Савецкі раён (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°56′21″ пн. ш. 27°35′24″ у. д. / 53.93917° пн. ш. 27.59° у. д. / 53.93917; 27.59

Савецкі раён
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус гарадзкі раён
Уваходзіць у Менск
Улучае 5 мікрараёнаў
Дата ўтварэньня 17 сакавіка 1938 (86 гадоў таму)
кіраўнік адміністрацыі Сяргей Хільман
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Мовы ва ўжытку беларуская, расейская
Насельніцтва (2009) 162 315
Шчыльнасьць 8150 чал./км²
Нацыянальны склад беларусы 74,6%, расейцы 13%, украінцы 1,8%, палякі 0,7%, жыды 0,5%
Канфэсійны склад хрысьціяне
Плошча 20,32 км²
Месцазнаходжаньне Савецкага раёну
Савецкі раён на мапе
У абрысах Менску
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC+3
Тэлефонны код +375 17
Паштовыя індэксы 220040, -068, -071, -090, -100, -113, -123, -131
Код аўтам. нумароў 7
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Саве́цкі раё́н — адміністрацыйны раён Менску на поўначы гораду, заснаваны ў сакавіку 1938 году пад назвай Варашылаўскага. На 2020 год яго плошча складала 20,32 км². Насельніцтва складала 162 315 чалавек (перапіс 2009).

Атрымаў цяперашнюю афіцыйную назву ў лістападзе 1961 году ў рамках дэсталінізацыі. Аднак яна таксама ёсьць безаблічнай і ідэалягічнай у духу камуністычнай прапаганды і ня мае зьвязку зь беларускімі тапанімічнымі традыцыямі[1].

На 2020 год месьціўся між вуліцамі Карастаянавай і Крапоткіна, праспэктам Машэрава, вул. Казлова і Платонава, прасп. Незалежнасьці, вул. Сурганава, Якуба Коласа і Лагойскім трактам. Улучаў 5 мікрараёнаў: Залатая Горка, Зялёны Луг (паўночны захад застаўся пасьля 1969 году), Камароўка, Сельгаспасёлак і Цна. Межаваў з Цэнтральным раёнам Менску на захадзе, Партызанскім — на поўдні і Першамайскім — на ўсходзе, а таксама зь Менскім раёнам на поўначы. Асноўныя магістралі: праспэкт Незалежнасьці і вуліцы Максіма Багдановіча, Веры Харужай, Якуба Коласа і Сурганава. У раёне месьцяцца плошча Якуба Коласа, Цнянскае вадасховішча і каля 5 км² зялёных насаджэньняў, у тым ліку парк Сяброўства народаў, 19 сквэраў, 6 бульвараў і алеі на 43 вуліцах. Сярод прыватнай забудовы сустракаліся помнікі драўлянага дойлідзтва пачатку ХХ стагодзьдзя[2]. Адміністрацыя раёну месьцілася па вул. Дамашэвіча, д. 8[3].

На 2020 год Савецкі раён Менску меў найбольшую долю студэнтаў у насельніцтве сярод усіх раёнаў сталіцы — звыш 56 000 чалавек (34%). У яго межах месьціліся 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку найбольшая ў Беларусі — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. Іншымі 2-ма былі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Акадэмія МУС Беларусі. Таксама дзейнічала 7 сярэдніх спэцыяльных і прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Сярод 17 прамысловых прадпрыемстваў найбольшымі былі: «Амкадар», «Менскі завод ЭВМ», «Менская фабрыка мяккай мэблі», «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа», «Прамсувязь» і «Беларускі дом друку». Таксама ў раёне знаходзіліся Галоўны клінічны шпіталь Узброеных сілаў Беларусі, «Беларуская дзяржаўная філярмонія», кінатэатар «Кастрычнік» і 5 бібліятэк, у тым ліку Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы і Менская абласная бібліятэка. У мікрараёне Залатая Горка месьціліся царква Аляксандра Неўскага пры Вайсковых могілках і касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. У гандлі пераважалі «ЦУМ Менск» і «Камароўскі рынак»[2]. У раёне месьціліся 2 станцыі Маскоўскай лініі Менскага мэтрапалітэну: «Плошча Якуба Коласа» і «Акадэмія навук». На 2018 год налічвалася 264 вуліцы, 704 шматкватэрныя жылыя дамы і 2909 прыватных дамоў[4].

Гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Беларускі дом друку» (2020 год)

На 2020 год 15 асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі Савецкага раёну Менску былі: ААТ «Амкадар» (вул. П. Броўкі, д. 8), ААТ «Прамсувязь» (вул. Броўкі, д. 18), УП «Беларускі дом друку» (прасп. Незалежнасьці, д. 79), ААТ «Амкадар-Белвар» (прасп. Незалежнасьці, д. 58) і трыкатажная фабрыка «Алеся» (Старавіленская вул., д. 131), ААТ «Менскі экспэрымэнтальна-фурнітурны завод» (Старавіленская вул., д. 100), ААТ «Стыльмэн» (вул. Мележа, д. 3), мантажна-будаўнічая ўправа «Электраналадка» (вул. Б. Хмяльніцкага, д. 8) трэсту «Белпрамналадка», УП «Завод сродкаў вылічальнай тэхнікі» (прасп. Незалежнасьці, д. 58), УП «Будмэдыя праект» (вул. Харужай, д. 13), ТАА «Монтбрук» (вул. Гало, д. 148а), ТАА «Профітсыстэм» (вул. Дастаеўскага, д. 27), ААТ «Менсксельбуд» (вул. Смалячкова, д. 9), УП «Рунак» (вул. Гікалы, д. 5) і ТАА «Полімайстар» (вул. Багдановіча, д. 112)[5].

Камароўскі рынак (2019 год)

На 1 студзеня 2017 году ў Савецкім раёне дзейнічала 833 крамы агульнай плошчай звыш 13 гектараў, зь іх 627 (75%) былі нехарчовымі. Таксама працавала 692 майстэрні побытавага абслугоўваньня, 266 страўні на 12 800 месцаў, 18 гандлёвых цэнтраў і Камароўскі рынак. Найбольшымі гандлёвымі прадпрыемствамі раёну былі: УП «Менскі Камароўскі рынак» (вул. Харужай, д. 8), бровар «Сябры» (вул. Кульман, д. 40), ТАА «Лібрэтык» (вул. Сурганава, д. 50) зь сеткай крамаў «Суседзі», ААТ «ЦУМ Менск» (прасп. Незалежнасьці, д. 54), Унівэрсам «Віцебск» (вул. Гамарніка, д. 16), ЗАТ «Мэбля, будматэрыялы» (вул. Харужай, д. 6), УП «Лідо» (прасп. Незалежнасьці, д. 49) і ТАА «Арвітфуд» (вул. Багдановіча, д. 153) зь сеткай крамаў «Прэстан»[6]. На 2020 год Адміністрацыі Савецкага раёну Менску належалі 4 унітарныя прадпрыемствы: «Жыльлёвае рамонтна-эксплюатацыйнае аб'яднаньне» (Чырвоная вул., д. 16), «Жыльлёвая камунальная гаспадарка» (вул. Смалячкова, д. 16), «Зялёнбуд» (вул. Някрасава, д. 75) і «Рамаўтадар» (Шырокая вул., д. 40а)[7]. Таксама дзейнічала УП «Управа капітальнага будаўніцтва Савецкага раёну Менску» (прасп. Незалежнасьці, д. 46). Падарожніцкія паслугі аказвала 100 прадпрыемстваў раёну[8].

На 2020 год на прадпрыемствах працавала каля 20 000 чалавек (45%) зь ліку каля 44 000 моладзі ва ўзросьце да 31 году. Моладзь складала 30% насельніцтва, што было найбольшым паказьнікам сярод раёнаў Менску. У раёне месьцілася 65 гуртажыткі, зь іх 34 працоўныя і 31 студэнцкі[9]. У іх пражывала 22 426 чалавек (14% насельніцтва раёну), зь 14 501 маладзён (60%)[10]. На 2018 год у раёне налічвалася 8000 юрыдычных асобаў і 7000 індывідуальных прадпрымальнікаў. За 2017 год зьнешнегандлёвы абарот склаў $2,6 млрд[4].

Асьвета[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год у Савецкім раёне Менску налічвалася 40 дашкольных установаў ясьлі-сад. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь валодала 37 зь іх: 29-ю агульнага прызначэньня — № 5, 15, 71, 111, 125, 146, 151, 156, 181, 247, 283, 302, 306, 307, 314, 321, 341, 356, 371, 376, 378, 379, 406, 410, 416, 426, 432, 445 і 501; 5 санаторнымі — № 154, 230, 268, 366 і 375; 3-ма адмысловымі — № 19 для дзяцей з парушэньнем зроку (вул. Мірашнічэнкі, д. 25), 407 (Лагойскі тракт, д. 39) і 408 для дзяцей з парушэньнем маўленьня (Беламорская вул., д. 13). ААТ «Гарызонт» належала 2 ясьляў-садоў: № 64 (Пугачоўская вул., д. 2) і 404 (вул. Харужай, д. 16а). Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мела ясьлі-сад № 434 па вул. Някрасава, д. 21а. Таксама працавалі 2 прыватныя дзіцячыя сады-пачатковыя школы «Горад сонца» (зав. Багдановіча, д. 15) і «Давайце расьці» (вул. Някрасава, д. 31), а таксама прыватная пачатковая школа «Бэст скул» (вул. Мележа, д. 1). У 6-і дашкольных установах працавала 7 групаў зь беларускай мовай навучаньня: № 314 па вул. М. Багдановіча, д. 68а — 2 групы; № 156 (вул. Якуба Коласа, д. 25/3), 356 (вул. Гамарніка, д. 22/2), 426 (вул. Ламаносава, д. 12), 432 (вул. Сурганава, д. 72) і 501 (Лагойскі тракт, д. 1/1) — па 1 групе[11].

У межах Савецкага раёну знаходзілася 15 сярэдніх школ: № 19 імя Янкі Купалы (вул. Залатая Горка, д. 18), 27, 28, 34, 53, 64, 66, 76, 78, 91 імя Хасэ Марці, 122, 147, 148, 178 і 187[12]. Таксама працавала 6 гімназіяў: № 6 (Усходняя вул., д. 40), 8 (вул. Я. Коласа, д. 41), 15 (вул. М. Багдановіча, д. 84), 22 (вул. Гамарніка, д. 8), 23 зь беларускай мовай навучаньня (прасп. Незалежнасьці, 45) і 30 імя Барыса Акрэсьціна[13]. Дадатковую асьвету прапаноўвалі 3 установы: Цэнтар дадатковай асьветы дзяцей і моладзі «Сьветач» (вул. Я. Коласа, д. 47/2), Фізкультурна-спартовы цэнтар дзяцей і моладзі (вул. Гамарніка, д. 7/2) і Грамадзка-пэдагагічны цэнтар (1-ы Ізмайлаўскі зав., д. 13)[14]. Таксама дзейнічалі 3 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы: 1) алімпійскага рэзэрву па валейболе (вул. Сурганава, д. 45, корп. 3), спартова-тэхнічная па радыёспорце (вул. Кульман, д. 15) і Менская школа алімпійскага рэзэрву (прасп. Незалежнасьці, д. 53)[15]. Урэшце ў раёне месьціліся філія мастацкай школы № 3 (Берасьцянская вул., д. 13) і 4 музычныя школы: № 1 імя Ларысы Александроўскай (вул. Залатая Горка, д. 18/1), 4 (Лагойскі тракт, д. 25/2), 8 імя Рыгора Шырмы (прасп. Машэрава, д. 48) і 16 (вул. Я. Коласа, д. 47а)[16].

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (2020 год)

На 2020 год у раёне дзейнічала 7 сярэдніх спэцыяльных і прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Зь іх 3 належалі Міністэрству адукацыі Беларусі: Менскі ліцэй будаўніцтва № 12 (Шырокая вул., д. 28), Менскі каледж паліграфіі (вул. Харужай, д. 7) і Менскі каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вул. Сурганава, д. 45/3). Астатнія 4 належалі ВНУ: 2 пры БДЭУМенскі гандлёвы каледж (Усходняя вул., д.183) і Менскі фінансава-эканамічны каледж (Чырвоная вул., д. 17), пры БДУІР дзейнічаў Менскі радыётэхнічны каледж (прасп. Незалежнасьці, д. 62), пры БНТУМенскі тэхналягічны каледж (Чырвоная вул., д. 19Б). У межах раёну месьціліся 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку найбольшая ў Беларусі — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт (прасп. Незалежнасьці, д. 65). Іншымі 2-ма былі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (вул. П. Броўкі, д. 6) і Акадэмія МУС Беларусі (прасп. Машэрава, д. 6а)[17]. Савецкі раён Менску меў найбольшую долю студэнтаў у насельніцтве сярод усіх раёнаў сталіцы — звыш 56 000 чалавек (34%)[2], якія асвойвалі 98 спэцыяльнасьцяў.

У раёне месьцілася 2 установы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Інстытут мэліярацыі — па вуліцы Някрасава, д. 39 і Інстытут парашковай мэталюргіі — па вуліцы Платонава, д. 41.

Адпачынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (2020 год)

На 2020 год у Савецкім раёне разьмяшчаліся Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва (прасп. Незалежнасьці, д. 47), Беларуская дзяржаўная філярмонія (прасп. Незалежнасьці, д. 50), казіно «Хо» (прасп. Незалежнасьці, д. 56) і кінатэатар «Кастрычнік» (прасп. Незалежнасьці, д. 73) з клюбам «Макс шоў», Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. Харужай, д. 16), Менская абласная бібліятэка (вул. Гікалы, д. 4), Рэспубліканская мастацкая галерэя (Палац мастацтваў; вул. Казлова, д. 3) і Вайсковыя могілкі, сядзіба беларускамоўнага радыё «Рэлакс», Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, д. 3), забаўляльныя цэнтры «Дазары» (прасп. Незалежнасьці, д. 58) і «НЛА» (вул. Я. Коласа, д. 37)[18]. Дзейнічала звыш 100 музычных гуртоў, зь іх 23 са званьнямі «ўзорны» і «народны», у тым ліку ансамблі «Песьняры» і «Харошкі», Дзяржаўны ансамбль танцу Беларусі. У раёне знаходзілася 5 бібліятэк і 36 аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь[19].

Цнянскае вадасховішча (2010 год)

Для аздараўленьня выкарыстоўваліся: спартова-аздараўленчы цэнтар «Алімп» (вул. Я. Коласа, д. 2), Цнянскае вадасховішча (мікрараён Зялёны Луг), Усходні сквэр (Усходняя вуліца), парк Сяброўства народаў і 15 аздараўленчых клюбаў — «Адрэналін» (вул. Сурганава, д. 57Б), «Алімп» (вул. Гамарніка, д. 23), «Атлет» (вул. Гамарніка, д. 4), «Імпэрыя сілы» (вул. Някрасава, д. 39), «Ля Форца» (Усходняя вул., д. 129), «Мэга фітнэс» (вул. Я. Коласа, д. 73/3), «Рэфлекс» (вул. Я. Коласа, д. 61), «СН-Фітнэс» (прасп. Незалежнасьці, д. 51), «Татэм» (вул. Багдановіча, д. 78), «Тыгрыс» (вул. Сурганава, д. 47), «Фізкультура і здароўе» (вул. Казлова, д. 7), «Фока» (прасп. Машэрава, д. 50), «Эво» (вул. Багдановіча, д. 155Б) і «Эстэтычны цэнтар» (вул. Кульман, д. 13)[20]. Таксама дзейнічалі валейбольны клюб «Менск» (вул. Сурганава, д. 45, корп. 3), Рэспубліканскі цэнтар экалёгіі і краязнаўства (вул. Лук’яновіча, д. 18), спартова-аздараўленчы комплекс «Палітэхнік» (прасп. Незалежнасьці, д. 65, корп. 1), спартовыя клюбы БДУІР (вул. П. Броўкі, д. 6, корп. 2) і БНТУ, УП «Клюб тэнісу» (вул. Кальцова, д. 112)[15]. На 2018 год у раёне было 250 фізкультурных збудаваньняў, зь іх 60 спартовых заляў і 3 басэйны[4].

Царква Аляксандра Неўскага (2007 год)

На 2020 год у раёне дзейнічала 17 рэлігійных аб’яднаньняў 9 веравызнаньняў, зь іх 14 аб’яднаньняў хрысьціянскай веры: 5 праваслаўных, 3 пяцідзясятніцкіх, 2 мармонскіх і па 1 армянскім, баптысцкім, кальвінісцкім і каталіцкім; а таксама 2 юдэйскіх і 1 мусульманскае. У межах раёну знаходзілася 6 хрысьціянскіх храмаў: 4 праваслаўных — царква Аляксандра Неўскага (вул. Казлова, д. 11), храм іконы Божай Маці «Адшуканьне загінулых» (вул. Карастаянавай, д. 16), храм Уваскрасеньня Хрыстова (вул. Гамарніка, д. 29) і храм роўнаапостальнага князя Ўладзімера (1-я Пасялковая вул., д. 7); па 1 баптысцкім і каталіцкім — царква Сьвятла Жыцьця (вул. Чайкоўскага, д. 39) і касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (прасп. Незалежнасьці, д. 44а). Штотыдзень іх наведвала 2000 прыхаджанаў. Пры каталіцкім і праваслаўным прыходах дзейнічалі нядзельныя школы для дзяцей і падлеткаў ад 5 да 15 гадоў. У гэтых школах выкладалі царкоўны сьпеў, рукадзельле і Закон Божы[21].

Ахова здароўя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год у раёне налічвалася 7 паліклінік: 5 для дарослых — 34-я цэнтральная раённая клінічная (вул. Кульман, д. 22), 13-я гарадзкая (вул. Ламаносава, д. 3), 30-я клінічная гарадзкая (вул. Кальцова, д. 53/2), 33-я гарадзкая студэнцкая (вул. Сурганава, д. 45/4) і 11-я гарадзкая клінічная стаматалягічная (вул. Някрасава, д. 35/2); 2 гарадзкіх дзіцячых — 1-я (вул. Залатая Горка, д. 17) і 17-я клінічная (вул. Кальцова, д. 53/1). Таксама працавалі Гарадзкая клінічная інфэкцыйная лякарня (вул. Крапоткіна, д. 76), УП «Белфармацыя» (вул. Харужай, д. 11) з аптэчным складам і 142 аптэкамі па ўсёй Беларусі, ААТ «Мэдыцынская ініцыятыва» (Чырвоная вул., д. 20) і Клінічны цэнтар плястычнай хірургіі і мэдыцынскай касмэталёгіі (вул. Багдановіча, д. 153)[22]. Таксама дзейнічаў Тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва (ТЦСАН; вул. Залатая Горка, д. 9). На 2018 год у раёне налічвалася 93 аптэкі[4].

Органы ўлады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год у Савецкім раёне Менску месьцілася 11 органаў мясцовай улады: Аддзел Дэпартамэнту аховы Міністэрства ўнутраных справаў (вул. Кальцова, д. 50), Аддзел запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС; вул. Гамарніка, д. 2), Аддзел надзвычайных сытуацыяў (Чырвоная вул., д. 9), Аддзел Сьледчага камітэту, Аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН; вул. Талбухіна, д. 6), Інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах (вул. Я. Коласа, д. 19), Пракуратура (прасп. Незалежнасьці, д. 46), Суд (Лагойскі тракт, д. 3), Управа сацыяльнай абароны насельніцтва (вул. Харужай, д. 24, корп. 1), Управа ўнутраных справаў (вул. Харужай, д. 3) і Экспэртна-крыміналістычны аддзел (вул. Багдановіча, д. 155). Менскі гарадзкі савет дэпутатаў меў прадстаўнікоў ад 5 выбарчых акругаў Савецкага раёну: Мірашнічэнкаўскай № 43, Лагойскай № 44, Багдановіцкай № 45, Куйбышаўскай № 46 і Машэраўскай № 47[23]. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мела дэпутатаў ад 2 выбарчых акругаў у раёне: Коласаўскай № 106 і Ўсходняй № 107[24].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 сакавіка 1938 году Цэнтральны выканаўчы камітэт Беларускай ССР зацьвердзіў Пастанову аб утварэньні ў сталіцы Варашылаўскага гарадзкога раёну, які складаўся з 4 мікрараёнаў — Залатая Горка, Камароўка, Пярэспа і Старажоўка. У 1939 годзе на Камароўскай плошчы ўзьвялі Інстытут культуры. У 1940 годзе стварылі «Менскі радыёзавод». 18 верасьня 1947 году стварылі раённы аддзел запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС). У 1950-я гады значную частку раёну складалі небрукаваныя вуліцы і драўляныя хаты. У ліпені 1953 году на аснове адмысловага кіраўніцтва ляпніны Галоўпрамбуду стварылі Будтрэст № 7, які пачаў забудоўваць раён шматкватэрнымі дамамі. Таксама ў 1953 годзе пачалі будаваць «Менскі паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа». У жніўні 1956 году стварылі «Менскі завод элетроннных вылічальных машынаў». 6 сьнежня 1956 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў Указ аб пераўтварэньні 2-га аддзяленьня міліцыі Менску ў Варашылаўскі раённы аддзел міліцыі. 16 траўня 1958 году ў раёне адчынілі 1-ю ВНУ, якой стала Менская вышэйшая школа міліцыі. 2 лістапада 1961 году раён перайменавалі ў Савецкі ў рамках дэсталінізацыі. Аднак Камуністычная партыя Беларусі замяніла папярэднюю безаблічную і ідэалягічна-прапагандысцкую назву раёну, утвораную без увагі да жывых беларускіх тапонімаў, на іншую такога ж кшталту[1]. У 1962 годзе на поўначы пачалі забудоўваць пустку Забалацьце, на месцы якой утварыліся мікрараёны Сельгаспасёлак і Зялёны Луг. У красавіку 1963 году адчынілі новы будынак «Беларускай дзяржаўнай філярмоніі» на плошчы Якуба Коласа. 15 сакавіка 1964 году заснавалі Менскі радыётэхнічны інстытут. 5 лістапада 1964 году на плошчы Якуба Коласа адчынілі «Цэнтральны ўнівэрсальны магазін» («ЦУМ»), які стаў найбольшай крамай Беларускай ССР. 25 чэрвеня 1969 году прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў Пастанову аб стварэньні Першамайскага і Цэнтральнага раёнаў, у якія ўвайшла частка земляў Савецкага раёну на ўсходзе і захадзе адпаведна. Да Цэнтральнага раёну адышлі Пярэспа і Старажоўка. Да Першамайскага — паўднёвы ўсход Зялёнага Лугу. У 1977 годзе Савецкі раён пашырылі за кошт сельсаветаў Менскага раёну, у выніку чаго зьявіўся мікрараён Цна. 20 траўня 1980 году на вуліцы Веры Харужай адчынілі крыты павільён «Камароўскага рынку», што павялічыла яго гандлёвую плошчу да 3 гектараў, а агульную — да 5 га. У выніку той стаў найбольшым харчовым рынкам Беларускай ССР. Крыты рынак абвясьцілі помнікам архітэктуры пад аховай дзяржавы[25]. У 1981 годзе адчынілі Цнянскае вадасховішча і 1-ю чаргу Сьляпнянскай воднай сыстэмы.

