Перайсьці да зьместу

Палянізацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Паляніза́цыя (апалячваньне; польск. polonizacja) — запазычаньне або насаджэньне польскай культуры, асабліва, польскай мовы ў землях зь няпольскім насельніцтвам, якія трапілі пад кантроль Польшчы або падпалі пад польскі культурны ўплыў.

Рэч Паспалітая

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў складаным становішчы: за часамі Лівонскай вайны Жыгімонт Аўгуст прапанаваў Лівонскай канфэдэрацыі пратэктарат, што выклікала ваенны канфлікт з Маскоўскай дзяржавай, якая акупавала значную частку тэрыторыі ВКЛ. Дзеля прыцягненьня на дапамогу войска Каралеўства Польскага не было праўных падставаў, 1 ліпеня 1569 году ў выніку Люблінскай уніі адбылося аб’яднаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў канфэдэрацыйную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Першым манархам Рэчы Паспалітай стаў Жыгімонт Аўгуст. У новай дзяржаве мелі быць агульныя гаспадар (кароль і вялікі князь), сойм, грашовая сыстэма, замежная палітыка. Разам з тым, праўная сыстэма, войска і ўрады заставаліся асобнымі. Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага працягвалі падкрэсьліваць, што яны менавіта ліцьвіны, а не палякі, чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўна-нацыянальнай самасьвядомасці: «Мы і палякі, хоць і брацьця, але зусім адменных звычаяў», — пісаў у сваім лісьце да Крыштапа Радзівіла канцлер Леў Сапега ў канцы XVI стагодзьдзя[1][2].

Існуе меркаваньне, што па Люблінскай уніі пачалася папулярызацыя летувіскай мовы і культуры ў Вялікім Княства Літоўскім, асноўную ролю ў якой адыграў ордэн езуітаў — а менавіта «польская партыя» ў ім. Галоўным матывам апошніх, як мяркуецца, было жаданьне палякаў зьнішчыць моўна-культурныя повязі паміж ліцьвінамі і русінамі[a] дзеля іх палянізацыі і асыміляцыі[5].

Адзначаецца, што паступовы працэс апалячваньня (ахвотнай палянізацыі) літоўскай шляхты і найвышэйшых станаў грамадзтва пачаўся ў другой палове ХVІІ стагодзьдзя[6]. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч спрабаваў захапіць усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўскія войскі адзначыліся разбурэньнем і спусташэньнем шматлікіх местаў і мястэчак, а таксама вынішчэньнем і паланеньнем насельніцтва. Напрыклад, у выніку ўчыненай 22 ліпеня 1654 году Трубяцкой разьні акупанты забілі амаль усіх жыхароў Амсьціслава[7][8], які быў сталіцай аднаго зь дзевяці ваяводзтваў краіны. Аднак часьцей галоўнай мэтай быў захоп у палон мясцовых жыхароў і вываз іх у Масковію. Аляксей Міхайлавіч плянаваў перасяліць на свае землі 300 тысячаў беларусаў. Кожны маскоўскі абшарнік мог прыехаць у Вялікае Княства Літоўскае і купіць хоць-якую колькасьць палонных[9]. Вынікам гэтай вайны стала поўнае разбурэньне гаспадаркі Вялікага Княства Літоўскага, вынішчэньне адукаванага мяшчанства, заняпад мясцовай культуры[10]. Гэта паскорыла працэсы палянізацыі найвышэйшых станаў Вялікага Княства Літоўскага[11], якія такім спосабам спрабавалі адасобіцца ад патэнцыйнага агрэсара і прыбраць падставы да імаверных тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Сярод іншага, некалькі местаў зазналі зьмену назваў на польскі ўзор: Менск стаўся «Мінскам» сугучна польскаму Мінску Мазавецкаму (дзеля адрозьненьня пачалі ўжываць назву «Мінск Літоўскі»), Наваградак пад уплывам польскага кораня «груд» перарабілі на «Навагрудак»[12].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Па падзелах Рэчы Паспалітай маскоўскія гаспадары Павал I (1796—1801) і Аляксандар I (1801—1825) не перашкаджалі палянізацыі анэксаванага Вялікага Княства Літоўскага (як зазначае польскі дасьледнік Рышард Радзік, татальная палянізацыя літоўскай шляхты адбылася па падзелах Рэчы Паспалітай, як культурная рэакцыя на палітычнае змаганьне з Расейскай імпэрыяй[13]). Апроч таго, у XIX стагодзьдзі каталіцтва лічылася «польскай верай», а праваслаўе — «рускай верай», і адпаведна з гэтым насельніцтва беларускіх земляў фармальна і нефармальна клясыфікавалася як «польскае» альбо «расейскае». Такім спосабам хваля паланізацыі часткова закранула сялянства, пераважна праз Рымска-Каталіцкую Царкву (па ліквідацыі расейцамі Уніяцкай Царквы больш за мільён беларусаў, пратэстуючы супраць гэтага гвалту, перайшлі ў рыма-каталіцтва). Ксяндзы, часта наўмысна атаясамліваючы нацыянальнасьць і веравызнаньне, прапаведвалі заганную формулу: хто трымаецца «польскай» (каталіцкай) веры — той паляк[6].

