Перайсьці да зьместу

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «UNESCO»)

Каардынаты: 48°50′57″ пн. ш. 2°18′21″ у. д. / 48.84917° пн. ш. 2.30583° у. д. / 48.84917; 2.30583

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры
анг. United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization

Сьцяг
Абрэвіятура ЮНЭСКО
Дэвіз Будуем мір у сьвядомасьці людзей
Дата ўтварэньня 4 лістапада 1946 (78 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта міжнародная супраца праз асьвету, навуку і культуру[1]
Штаб-кватэра Парыж, 7-я акруга, плошча Фантэнуа, д. 7[2]
Месцазнаходжаньне Францыя
Дзейнічае ў рэгіёнах сядзібы ў 53 краінах (2020 год)[3]
Сяброўства 190 дзяржаваў, Палестынская аўтаномія Ізраілю, Ніуе і астравы Кука Новай Зэляндыі (2020 год)[2]
Афіцыйныя мовы ангельская, арабская, гішпанская, кітайская, расейская і француская
Генэральная дырэктарка Одрэ Азуле[4]
Старшыня Агапіто Мокюй[5]
Кіроўны орган Выканаўчая рада
Матчына кампанія Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў (Нью-Ёрк, ЗША)
Бюджэт $682 млн (2018 год)[6]
Колькасьць супрацоўнікаў 700 (2020 год)[7]
Сайт unesco.org

Арганіза́цыя Аб’ядна́ных На́цыяў па пыта́ньнях адука́цыі, наву́кі і культу́ры (ЮНЭСКО[8]) — міжурадавая арганізацыя, заснаваная ў лістападзе 1946 году ў Парыжы (Францыя).

Сярод пытаньняў, якія ахоплівае дзейнасьць арганізацыі: праблемы дыскрымінацыі ў галіне адукацыі і непісьменнасьці; вывучэньне нацыянальных культураў і падрыхтоўка нацыянальных кадраў; праблемы сацыяльных навук, геалёгіі, акіянаграфіі і біясфэры[9]. У цэнтры ўвагі ЮНЭСКО знаходзяцца Афрыка і гендэрная роўнасьць.

  • Агульная нарада. Паводле, 4-га артыкула Статуту, склікаецца аднойчы на 2 гады. Складаецца з прадстаўнікоў дзяржаваў-удзельніцаў, кожная зь якіх мае па 1 голасе. Можа прызначацца да 5 пасланьнікаў ад дзяржавы пасьля ўзгадненьня з Нацыянальнай камісіяй. Зацьвярджае парады простай большасьцю галасоў прысутных. На 2 гады абірае Выканаўчую раду, на прапанову якой выбірае генэральнага дырэктара на 4 гады. Зацьвярджае праграмы і штогадовы каштарыс на прапанову Выканаўчай рады, а таксама правілы найму Сакратарыяту. Большасьцю ў 2/3 галасоў ухваляе пагадненьні.
  • Выканаўчая рада. Паводле 5-га артыкула, складаецца з прадстаўнікоў 58 урадаў. Склікаецца прынамсі 4 разы за 2 гады. Ажыцьцяўляе праграму, зацьверджаную Агульнай нарадай. Разглядае каштарыс на прапанову гендырэктара. Згодна з 6-м артыкула Статуту падае справаздачу аб дзейнасьці Агульнай нарадзе.
  • Сакратарыят. Складаецца з супрацоўнікаў на чале з гендырэктарам, які падае справаздачы Выканаўчай радзе. Распрацоўвае праграмы і каштарысы для Выканаўчай рады. Выконвае пастановы Агульнай нарады[1].

Паводле 1-га артыкула Статуту ЮНЭСКО, «мэтай Арганізацыі ёсьць спрыяньне міру і бясьпецы шляхам падтрымкі міжнароднай супрацы праз асьвету, навуку і культуру, каб садзейнічаць усеагульнай павазе да правасудзьдзя, вяршэнства права, правоў і асноўных свабодаў чалавека, якія зацьверджаныя для ўсіх народаў сьвету без адрозьненьня расы, плоці, мовы або веры Хартыяй ААН». Каб ажыцьцявіць гэтую мэту, ЮНЭСКО мела 3 задачы:

