўня 1906 году выйшаў першы нумар легальнай беларускай газэты «Наша доля». Чатыры з шасьці нумароў былі канфіскаваныя царскай паліцыяй. Рэдактар газэты Іван Тукеркес быў зьняволены.

Велізарная роля ў згуртаваньні нацыянальных сілаў належыла тыднёвіку «Наша ніва», які ўпершыню пабачыў сьвет 10 лістапада 1906 году. За гады існаваньня «Наша ніва» стала агульнабеларускай газэтай.

19 ліпеня 1914 году пачалася Першая сусьветная вайна. Расея ўвязалася ў вайну і ўвяла свае войскі ў Прусію. Але хутка нямецкія войскі занялі палову тэрыторыі Беларусі. Толькі ў выніку нарачанскага наступу немцаў страты Расеі склалі блізу 100 тысяч чалавек. Цяжкае сацыяльна-эканамічнае становішча, спароджанае вайной, прывяло да кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе, у выніку чаго да ўлады прыйшлі бальшавікі.

Трэцяя Ўстаўная грамата, у якой абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі

Паслабленьне Расеі прывяло да нацыянальнага ўздыму прыгнечаных народаў. Па ўсёй Расеі паняволеныя нацыі сталі дэкляраваць намеры аб незалежнасьці. 18 сьнежня 1917 году ў Менску распачаўся Першы Ўсебеларускі зьезд, які сабраў 1872 дэлегаты з этнічнага беларускага абшару. На зьезьдзе быў закладзены падмурак беларускай дзяржаўнасьці. У ноч з 30 на 31 сьнежня бальшавікі разагналі зьезд з выкарыстаньнем узброеных адзьдзелаў. Дэкрэт аб разгоне падпісаў Карл Ландэр. Аднак 18 лютага 1918 году пачаўся наступ нямецкіх войскаў і бальшавікі ўцяклі зь Менску. Выканаўчы Камітэт Зьезду абвясьціў сябе ўладай у Беларусі. 3 сакавіка 1918 году паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай ў Берасьці была падпісаная мірная дамова без удзелу беларусаў, поводле якой частка Беларусі была пакінутая немцам. Ва ўмовах ігнараваньня беларускага нацыянальнага руху з боку Расеі й Нямеччыны, сярод беларускіх элітаў сталі дамінаваць незалежніцкія настроі. 25 сакавіка 1918 году ў Менску была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

11 кастрычніка 1918 году пры кіраваньні Народнага Сакратарыяту на чале з Антонам Луцкевічам была прынятая часовая канстытуцыя БНР[10].

Пасьля сыходу немцаў і бальшавіцкай акупацыі Менску на пачатку сьнежня 1918 году Рада БНР стала эмігранцкім урадам Беларусі. У адрозьненьне ад суседніх палякаў і летувісаў, беларусам не ўдалося стварыць незалежную нацыянальную дзяржаву[11].

Савецкія прышэльцы, якія ўзначалілі бальшавіцкі рух на тэрыторыі Беларусі Аляксандар Мясьнікоў (Мясьнікян) і Вільгельм Кнорын (Кнорыньш) не прызнавалі права беларускага народа на існаваньне[12]. Але яны не маглі ігнараваць ідэю беларускай дзяржаўнасьці, падмурак якой быў закладзены абвяшчэньнем БНР. Таму бальшавікі, нягледзячы на непрызнаньне беларускай нацыі, абвясьцілі Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь 1 студзеня 1919 году. Гэта было зроблена з мэтай супрацьпастаўленьня Беларускай Народнай Рэспубліцы і перацягненьня на савецкі бок беларускіх адраджэнцаў. Плян расейскіх камуністаў аказаўся ўдалым, у выніку чаго быў утвораны беларускі савецкі ўрад на чале з выбітным беларускім пісьменьнікам Зьмітром Жылуновічам (Цішка Гартны). Аднак з пачаткам актыўнай фазы савецка-польскай вайны, бальшавікі разагналі гэты ўрад і ліквідавалі ССРБ. Усходняя частка Беларусі была далучаная да РСФСР, а Заходнюю ўключылі ў склад Летувы і назвалі «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі» (ЛітБел). У кіраўніцтве ЛітБел не было ніводнага беларуса і створаная яна была ў якасьці буфэрнай зоны між Польшчай і РСФСР. У ССРБ і ЛітБел беларуская мова не дапускалася да друку і дзяржаўнага ўжытку, не выдавалася ніводнай газэты на беларускай мове. 31 ліпеня 1920 году ССРБ была адроджаная бальшавікамі. Была запушчаная прапаганда, нібы бальшавікі прызнаюць права нацый на самавызначэньне і гарантуюць ім вольнае разьвіцьцё пад Савецкай Расеяй. Была абвешчаная палітыка беларусізацыі, якая дала магчымасьць друкавацца на беларускай мове, займацца навуковай дзейнасьцю, плённа працаваць на ніве нацыянальнага адраджэньня. Згаданая прапаганда аказалася вельмі эфектыўнай, і ў 1920-х гадах у Савецкую Беларусь з-за мяжы пераехалі выбітныя дзеячы беларускага адраджэньня: Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Вацлаў Ластоўскі, Аркадзь Смоліч, Аляксандар Цьвікевіч, Палута Бадунова й іншыя. У пасьледку яны ўсе будуць фізычна зьнішчаныя савецкімі карнікамі. Разам зь імі будуць зьнішчаныя і заснавальнікі Савецкай Беларусі Зьміцер Жылуновіч, Аляксандар Чарвякоў, Усевалад Ігнатоўскі й іншыя. Бальшавікі-іншаземцы, якія ўсталёўвалі савецкую ўладу ў Беларусі (Карл Ландэр, Вільгельм Кнорыньш, Мікалай Гікала, Канстантын Гей), таксама будуць расстраляныя сваімі таварышамі.

