Перайсьці да зьместу

Фэлікс Дзяржынскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дзяржынскі.
Фэлікс Дзяржынскі
Дата нараджэньня 11 верасьня 1877(1877-09-11)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 ліпеня 1926(1926-07-20)[4][5][6][…] (48 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці інфаркт міякарда
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак палітык, рэвалюцыянэр
Сябра ў ЦК КПСС і Таварыства старых бальшавікоў[d]
Бацька Эдмунд Дзяржынскі[d]
Маці Алена Дзяржынская[d]
Дзеці Ян Феліксавіч Дзяржынскі[d]
Узнагароды
ордэн Чырвонага Сьцяга
адзнака «Заслужаны супрацоўнік НКУС»
Подпіс Выява аўтографу
Фэлікс Дзяржынскі

Фэ́лікс Эдму́ндавіч Дзяржы́нскі (па-расейску: Феликс Эдмундович Дзержинский, па-польску: Feliks Dzierżyński; партыйныя мянушкі: Яцак, Якуб, Пераплётчык, Франак, Астраном, Юзаф, Даманскі; 11 верасьня [ст. ст. 30 жніўня] 1877 — 20 ліпеня 1926) — найбольш вядомы бальшавік беларускага паходжаньня. З шляхецкага роду Дзяржынскіх.

Нарадзіўся ў сям’і шляхціца-настаўніка ґімназіі ў маёнтку Дзяржынава Ашмянскага павету. Яшчэ хлопцам, гуляючы са стрэльбаю, Дзяржынскі зьнянацку застрэліў сваю сястру Ванду. Бацькі схавалі гэты факт, каб не ўскладніць сыну далейшае жыцьцё. У маладосьці Дзяржынскі схіляўся да каталіцкага фанатызму, пэўны час хацеў уступіць у ордэн езавітаў ці стацца ксяндзом, але з 16 гадоў перакінуўся ў атэізм.

Фэлікс Дзяржынскі навучаўся ў 1-й Віленскай ґімназіі, дзе ўступіў у сацыял-дэмакратычную арґанізацыю, і на Гедымінавай гары ў Вільні прысягнуў на змаганьне супраць манархіі. Ён сышоў з апошняе клясы ґімназіі ў красавіку 1896, каб прысьвяціць сябе партыйнай працы. Увосень 1895 году Дзяржынскі ўступіў у Літоўскую Сацыял-Дэмакратычную Арґанізацыю, вёў прапаґанду сярод рамесных і фабрычных навучэнцаў. З сакавіку 1897 ён быў на падпольнай працы ў Коўні, дзе выдаў першы нумар ґазэты «Ковенский рабочий» і кіраваў страйкамі. У ліпені арыштаваны і ў 1898 г. высланы на 3 гады ў Вяцкую ґубэрню (г. Нолінск, вёска Кайгародзкае), адкуль зьбег у жніўні 1899 г.

У 1900 г. Дзяржынскі ўдзельнічаў у працы першага Зьезду Сацыял-Дэмакратаў Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ). У лютым 1900 г. арыштаваны, і ў студзені 1902 г. сасланы на 5 год ва Ўсходні Сыбір (Вілюйск), але ў чэрвені, на шляху да месца ссылкі, зьбег і ў жніўні эміґраваў; на канфэрэнцыі СДКПіЛ у Бэрліне абраны сакратаром замежнага камітэту партыі. Дзяржынскі арганізаваў выданьне ґазэты «Czerwony Sztandar» і транспартоўку нелеґальнае літаратуры з Кракава ў Каралеўства Польскае. У ліпені 1903 Дзяржынскі быў дэлеґатам 40-га Зьезду СДКПіЛ, дзе быў абраны сябрам цэнтральнага праўленьня. У 1904 г. памерла жонка Дзяржынскага Ю.Ґольдман. З канца 1904 г. ён жыў у Варшаве; узначальваў дэманстрацыю на 1 траўня ў 1905, працаваў у вайскова-рэвалюцыйнай арґанізацыі. У ліпені 1905 г. зноў арыштаваны, у кастрычніку вызвалены па амністыі.

З 1906 г. Дзяржынскі быў прадстаўніком СДПКПіЛ ў Цэнтральным камітэце Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі, быў дэлеґатам 4-га Зьезду РСДРП.