  • «а) супрацоўнічаць у прасоўваньні ўзаемных ведаў і разуменьня між народамі праз усе сродкі масавых зносінаў і раіць дзеля гэтага такія міжнародныя пагадненьні, якія могуць спатрэбіцца для падтрымкі вольнага патоку думак праз словы і выявы;
  • б) даць сьвежы штуршок народнай асьвеце і пашырыць культуру:
    • шляхам супрацы зь дзяржавамі-ўдзельніцамі на іх запыт у разьвіцьці асьветніцкай дзейнасьці;
    • шляхам усталяваньня міжнароднай супрацы, каб прасунуць задуму роўнасьці магчымасьцяў асьветы без уліку расы, плоці або ўсялякіх гаспадарчых і грамадзкіх адрозьненьняў;
    • шляхам парады спосабаў асьветы, што найлепш пасуюць да падрыхтоўкі дзяцей сьвету да адказнасьці свабоды;
  • в) захаваць, павялічыць і пашырыць веды:
    • шляхам забесьпячэньня захаваньня і аховы сусьветнай спадчыны кніг, мастацкіх твораў і помнікаў гісторыі ды навукі, а таксама шляхам парады зацікаўленым народам патрэбных міжнародных пагадненьняў;
    • шляхам заахвочаньня міжнароднай супрацы ва ўсіх галінах разумовай дзейнасьці, улучна зь міжнародным абменам дзеячоў у галіне асьветы, навукі і культуры ды абменам выданьнямі, прадметамі мастацкай і навуковай вартасьці і іншымі весткавымі матэрыяламі;
    • шляхам распачынаньня пралічаных спосабаў міжнароднай супрацы, каб даць людзям ва ўсіх краінах доступ да друкаваных і выдадзеных матэрыялаў, вырабленых усялякім з такіх спосабаў»[1].
Лягатып ЮНЭСКО на марцы ААН
12 гімназія ў Зэбніцы ёсьць асацыяванай школа ЮНЭСКО

Асноўныя напрамкі дзейнасьці прадстаўлены ў пяці праграмных сэктарах: адукацыя, натуральныя навукі, сацыяльныя і гуманітарныя навукі, культура, камунікацыя і інфармацыя. Існуе таксама шэраг скразных тэмаў, якія зьяўляюцца складовай часткай усіх кірункаў. З 2008 году скразнымі тэмамі абвешчаныя Афрыка і гендэрная роўнасьць[10].

ЮНЭСКО лічыць адукацыю сваім прыярытэтным напрамкам дзейнасьці з моманту заснаваньня арганізацыі[11]. Пасьля вайны арганізацыя займалася аднаўленьнем разбураных школаў і наладжваньнем перапыненых кантактаў у сфэры адукацыі ў Заходняй Эўропе. У 1950-х гадох арганізацыя стала таксама займацца абаронай правоў чалавека ў галіне адукацыі. У 1960 годзе была прынята Канвэнцыя аб барацьбе з дыскрымінацыяй у галіне адукацыі. Да гэтага моманту дзейнасьць у дачыненьні да краінаў, якія разьвіваюцца была бессыстэмнай і ў асноўным накіравана на паведамленьне элемэнтарных зьвестак з розных абласьцёў. Пасьля таго, як у пачатку 1960-х гадоў у арганізацыю ўступілі новыя афрыканскія дзяржавы, асноўная ўвага ЮНЭСКО стала надаваць краінам, якія разьвіваюцца[11].

У 1990 годзе Праграма разьвіцьця ААН, ЮНЭСКО, ЮНФПА, ЮНІСЭФ і Сусьветны банк правялі ў Джамт’ене, Тайлянд, Сусьветную канфэрэнцыю па адукацыі для ўсіх, на якой прынялі рашэньне «унівэрсалізаваць сыстэму пачатковай адукацыі і скараціць непісьменнасьць» да 2000 году. Праект атрымаў назву «Адукацыя для ўсіх», ягоную аснову складаюць аднайменныя нацыянальныя праекты, ЮНЭСКО зьяўляецца каардынатарам, займаецца пошукам крыніцаў фінансаваньня і рыхтуе штогадовыя справаздачы аб працы праграмы. У 2000 годзе ў Дакары, Сэнэгал, праходзіў Сусьветны форум па адукацыі, таксама арганізаваны па ініцыятыве шэрагу арганізацыяў у сыстэме ААН. На форуме была праведзена ацэнка праграмы, якая базуецца на нацыянальных справаздачах, якая канстатавала, што нягледзячы на ​​некаторы прагрэс, ні адна з мэтаў дасягнутая не была. У далейшым на форуме былі сфармуляваны асноўная стратэгія і мэты праграмы «Адукацыя для ўсіх» да 2015 году. Мэты ўключаюць наяўнасьць абавязковай бескаштоўнай пачатковай адукацыі, роўнасьць прадстаўнікоў розных плоцяў у пачатковай і сярэдняй школе, павышэньне якасьці адукацыі, комплексныя меры па выхаваньні дзяцей малодшага ўзросту, задавальненьне адукацыйных патрэбаў моладзі і дарослых, а таксама павышэньне пісьменнасьці дарослых. Першыя дзьве мэты ўваходзяць таксама ў сьпіс мэтаў разьвіцьця ААН[12].

У справаздачы, прадстаўленай ЮНЭСКО 25 лістапада 2008 году, арганізацыя асудзіла абыякавасьць палітычных сыстэмаў да праблемаў адукацыі і выказалася аб магчымым правале праграмы. Першая вызначаная мэта, забесьпячэньне гендэрнай роўнасьці да 2005 году, гэтак і не была дасягнутая. Улічваючы бягучае становішча справаў, існуе сумнеў у дасягненьні другой мэты, ўсеагульнай пачатковай адукацыі да 2015 году[13]. Высновы аб немагчымасьці дасягненьня мэтаў праграмы «Адукацыя для ўсіх» пацьверджаны і ў справаздачы ад 1 сакавіка 2011 году. Дадатковай праблемай, пазначанай у дакумэнце, зьяўляецца ўцягнутасьць школьнікаў ва ўзброеныя канфлікты. У прыватнасьці, былая прэзыдэнт Ірляндыі і камісар ААН па правах чалавека Мэры Робінсан адзначыла, што са зьменай прыроды ўзброеных канфліктаў, дзеці сталі аб’ектам наўмысных і сыстэматычных нападаў.

Прыродазнаўчыя навукі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Інстытут ЮНЭСКО па воднай адукацыі ў Дэльфце

ЮНЭСКО зьяўляецца адзіным падразьдзяленьнем ААН, у якога навукі вынесены ў назву. У адпаведнасьці з гэтым арганізацыя разглядае натуральныя навукі ў кантэксьце міждысцыплінарнага ўзаемадзеяньня з адукацыяй і культурай. ЮНЭСКО стаяла ля вытокаў такіх міжнародных праектаў як Эўрапейскі цэнтар ядзерных дасьледаваньняў і Міжнародны зьвяз аховы прыроды. У цяперашні час у сваёй дзейнасьці ў навуковым кірунку ЮНЭСКО абапіраецца на высновы Сусьветнай сустрэчы па ўстойліваму разьвіцьцю, якая прайшла ў 2002 годзе ў Яганэсбурзе, і Сусьветнай канфэрэнцыі па навуцы, якая прайшла ў 1999 годзе ў Будапэшце.

Пытаньнямі навукі займаюцца рэгіянальныя бюро ў Найробі, Джакарце, Вэнэцыі, Каіры і Монтэвідэо, а таксама 23 офісы арганізацыі. Напрамак падтрымліваецца Інстытутам ЮНЭСКО па воднай адукацыі ў Дэльфце і Міжнародным цэнтрам тэарэтычнай фізыкі імя Абдуса Салама ў Трыесце.

Сярод праграмаў ЮНЭСКО ў вядзеньні адукацыйнага напрамку знаходзяцца Міжнародная гідралягічная праграма, Міжурадавая акіянаграфічная камісія, праграма «Чалавек і біясфэра» (Сусьветная сетка біясфэрных рэзэрватаў), Міжнародная геанавуковая праграма (Сусьветная сетка нацыянальных геапаркаўміжнародная праграма фундамэнтальных навук.

Сацыяльныя і гуманітарныя навукі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Місіяй ЮНЭСКО ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук зьяўляецца прасоўваньне ведаў, стандартаў і інтэлектуальнай каапэрацыі, накіраваных на сацыяльныя пераўтварэньні, правы і свабоды чалавека. Акрамя асноўнай мэты, ажыцьцяўленьня ў жыцьцё палажэньняў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, арганізацыя працуе з такімі аспэктамі як роўнасьць сярод прадстаўнікоў розных плоцяў і наяўнасьць права на адукацыю. ЮНЭСКО займаецца вызначэньнем бягучай сытуацыі ў грамадзтве, пэрспэктыўнымі дасьледаваньнямі і філязофіяй, а таксама задае вэктар разьвіцьця.

Праца арганізацыі ў гэтай галіне падзелена на чатыры сэкцыі: этыка (біяэтыка, навука і тэхналёгіі, адукацыя ў галіне этыкі), правы чалавека (гендэрная роўнасьць, выкараненьне беднасьці, дэмакратыя, філязофія, барацьба з дыскрымінацыяй), сацыяльныя пераўтварэньні (міграцыя, урбаністычныя дасьледаваньні, моладзь)і спорт (фізычная адукацыя і праблемы допінгу).

Сярод праграмаў ЮНЭСКО ў вядзеньні сацыяльнага і гуманітарнага кірунку знаходзяцца праграма МОСТ (кіраваньне сацыяльнымі пераўтварэньнямі)і праграма па біяэтыцы.

Асновай працы ЮНЭСКО ў галіне культуры зьяўляецца садзейнічаньне культурнай разнастайнасьці, заснаванае на чалавечых узаемаадносінахаў. Гэты падыход быў пацьверджаны ў 2001 годзе з прыняцьцем Усеагульнай дэклярацыі аб культурнай разнастайнасьці. Ад аховы сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны, якая прадстаўляе каштоўнасьць для ўсяго чалавецтва, арганізацыя перайшла да абароны розных формаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, шэдэўраў вуснай творчасьці[13]. Яшчэ адным момантам у працы ЮНЭСКО ў галіне культуры зьяўляецца захаваньне культурных аб’ектаў у зоне ўзброеных канфліктаў, аснову гэтага напрамку дзейнасьці складае Гаагская канвэнцыя 1954 году[14].

Пытаньнямі культуры займаюцца рэгіянальныя бюро ў Вэнэцыі і Гаване[15]. Сярод праграмаў ЮНЭСКО ў вядзеньні культурнага напрамку знаходзяцца такія праграмы, як то Сусьветная спадчына, Нематэрыяльная культурная спадчына, Падводная культурная спадчына.

ЮНЭСКО выпрацоўвае падыходы і мэтады вырашэньня праблемаў, вызначае шляхі далейшага разьвіцьця і не займаецца аказаньнем фінансавай дапамогі. У сувязі з гэтым бюджэт арганізацыі выглядае даволі сьціпла[11]. Бюджэт ЮНЭСКО засьцьвярджаецца кожныя два гады на Генэральнай канфэрэнцыі. Ён адлюстроўвае сярэднетэрміновую стратэгію арганізацыі, вырабленую на шэсьць гадоў, і разьмеркаваньне сродкаў па асноўных напрамках дзейнасьці на працягу наступных двух гадоў.

Паступленьні бюджэту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Шкала ўзносаў ЮНЭСКО

Рэгулярны бюджэт арганізацыі складаецца з узносаў дзяржаваў-чальцоў[11]. Памеры ўзносаў ўсталёўваюцца на Генэральнай канфэрэнцыі па адпаведнай шкале. Шкала заснавана на аналягічнай шкале для дзяржаваў-чальцоў ААН у той жа пэрыяд з улікам адрозьненьняў у складзе чальцоў, у прыватнасьці ўстанаўліваюцца аналягічныя максымальныя і мінімальныя стаўкі, а таксама велічыня акругленьня. У справаздачы, прадстаўленым Кангрэсу ЗША ў 2006 годзе, паказвалася, што шкала ў асноўным грунтуецца на сукупным унутраным прадукце. Пры гэтым адзначалася, што дадзеная шкала не адлюстроўвае бягучае становішча краінаў, у прыватнасьці значны рост СУП Кітая. У справаздачы выказвалася прапанова аб выкарыстаньні іншых эканамічных паказчыкаў для вызначэньня шкалы, у прыватнасьці, парытэт пакупніцкай здольнасьці[16].

У ЮНЭСКО дзейнічае камбінаваная сыстэма выплаты ўзносаў, уведзеная на 24-й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі. Яна зьвязаная з ваганьнямі курсаў валют і ў цяперашні час дазваляе плаціць узносы ў далярах ЗША, эўра і іншых валютах. Магчымасьць выплаты ўзносаў у розных валютах залежыць ад патрэбаў арганізацыі ў гэтых валютах для правядзеньня розных праграмаў. Разьліковы курс эўра ў адносінах да даляра ЗША для такіх мэтаў усталёўваецца ЮНЭСКО.

