Перайсьці да зьместу

Нямецка-савецкая вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вялікая Айчынная вайна»)
Нямецка-савецкая вайна
Дата: 22 чэрвеня 1941 — 9 траўня 1945
Месца: Усходняя й Цэнтральная Эўропа
Прычына: адмова СССР саступіць Нямеччыне пралівы Басфор й Дарданэлы пры падзеле Турэччыны
Вынік: капітуляцыя Нямеччыны
Тэрытарыяльныя
зьмены:
СССР атрымаў поўнач Усходняй Прусіі ад Нямеччыны й Закарпацьце ад Вугоршчыны ды страціў Беластоцкую вобласьць на карысьць Польшчы; аднова Польшчы зь землямі да Одры ад Нямеччыны; вяртаньне Славаччыны ў склад адноўленай Чэхаславаччыны; Румынія атрымала поўнач Сяміградзьдзя ад Вугоршчыны; аднова Югаславіі
Супернікі
Нямецкі Райх і падкантрольныя яму дзяржавы; Краіны ВосіСССР
Камандуючыя
Вільгельм КейтэльЁсіф Сталін
Колькасьць
19 000 00034 476 700
Страты
5 076 700 вайскоўцаў8 668 400 жаўнераў
Агульныя страты
20 616 600 цывільных

Няме́цка-саве́цкая вайна́[1] (у савецкай гістарыяграфіі — Вялі́кая Айчы́нная вайна́) — вайна нацысцкае Нямеччыны й ейных эўрапейскіх саюзьнікаў — Вугоршчыны, Італіі, Румыніі, Славаччыны, Фінляндыі й Харватыі — супраць Савецкага Саюзу, якая скончылася перамогай апошняга й капітуляцыямі альбо акупацыяй першых. Была найважнейшай часткай Другое сусьветнае вайны[Крыніца?]. Працягвалася 1418 дзён і начэй з 22 чэрвеня 1941 да 9 траўня 1945 году.

Пры разглядзе ў якасьці асобнай вайны (а ня як эпізоду Другой сусьветнай вайны[2]) у яе выніку Беларусь стала адзінай афіцыйнай краінай-пераможцай, якая пры гэтым нароўні зь пераможаным Трэцім Райхам і ягонымі хаўрусьнікамі страціла частку сваёй тэрыторыі — этнічныя беларускія землі Падляшша, а таксама частку гістарычных Берасьцейшчыны, Гарадзеншчыны й Ваўкавышчыны[3].

Прывітальная арка ў Высокім да ўдзельнікаў супольнага нацысцка-савецкага параду ў Берасьці з усхваленьнем Сталіна і нацысцкай сымболікай, верасень 1939 г.[4]

Зь сярэдзіны 1930-х гадоў сьвет пачаў уцягвацца ў новую вайну. Грамадзянская вайна ў Гішпаніі, агрэсія Італіі супраць Этыёпіі, Японіі супраць Кітаю, далучэньне да Трэцяга Райху Аўстрыі, затым Мюнхэнская змова, у выніку якой Чэхаславаччына зьнікла з мапы Эўропы, — такія трагічныя вехі разьвязваньня другой сусьветнай вайны. Калі ў канцы 1938 г. нацысцкая Нямеччына пачала дыпляматычны наступ на Польшчу, стварыўшы данцыскую крызу і рыхтуючыся да вайны, урад СССР у сакавіку 1939 г. пачаў у Маскве перамовы з прадстаўнікамі ўрадаў Ангельшчыны і Францыі аб заключэньні дамовы аб узаемнай дапамозе. Дэлегацыя СССР прапанавала акрамя заключэньня пакту аб узаемнай дапамозе аказаць падтрымку ўсім усходнеэўрапейскім краінам, якія мяжуюць з СССР. Такі крок стаў бы эфэктыўным пачаткам працэсу стварэньня сыстэмы міжнароднай бясьпекі ў Эўропе і сьвеце. Польшча адмовілася ад такой прапановы. Падчас перамоваў ваенных місіяў СССР, Ангельшчыны і Францыі аб арганізацыі сумеснай абароны супраць агрэсіі ў Эўропе кіраўнік савецкай дэлегацыі К. Варашылаў 14 жніўня 1939 г. пры заключэньні дамовы аб узаемнай дапамозе і ваеннай канвэнцыі паставіў умову: прапусьціць савецкія войскі праз польскую тэрыторыю, каб яны маглі непасрэдна сутыкнуцца з ворагам, калі ён нападзе на Польшчу, або праз румынскую, калі агрэсар нападзе на Румынію. Гэта прапанова не была прынята. Міністар замежных справаў Польшчы заявіў, што яго ўрад такую дамову заключаць не зьбіраецца. Тым часам становішча паблізу мяжы СССР абвастрылася. 22 сакавіка 1939 г. гітлераўцы занялі Клайпедзкую вобласьць. Летува заключыла дамову зь Нямеччынай. Былі заключаны дамовы аб ненападзе Нямеччыны зь Летувой і Эстоніяй. У летнія месяцы 1938 і 1939 гг. Чырвонай Арміі давялося адбіваць японскую агрэсію ля возера Хасан, ракі Халхін-Гол. У такіх абставінах Ёсіф Сталін і В. Молатаў самастойна прынялі рашэньне аб заключэньні зь Нямеччынай дамовы аб ненападзе і спынілі перамовы з Ангельшчынай і Францыяй. 23 жніўня 1939 году ў Маскве В. Молатаў і Ё. Рыбэнтроп у прысутнасьці Ё. Сталіна падпісалі акт аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да яго быў прыкладзены сакрэтны пратакол, якім разьмяжоўваліся сфэры ўплыву Нямеччыны і СССР. Паводле тэксту пратакола Летува першапачаткова была ўключана ў сфэру ўплыву Нямеччыны, а Вільня аднесена да Летувы. Заходняя Беларусь і частка Польшчы на ўсход ад р. Нараў, Вісла, Сан, а таксама Фінляндыя, Эстонія, Латвія і Бэсарабія ўвайшлі ў сфэру ўплыву СССР. Лёс Польшчы аўтары сакрэтнага пратакола дамовіліся вырашыць у парадку дружалюбнай двухбаковай згоды. Ад дэпутатаў Вярхоўнага Савету СССР гэты сакрэтны пратакол быў скрыты.

На другі дзень пасьля ратыфікацыі дамовы Вярхоўным Саветам СССР, 1 верасьня 1939 г., нямецкія войскі без абвяшчэньня вайны напалі на Польшчу. 3 верасьня Францыя і Ангельшчына аб’явілі вайну Нямеччыне. Пачалася Другая сусьветная вайна. Мужнае супраціўленьне польскай арміі ля Вестэрплятэ, Гдыні, Модліна, Варшавы не змагло процістаяць арміі гітлераўскага райху. Польскі ўрад і камандаваньне не змаглі арганізаваць эфэктыўную абарону і на трэці тыдзень пасьля пачатку вайны пакінулі краіну. Праз два тыдні нямецкія войскі акупавалі ўсю Польшчу, а 14 верасьня Берасьце.

Далучэньне Заходняй Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прывітальная арка ў Берасьці з нацысцкай і савецкай сымболікай

Дамова аб сяброўстве і межах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Афіцыйная падзяка Сталіна Гітлеру і Рыбэнтропу: «Сяброўства народаў Нямеччыны і Савецкага Саюзу, змацаванае крывёю, мае ўсе падставы быць працяглым і трывалым»[a]. Праўда, 25.12.1939 г.[5]

Дамова аб сяброўстве і межах паміж Нямеччынай і СССР была падпісана 28 верасьня 1939 г. Пакт аб ненападзе і дамова аб сяброўстве і межах паміж Нямеччынай і СССР, сакрэтныя пратаколы да іх падлягалі хуткай ратыфікацыі; абвяшчалі неабмежаваны нэўтралітэт у выпадку вайны з трэцяй дзяржавай; нэгатыўна паўплывалі на міжнародны рабочы рух; падзялілі Эўропу на сфэры ўплыву паміж Нямеччынай і СССР; «разьвязалі рукі» Нямеччыне для пачатку адкрытых ваенных дзеяньняў у Эўропе. 28 верасьня 1939 г. у Маскве была падпісана дамова паміж СССР і Нямеччынай аб сяброўстве і межах, па якой усталёўвалася новая заходняя мяжа Савецкага Саюзу па так званай «лініі Керзана». У сакрэтным дадатковым пратаколе была запісана дамоўленасьць аб уваходзе тэрыторыі Летувы ў сфэру ўплыву СССР у абмен на Люблінскае і частку Варшаўскага ваяводзтваў, якія ўвайшлі ў сфэру ўплыву Нямеччыны. 7 кастрычніка 1939 г. па рашэньні ўраду СССР Летуве былі перададзены Вільня і Віленскае ваяводзтва, а ўлетку 1940 г. — Сьвянцянскі і Гадуцішкаўскі раёны, частка Астравецкага, Ашмянскага, Пастаўскага і Сьвірскага раёнаў.

Нагода-зачэпка, выкарыстаная Нямеччынай для нападу на Польшчу 1 верасьня 1939 г. — інсьпірыраваны нямецкімі спэцслужбамі напад на радыёстанцыю ў Глейвіцэ.

Нямецкае кіраўніцтва падштурхоўвала савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласьці адказнасьць за вайну і на СССР. Але Сталін, каб стварыць уражаньне нэўтралітэту, адцягваў выступленьне. Толькі 17 верасьня 1939 г., калі польская армія ў цэлым была разьбітая, савецкі ўрад аддаў распараджэньне камандаваньню Чырвонай Арміі перайсьці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыцьцё і маёмасьць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Чырвоная Армія прасоўвалася хутка. Месцамі ёй дапамагала насельніцтва, дзейнічалі партызанскія групы. Пераважная большасьць польскіх войскаў здавалася бяз бою. У час паходу ў Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь загінула 737 і было паранена 1862 салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі. Да 25 верасьня Заходняя Беларусь была цалкам занята Чырвонай Арміяй. Ужо 22 верасьня генэрал Гудэрыян і камбрыг Крывашэін на галоўнай вуліцы Берасьця прынялі парад нямецкіх і савецкіх войскаў, затым савецкія войскі былі адведзены за Буг. Падобныя парады адбыліся ў Львове і Пінску.

Галоўнакамандуючы Войска Польскага Э. Рыдз-Сьміглы 17 верасьня 1939 г. у час пачатку паходу Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі загадаў сваім падначаленым: ухіляцца ад узброеных сутычак з Чырвонай Арміяй; аказваць супраціўленьне ў выпадку адкрытага нападу Чырвонай Арміі; аказваць супраціўленьне ў выпадку спроб раззбраеньня Чырвонай Арміяй.

Захады на далучанай тэрыторыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усьлед за Чырвонай Арміяй у Заходнюю Беларусь для ўсталяваньня Савецкай улады з усходніх раёнаў было накіравана на партыйную работу 1500, на камсамольскую, савецкую, гаспадарчую − 1200 камуністаў і камсамольцаў, сотні работнікаў НКУС, якія ня ведалі мясцовага ўкладу жыцьця, звычаяў, асаблівасьцяў мовы, а таму не карысталіся даверам мясцовага насельніцтва. Ва ўсіх гарадах і паветах былі створаны часовыя кіраўніцтвы, у вёсках — сялянскія камітэты зь мясцовых актывістаў, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і прысланых з усходніх раёнаў камуністаў і камсамольцаў. Яны стварылі атрады рабочай гвардыі, міліцыі, бралі на ўлік фабрыкі і заводы, усталёўвалі рабочы кантроль, займаліся забесьпячэньнем, мэдыцынскім абслугоўваньнем. Сялянскія камітэты дзялілі памешчыцкую зямлю сярод безьзямельных і малазямельных сялянаў, якія атрымалі 431 тыс. га зямлі, ім было перададзена 14 тыс. коней і 33,4 тыс. кароваў.

5 кастрычніка 1939 г. Часовая ўправа Беластоку зьвярнулася да ўсіх часовых управаў краю з прапановай склікаць сход для вырашэньня пытаньняў дзяржаўнага ладу. З прадстаўнікоў часовых упраў быў створаны камітэт па арганізацыі выбараў, якія адбыліся 22 кастрычніка 1939 г. З 926 абраных дэпутатаў народнага сходу 563 былі зь сялянаў, 197 — з рабочых, 166 — з інтэлігенцыі і іншых слаёў насельніцтва. Сярод дэпутатаў было: 621 беларус, 127 палякаў, 72 габрэі, 43 расейцы, 53 украінцы і 10 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.

