Перайсьці да зьместу

Байнэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Байнэ́т — беларуская частка сеткі Інтэрнэт. У Байнэце налічваецца каля 70 000 вэб-сайтаў, каля паловы якіх месьцяцца ў дамэнай зоне .by.

Назва ўтворана па аналёгіі зь некаторымі іншымі сэгмэнтамі Інтэрнэту ў краінах СНД і адбываецца ад пазначэньня нацыянальнага дамэну Беларусі — .by і слова net (па-ангельску: сетка). Існуе таксама альтэрнатыўная назва — Белнэт, скарачэньне ад «Беларускі Інтэрнэт», якое амаль ніхто не выкарыстоўвае.[1]

У 1991 годзе высілкамі групы энтузіястаў ствараецца вузел сеткі Internet/Relcom. Гэты вузел упершыню ў Беларусі пачаў падаваць паслугі электроннай пошты.

У траўні 1994 году «Адкрыты кантакт» набыў статут адміністратара нацыянальнай дамэнай зоны by. Дзякуючы гэтаму сталі магчымыя беларускія сайты з канчаткам на .by. У 1995-96 гадох у сеціве пачалі зьяўляцца першыя беларускія старонкі.

3 ліпеня 1995 году было створана Рэспубліканскае дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам», якое было абвешчана нацыянальным апэратарам сувязі. У ліпені 1996 году зарабіла сетка «Белпак», якая мела ў той час 18 вузлоў доступу ў Інтэрнэт.

У сакавіку 1997 году запушчаны ў эксплюатацыю спадарожнікавы канал на 1024 кбіт/хв. (На сярэдзіну 2003 году сукупны вонкавы канал сувязі РУП «Белтэлекам» складаў 79 Мбіт/хв).

У лютым 1999 году «Белтэлекам» запусьціў агульнарэспубліканскую сыстэму беспарольнага камутаванага доступу, якая магла абслугоўваць да 15 000 абанэнтаў што месяц.

2000 год зьяўляецца пераломным у разьвіцьці беларускага Інтэрнэту. Рэзкае павелічэньне аўдыторыі карыстальнікаў, зьяўленьне новых правайдэраў і вэб-студый, правядзеньне конкурсаў і акцый па разьвіцьці сеткі — усё гэта, а таксама нястомнае павелічэньне актыўнасьці сайтабудаўнікоў, ператварылі Інтэрнэт з захапленьня «кампутарных геніяў» і тэхнароў у паўсядзённы занятак тысячаў людзей самых розных прафэсій.

Беларусь стала адной зь першых краінаў у сьвеце, якая прыняла закон пра электронны дакумэнт. Закон быў падпісаны прэзыдэнтам 22 сьнежня 1999 году.

У канцы 2002 году ўрад Беларусі прыняў Дзяржаўную праграму інфарматызацыі «Электронная Беларусь».

1 красавіка 2009 году адзін з найбольш наведвальных сайтаў рунэту — Bash.org.ru быў пераназваны ў «Цытатнік Байнэту» з поўным перакладам усіх цытат і інтэрфэйсу на беларускую мову.

У пастанове Саўміна «Пра некаторыя пытаньні ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт» № 644 ад 29 красавіка 2010 гады прыводзяцца нормы, паводле якіх да 1 ліпеня 2010 году інтэрнэт-рэсурсы, якія месьцяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, інфармацыйныя сыстэмы й сеткі неабходна зарэгістраваць[2].

Зыходзячы зь Указу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 г. № 60 «Пра меры па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт» (рэгістрацыйны нумар: 1/11368) з 1 ліпеня 2010 году доступ да сеткі Інтэрнэт у пунктах калектыўнага карыстаньня ажыцьцяўляецца толькі пасьля падаваньня дакумэнту, які выяўляе асобу й рэгістрацыі карыстальніка. Продаж карт доступу да сеткі Інтэрнэт па тэхналёгіі Wi-Fi ажыцьцяўляецца таксама пасьля падаваньня дакумэнтаў.

