Русіны (гістарычны этнонім)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Русі́ны — гістарычны эндаэтнонім жыхароў Русі, адна з назваў усходнеславянскага насельніцтва[1]. Сынонімы — руськія, рускія, русакі[1].

Назва ўтварылася ад назвы Русь дзеля азначэньня адзінкавых яе прадстаўнікоў (у старажытных крыніцах да XVI стагодзьдзя ў множным ліку не выкарыстоўвалася). Сустракаецца ў крыніцах ад самага пачатку існаваньня Русі, пазьней — у крыніцах, якія пішуць пра Галіцка-Валынскае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Вялікае Княства Маскоўскае й іншыя землі, якія былі часткамі Русі. У Маскоўскай дзяржаве палітонім русін з часам быў выціснуты з ужытку іншым палітонімам рускі, але й пазьней зрэдку ўжываўся раўнапраўна зь ім. Форма множнага ліку русіны ўзьнікла ў XVI ст. і служыла дзеля азначэньне ўсходнеславянскага: праваслаўнага й уніяцкага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага й Каралеўства Польскага[2], Дунайскіх княстваў і Вугорскага каралеўства.

На сёньняшні час этнонім захаваўся толькі ў некаторых групаў усходнеславянскага насельніцтва: на Лемкаўшчыне, а таксама ў Ваяводзіне й Паноніі.

У гістарычных і літаратурных крыніцах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамата Жыгімонта I ад 27 верасьня 1432 г.

«І той князь Барыс заснаваў горад у імя сваё на рацэ Бярэзіне і назваў яго Барысаў. І як русін быў ён вельмі набожны і пабудаваў у Полацку царкву каменную святое Сафіі»

«У брата ж вялікага князя Альгерда — у Кейстута, які валадарыў у Троках і ў зямлі Жамойцкай, было шасцёра сыноў. Першаму сыну, Вітаўту, калі стаў ён русінам, далі імя Юры, а калі ахрысціўся ў ляшскую веру, тады далі яму імя Аляксандар.»

  • Грамата Жыгімонта I ад 27 верасьня 1432 году месьцічам Віленскім[4]

1432 года, Сентября 27 дня. Грамота великаго князя Сигизмунда Виленскимъ мѣщанамъ на Магдебургское право.

"В. князь литовскiй Сигизмундъ, желая «мѣсту своему Вилни битье лѣпшее учинити, даруетъ Виленскимъ мѣстичомъ вѣры римское и русскимъ, што суть русское вѣры, и всему поспольству мѣста Виленскаго немецкое право»

« «Ты, [кожны з] вялікіх, шчыльнанаселеных і незьлічоных хрысьціянскіх народаў — валынцаў, падгорцаў, падляшцаў, палешукоў, падольцаў, Нізоўцаў, украінцаў, Літвы, Белай Русі і Чорнай, ад бэскідзкіх Татраў да Балтыйскага мора, на ўсход сонца і на поўдзень, у Кароне і ў Вялікім Княстве Літоўскім, [ты, кожны зь ліку] шырока расьселеных хрысьціянскіх рускіх народаў, у шаснаццаці шматлюдных япіскапскіх дыяцэзіях, пры тым, што Мітрапаліт мае шэсьць япіскапаў [і] сёмага архіяпіскапа пад уладай сваёй юрысдыкцыі, у час прыватных нарадаў ты ня мусіў быў стаяць за сьпінамі япіскапаў, аб’яднаных пад уладай аднаго і таго ж Пастыра. »

—Smotrycki M. Werificacia niewinności powtore wydana <...>. — Wilno, 1621. 8—8v.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню тэрмін зьявіўся ў дамове Русі зь Бізантыяй 911 году, потым у Праўдзе Яраслава (пачатак XI ст.), Падрабязнай Рускай Праўдзе (пачатак XII ст.), Лаўрэнцьеўскім летапісе, на беларускіх землях — у дамове Смаленску з Рыгай 1229 году[1]. Разам з тым, першая вядомая дзяржава на этнічнай тэрыторыі беларусаў — Полацкае княства — у летапісах XII ст. не лічылася Русьсю[6]. Напрыклад, Аповесьць мінулых часоў нават супрацьпастаўляе «Рускай зямлі» Полацкую і Смаленскую. У пісьмовых крыніцах жыхары Полацкага княства да другой паловы XII ст. выступалі пад старой племянной назвай — крывічы[7].

У 1383 годзе ўпершыню упамінаецца юрыдыка праваслаўных (уніяцкіх) мітрапалітаў (Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія) у Вільні, якая атрымала назву Рускі Горад[8]. Тым часам у Віцебску, аднесенага ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх да літоўскіх гарадоў (як і большасьць беларускіх гарадоў[9]), гістарычна ўтварылася прадмесьце Русь (Рускі пасад), дзе сяліліся купцы з Кіева[10]. Мясцовасьць Руская Слабада (таксама як і ў Віцебску — у Задзьвіньні, па-за асноўным местам) існавала і ў суседнім Вяліжы. Як адзначаюць дасьледнікі, у XVI—XVII стагодзьдзях этнонім «русь» перайшоў у разрад канфэсіёнімаў, а як этнонім ужываўся толькі датычна жыхароў Кіеўскай Русі[5], тым часам найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасьвядомасьці беларускага народу была назва ліцьвіны, якая адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[11][12].

У час перапісу 1921 году ў Польскай Рэспубліцы русінамі назвалі сябе некаторыя жыхары Палескага (156 142 чал.; у склад гэтага ваяводзтва ўвайшлі этнічна ўкраінскія Камень-Кашырскі і Сарненскі паветы) і Наваградзкага (250 чал.) ваяводзтваў, Віленскай зямлі (56 чал.), Браслаўскага, Дунілавіцкага, Дзісенскага й Вялейскага паветаў[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 136.
  2. ^ Історія української культури. У 5 томах. Т. 2. — Кіеў: 2001.
  3. ^ Хроніка Быхаўца
  4. ^ Сборник палеографических снимков с древних грамот и актов, хранящихся в Виленском центральном архиве и Виленской публичной библиотеке 1432-1548 гг. — Вильна, 1884.
  5. ^ а б Короткий В. «Литва», «Русь», «литвин», «русин» в памятниках литературы Великого Княжества Литовского XVI—XVII веков // Bibliotheca archivi lithuanici. — № 7. — Vilnius: Lietuvių kalbos institutas, 2009. C. 187—196.
  6. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 57.
  7. ^ Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. С. 23.
  8. ^ Пазднякоў В. Вільня // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 441.
  9. ^ Пазднякоў В. Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 392.
  10. ^ Алексеев, Л.В. Полоцкая земля в IX–XIII вв. (Очерки истории Северной Белоруссии). — М.: Наука, 1966. С. 167.
  11. ^ Чаквін І. Формы этнічнага і нацыянальнага самавызначэння беларускага насельніцтва XIV—XVIII ст. (да праблемы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў) // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Ч. I. — Менск, 1993. С. 48—49.
  12. ^ Чаквин И. В. Избранное: теоретические и историографические статьи по этногенезу, этническим и этнокультурным процессам, конфессиональной истории белорусов. — Минск: Беларуская навука, 2014. С. 172, 176.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]