28—30 кастрычніка 1939 г. ў Беластоку адбыўся народны сход Заходняй Беларусі. Ён прыняў дэклярацыі аб абвяшчэньні Савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, канфіскацыі памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасьці. Сход пастанавіў прасіць Вярхоўны Савет СССР, Вярхоўны Савет БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР і БССР. Народны сход выбраў паўнамоцную камісію з 66 чалавек для перадачы Вярхоўным Саветам СССР і БССР яго рашэньняў. 2 лістапада 1939 г. сэсія Вярхоўнага Савету СССР і 12 лістапада сэсія Вярхоўнага Савету БССР прынялі законы аб уключэньні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўзьяднаньні яе з БССР.

У лістападзе — сьнежні 1939 г. адбылася нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў. Былі нацыяналізаваны ня толькі буйныя і сярэднія прадпрыемствы, але і большая частка дробных, што пярэчыла рашэньням народнага сходу Заходняй Беларусі. Аднаўляліся і рэканструяваліся прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. Дробныя прадпрыемствы і рамесна-саматужныя майстэрні былі аб’яднаны ў больш буйныя, павялічылася колькасьць рабочай клясы, паступова ліквідавалася беспрацоўе. Да канцу 1940 году ў заходніх абласьцях БССР дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы з колькасьцю рабочых больш за 20 чалавек. Аб’ём сукупнай прадукцыі ў параўнаньні з 1938 г. павялічыўся больш чым у 2 разы. Да вайны было створана 1115 калгасаў, якія аб’ядналі 6,7% гаспадарак і 7,8% зямлі. Іх абслугоўвалі 101 МТС, у якіх налічвалася 997 трактараў, 368 сеялак, 193 аўтамашыны. На землях найлепшых маёнткаў былі арганізаваны 28 саўгасаў.

У заходніх абласьцях была ўведзена савецкая сыстэма сацыяльнага забесьпячэньня, бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне насельніцтва, адкрыта шмат паліклінік, бальніц, дыспансэраў. У 1940/41 навучальным годзе дзейнічала 5958 агульнаадукацыйных школ, зь якіх 4500 вялі навучаньне на беларускай мове, 5 інстытутаў, 25 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў. Да канцу 1940 г. працавалі 5 драматычных тэатраў, 100 кінатэатраў і 121 кінаўстаноўка, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. Сям’ю беларускіх літаратараў папоўнілі П. Пестрак, М. Танк, В. Таўлай, М. Машара, М. Васілёк, М. Засім і інш. Былі адкрыты абласныя тэатры ў Берасьці, Беластоку, Баранавічах, Пінску.

У сьнежні 1939 г. — студзені 1940 г. быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусі, створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Берасьцейская, Вялейская і Пінскія вобласьці і раёны (101), а ў лютым — сакавіку 1990 г. — сельсаветы, партыйныя і камсамольскія арганізацыі. Мясцовыя органы ўлады ў заходніх абласьцях апынуліся ў рэчышчы сталінскай камандна-адміністрацыйнай сыстэмы і сталі яе састаўной часткай. Гэта адбілася на мэтадах работы і ходзе сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў.

Пераход да калектывізацыі выклікаў супраціўленьне часткі заможных сялянаў. Вялася антыкалгасная агітацыя, былі выпадкі падпалу калгасных будынкаў, асобных тэрарыстычных актаў. Але ў цэлым барацьба супраць калгасаў у заходнебеларускай вёсцы не дасягнула значных памераў. У адносінах да кулацтва праводзілася палітыка абмежаваньня. У красавіку 1941 г. для заходніх абласьцей БССР былі ўстаноўлены нормы землекарыстаньня ў памеры 10, 12, 15 га зямлі ў залежнасьці ад мясцовых умоваў. У некаторых раёнах органамі НКУС ва ўсходнія раёны была выселена частка заможных сялянаў, але ў большасьці раёнаў высяленьне не праводзілася.