Памер Інтэрнэт-аўдыторыі ў Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Па выніках праведзенага ААН дасьледаваньня[3] на 2006 год доступам у Інтэрнэт валодала 5 477 500 карыстальнікаў ці 56,5% насельніцтва краіны. Гэта 22 месца ў сьвеце і самы высокі паказчык ва Ўсходняй Эўропе (нароўні з Эстоніяй у якой таксама 56,5%). У той жа час паводле гэтага дасьледаваньня распаўсюджанасьць шырокапалоснага доступу ў Беларусі прыкметна менш чым у сярэднім па рэгіёне. Па зьвестках на 2006 год колькасьць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу складала 11 400 ці 0,1%. Такую сытуацыю можна збольшага растлумачыць тым што рынак шырокапалоснага доступу да 2006 году разьвіваўся галоўным чынам у Менску, паколькі Інтэрнэт-правайдары (акрамя дзяржаўнага «Белтэлекаму») не валодалі ўласнай сеткай перадачы зьвестак дастатковай прапускной здольнасьці, каб масава прапанаваць гэту паслугу нават у найбуйнейшых гарадах краіны. Пасьля таго як у канцы 2006 году «Белтэлекам» выйшаў на рынак масавага шырокапалоснага доступу, колькасьць карыстальнікаў гэтай паслугі стала імкліва расьці. Так у 2008 годзе «Белтэлекам» абвясьціў пра тое што колькасьць карыстальнікаў шырокапалоснага доступу ў яго дасягнула 100 тыс.[4]. Акрамя таго ў 2007—2008 гадох некалькі буйных беларускіх правайдараў таксама запусьцілі паслугу доступу па ADSL у абласных цэнтрах.

1 студзеня 2012 году налічвалася больш за 6,3 млн абанэнтаў сеціва, зь іх 53,8% карысталіся шыракапалосным доступам. 40% жыхароў ва ўзросьце ад 16 гадоў карысталіся сецівам. На 26 лістапада 2012 году прапускная здольнасьць вонкавых каналаў доступу ў сеціва складала 250 Гбіт/сэк.[5] На 1 студзеня 2013 году прапускная здольнасьць вонкавых каналаў доступу ў сеціва склала 350 Гбіт/с. Колькасьць абанэнтаў сеціва склала 8,4 млн, у тым ліку фізычных асобаў — 7,5 млн. Колькасьць абанэнтаў бяздротавага доступу — 5,7 млн. У агульнай колькасьці абанэнты шырокапалоснага доступу (стацыянарнага і бяздротавага) склалі 67,7%[6].

Інтэрнэт-гандаль у Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Сёньня Інтэрнэт — адзін з самых эфэктыўных і разьвітых каналаў продажу. Па дадзеных міністэрства гандлю [7] на 2008 год у Беларусі працуе каля 700 інтэрнэт-крама. Кожны год іх колькасьць павялічваецца ў сярэднім на 100 аб’ектаў. Першай беларускай Інтэрнэт-крамай быў сайт oz.by, празь які можна было купіць кнігі, відэакасэты, кампутарныя гульні. Гэта пляцоўка зьявілася ў кастрычніку 1999 году. У 2000 годзе паўсталі крамы shop.by і onliner.by. Цяпер гэта буйныя гандлёвыя пляцоўкі, на якіх месьцяцца сотні гандляроў. У Беларусі працуе вялікая колькасьць Інтэрнэт-крам, самыя буйныя зь якіх: e-odezhda.by[8] (адзежа і аксэсуары), oz.by і mirknig.by[9] (кнігі, дыскі), novatek.by[10] (ноўтбукі, кампутары, побытавая тэхніка). Па пастанове ўраду Беларусі № 649 ад 29 красавіка 2010 усе Інтэрнэт-крамы рэгіструюцца ў гандлёвым рэестры.

Паводле апытаньня пакупнікоў Інтэрнэт-крам[11] сярэдні ўзрост людзей, якія карыстаюцца паслугамі Інтэрнэт-крам у Беларусі — 21—25 гадоў (31% карыстальнікаў), 25—29 гадоў (28% карыстальнікаў). Мужчыны зьдзяйсьняюць Інтэрнэт-куплі часьцей жанчын: 56% і 44% карыстальнікаў адпаведна. Часьцей за ўсё жыхары Беларусі купляюць праз Інтэрнэт мабільныя тэлефоны й фотатэхніку, кампутары й наўтбукі. Усё часьцей беларусы заказваюць у Інтэрнэт-крамах будаўнічыя матэрыялы, мэблю, прадметы інтэр’еру, буйную тэхніку.

21 жніўня 2009 году «БелТонМэдыя» заснаваў беларускамоўную краму www.prastora.by[12][13]. У 2010 годзе таваразварот сеціўных крамаў склаў больш за 230 млрд беларускіх рублёў[14] ($76,8 млн). У 2011 годзе таваразварот сеціўных крамаў склаў 800,5 млрд рублёў ($142,8 млн; 0,7% ад розьнічнага таваразвароту). На 14 красавіка 2012 году налічвалася 3932 улічаныя крамы[15]. На 4 траўня з амаль 4 тыс. улічаных крамаў 75% знаходзіліся ў сталіцы, 12% — у Менскай вобласьці, па 2—3% у кожнай іншай вобласьці[16]. На 5 сьнежня на ўліку ў Міністэрстве гандлю стаяла 4665 сеціўных крамаў (48% ад агульнага ліку)[17].