Да ліку задачаў сакратарыята ЮНЭСКО ставіцца прыцягненьне пазабюджэтных сродкаў. Сродкі прыцягваюцца ў выглядзе добраахвотных ахвяраваньняў дзяржаваў-донараў і міжнародных арганізацыяў і дундацыящ, у тым ліку Праграмы разьвіцьця ААН, Фонду ААН для дзейнасьці ў галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), Праграмы ААН па навакольным асяродзьдзі (ЮНЭП), Сусьветнага банка[11]. Каітыра Мацуура ў інтэрвію часопісу «Міжнароднае жыцьцё», зьящляючыся генэральным дырэктарам ЮНЭСКО, назваў чатыры крыніцы пазабюджэтных сродкаў: міжнародныя агенцтвы, двухбаковыя донары, грамадзянская супольнасьць і прыватныя інвэстары[17].

Акрамя штаб-кватэры арганізацыі ў Парыжы, існуе цэлы шэраг рэгіянальных, клястарных і нацыянальных офісаў арганізацыі, створаных у рамках стратэгіі дэцэнтралізацыі і дзеля забясьпечаньня ейнай эфэктыўнай прысутнасьці ва ўсіх рэгіёнах і абласьцях, а таксама дзеля сувязі з агенцтвамі ААН і іншымі арганізацыямі-партнэрамі. Адміністрацыйную падтрымку сеткі забясьпечвае каардынацыйнае бюро ЮНЭСКО. Сувязь з ААН падтрымліваецца ў офісах арганізацыі ў Жэнэве і Нью-Ёрку.

Шыльда на будынку офісу арганізацыі ў горадзе Бразылія

Усе дзеючыя і асацыяваныя чальцы ЮНЭСКО арганізаваны ў пяць рэгіянальных групаў: Афрыка, Ліга арабскіх дзяржаваў, Азія і Ціхі акіян, Эўропа і Паўночная Амэрыка, Лацінская Амэрыка і краіны Карыбскага басэйну. Аснову дзяленьня складаюць геаграфічныя фактары, аднак ня толькі яны. Многія праграмы і тэматычныя напрамкі працы арганізацыі фармуюць рэгіянальныя сеткі, накіраваныя на вырашэньне праблемаў, спэцыфічных для рэгіёну. Дзейнасьць рэгіянальных сетак узгадняецца з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі ЮНЭСКО, рэгіянальнымі бюро і штаб-кватэрай арганізацыі. Рэгіянальныя бюро ЮНЭСКО аказваюць спэцыялізаваную падтрымку клястарным і нацыянальным офісам арганізацыі. Аснову структуры ЮНЭСКО складае клястарная сыстэма.

На 2020 год ААНАНК мела 53 сядзібы за мяжой, у тым ліку па 19 у Афрыцы, 18 у Азіі, 7 у Паўночнай Амэрыцы, 5 у Паўднёвай Амэрыцы, 3 Эўропе і 1 у Акіяніі. Сярод іх 4 сувязныя сядзібы працавалі: у Этыёпіі (Адыс-Абэба) пры Афрыканскім зьвязе, у ЗША (Нью-Ёрк) пры ААН, у Бэльгіі (Брусэль) пры Эўразьвязе і ў Швайцарыі (Жэнэва). Таксама было 13 рэгіянальных сядзібаў, зь якіх 6 месьціліся ў Афрыцы:

  • Лацінская Амэрыка (3) — для асьветы ў Чылі (Сант’яга), для культуры на Кубе (Гавана) і для навукі ва Ўругваі (Мантэвідэо);
  • Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён (2) — для асьветы ў Тайляндзе (Бангкок) і для навукі ў Інданэзіі (Джакарта);
  • арабскія краіны (2) — для асьветы ў Лібане (Бэйрут) і для навукі ў Эгіпце (Каір);
  • Заходняя Афрыка (2) — у Нігерыі (Абуджа) і Сэнэгале (Дакар);
  • Паўднёвая Афрыка — у Зымбабвэ (Харарэ);
  • Сярэдняя Афрыка — у Камэруне (Яундэ);
  • Усходняя Афрыка — у Кеніі (Найробі);
  • Эўропа — для культуры і навукі ў Італіі (Вэнэцыя)[3].