Увосень 1920-га году на Случчыне ўтварылася нэўтральная зона ў выніку расейска-польскага замірэньня. Выкарыстоўваючы магчымасьць, дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня на Случчыне змаглі ўсталяваць у краі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі й арганізаваць дзесяцітысячнае войска дзеля адпору наступу бальшавікоў з Расеі. Войска складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага на чале з Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-га Грозаўскага на чале з Лукашам Семянюком. Была створаная Рада Случчыны на чале з Уладзімерам Пракулевічам. 27 лістапада пачаліся баі. Пасьля месяцу супраціву слуцкія ваяры былі вымушаныя адыйсьці за раку Лань, дзе былі раззброеныя палякамі і зьмешчаныя ў лягеры для інтэрнаваных асобаў. Частка ваяроў вярнулася ў Савецкую Беларусь, дзе ў пасьледку была фізычна зьнішчаная падчас савецкіх рэпрэсій.

Разам з тым заставалася актыўнай Беларуская сялянская партыя Зялёны Дуб, якая мела баявое крыло і ажыцьцяўляла партызанскую барацьбу супраць бальшавікоў.

18 сакавіка 1921 году паміх Савецкай Расеяй і Польшчай была падпісаная дамова, паводле якой Заходняя Беларусь адыходзіла Польшчы. Прадстаўнік Беларусі Аляксандар Чарвякоў не быў дапушчаны да перамоўнага стала. Усходняя Беларусь пад назвай «БССР» (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) фактычна стала калёніяй Расеі, афіцыйная назва якой з 1922 году гучала як «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». Заходняя Беларусь трапіла пад уладу Польшчы, дзе беларусы зазнавалі палітычны ўціск. У бюджэце на 1924 год першыя два месяцы ў структуры польскага экспарту займалі беларускі лес і украінская нафта. Каб не дапусьціць адзьдзяленьня Заходняй Беларусі, польскія ўлады стваралі перашкоды дзеячам беларускага нацыянальнага руху. Нярэдкімі сталі палітычныя судовыя працэсы, турэмныя ўвязьненьні. Адным зь лідэраў беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі быў Браніслаў Тарашкевіч[1].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Выраз «зьбіральнік Рускай зямлі» упершыню ўжытаваецца ў «Слове о житии и о преставлении великого князя Дмитрия Ивановича, царя русского» (канец XIV або пачатак XV стагодзьдзя) адносна маскоўскага князя Івана Каліты. Тэрмін «зьбіранне Рускай зямлі» ўвёў у навуковы зварот расейскі гісторык XIX стагодзьдзя С. М. Салаўёў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, Зм. Санько. — Мн.: рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
  2. ^ а б Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. — Вільня: Наша Будучыня, 1999. — 223 с.
  3. ^ Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. АРТЫКУЛЪ 1. Вси обыватели Великого князства Литовского тым одным правом писаным и от нас даным сужоны быти мають.
  4. ^ Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. РОЗДЕЛ ЧЕТВЕРТЫЙ: О СУДЬЯХ И О СУДЕХ.
  5. ^ Золотая орда // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907. (рас.)
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  8. ^ «Літва» ці «Жмудзь». Па слядах назвы адной краіны… // Інстытут беларускай гісторыі і культуры
  9. ^ Лойка А., Рагойша В. Беларуская літаратура ХІХ ст. Хрэстаматыя. Мн. 1988. с. 250—283.
  10. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 387.
  11. ^ Snyder T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999 (Yale University Press, 2003). P. 42
  12. ^ «Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты» —Вільгельм Кнорыньш, «Звезда», 6 кастрычніка 1918

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]