Адначасова зь мерапрыемствамі па пашырэньні сацыяльнай базы новай улады рэпрэсіўны апарат сталінскай дыктатуры ўзмоцнена выкарчоўваў «ворагаў народу», «выкараняў» перажыткі і іншадумства сярод насельніцтва. Адразу пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаліся палітычныя рэпрэсіі. На 22 кастрычніка было арыштавана 4315 памешчыкаў, капіталістаў, прадстаўнікоў былой польскай адміністрацыіі, паліцэйскіх, кіраўнікоў палітычных партыяў і арганізацыяў. Па рашэньні НКУС СССР па справах ваеннапалонных і арыштаваных у красавіку — траўні 1940 г. былі расстраляны 21 857 чалавек, у тым ліку 14 700 тых, хто знаходзіўся ў лягерах для ваеннапалонных у Казельску, Старабельску, Асташкаве, і 7305 — у іншых лягерах і турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. 5 сьнежня 1939 г. СНК СССР прыняў сакрэтную пастанову аб высяленьні з заходніх абласьцей Украіны і Беларусі асаднікаў і працоўнікаў лясной аховы. У пэрыяд першай дэпартацыі (10 лютага 1940 г.), у якой удзельнічала 16 279 чалавек апэратыўна-каманднага саставу, было рэпрэсіравана 9584 гаспадаркі (50 732 чалавекі). У красавіку было рэпрэсавана 26 777 чалавек. 29 чэрвеня 1940 г. органы НКУС БССР правялі трэцюю апэрацыю, на гэты раз па высяленьні бежанцаў з заходніх абласьцей. У гэты дзень было рэпрэсавана і пагружана ў вагоны 747 сямей (22 879 чалавек).

У 1939—1941 гг. на тэрыторыі заходніх абласьцей існавалі польскія падпольныя арганізацыі «Саюз барацьбы за незалежнасьць Польшчы», «Саюз узброенай барацьбы», «Саюз польскіх патрыётаў», «Стральцы», «Сокал», «Вызваленцы», «Партызанка» і іншыя. Яны назапашвалі зброю, мелі радыёпрыёмнікі, пісалі і распаўсюджвалі антысавецкія ўлёткі, у якіх заклікалі палякаў да супраціву акупантам-бальшавікам, да падрыхтоўкі ўзброенага паўстаньня за аднаўленьне Польшчы, у складзе якой яны бачылі і Заходнюю Беларусь. За пэрыяд з кастрычніка 1939 г. па ліпень 1940 г. было раскрыта і ліквідавана 109 падпольных арганізацыяў, якія аб’ядноўвалі 3231 чалавека. У гэты час былі арыштаваны 5587 сяброў партыі ППС, Бунда, «Стронніцтва народова», ПОВ і інш. У ноч з 19 на 20 чэрвеня 1941 г. была праведзена апэрацыя па арышце ўдзельнікаў паўстанцкіх арганізацыяў і выяўленьні членаў іх сем’яў. Усяго было рэпрэсавана 24 412 чалавек. Такім чынам, з кастрычніка 1939 г. па 20 чэрвеня 1941 г. у заходніх абласьцях Беларусі было рэпрэсавана за выключэньнем ваеннапалонных больш як 125 тыс. чалавек.

1 жніўня 1940 г. менская газэта «Зьвязда» зьмясьціла артыкул «Фашызм — гэта вайна», дзе згадвалася: «Германскі фашызм агаласіў праграму захопу савецкіх тэрыторыяў»[6]. Аднак 14 чэрвеня 1941 году «Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюзу» паведаміла: «паводле зьвестак СССР, Нямеччына таксама няўхільна выконвае ўмовы савецка-нямецкага пакта аб ненападзе, як і Савецкі Саюз, з прычыны чаго, на думку савецкіх колаў, чуткі аб намеры Нямеччыны парваць пакт і распачаць напад на СССР пазбаўленыя ўсякай глебы»[7].