Зь ліпеня па верасень 1906 г. знаходзіўся ў Пецярбургу, потым зноў у Варшаве, дзе ў сьнежні быў арыштаваны, у чэрвені 1907 вызвалены пад заклад. У красавіку 1908 г. Дзяржынскі зноў арыштаваны, у 1909 двойчы прыгавораны Варшаўскім судом да пазбаўленьня ўсіх правоў, маёмасьці і пажыцьцёвай ссылцы ў Сыбір (вёска Бельскае, потым Сухава і Тасеева, Енісейская ґубэрня), у лістападзе Дзяржынскі зьбег і эміґраваў.

У сакавіку 1910 Дзяржынскі ў якасьці сакратара і скарбніка галоўнае ўправы партыі вярнуўся ў Кракаў, дзе ў жніўні ажаніўся з С. С. Мушкат. Адзін з самых радыкальных ленінцаў, ён актыўна выступаў супраць наданьня дзейнасьці камуністых леґальнага й мірнага характару.

Пасьля нелеґальнага вяртаньня ў студзені 1912 у Варшаву Дзяржынскі быў у верасьні зноў арыштаваны і ў красавіку 1914 г. прыгавораны да трох гадоў катаргі. Па новай судовай справе ў 1916 г. прыгавораны да яшчэ 6 гадоў, знаходзіўся ў Бутырскай турме, адкуль 1 сакавіка 1917 быў вызвалены паўстаўшымі жаўнерамі.

З сакавіку 1917 г. Дзяржынскі быў чальцом бюро Маскоўскае ґрупы СДКПіЛ і Маскоўскага камітэту РСДРП, сябра выканаўчага камітэту Маскоўскага Савету Рабочых Дэпутатаў. На Сёмай Усерасейскай Канфэрэнцыі РСДРП Дзяржынскі выступіў супраць права нацыяў на самастойнасьць ад савецкае Расеі. У тым жа годзе ён быў абраны ў ЦК РСДРП.

16 кастрычніка 1917 Дзяржынскі быў абраны ў Ваенна-Рэвалюцыйны Цэнтар, у складзе якога ён стаўся адным з асноўных кіраўнікоў кастрычніцкага перавароту, арґанізаваў захоп пэтэрбурскіх пошты й тэлеґрафу.

7 сьнежня 1917 г. Дзяржынскі прызначаны галавой Ваеннай Надзвычайнае Камісіі (ВЧК) — карнага органу камуністычнага рэжыму, папярэдніка НКВД і КГБ. На гэтай пасадзе ён стаўся найбольш вядомы. Дзяржынскі стаўся тым, хто вызначыў асноўныя мэтады будучай карнай працы савецкай дыктатуры. Ён быў арґанізатарам «Чырвонага Тэрору», ініцыятарам начных допытаў, правакацыйных мэтадаў, практыкі браньня закладнікаў і г. д. Нават некаторыя камуністы крытыкавалі ЧК за празьмерную жорсткасьць, чаму Дзяржынскі рэзка супрацьстаяў, заяўляючы, што «там, дзе пралетарыят ужыў масавы тэрор, мы не сустракаем здрадніцтва» і што «права на расстрэл ёсьць для ЧК надзвычайна важнае» і нават калі «ейны меч пры гэтым трапляе выпадкова на галовы бязьвінных».

З студзеня 1919 г. Дзяржынскі быў сябрам камісі ЦК РСДРП і Савету па Абароне (разам із Сталіным), з сакавіку — народны камісар нутраных справаў. У траўні-ліпені 1920 г. Дзяржынскі кіраваў падаўленьнем антыкамуністычных паўстаньняў ва Ўкраіне, кіраваў тылам Паўднёва-Заходняга фронту Чырвонае Арміі. Калі ў той самы год бальшавікі спрабавалі захапіць Польшчу, Дзяржынскі ўвайшоў у склад Польскага Бюра ЦК РКП(б) і Часовага Рэвалюцыйнага Ваеннага Савету Польшчы.

З 1921 г. Дзяржынскі займаў розныя пасады ў расейскім і савецкім урадах, у 1922-26 гг. быў старшынём ГПУ (ОГПУ). Удзельнічаў у барацьбе з апазыцыяй унутры камуністычнай партыі.

Памёр у Маскве.

  1. ^ Felix (Feliks) Edmundowitsch Dserschinski // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  2. ^ Feliks Edmundovič Dzeržinskij // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.)Grup Enciclopèdia, 1968.
  3. ^ Feliks Dzierżyński // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  4. ^ а б Дзержинский Феликс Эдмундович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ http://www.nndb.com/gov/019/000065821/
  6. ^ Feliks Edmundovich Dzerzhinsky // Encyclopædia Britannica (анг.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]