Захаваліся сьведчаньні, што пры мяшаным шлюбе (жонка — летувіска, муж — беларус[b]) дзеці выхоўваліся па-летувіску альбо ўся радзіна магла палянізавацца, бо польская мова выконвала ролю пасярэдніка[14].

У пачатку XX стагодзьдзя сярод ліцьвінаў-каталікоў пашыраўся наступны прапагандысцкі прыём дзеля іх палянізацыі: «будзеш беларус — значыць, гвалтам зробяць праваслаўным. Калі хочаш застацца каталіком, то мусіш казаць, што (ты) паляк, бо наша вера польская, а не беларуская ці іншая якая»[15][16].

Польская Рэспубліка (1918—1939)

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Заходняя Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Паводле Рыскае мірнае дамовы між Польшчай і Савецкай Расеяю заходняя частка Беларусі адышла Польшчы[17]. У адпаведнасьці з савецка-польскай мірнай дамоваю, а таксама з пагадненьнямі паміж Польшчай і краінамі Захаду ў 1919 году, Польшча абавязалася даць магчымасьць нацыянальнага разьвіцьця для беларусаў і іншых нацыянальных меншасьцяў на сваёй тэрыторыі. Напраўду гэтыя забавязаньні Польшчай былі парушаныя[18][19].

Сьледуючы паноўным настроям у польскім грамадзтве[20] улады распачалі жорсткую палітыку палянізацыі і асыміляцыі беларускага насельніцтва[21] У беларускіх крыніцах прыводзіцца цытата высокапастаўленага польскага чыноўніка Леапольда Скульскага, прыхільніка палітыкі асыміляцыі, які ў сваім выступе з Сэйме ў канцы 1930-х гадоў прамаўляў: «Запэўніваю вас, паны дэпутаты, што праз якіхсьці дзесяць гадоў вы зь сьвечкай ня знойдзеце [у Заходняй Беларусі] ні аднаго беларуса»[22][23][24]. Радыкальная палянізацыйная палітыка фармавалася пад уплывам нацыяналістычнага руху «Нацыянальная дэмакратыя» на чале з Раманам Дмоўскім. Дмоўскі адмаўляў беларусам і іншым народам рэгіёну ў праве на вольнае нацыянальнае разьвіцьцё і называў іх «горшым гатункам палякаў»[25]. Уладыслаў Студніцкі, уплывовы польскі ўраднік у адміністрацыі «Ўсходніх крэсаў», адкрыта заяўляў, што гэты рэгіён патрэбны Польшчы для мэтаў калянізацыі[26]

Масавы характар насіла дыскрымінацыя беларускай мовы[27] Было забароненае яе выкарыстаньне ў органах дзяржаўнай улады.[28]. Паводле гісторыка Пэра Андэрса Рудлінга, беларуская мова была выціснутая з школьнай адукацыі ў Заходняй Беларусі[19]. Да 1921 году ў Беларусі існавала 514 беларускіх школаў[29]. У 1928 годзе іх заставалася толькі 69, што складала толькі 3% ад усіх існых навучальных установаў у Заходняй Беларусі на той момант[30]. Усе яны, апроч Віленскай беларускай гімназіі, былі зачыненыя да 1939 году[18][29]. Польскія ўраднікі адкрыта супрацьстаялі альбо сабатавалі адкрыцьцё беларускіх школаў, насаджалі польскамоўную адукацыю ў Заходняй Беларусі[31]. Даходзіла да таго, што ўлады часта разглядалі ўсякую беларускую грамадзкую актыўнасьць і ўсякія патрабаваньні навучаньня на беларускай мове ў якасьці выніку камуністычнай змовы[32]

Праваслаўныя таксама сутыкаліся з дыскрымінацыяй у міжваеннай Польшчы[28]. Мэтаю палітыкі польскіх уладаў была асыміляцыя праваслаўных беларусаў[33]. Улады насаджалі польскую мову ў жыцьці праваслаўнай царквы,[33] ініцыявалі стварэньне Польскіх праваслаўных таварыстваў у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі (Слонім, Беласток, Ваўкавыск, Наваградак)[33].

Беларускія каталіцкія сьвятары, як а. Вінцэнт Гадлеўскі[33], якія прасоўвалі беларускую мову ў Касьцёле і займаліся падтрыманьнем беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, таксама былі пад моцным ціскам уладаў і кіраўніцтва Касьцёлу[33]. Польская каталіцкая герархія выдавала дакумэнты, якія забаранялі сьвятарам выкарыстоўваць беларускую мову ў касьцёлах і нядзельных школках у Заходняй Беларусі. У 1921 годзе ў Варшаве была выдадзеная брашура, у якой беларускія сьвятары крытыкаваліся за выкарыстаньне беларускае мовы: «Яны хочуць перайсьці з багатай польскай мовы да мову, якую сам народ называе простай і ўбогай»[34]

Супраціў палянізацыі ў Заходняй Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Грамадзкасьць міжваеннай Заходняй Беларусі чыніла супраціў палянізацыі і масаваму закрыцьцю беларускіх школаў. Асноўнаю арганізацыяй, якая займалася разьвіцьцём беларускамоўнай асьветы ў Заходняй Беларусі ў 1921—1937 гадох, было Таварыства беларускай школы на чале з Браніславам Тарашкевічам ды іншымі дзеячамі.