На 2013 год Савецкі раён Менску займаў 1-е месца паводле гандлёвай выручкі. На раён прыпала 15% выручкі прадпрыемстваў сталіцы і 3,5% вытворчасьці. Раздробная гандлёвая сетка налічвала 475 крамаў агульнай гандлёвай плошчай звыш 10 км², зь якіх 360 былі нехарчовымі, каля 500 майстэрняў побытавага абслугоўваньня, звыш 200 страўняў на 10 000 месцаў, 16 гандлёвых цэнтраў і Камароўскі рынак. Найбольшай страўняй было «Лідо» на вуліцы Кульман на 650 месцаў. Прамысловасьць працавала ў галіне машынабудаваньня, паліграфіі, лёгкай і харчовай прамысловасьці, вытворчасьці прыладаў сувязі, узбраеньня і дазімэтраў. Сярод звыш 30 прамысловых прадпрыемстваў найбольшымі былі ААТ «Амкадар», ААТ «Менскае вытворчае аб'яднаньне вылічальнай тэхнікі» і УП «Беларускі дом друку». На 1990 жыхароў раёну прыпадала па 1 лекары пры нарматыве на 1300 жыхароў. Патрэбу ва ўласным жытле мела 21 740 сем’яў. У раёне працавала 9 навукова-дасьледчых і праектных інстытутаў, у тым ліку ААТ «НДІ ЭВМ», што выпускала радыёэлектроніку, і ААТ «Менскі навукова-дасьледчы прыборабудаўнічы інстытут», які распрацоўваў вымяральныя прылады для перавозак, прамысловасьці і энэргетыкі. Таксама дзейнічалі 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы: Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт (1920), які рыхтаваў інжынэраў і дойлідаў, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (1964), які навучаў праграмістаў, і Акадэмія МУС Беларусі (1958), што выпускала правазнаўцаў. Беларуская дзяржаўная філярмонія была галоўнай установай культуры, дзе працавалі Дзяржаўны ансамбаль танцу Беларусі, харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Дзяржаўны камэрны хор Беларусі, харавая капэла імя Рыгора Шырмы, ансамблі «Купалінка» і «Песьняры», Народны аркестар імя Жыновіча. Найбольшым кінатэатрам быў «Кастрычнік» (каля БНТУ), дзе ладзілі кінафэстываль «Лістапад». У раёне налічвалася 272 спартовыя збудаваньні, сярод якіх былі спартовыя пляцоўкі БНТУ і БДУІР, спартовыя цэнтры «Атлет» і «Татэм», стадыён па вуліцы Гамарніка і фізкультурна-аздараўленчы цэнтар «Алімп». У галіне аховы здароўя працавала:

  • 11 дзяржаўных установаў — «Гарадзкая клінічная інфэкцыйная лякарня», «1-ы гарадзкі супрацьсухотны дыспансэр», «34-я цэнтральная раённая клінічная паліклініка», 13-я і 30-я гарадзкія паліклінікі, «33-я гарадзкая студэнцкая паліклініка», «1-я гарадская дзіцячая паліклініка», «17-я гарадская дзіцячая клінічная паліклініка», «11-я гарадская клінічная стаматалягічная паліклініка», ААТ «Мэдыцынская ініцыятыва» і УП «Клінічны цэнтар плястычнай хірургіі і мэдыцынскай касмэталёгіі Менску»;
  • 2 ведамасныя ўстановы — «432-і Галоўны вайсковы клінічны мэдыцынскі цэнтар Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь» і «Рэспубліканскі шпіталь МУС Рэспублікі Беларусь»;
  • 3 прыватныя лякарні — УП «Нардзін», ТАА «Ладэ» і «Цэнтар рэпрадуктыўнай мэдыцыны»;
  • звыш 40 прыватных і 17 дзяржаўных аптэк;
  • Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі Савецкага раёну[25].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхаіл Мясьніковіч — былы старшыня Адміністрацыі Савецкага раёну Менску (2011 год)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Вінцук Вячорка. Як палюбіць Савецкі раён // Радыё «Свабода», 22 чэрвеня 2016 г. Праверана 15 сакавіка 2020 г.
  2. ^ а б в Геаграфічнае становішча. Гісторыя раёну (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  3. ^ Савецкі раён // Менск: энцыкл. даведнік = Минск: энцикл. справочник / гал.рэд. Іван Шамякін. — 2-е выд., дап. і перапрац. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1983. — С. 372-373. — 467 с. — 10 000 ас.
  4. ^ а б в г Ж.Ю. Клімянок, Н.М. Усьціновіч. Савецкі раён горада Менска = Советский район города Минска / рэд. Л.Ф. Анцух. — Менск: Чатыры чвэрці, 2018. — 36 с. — ISBN 978-985-581-186-3
  5. ^ Прамысловасьць (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  6. ^ Буйныя прадпрыемствы гандлю і абслугоўваньня (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 27 лютага 2020 г.
  7. ^ Жыльлёва-камунальная гаспадарка (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  8. ^ Сьпіс падарожніцкіх прадпрыемстваў (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  9. ^ Сьпіс гуртажыткаў (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  10. ^ Моладзь (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  11. ^ Установы дашкольнай асьветы (рас.) // Управа асьветы Адміністрацыі Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 27 лютага 2020 г.
  12. ^ Сярэднія школы (рас.) // Управа асьветы Адміністрацыі Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 27 лютага 2020 г.
  13. ^ Гімназіі (рас.) // Управа асьветы Адміністрацыі Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 27 лютага 2020 г.
  14. ^ Адукацыйная сетка (рас.) // Управа асьветы Адміністрацыі Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 27 лютага 2020 г.
  15. ^ а б Гасьцініцы, установы фізычнай культуры і спорту (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  16. ^ Сетка ўстановаў культуры (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  17. ^ Пералік установаў асьветы, якія забясьпечваюць атрыманьне вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай асьветы (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 27 лютага 2020 г.
  18. ^ Культура (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  19. ^ Культурная прастора (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  20. ^ Спорт і турызм (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  21. ^ Этнаканфэсійнае становішча (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  22. ^ Зьвесткі пра ўстановы аховы здароўя (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  23. ^ Дэпутаты Менскага гарадзкога савету дэпутатаў (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  24. ^ Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 28 лютага 2020 г.
  25. ^ а б Уладзіслаў Кулецкі. Самы душэўны раён сталіцы // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  26. ^ Кіраўнікі раёну (рас.) // Адміністрацыя Савецкага раёну Менску, 2020 г. Праверана 26 лютага 2020 г.
  27. ^ Советским районом будет руководить Сергей Хильман. До этого он возглавлял «Минскрекламу»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]