Налічвалася 10 асобных клястарных сядзібаў міжкраёвага прызначэньня: 5 у Азіі — Індыя (Новы Дэлі), Іран (Тэгеран), Казахстан (Алматы), Катар (Доха) і Кітай (Пэкін); 2 у Паўночнай Амэрыцы — Коста-Рыка (Сан-Хасэ) і Ямайка (Кінгстан); па 1 у Акіяніі на Самоа (Апія), у Афрыцы — у Марока (Рабат) і ў Паўднёвай Амэрыцы — у Эквадоры (Кіта). Таксама працавала 26 краёвых сядзібаў:

З 6 верасьня 1946 году падрыхтоўчая камісія па стварэньні ЮНЭСКО, а затым і сама арганізацыя знаходзіліся ў гатэлі «Мажэстык» у Парыжы. Будынак на авэню Клебэр быў сьпешна адноўлены. Сакратары арганізацыі працавалі ў спальнях, а супрацоўнікі сярэдняга зьвяна — у ванных пакоях, выкарыстоўваючы для захоўваньня дакумэнтаў ванную[18].

Сучасная штаб-кватэра ЮНЭСКО была адчынена 3 лістапада 1958 году. Будынак па форме нагадвае лацінскую літару Y і ​​пабудаваны на 72 бэтонных калёнах. У ім разьмешчана бібліятэка арганізацыі. Комплекс на плошчы Фонтэнуа дапаўняе будынак, названае «акардэонам», у авальнай зале якога праходзяць плянарныя пасяджэньні Генэральнай канфэрэнцыі, будынак у форме куба і будынак з шасьцю зялёнымі ўнутранымі панадворкамі, на якія выходзяць вокны службовых кабінэтаў. Архітэктарамі будынкаў сталі прадстаўнікі розных краінаў: Марсэль Брэер (ЗША), П’ер Люіджы Нэрві (Італія) і Бэрнар Зэрфюс (Францыя)[19].

Усе будынкі адкрыты для наведваньня, у іх знаходзяцца творы Паблё Пікаса, Жана Базэна, Жаана Міро, Антоні Тапіеса і многіх іншых мастакоў, якія сымбалізуюць мір[20].

У цяперашні час афіцыйнымі мовамі арганізацыі зьяўляюцца ангельская, арабская, гішпанская, кітайская, расейская і француская мовы. З моманту заснаваньня ў 1946 годзе афіцыйнымі мовамі сакратарыята, генэральнай канфэрэнцыі і выканаўчай рады ЮНЭСКО былі ангельская і француская. У 1950 годзе да моваў генэральнай канфэрэнцыі дадалася гішпанская, а ў 1954 годзе — расейская. У тым жа 1954 годзе абедзьве мовы сталі афіцыйнымі для выканаўчай рады. Асноўныя органы кіраваньня арганізацыяй уключылі арабскую мову ў сьпіс афіцыйных ў 1974 годзе. Кітайская была далучана да гэтага сьпісу ў 1977 годзе для выканаўчай рады і ў 1980 годзе для генэральнай канфэрэнцыі.

12 траўня 1954 году ўрад Беларускай ССР стаў сябрам ААНАНК[21].

Са жніўня 2013 году Нацыянальную камісію Беларусі ў справах ААНАНК узначальваў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей[22]. На 2017—2021 гады ў Выканаўчую раду ААНАНК абралі прадстаўніка ад ураду Беларусі, якім стаў Ігар Фісенка[23].

16 лістапада 1945 году ў Лёндане (Ангельшчына) па-ангельску і па-француску падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (ААНАНК). 4 лістапада 1946 году Статут ААНАНК набыў моц пасьля таго, як яго ратыфікавалі 20 дзяржаваў:

У 2010 годзе ўрад ЗША ўнёс $80 млн, якія склалі 22% бюджэту ААНАНК[24].