22 чэрвеня 1941 году а а 3-й гадзіне 15-й хвіліне раніцы Нямеччына напа­ла на Савецкі Саюз. А 3-й гадзіне 25-й хвіліне начальнік Генэральнага штаба Чырвонай арміі Георгі Жукаў паведаміў старшыні Савету народных камісараў СССР Ёсіфу Сталіну пра нямецкае ўварваньне. Жукаў разам зь народным камісарам абароны СССР Сямёнам Цімашэнкам прасіў даць загад аб вайсковых дзеяньняў у адказ. Аднак Сталін па тэлефоне адказаў: «Гэта правакацыя нямецкіх вайскоўцаў. Агню не адкрываць, каб не развязаць больш шырокіх дзеяньняў». У выніку дазвол на вайсковыя дзеяньні ў адказ далі а 6:30[7].

Усе цэнтральныя органы ўлады Беларускай ССР атрымалі загад камандаваньня Заходняга фронту эвакуявацца са сталіцы ў Магілёў на трэці дзень вайны, а 20-21 гадзіне 24 чэрвеня. Апошнія кіраўнікі БССР пакінулі Менск а 4 гадзіне раніцы 25 чэрвеня, ня зьнішчыўшы архіў Савета народных камісараў у Доме ўрада. У Заходняй Беларусі не пасьпелі заклікаць у войска мясцовых мужчынаў. Пры адступленьні цалкам спалілі Віцебск і Полацак, расстралялі палітычных вязьняў у 32 турмах Беларусі. На 3 жніўня пераважна ў Расейскую СФСР, Туркмэнскую і Казаскую ССР вывезьлі 700 тыс. жыхароў, зь іх 190 тыс. габрэяў (27%)[8].

Улётка часоў нямецкай акупацыі Беларусі

Цягам вайны ў Беларусі да прымусовай працы прыцягвалася звыш 2 мільёнаў чалавек[1].

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўночна-заходнія раёны Берасьцейскай вобласьці і Беластоцкую вобласьць з гарадамі Горадня і Ваўкавыскам акупанты далучылі да Ўсходняе Прусіі (Беластоцкая акруга), паўднёвыя раёны Берасьцейскай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласьцей па лініі 20 км на поўнач ад чыгуначнай лініі Берасьце — Гомель адышлі да райхскамісарыяту «Ўкраіна» (генэральная акруга Валынь-Падольле і генэральная акруга Жытомір), паўночна-заходнія раёны Вялейскай вобласьці ўключылі ў генэральную акругу Летувы, Віцебскую, Магілёўскую, большую частку Гомельскай і ўсходнія раёны Менскай абласьцей перадалі ў зону апэратыўнага тылу групы арміяў «Цэнтар». У склад генэральнай акругі Беларусі ўвайшлі Баранавіцкая, частка Вялейскай, Менскай, Берасьцейскай, Пінскай і Палескай абласьцей, што складала 1/3 даваеннай тэрыторыі БССР. Гэта тэрыторыя была ўключана ў склад райхскамісарыяту «Остлянд» і падзелена на 10 акруг: Баранавіцкую, Барысаўскую, Вялейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідзкую, Менскую, Наваградзкую, Слонімскую, Слуцкую. Да верасьня 1941 г. тэрыторыя Беларусі была падпарадкавана вайсковай адміністрацыі, яе кіраваньне захавалася пазьней на значнай частцы Ўсходняй і Цэнтральнай Беларусі.

Акупацыйныя органы ўлады і самакіраваньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акупацыйныя органы ўлады і самакіраваньня на тэрыторыі Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны:

Генэральны камісар Беларусі да верасьня 1943 г. — В. фон Кубэ. Забіты падчас тэрарыстычнай апэрацыі, рэалізаванай беларускімі партызанамі і падпольшчыкамі 22 верасьня 1943 г. Забойства Генэральнага камісара Беларусі Вільгельма фон Кубэ 22 верасьня 1943 г. ажыцьцявілі па заданьні камандаваньня партызанскага атраду «Дзімы»: Алена Мазанік, Ніна Траян і Марыя Осіпава. Генэральны камісар Беларусі пасьля верасьня 1943 г. — К. Готбэрг.

Савецкі Саюз страціў у вайне каля 26 млн чалавек[1]. Да 4 траўня 1950 г. СССР вярнуў на радзіму 1 939 163 нямецкіх ваеннапалонных[9].

