Трабы
| Трабы лац. Traby | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гарадзенская |
| Раён | Іўеўскі |
| Сельсавет | Трабскі |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 54°09′27″ пн. ш. 25°54′21″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 865 чал. (2010) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 1595 |
| Паштовы індэкс | 231352 |
| Нумарны знак | 4 |
| Трабы на мапе Беларусі ± Трабы | |
Тра́бы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Кляве. Цэнтар сельсавету Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 865 чалавек. Знаходзяцца за 34 км на паўночны ўсход ад Іўя, за 11 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі; на аўтамабільнай дарозе Юрацішкі — Ашмяны.
Трабы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII стагодзьдзя, часткова зруйнаваны Маскоўскім патрыярхатам.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паводле Хронікі літоўскай і жамойцкай, назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Трабуса[2][a]. Адзначалася старажытнае германскае імя *Thrabo, пазьнейшае Trabe[4].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Traby (3 ліпеня 1510 году)[5]; Трабы (1553 год)[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паводле паданьня, зафіксаванага ў другой рэдакцыі Літоўскай хронікі, Трабы заснаваў князь Трабус альбо Трубас, які збудаваў тут замак. Упершыню паселішча ўпамінаецца ў XV ст. як уладаньне князёў Гальшанскіх.

У 1490—1498 гадох Трабы паступова перайшлі ў валоданьне ваяводы троцкага Альбэрта Гаштольда, унука княгіні Марыі з Гальшанскіх (дачкі Сямёна Трабскага). У 1534 годзе тут збудавалі касьцёл, адкрылася прыватная сьвецкая школа. У 1543 годзе Трабы перайшлі ў валоданьне вялікага князя Жыгімонта Старога, які падараваў іх свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У мястэчку знаходзілася рэзыдэнцыя вялікага князя, праходзілі зьезды. 3 1558 году Трабы сталі цэнтрам староства, першы староста — Станіслаў Пац. У 1550 годзе ў мястэчку было 33 дамы, 7 службаў.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Трабы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1690 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Е. Шымковіча, старосты трабскага. Пазьней уладальнікамі Трабаў былі Францковічы, Зяньковічы, з 1774 году — Дамінік Нарбут. У 1784 годзе тут збудавалі драўляную царкву.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Трабы апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні. У 1-й палове XIX стагодзьдзя ў мястэчку працавалі суконная мануфактура (на 1813 год — 156 работнікаў) і мэталаапрацоўчая майстэрня (на 1828 год — 5 работнікаў). Мясцовыя жыхары, апроч земляробства, займаліся ганчарным, суконным і іншымі рамёствамі, дробным гандлем.
У 1851 годзе ў Трабах адкрылася сельская вучэльня (на 1861 год — 45 вучняў). На 1885 год у мястэчку было 57 двароў, валасная ўправа, касьцёл, царква, капліца, школа, юдэйская школа, 12 крамаў, вадзяны млын, двойчы на год праводзіліся кірмашы. На 1897 год — 176 двароў, касьцёл, царква, капліца, сынагога, юдэйская школа, расейская народная вучэльня, 2 хлебазапасныя магазыны, аптэка, вадзяны млын, 5 тытунёвых крамаў, 15 крамаў дробнага тавару, 4 піўныя дамы, штотыднёвыя таргі, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У народнай вучэльні ў 1897 годзе навучалася 67 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак, у 1903 годзе — 93 хлопчыкі і 7 дзяўчынак. На 1905 год у Трабах было 1264 дзесяціны зямлі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Трабы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Трабы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[7]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Трабы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час тут было 176 двароў.
У 1939 годзе Трабы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Юрацішкаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі, у якой было 275 двароў, працавалі млын, ваўначоска, 7-гадовая школа, крама. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 году да 7 ліпеня 1944 году Трабы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 20 студзеня 1960 году вёска ўвайшла ў склад Іўеўскага раёну. На 1999 год у Трабах быў 351 двор, на 2002 год — 355. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
- Царква, каля 1900 г.
- Стары касьцёл, каля 1900 г.
- Мост цераз Кляву, 1915 г.
- Агульны выгляд, 1915—1918 гг.
- Агульны выгляд, 1917 г.
- Каля касьцёла, 1915 г.
- Рынак (?), 1918 г.
- Вуліца, 1938 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 499 чал., зь іх 159 праваслаўных, 65 каталікоў, 275 юдэяў; 1882 год — 1238 чал. (599 муж. і 639 жан.)[8]; 1897 год — 1083 чал.[9]
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 1080 чал.; 1923 год — 981 чал.[10]; 1940 год — 1340 чал.; 1970 год — 870 чал.; 1999 год — 929 чал.; 2000 год — 842 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 816 чал.[11]; 2010 год — 865 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Трабах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, бібліятэка, дом культуры.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Царкоўная вуліца[12].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Трабы — цэнтар аднайменнага сельскагаспадарчага прадпрыемтсва.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сынагога
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Трабаў
- Касьцёл, хоры
- Старая гаспадарчая пабудова
- Местачковая забудова
Ураджэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сямён Клінцэвіч (1899—1937) — дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст
- Пятро Юргялевіч (1894—1973) — мовазнаўца, аўтар «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі камэнтарамі» (1958).
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Прыклады імёнаў з Хронікі літоўскай і жамойцкай: «Емелюс, кроль албанский, учинил Ромуля и Румулюся… Устиагес, кроль медский… кроль напреднейши гишпанский Болгорос… зостал вторым царем гишпанским по отцу своем и деду, которому то имя дано Габис… Париса сына Приамусового, кролевича троянского»[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 237.
- ↑ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 32.
- ↑ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 39—40.
- ↑ Kapff R. Deutsche Vornamen: mit den von ihnen abstammenden Geschlechtsnamen sprachlich erläutert. — Nürtingen am Neckar, 1889. S. 83.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 127.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 168.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Krzywicki J. Traby // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 441.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002.
- ↑ Батвіннік М. Трабы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 517.
- ↑ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 495
- ↑ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 53.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 510 с.: іл. ISBN 985-6302-45-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||