У параўнаньні з украінцамі, беларусы праяўлялі меншую палітычную актыўнасьць у міжваеннай Польшчы. Разам з тым, палітыка польскіх уладаў бесьперапынна выклікала пратэсты і нават збройны супраціў[28].

Найбольшая беларуская палітычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, патрабавала спыненьня палянізацыі і наданьне аўтаноміі Заходняй Беларусі.

Летувіская ССР

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Па Другой сусьветнай вайне летувіскія ўлады зачынілі беларускую гімназію і настаўніцкую сэмінарыю ў Вільні, а Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ліквідавалі і фактычна разрабавалі — большая частка яго збораў трапіла ў летувіскія музэйныя фонды і бібліятэку Акадэміі навук Летувы[35]. Усьведамляючы немагчымасьць ажыцьцявіць беспасярэднюю летувізацыю жыхароў этнічна беларускай Віленшчыны, летувіскія ўлады праводзілі іх дэнацыяналізацыю[36] і палянізацыю[37]. На ўзгадненьне з Масквой і камуністычнай Польшчай летувіскія ўлады замест беларускіх школаў насаджалі польскія і расейскія, колькасьць студэнтаў-беларусаў у летувіскім Віленскім унівэрсытэце не перавышала 1%[35]. Пачала выдавацца газэта «Чырвоны штандар» на польскай мове, а польскія ксяндзы працягнулі прапаганду сярод беларусаў-каталікоў, што тыя напраўду палякі[36].

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Шматлікія сьведчаньні на карысьць таго, што ў XV—XVI стагодзьдзях у ВКЛ адбылося сьціраньне этнічнай мяжы паміж русінамі і ліцьвінамі зь іх поўнай этнічнай інтэграцыяй, прыводзіць гісторык Павал Урбан[3], а гісторык Вацлаў Пануцэвіч зьвяртае ўвагу на сьведчаньне з XVII ст., што «літоўская мова ёсьць настолькі пашыранай у Русі, што літоўскую мову называюць рускай і рускую — літоўскай»[4]
  2. Прытым адваротнага варыянту мяшаных шлюбаў (жонка — беларуска, муж — летувіс) летувісы ўнікалі
  1. Беларусы: У 13 т.  Т. 4. — Менск, 2001. С. 95.
  2. Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 321.
  3. Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 85.
  4. Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 278.
  5. Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 87—89, 92—93.
  6. 1 2 Калачынскі Ю. Адкуль у Беларусі ўзяліся палякі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54—55.
  7. Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 373.
  8. Пушкін І. Гістарычная спадчына горада Магілёва: курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. С. 63.
  9. Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 245.
  10. Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 250—251.
  11. Шарова Н. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. — Менск: ВП «Экаперспектыва», 1997.
  12. Антон Трафімовіч. Акцябрскі, Дзяржынск… Навошта пераймяноўвалі беларускія гарады // Газэта «Аргумэнты і факты ў Беларусі», 27 сьнежня 2012 г. Праверана 13 лютага 2012 г.
  13. Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  14. Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 107.
  15. Калубовіч А. Крокі гісторыі. — Беласток — Вільня — Менск, 1993. С. 72.
  16. Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 80.
  17. Копія польскага тэксту дамовы, зробленая 18 скавіка 1921
  18. 1 2 Матэрыялы для падрыхтоýкі да абавязковага экзамену за курс сярэняй школы: Стан культуры у Заходняй Беларусі у 1920-я-1930-я гг: характэрныя рысы і асаблівасці
  19. 1 2 Rudling A. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906—1931. University of Pittsburgh Press, 2017. P. 183.
  20. Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 34.
  21. Toporska B. Polityka polska wobec Białorusinów. 1962.
  22. Сачанка Б. Беларуская эміграцыя (PDF) Менск, 1991.
  23. Вераніка Канюта. Класікі гавораць…, Звязда, 21.02.2014 г.
  24. Аўтапартрэт на фоне класіка, Наша Ніва, 19.08.2012 г.
  25. Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 4—5.
  26. Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 12.
  27. Молодечно в периоды польских оккупаций
  28. 1 2 3 Учебные материалы «История Беларуси»: Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы (1921—1939 гг.)
  29. 1 2 проф. В. Козляков. В борьбе за единство белорусского народа — к 75-летию воссоединения Западной Беларуси с БССР
  30. Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 72.
  31. Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 41, 53—54.
  32. Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 93.
  33. 1 2 3 4 5 А. Гелогаев. 8 мифов о «воссоединении» Западной и Восточной Беларуси
  34. Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 45.
  35. 1 2 Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 386.
  36. 1 2 Зайкоўскі Э. Як Вільня сталася жамойцкім горадам? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 69—70.
  37. БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 174.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]