У выніку закону аб савецка-польскай граніцы 10 жніўня 1945 году ад Беларускай ССР да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласьць (17 раёнаў), да таго ж 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. Месты Аўгустоў, Беласток, Бельск, Гайнаўка, Дарагічын, Ломжа і іншыя сталі польскімі. Узамен БССР атрымала толькі 15 вёсак на былой польскай тэрыторыі[2].

На тэрыторыі Беларусі ў выніку пажараў ад ваенных дзеяньняў пацярпела 209 гарадоў. Было разбурана і спалена каля 9200 вёсак (628 — з жыхарамі), прытым некаторыя зь іх — напрыклад, вёску Лаўжы на гістарычнай Ашмяншчыне — разам з жанчынамі і дзецьмі ў лютым 1945 году спалілі савецкія карнікі з НКВД ужо па адыходзе фронту на захад[10]. Перасталі працаваць 10 338 прамысловых прадпрыемстваў і амаль усе электрастанцыі. У выніку Рэйкавай вайны партызаны зьнішчылі амаль усе чыгуначныя шляхі.

Ад ваенных дзеяньняў пацярпелі сотні помнікаў архітэктуры, што стала падставай патрабаваньня кантрыбуцыяў з боку Нямеччыны на іх аднаўленьне. Аднак па атрыманьні запатрабаваных грошай улады СССР замест аднаўленьня працягнулі масава зьнішчаць беларускія помнікі архітэктуры (напрыклад, комплекс дамініканскага кляштару з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага ў Менску[11]).

У Беларусі знаходзяцца пахаваньні каля 1,5 мільёну вайскоўцаў Чырвонай арміі, зь якіх 400 тысячаў (27%) у 2010 годзе прыпадала на апазнаных. Таксама ў краіне засталіся пахаваньні 200 тыс. нямецкіх вайскоўцаў без уліку карнікаў з ахоўных атрадаў[12]. Ад нямецкіх акупантаў у Беларусі нарадзілася каля 300 тысячаў дзяцей[13].

  1. ^ рас. «Дружба народов Германии и Советского Союза, скрепленная кровью, имеет все основания быть длительной и прочной»
  1. ^ а б в Вераніка Канюта. Вызваленьне: дух перамогі і горыч стратаў // Зьвязда : газэта. — 21 верасьня 2013. — № 178 (27543). — С. 1, 5. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б Студзінская І. Топ-10 фальсыфікацыяў гісторыі вайны ў беларускіх падручніках і афіцыйных СМІ, Радыё Свабода, 5 траўня 2019 г.
  3. ^ Жданко В., Трафімовіч А, Новік Ж., Васількоў З. Горадня, Ліда і Ваўкавыск маглі адысьці да Польшчы ў 1945-м разам зь Беластокам, Радыё Свабода, 13 лістапада 2019 г.
  4. ^ Равяка Р. Як у Высокім немцаў у 1939 годзе сустракалі, Наша Ніва, 3 студзеня 2015 г.
  5. ^ Гелагаеў А. Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу, Reformation, 17 чэрвеня 2020 г.
  6. ^ Алена Дзядзюля. Не губляць пільнасьць // Зьвязда : газэта. — 21 чэрвеня 2012. — № 118 (27233). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ а б Натальля Голубева. Менск 1941 // Зьвязда : газэта. — 18 чэрвеня 2021. — № 114 (29483). — С. 2021. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ Эмануіл Ёфэ. Невядомыя старонкі эвакуацыі // Зьвязда. — 15 верасьня 2010. — № 180 (26788). — С. 3.
  9. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 4 траўня 2013. — № 82 (27447). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Комягина О. «Деревни не было. Всюду трупы». 75 лет назад войска НКВД сожгли маленькие Лавжи на окраине Беларуси, TUT.BY, 24.02.2020 г.
  11. ^ Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў (Менск). Radzima.orgПраверана 3 сакавіка 2011 г.
  12. ^ Лабадзенка Г. З 1,5 мільёна пахаваных у Беларусі салдатаў высьветленыя асобы толькі 400 тысячаў // Зьвязда : газэта. — 25 сакавіка 2010. — № 54 (26662). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Галіна Абакунчык. Пра беларускіх нацыянальных партызанаў і дзяцей нямецкіх салдат // Радыё «Свабода», 8 траўня 2013 г. Праверана 12 лістапада 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]