У 2013 годзе ў арганізацыі налічвалася 195 дзяржаваў-чальцоў і 8 чальцоў-супрацоўнікаў, то бо тэрыторыяў, якія не нясуць адказнасьць за зьнешнюю палітыку. 182 дзяржавы-чальцы разьмяшчалі сталыя прадстаўніцтвы пры арганізацыі ў Парыжы, дзе таксама знаходзяцца чатыры сталыя назіральнікі і дзевяць наглядальных місіяў міжурадавых арганізацыяў. У склад арганізацыі ўваходзіла больш за 60 бюро і падразьдзяленьняў, разьмешчаных у розных частках сьвету. Налічвалася 10 рэгіянальных бюро арганізацыі, якія працуюць у галінах адукацыі, навукі і культуры[15]. 27 клястарных офісаў арганізацыі працавалі са 148 краінамі-чальцамі і ўзаемадзейнічалі краінамі ў клястары, са структурамі ААН па ажыцьцяўленьні сумесных праектаў, а таксама зь іншымі офісамі арганізацыі. 27 нацыянальных офісаў, закліканых абслугоўвалі 9 самых густанаселеных краінаў сьвету, а таксама пост-канфліктныя зоны.

  1. Джуліян Хаксьлі (Брытанія; 1946—1948)
  2. Хаймэ Торэс-Бодэт (Мэксыка; 1948—1952)
  3. Лютэр Эванс (ЗША; 1953—1958)
  4. Віторыно Вэранэзэ (Італія; 1958—1961)
  5. Рэнэ Маё (Францыя; 1961—1974)
  6. Амаду-Махтар Мбоў (Сэнэгал; 1974—1987)
  7. Фэдэрыко Маёр (Гішпанія; 1987—1999)
  8. Коіхіро Мацуўра (Японія; 1999—2009)
  9. Ірына Бокава (Баўгарыя; 2009—2017)
  10. Одрэ Азуле (Францыя; з 2017 году)
  1. ^ а б в г Статут ААНАНК (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  2. ^ а б Дом ААНАНК (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  3. ^ а б в Палявыя сядзібы (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  4. ^ Генэральная дырэктарка (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  5. ^ Старшыня (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  6. ^ Нутан Ўозэнкрофт, Одрэ Азуле. Фінансавая справаздача і аўдыт за 2018 год (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 8 кастрычніка 2019 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  7. ^ Кіраваньне (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  8. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005.
  9. ^ Организация Объединённых Наций по вопросам образования, науки и культуры (рас.) Вялікая савецкая энцыкляпэдыя Праверана 21 сакавіка 2013 г.
  10. ^ Митрофанова: ЮНЕСКО должна меняться, чтобы реагировать на новые вызовы (рас.) РИА Новости Праверана 21 сакавіка 2013 г.
  11. ^ а б в г д Бородько М. В. ЮНЕСКО: история создания и современная структура. — Педагогика, 2000. — № 2. — С. 81—89.
  12. ^ Как выполняются «цели тысячелетия» ООН? (рас.) BBC. Russian Service Праверана 21 сакавіка 2013 г.
  13. ^ а б Опубликован седьмой доклад ЮНЕСКО о ситуации с образованием в мире (рас.) Новости гуманитарных технологий Праверана 21 сакавіка 2013 г.
  14. ^ Protection of Cultural Property in the Event of Armed Conflict (анг.) ЮНЭСКО Праверана 24 сакавіка 2013 г.
  15. ^ а б Regional Bureaux (анг.) ЮНЭСКО Праверана 24 сакавіка 2013 г.
  16. ^ Marjorie Ann Browne. United Nations System Funding: Congressional Issues. — Congressional Research Service, 2011.
  17. ^ ЮНЕСКО: стратегии кризисного периода (рас.) Международная жизнь Праверана 21 сакавіка 2013 г.
  18. ^ Жизнь в отеле Мажестик (рас.) ЮНЭСКО Праверана 24 сакавіка 2013 г.
  19. ^ Три архитектора из разных стран (рас.) ЮНЭСКО Праверана 24 сакавіка 2013 г.
  20. ^ Как строилась штаб-квартира ЮНЕСКО (рас.) ЮНЭСКО Праверана 24 сакавіка 2013 г.
  21. ^ Краіны (б) (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  22. ^ Каталёг Нацыянальных камісіяў ААНАНК (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  23. ^ Прадстаўнікі дзяржаваў-удзельніцаў у Выканаўчай радзе на 2019—2021 гады (анг.) // Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, 2020 г. Праверана 11 лютага 2020 г.
  24. ^ ЗША пазбаўленыя права голасу ў ЮНЭСКА // Зьвязда : газэта. — 9 лістапада 2013. — № 211 (27576). — С. 1. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]