Пятро Глебка
Пятро Глебка лац. Piatro Hlebka | |
Пётр Фёдаравіч Глебка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Язэп Касіла |
Нарадзіўся | 6 ліпеня 1905 в. Вялікая Ўса Узьдзеншчына, Беларусь) |
Памёр | 18 сьнежня 1969 Менск, Беларусь |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | беларускі паэт |
Гады творчасьці | 1925—1969 |
Жанр | верш, паэма, лібрэта, вершаваная п’еса |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | зборнік лірыкі «Шыпшына» (1927) |
Узнагароды | |
Пятро Глебка (6 ліпеня (23 чэрвеня паводле старога стылю) 1905, в. Вялікая Ўса, Узьдзеншчына, Расейская імпэрыя — 18 сьнежня 1969, Менск, БССР) — беларускі паэт, вучоны, арганізатар навукі. Акадэмік Акадэміі навук БССР (з 1957 году, сябра-карэспандэнт — з 1950 году).[1]
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме (1924—1927). У тэхнікуме пазнаёміўся з П. Трусам і М. Лужаніным, зь якімі актыўна супрацоўнічаў у насьценнай газэце. У 1925 годзе ўступае ў аб’яднаньне «Маладняк». Зь пераходам у 1926 годзе ў літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Узвышша» зьмяніўся творчы стыль маладога паэта: ён стаў больш стрыманым, рэфлексійна-разважлівым, псыхалягічна-паглыбленым. У 1927 годзе перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне БДУ. Скончыў унівэрсытэт у 1930 годзе.
Працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў газэце «Калгаснік Беларусі» і ў часопісе «Полымя рэвалюцыі». У 1934—1936 гг. — літаратурны кансультант кабінэта маладога аўтара СП БССР. Пад час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у рэдакцыях франтавых газэтаў «За Савецкую Беларусь» і «За свабодную Беларусь». Пад псэўданімам Язўэп Касіла друкаваў сатырычныя вершы і куплеты ў газэце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў сатырычным лістку «Партызанская дубінка». У 1942 годзе ўступіў у КПСС. У 1943—1945 гг. — рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве.[1]
З 1945 году працаваў у АН БССР. З 1957 па 1969 гг. узначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР. У 1968—1969 гг. адначасова зьяўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня грамадзкіх навук.[1]
Клапаціўся аб разьвіцьці мовы, яе культуры і дзяржаўным статусе. Ініцыяваў і прымаў непасрэдны ўдзел у выданьні зводу беларускай народнай творчасьці. Па яго прапанове распачата падрыхтоўка збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Дзейсна спрыяў разьвіцьцю беларускага тэатразнаўства і фальклярыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалёгіі.
Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955—1967). У якасьці сябры дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у працы сэсій Генэральнай Асамблеі ААН.
Меў багаты хатні кнігазбор, эксьлібрысы для якога стварылі такія знаныя мастакі, як Яўген Красоўскі, Мікола Купава, Мікалай Тарасікаў, Анатоль Тычына і Яўген Ціхановіч[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя вершы надрукаваў у 1925 годзе ў газэтах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», часопісах «Работніца і сялянка», «Беларускі піянэр». Першы паэтычны зборнік — «Шыпшына» (1927) — стаў красамоўным ўзорам лірычнай паэзіі, сьведчаньнем самабытнага таленту Глебкі.[3] Сярод лепшых вершаваных твораў ваеннага часу — «Партызаны», «Сьмерць салдата», «Родны хлеб», «Пасылка», «Гай», «Жывое слова», «Пра кнігі», «Беларусі», «Пералом», «Зварот» і інш. Лірыка Глебкі ваеннага пэрыяду адметная ў маштабе ўсёй беларускай літаратуры 1941—1945 гг., і можа лічыцца вяршыняй літаратурна-мастацкай працы паэта.
Галоўныя тэмы пасьляваеннай творчасьці паэта — аднаўленьне, памяць вайны, тэмы грамадзка-палітычнага гучаньня. Стылю паэта ўласьцівыя публіцыстычнасьць, грамадзкая страснасьць, героіка-рамантычны патас, лірызм, палемічная вастрыня, баявітасьць. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Горкага, Ул. Маякоўскага, Т.Шаўчэнкі і інш.[3]
Глебка і Янка Купала
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пазнаёміўся з Купалам вясной 1926 году на кватэры паэта. На працягу многіх гадоў быў у цесным сяброўстве з Купалам і адчуваў яго падтрымку і дапамогу як паэт. Стаў адным з вучняў і пасьлядоўнікаў Купалы. Разам з Купалам рэдагаваў творы Т.Шаўчэнкі. У некаторых творах Глебкі адчуваецца ўплыў паэмы Купалы «Безназоўнае». Усьлед за Янкам Купалам разьвіваў у беларускае літаратуры жанр драматычнай паэмы. Прысьвяціў Купалу свае вершы «Песьня» і «Жывое слова». Аўтар шматлікіх артыкулаў, прысьвечаных Купалу, і ўспамінаў пра паэта: «Аб мове Янкі Купалы» («ЛіМ», 10 жніўня 1948 году), «Неапублікаваныя купалаўскія радкі» («ЛіМ», 30 чэрвеня 1951 году), «Шлях да сэрца народа» («Огонёк», 1952, №28), «Вялікі пачатак» («ЛіМ», 28 траўня 1955 году) і інш.[3]
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Збор твораў: у 4 т. / Пятро Глебка; прадм. А. Вялюгіна. — Мн.: Маст. літ., 1984—1986.
- На спатканні гадоў: вершы / Пятро Глебка; прадм. і ўклад. М. В. Няхая. — Мн.: Юнацтва, 1990. — 95 с.
- Выбранае / Пятро Глебка // Семнаццаць песень: зб. паэзіі. — Мн.:, 1997. С. 38-64.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т. 2./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1985. — 702 с, 33 л. іл.: Артыкул «Глебка». — С. 98—99.
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Глебка» / Аўтар — М.Барсток. — С. 158.
- Барсток М. Пятро Глебка: Паэтычная творчасць. — Мн., 1955.
- Перкін Н. С. Пятро Глебка. — Мн., 1955.
- Пясняр Мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. — Мн., 1976.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т. 2./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1985. — Артыкул «Глебка». — С. 98—99.
- ^ Віктар Сьвякла Ад Тычыны да Купавы: Зь гісторыі эксьлібрыса Пятра Глебкі // Літаратура і Мастацтва : Газэта. — 24 жніўня 2012. — № 34 (4680). — С. 21. — ISSN 0024-4686.
- ^ а б в Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Глебка». — С. 158.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пятро Глебка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 6 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1905 годзе
- Памерлі 18 сьнежня
- Памерлі ў 1969 годзе
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Нарадзіліся ва Ўзьдзенскім раёне
- Памерлі ў Менску
- Беларускія паэты і паэткі
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша»
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР