Ашмянскі павет
Ашмянскі павет | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | павет[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Ашмяны |
Старосты | Старосты ашмянскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 15 925 км² |
Час існаваньня | 1565/66—1795 |
Месцазнаходжаньне Ашмянскага павету | |
![]() | |
![]() |
Ашмя́нскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Гістарычна падзяляўся на дзьве часткі — Ашмянскую і Завілейскую. Сталіца — места Ашмяны.
Зьмест
Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мескія гербы атрымалі Ашмяны, Геранёны і Ліпнішкі (Пагоня).
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У XIV—XVI стагодзьдзях існавала Ашмянская воласьць, якую часам называлі паветам[1]. Афіцыйнае ўтварэньне павету адбылося толькі па адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе (1565—1566).
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655—1660 Ашмяншчына знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй. За гэты час была ўшчэнт разбураная гаспадарка павету, а ягонае насельніцтва скарацілася на палову[1]. У 1662 сойм Рэчы Паспалітай вызваліў увесь Ашмянскі павет ад выплаты пратэрмінаваных падаткаў[2].
У 1791, згодна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай, з Ашмянскага вылучылі Завілейскі павет з цэнтрам у Паставах[3].
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) да Ашмянскага далучылі ўсходнюю частку Менскага павету ў міжрэччы Бярэзіны зь мястэчкамі Налібакі і Дзераўная. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) тэрыторыя павету апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі.
Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На поўначы межаваў з Браслаўскім паветам Віленскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Полацкім ваяводзтвам, на поўдні — зь Менскім паветам Менскага ваяводзтва і Наваградзкім паветам Наваградзкага ваяводзтва, на ўсходзе — зь Лідзкім і Віленскім паветамі Віленскага ваяводзтва.
У склад Ашмянскага павету ўваходзіла тэрыторыя Ашмянскага гродавава, Вялейскага, Губскага, Даўгеліскага, Дудзкага, Крэўскага, Маркаўскага, Трабскага[4] і Мядзельскага старостваў і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
На 1790 павет налічваў 17 местаў і мястэчак. У розныя часы на тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі: Ашмяны, Ашмянка Мураваная, Багданаў, Баруны, Беніца, Будслаў, Вішнеў, Вішнеў (Завялейскі), Валожын, Войстам, Вялейка (Куранец Стары), Гадуцішкі, Гальшаны, Геранёны, Германішкі, Глыбокае, Граўжышкі, Груздава, Гудагай, Данюшава, Даўгінаў, Дуды, Дунілавічы, Жодзішкі, Жупраны, Забрэзьзе, Засьвір, Кабыльнік, Іўе, Камаі, Канстанцінава, Канвелішкі, Крывічы, Крэва, Куранец, Лаздуны, Лебедзева, Ліпнішкі, Лоск, Лучай, Лынтупы, Мосар, Мядзел, Параф’янава, Паставы, Пяршаі, Славенск, Смаргонь, Трабы, Солы, Суботнікі, Сурвілішкі, Сьвір, Сьвянцяны (1486), Юрацішкі. Магдэбурскае права мелі Ашмяны (XVI ст.), Баруны (1705), Геранёны (25.05.1792), Жодзішкі (1774), Крэва (7.04.1559), Ліпнішкі (6.06.1633), Мядзел (6.10.1762), Сьвянцяны (1486).
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У сяр. XVII ст. налічваў 30 542 дымы. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 214 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 99 тыс. чал.[5].
У Ашмянскім павеце пераважала дробная шляхта, нават існавала іранічнае выслоўе: «ашмянскі шляхціц: адна нага ў боце, другая ў лапці». Адначасна гэта быў найбольш заселены павет Віленскага ваяводзтва[2].
Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Павятовы соймік праходзіў у Ашмянах, тамака ж месьціліся падкаморскі суд, склікалася паспалітае рушаньне. Земскі і гродзкі суды праходзілі ў Ашмянах і Мядзелі, з 1775 — у Ашмянах і Паставах[6]. Ашмянская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
На Гарадзенскім сойме 12 студзеня.1793 дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна ашмянскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Марцін Аскерка. Ён атрымаў прывілей 26.10.1793, але ўжо ў канцы восені таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала ашмянскую кашталянію. У выніку, кашталян ашмянскі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сакральная архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На тэрыторыі Ашмяншчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва. У XVII ст. у тутэйшую мураваную архітэктуру прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — віленскага барока і клясыцызму.
- Помнікі драўлянага дойлідзтва
Спаская царква, Насілава
- Помнікі архітэктуры віленскага барока
Абарончая архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Замкі і абарончыя храмы
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Ашмянскі павет (Расейская імпэрыя)
- Ашмянскі павет (1919—1939)
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Брэгер Г. Ашмянскі павет // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 269.
- ^ а б Сяліцкі Ф. Даўгінаўска-Будслаўска-Крывіцкі рэгіён на даўняй Віленшчыне / Пераклад Міхася Гіля. — Ўроцлаў, 1989.
- ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 34—39.
- ^ Powiat aszmianański // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 338.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Каранеўскі А. Ашмянскі павет // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 238.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.
|