Па меркаваньні дырэктара й заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера, Байнэт адстае ад Інтэрнэту ЗША на 9 гадоў (на чэрвень 2009 году)[18].

Да 2012 году беларускія райцэнтры могуць абагнаць Менск па ўзроўні пранікненьня Інтэрнэту. На чэрвень 2009 году ў гарадах з насельніцтвам больш за 100 тысячаў чалавек 12,2% жыхароў карыстаюцца доступам у Сетку штодня. У Менску аналягічны паказчык складае 30,8%.[19]

Статыстыка, рэйтынгі, каталягізацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Ажыцьцяўляецца шэрагам беларускіх парталаў:

  • Акавіта[20] — першы беларускі рэйтынг сайтаў.
  • Беларускі bigmir)net[21] — украінскі рэйтынг сайтаў, стварыў беларускую вэрсію ў 2008.
  • Геміюс[22] — першая камэрцыйная сыстэма статыстыкі, пачала працаваць у 2008 году.

Рэспубліка Беларусь — на 66 месцы сярод краінаў з найбольш высокай «шкоднай актыўнасьцю ў інтэрнэце» (справаздача Symantec пра пагрозы інтэрнэт-бясьпекі за 2009 год). У першай сотні краінаў — Расея (7 месца), Украіна (27 месца), Казахстан (54 месца), Грузія (78 месца) і Малдова (86 месца)[23]

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Цяжкасьці перакладу й самаідэнтыфікацыі. Расставіць усе кропкі перад «by» пакуль не атрымоўваецца
  2. Беларускія хостэры папытаюць уладальнікаў сайтаў зарэгістравацца
  3. INFORMATION ECONOMY REPORT 2007—2008
  4. Колькасьць абанэнтаў Byfly дасягнула 100 тыс. Навіны Беларусі, навіны Расеі, навіны спорту, навіны Ўкраіны, навіны зоркі
  5. Агляд 2012: Лічбавыя тэхналёгіі Інфаграфіка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (26 лістапада 2012). Праверана 1 сьнежня 2012 г.
  6. Марына Носава.. За апошні год колькасьць абанэнтаў сеткі інтэрнэт у Беларусі ўзрасла амаль на 23% // БелаПАН, 17 траўня 2013 г. Праверана 18 траўня 2013 г.
  7. Штогод колькасьць інтэрнэт-крам у Беларусі ў сярэднім павялічваецца на 100 аб’ектаў
  8. https://web.archive.org/web/20121219085111/http://www.e-odezhda.by/
  9. https://web.archive.org/web/20141218014113/http://mirknig.by/
  10. http://www.novatek.by
  11. Big Fish Consalting: Вынікі апытаньня пакупнікоў Інтэрнэт-крамы
  12. https://web.archive.org/web/20210731023758/http://prastora.by/
  13. Вольга Жарнасек. Байнэт папоўніўся беларускамоўнай крамай // Наша Ніва, 21 жніўня 2009 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
  14. Натальля Тарасюк. Міністэрства гандлю рэкамэндуе інтэрнэт-магазінам пераходзіць на безнаяўныя плацяжы // Белтэлерадыёкампанія, 22 жніўня 2011 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
  15. Ганна Гарустовіч. Інтэрнэт-крамы будуць прымаць і безнаяўныя // Зьвязда : Газэта. — 14 красавіка 2012. — № 73 (27188). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  16. Зьміцер Кахно. Беларускія інтэрнэт-магазіны могуць пазбавіцца наяўных грошай // Белтэлерадыёкампанія, 4 траўня 2012 г. Праверана 28 красавіка 2013 г.
  17. Тацяна Грыгаровіч (5 сьнежня 2012) Мінгандаль канстатуе хуткае развіцьцё інтэрнэт-гандлю ў Беларусі Эканоміка. БелТА. Праверана 6 сьнежня 2012 г.
  18. Наста Ігнатовіч. Зісер: У Беларусі Інтэрнет дарагі, але гэта нікога не стрымлівае // Эўрарадыё, 1 чэрвеня 2009 г. Праверана 8 траўня 2013 г.
  19. Рэгіянальны пратакол: тэхналёгіі ідуць у глыбінку
  20. http://www.akavita.by/be/
  21. https://web.archive.org/web/20130731093551/http://top.bigmir.net/by
  22. https://web.archive.org/web/20200510220549/https://gemius.by/
  23. Беларусь патрапіла ў першую сотню краін з найбольш высокай «шкоднай актыўнасьцю ў інтэрнэце»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]